Пакладзіце, братцы людзі,
вы руку сабе на грудзі,
пакладзіце! —
і сабе ж, насупраць ночы,
у душу, як Богу ў вочы,
паглядзіце!
І скажыце-адкажыце
на адзінае пытанне
адназначна:
бачна вам дарога ў жыце,
на якой — выратаванне,
ці не бачна?
Як не бачна — Божа правы
назаве вам прыклад чыну —
дзейсны, годны,
як ад ганьбы і няславы
бараніць сваю айчыну,
край свой родны.
Калі зноскі ў сытым блудзе
і апошні трацяць сорам,
злыдні-зноскі, —
Каліноўскі хай вам будзе
чэсці й гонару узорам!
Каліноўскі!
2008