Кожная светлая згадка
пра наша з табою —
Болем удзячнасці лёсу
праз сэрца праходзіць.
Болем, але не пакутным,
а толькі салодка-шчымлівым.
Болем, які мне гаворыць,
што быў я папраўдзе шчаслівым.
Кожная горкая згадка
пра наша з табою —
Болем раскаяння і шкадавання
мне сэрца сціскае.
Болем-высновай, гарчэйшай
ад самага горкага болю, —
што не пачну ўжо я нанава,
з розумам, наша з табою.
Дзякую, Божа прасветлы,
што перад дарогаю вечнай
Ты ўзнагародзіў мяне
гэтай мукай жывой, чалавечай.
2007