Для чаго ты мне іх падарыла —
гады дажывання?
А гэта мне ты падарыла іх, ты,
толькі ты! Ну але для чаго?
Для таго, каб я мог
яшчэ нешта зрабіць —
трывалей, чалавечней?
Для таго, каб хоць трохі
грахі замаліць перад Богам?
Ці мо ўсё ж для таго,
каб яшчэ і яшчэ раз
я мог прыгадаць,
якой ты шчаслівай была
у студэнцкія нашы гады?
Раней так выразна
і гэтак балюча
чамусь не прыгадвалася.
2006-2007