Па загадзе беларусажэрцаў

Памяці Ф. Аляхновіча

Думаў, схаджу: пагарую, але ж

і парадуюся, у тэатры на вечары,

Яго нараджэнню, яго юбілею,

яго ўсенароднай любові прысвечаным.

Думаў, нарэшце, нарэшце,

дзяржава й грамадскасць як трэба ацэняць

Волата-майстра крынічнага слова

на першай асвенчанай сцэне.

Хоць са спазненнем вялікім,

а ўсё ж аддадзім, аддадзім мы

Даніну павагі і ўдзячнасці

слаўнаму сыну Радзімы.

Дык аддалі, аддалі...

Як і ўсім яго браццям... Ні слова, ні гуку —

Ні на падмостках, ні з тэлеэкрана,

ні з хваляў эфіру, ні ў друку.

Помню, помню, было...

У газетцы ляснога райкама чыталі,

Што выканаўцы «народнае помсты»

і ў Вільні дасталі

Аўтара кнігі, на свет нашумелае, —

«У кіпцюрах ГПУ»:

Ноччу забойца пранік у кватэру

і стрэліў яму ў галаву.

«Вось, атрымай незалежную

дэмакратычную Крывію, дзеля якой

Ты ўсё жыццё парушаў

наш прывольны імперскі спакой!»

Так быў забіты пісьменнік-пакутнік,

пісьменнік-легенда —

Прыклад высокі і ўзор

беларускага інтэлігента.

Гэнай парой, пад нямецкай навалай,

у часе крывава-крутой калатнечы,

Тайны загад «асабоўцам» прыслала

Лубянка, да жудасці нечалавечы:

«Немцаў то мы разаб'ем і прагонім,

тут ясна, няма і пытання.

Трэба хутчэй як мага паспяшацца

і вынішчыць, выбіць дазвання

Тых беларусаў, што маюць

крывіцка-ліцвінскую памяць

I даражэй за жыццё

сваю мову крывіцкую ставяць.

Каб нам ніякага клопату з імі

пасля перамогі не мець —

Біце цяпер іх, асуджаных

нашай імперскаю воляй на смерць!»

Дык жа і білі! Дзе толькі дастануць —

пускалі нявінную кроў

З кніжнікаў, школьных настаўнікаў,

з мудрых асветнікаў і святароў.

I святароў...

Ну, а далей — як у казцы:

дзе ўклала гвалтоўная смерць аднаго —

Там трое паўстала — і з духам,

і з верай, і з мовай народа свайго.

Дзе трое нявінных, у муках,

гвалтоўную смерць прынялі —

Там дзевяць паўстала — і з духам,

і з верай, і з мовай бацькоўскай зямлі.

Дзе дзевяць гвалтоўнаю смерцю паклалі

на доле, палітым крывёй, —

Там сотня паўстала — і з духам,

і з верай, і з мовай Краіны сваёй.

Дзе сотня гвалтоўнаю смерцю лягла —

там паўстаў, там падняўся народ, —

I духам, і верай, і мовай —

крывіцка-ліцвінскі на тысячы год!

Чаго ж дасягнулі забойцы?

Вечнае ганьбы сабе.

Сакавік 2008 г.

Загрузка...