Лагодненькі-згодненькі лірык
з нявострым ад роду пяром,
Паўвека праседзеўшы ціха,
як мышка пад венікам ці памялом,
Не піскнуўшы нават ні разу
у знак абурэння, пратэсту, нязгоды
З засіллем хвастатых ва ўладзе,
з разгулам нялюбцаў свабоды,
Ні слова не мовіўшы
супраць бясчынстваў і гадства —
ні рыфмай, ні ў прозе, —
Цяпер спахапіўся, апомніўся,
як гэта кажуць, «ужо па парозе»,
I ўздумаў — ні многа, ні мала —
у шэрай лірычнай старэчасці,
Што трэба яму прапісацца
у часе, у веку, у вечнасці —
У ролі змаганца
супроць удушэння
нам Богам даверанай мовы, —
Авось ды прызнаюць:
усё ж такі ў думках, употай,
і я быў гатовы...
Не выйдзе, лірычная мышка!
Нічога нс выйдзе!
З мышынаю доляй змірыся.
Нервамі, сэрцам, крывёю
бароняць свабоду паэты.
Як ЯНКА. Або як ЛАРЫСА.
2007