Паводле статыстыкі
(вельмі сур'ёзнай навукі),
у 1926-м было:
узбекаў каля чатырох мільёнаў,
а беларусаў — у тры разы больш
I адны, і другія —
і ўзбекі, і мы, беларусы,
у наступныя годы і дзесяцігоддзі
заняліся рупліваю працай.
I тыя, і тыя — сваёй,
не адною і той жа.
Мы пачалі вырабляць
з прывазнога металу станкі, —
з прывазнога, вядома,
свайго ж ані грама не мелі.
I рабілі, рабілі, рабілі іх
безлічы-безліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзбекі тым часам
рабілі дзяцей —
то ісь, маленькіх узбекаў...
Па заканчэнні вайны
пачалі мы рабіць трактары
і вялізныя аўтамабілі,
не маючы нават і грама
уласнай сваёй сыравіны, —
можна сказаць — з нічога,
I рабілі, рабілі, рабілі іх
безлічы-безліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзбекі тым часам
рабілі дзяцей —
то ісь, маленькіх узбекаў,
і таксама — з нічога,
ну ці амаль што з нічога:
колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка?..
Пасля пачалі мы рабіць
найвялікшыя ў свеце
гумовыя шыны,
не маючы, зноў жа, сваёй
ні куска сыравіны,
гэта значыць — з нічога.
10 гадоў, і 15, і 30
рабілі, рабілі, рабілі іх
безлічы-безліч,
бо трэба, сказала дзяржава,
бо трэба, бо трэба, бо трэба...
А ўзбекі тым часам
рабілі дзяцей —
то ісь, маленькіх узбекаў,
і таксама — з нічога,
ну ці амаль што з нічога, —
колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка!..
I вось што мы маем,
як колісь казалі, у скутку
(у выніку, значыць):
на сённяшні дзень
беларусаў у тры разы менш,
чым узбекаў,
якіх ужо 30 мільёнаў.
А помніце?
Нас было ў тры разы больш,
чым узбекаў,
у тры разы болей!
Але мы рабілі, рабілі й рабілі
цяжкія машыны,
не маючы ўласнай, сваёй
ні куска сыравіны, —
можна сказаць: з нічога.
А ўзбекі рабілі,
рабілі й рабілі дзяцей,
то ісь, маленькіх узбекаў,
таксама — з нічога,
ці амаль што з нічога, —
ну колькі там той сыравіны
патрэбна на чалавечка?..
Вось і ўсё.
I рабіце высновы, браткі беларусы.
А што іх рабіць?
Яны робяцца самі.
Аднойчы, не так і няскора,
на багаславёнай зямлі
між Дзвіною і Прыпяццю,
Бугам і Сожам
будзе гучаць
толькі родная наша
узбекская мова.
2007