Найдзену Вылчаву,
балгарскаму паэту
і перакладчыку, вялікаму
сябру Беларусі і беларускай
літаратуры
Дзе ты ёсць цяпер, мой друг і брат?
Можа, у сваёй Малой Брастніцы —
Там, дзе восемдзесят год назад
Бог судзіў табе на свет з'явіцца?
Там, на той сядзібе ўскрай піашы,
Што разбежыста імкне паўз вокны,
Дзе з балгарскай верай у душы
Ты ўжываўся ў жорсткі век грымотны.
Там, дзе ўпершыню і назаўжды
Зразумеў ты ісціну ад Бога:
Чалавек ёсць чалавек тады,
Калі існы дух яго — Свабода.
Гэта памаглі табе спазнаць
Боцеў, Вазаў, Явараў, Вапцараў,
Як, заседзеўшыся дапазна,
Цалаваў ты крылы іхніх мараў...
Гэта там, шчаслівы бацька, там,
Асягнуўшы продкаў моц і сілу,
Напісаў ты Запавет сымам —-
Уладзіміру і Самуілу:
«Заклінаю вас:
Не будзьце хілымі!
I пад небам роднай стараны
Толькі
Перад брацкімі магіламі
На калені падайце, сыны!»
Як сваё — твой кліч я зноў і зноў
Паўтараю: «Дзеці! Не пасмейце
На калені падаць перад злом!
Бо адрыне Маці і па смерці!..»
На сядзібе той, у хаце той
Я гасціў не раз, было й з начлегам,
Як у храме Дзевы Прасвятой,
Прычашчаўся і віном і хлебам.
Лік Балгарыі з глыбі вачэй
Мне тады явіла баба Неда —
Матухна твая... Каб балючэй
Роднае мяне карала неба.
Балючэй! За тое, што не быў
Бацькаўшчыны абаронцам годным.
Прысягаў: люблю. А што зрабіў,
Каб навекі край мой стаў свабодным?
Стаў такім, як твой: ад нічыёй
«Дабрадзейскай» волі не залежны,
I з любой людской далечынёй
Мірам і любоўю быў сумежны.
I любоўю... О, мой пабрацім!
Як і ты, з любові я не выбыў.
Нават трохі ганаруся тым,
Што спрычыніў твой любоўны выбар,
Што пасобіў далучыць цябе —
Дар твой светлы, позірк галубіны
Да паўсталага ў тузе-журбе
Слова вешчага маёй краіны.
Больш ужо, як паўжыцця свайго,
За Дунай, у засень стром балканскіх,
Ты нясеш нятленны дух яго
Да разнасцежаных сэрц балгарскіх.
I чаруеш душы землякоў —
Як сваім уласным. Дай жа Божа
I яшчэ табе шмат-шмат гадкоў
Думы братнія яднаць прыгожа!
Пані Мінцы — мой паклон, па ўсім.
Ах, калі б вы з ёй маглі пабачыць
«Здравец» вапі на лецішчы маім!
Як разросся!.. Штось і гэта значыць.
Жнівень 2007 г.