Між калег, крутых і порсткіх,
Я — апошні на паяўцы,
Хто насіў са зрэб'я порткі,
Фарбаваныя ў рудаўцы.
Так, іх шылі мне са зрэб'я.
А каб выгляд мелі файны —
Фарбаваць было іх трэба
У рудой балотнай твані.
Вось іх мама й фарбавала
У імшарным іржавінні.
Як я ў іх фарсіў, бывала, —
Зразумець вы ўсё ж павінны.
Як ішоў я па дзядзінцы —
Мне ўвесь свет тады зайздросціў.
Больш, чым вам у новых джынсах
У зялёным тым жа ўзросце.
Пэўна, больш. I болын я імі
Даражыў. Хаця б за тое,
Што другіх не меў. Аднымі
Быў шчаслівы пагатове.
Памяць, свенчаная ў горы, —
Штука, знаеце, такая,
Што каторых-некаторых
Аж па смерць не адпускае.
I дыктуе ўсё ім: густы,
Меркі, прынцыпы, пагляды.
Бо — датуль і беларус ты,
Покуль помніш лёс пракляты.
Ну, а іншых цешыць, жывіць
Дух зусім-зусім інакшы.
Памяць фарбамі чужымі
Перакрэслілі крыж-накрыж.
І шыкуюць, духу продкаў
Паспяхова рады даўшы...
Я — не з іх. Я — родам з порткаў,
Фарбаваных у рудаўцы.
Кастрычнік 2006 г.