Табе, ты лічыш, цяжка.
Яму, ты лічыш, лёгка.
Твайго жыцця каляска
бяжыць па грудах дрогка,
па камянях, па рытвах,
па ўхабах-касагорах...
А ён — бетонкай бытта
нясецца на рэсорах.
Ты добра лічыш, братка!
Аднак жа не зайздросці:
у тых, што ездзяць гладка,
хутчэй драхлеюць косці.
2005-2007