Даруйце, мае дарагія...


Даруйце, мае дарагія:

стаміўся я ўжо гаварыць —

і ціха, і гучна,

і вусна, і ў друку, —

стаміўся. I ўсё ж паўтараю:

Браты мае! Сёстры мае!

Ды зразумейце ж нарэшце:

пакуль мы не зробім

дзяржаву сваю беларускай —

нічога не мецьмем, нічога:

ні годных заробкаў і пенсій,

ні людскіх бальніц і медпунктаў,

ні нават прыгожае песні...

А вы ўсё не верыце,

а вы ўсё яшчэ спадзяецеся,

што станеце жыць чалавечым жыццём

у небеларускай краіне...

Ах, мае дарагія,

мае дарагія!

Ліпень 2007 г.

Загрузка...