Жахліва


Ну вось і дазналіся мы

з сакрэтных архіўных папер,

што Сталін, у бытнасць сваю

дыктатарам эС эС эС эР,

сам, сам падпісаў на расстрэл

(уласнай рукой, асабіста)

амаль трыста семдзесят спіскаў —

прыблізна на сорак пяць тысяч

дзяржавы сваёй грамадзян.

А ў цэлым з ягоным удзелам

і з волі садысцкай ягонай

былі расстраляны, забіты,

замучаны голадаморам,

хваробамі, сцюжай сібернай,

біццём у катоўнях — мільёны,

мільёны, мільёны людзей...

Ад гэтага ведання мы

павінны былі звар'яцець,

не вынесшы грузу такога

на кожную фібру душы.

I мы звар'яцелі, нарэшце.

Не раптам усе, не адразу —

паціху, патроху, памалу,

адзін за адным, паступова.

(Псіхолагі-медыкі знаюць:

працэс пераходу ў вар'яцтва

бывае парой непрыкметны,

спярша і адрозніць няможна,

ці ўжо ты гатоў, ці яшчэ...

Ці ўжо ты, шчасліўчык, не волен

шалопіць сваімі глуздамі,

ці трохі яшчэ разумееш:

навошта, чаму і куды?..)

Але, паўтараю, нарэшце

мы ў масе сваёй звар'яцелі

і крыкнулі голасна хорам:

«Адновім жа Лінію Сталіна!

I статуй хай будзе пастаўлены

у памяць, у славу, у гонар

бязмернай любові ягонай

да з'едзеных ім жа мільёнаў

нявінных сваіх грамадзян!..»

Жахлівае сталася нешта

на нашай зямлі беларускай,

жахлівае, страшнае вельмі...

Каб так адвалілася памяць?..

Каб так адабрала мазгі?..

Каб так амярцвела сумленне?..

I так пачувацца шчасліва?..

Жахліва, браточкі, жахліва.

Студзень — сакавік 2007 г.

Загрузка...