Аб рыфме «свабоду — народу»

Я адплаціў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў на свабоду,

Зваў з цемры да святла.

Янка Купала


Вы памыляецеся, пане наватар,

Калі, на пацеху якому звыроду,

Смяецеся з рыфмы «свабоду — народу»

Як з прымітыўнай, нічога не вартай.

Можа, у нашай мове ёсць

Лепшая да слова «народу» сугучнасць?

Лепшая зместам і духам спалучнасць?

Дык засведчыце: вось яна, вось —

Болей сэнсоўная,

Больш адпаведная,

Болей змястоўная,

Больш запаветная...

У нашай паэзіі, пане,

«Свабоду — народу» —

Не проста сугучча.

Гэта — лёс,

Гэта — кон,

Гэта — клятва:

Ніводным радком не сагнуцца.

У нашай паэзіі

Самая моцная рыфма —

Тая, што з сэрца,

Якое ад болю ахрыпла.

Як у Купалы ў трынаццатым,

У дваццатым і дваццаць шостым...

У нашай паэзіі

Самая страшная доля —

Застацца «малым-недарослым».

Калі будзеце шчыра маліцца

Беларускаму богу Сварогу,

Вы прыйдзеце —

Веру і не хачу памыліцца —

Да сугучча «Народу — Свабоду».

Да яго ідуць праз пакуты,

Праз боль ідуць люты, пякучы,

Да сябе не знаючы літасці,

Душу вызваляючы з сытасці...

Зрэшты, кожнаму рупіць сваё,

Можна й гуляць

У вершыкі-хахачкі,

Хіхачкі, хохмачкі...

Іх безліч на свеце —

Лматараў пазабаўляць,

Сугуччы няведамыя знаходзячы.

Дык гэта на свеце!

А ў Беларусі да слова «народа»

Сёння адзінае трэба сугучча:

С В А Б О Д А !

Ліпень 2006 г.

Загрузка...