Чым спрычынена расправа?
З-за чаго мінтрэга?
«Абязгрошыла дзяржава!
Эканоміць трэба!»
Ну, вядома! Ну, канешне!
Хоць банкуем вёртка —
Дзе ж тых грошай набярэшся?
Вось і стала пёрдка!
Грошы збеглі на будоўлю
лядовых палацаў.
А астатак — на гадоўлю
блазнаў і паяцаў.
Нават у Джымбабвабуры —
голым і галодным —
Інстытут літаратуры
лічыцца галоўным.
Дык яно і зразумела:
знаюць, папуасы,
што без Слова маса цела
роўна целу масы.
Гэту формулу скумекаць
мы йшчэ не гатовы.
Лепей будзем бэкаць-мэкаць
без душы і мовы.
2008