За што? I — дакуль?


I ўсё ж: за што, сусед, за што

Ты так не любіш і не церпіш,

Што аж гатоў дашчэнту сцерці,

Душы крывіцкай хараство, —

Яе святло, што ззяе ў мове,

У кожным гуку, кожным слове,

Развой яе нязводных дум,

Яе адвечны смутак-сум,

Яе любоў і міласэрнасць,

Яе язычніцкую вернасць

Сваім багам, сваёй зямельцы,

Сваім сцягам, сваёй сямейцы?

За што ж ты так яе, за што —

Ужо не год, не пяць, не сто?

Ні зразумець, ні разгадаць.

І краю здзекам — не відаць.

Але ж і мы! Дакуль мы будзем

Над нашым Словам гвалт трываць?

Дакуль дадзім гнясці-трымаць

Душу крывіцкую ў астудзе?

Ці не пара, ці не пара

Паклікаць з кожнага двара

На Ўсекрывіцкі Сход пасла —

Тысячакроць каб узрасла

Сілішча нашай грамады,

Каб мову — сімвал нашай волі

Навекі вызваліць з бяды,

Каб аніхто ўжо і ніколі —

Ні хан, ні хам, ні сват, ні брат

Не смеў яе за горла браць!

Сакавік 2008 г.

Загрузка...