Балада пра рогат пераможцы на бойным полі пад Шэгешварам 31 ліпеня 1849 года


Сцягою між ніў даспелых,

Дзе сонечны пыл дрыжыць,

Расхрыстаны, голагаловы,

Угорскі маёр бяжыць.

Ён уцякае ад смерці.

Яна — наўздагон ускач.

Яна — гэта збройны вершнік,

Двухжыльны казак-вусач.

Вышэй і вышэй дарожка.

Ячмень і авёс наўзмеж.

Да лесу яшчэ далёка,

А сілы ўсё менш і менш.

Не дабяжыць, нябога.

Выдыхся, змогся ўшчэнт.

Вось-вось разарвецца сэрца.

I ўсё ж ён бяжыць яшчэ.

Ды ўжо зусім за плячыма —

Раз'юшаны конскі храп.

I ён павярнуўся тварам

Да смерці. Не ў спіну каб...

Тады, тузануўшы повад,

Вусач асадзіў каня.

I выбухнуў страшны рогат

На сонечным схіле дня.

Так рагатаў раскатна,

З выдыхамі, казак —

Заходзіўся аж! — і доўга

Спьшіцца не мог ніяк.

Нарэшце спытаў са здзекам:

«Ну што? Хацеў ацалець?

Уцекчы ад смерці? Дудкі!

Прыйдзецца акалець!

Бяжы! Ну бяжы, мадзьярчык!

Стаячага — я не б'ю.

Мне трэба, як птушку ў лёце,

Душу ўпаляваць тваю».

I раптам такое ўбачыў

У цёмных, як ноч, вачах,

Што скалануўся ў жаху

I — пікай пырнуў з пляча.

I ўпаў афіцэр. І жменяй

Кашулю пад сэрцам згрэб...

Гэта быў Шандар Пецёфі —

Вялікі угорскі паэт.

2005-2006

Загрузка...