П. У. Вяленку
Назло ўсім немачам, што пачалі
Усё мацней адольваць з кожным годам,
Назло напасцям розным і нягодам —
Жыву! Нячысцікі йшчэ не ўзялі.
Жыву таму, што, як дзіця ў сям'і,
Апекаваны ўсім пчаліным родам,
Штодня лячуся беларускім мёдам —
Лячуся ласкай роднае зямлі.
Цудоўны лек! Любы, хто паспытае, —
Гарчынку знойдзе ў слодычы яго.
Па ёй і цэняць мёд. Але з чаго,
Адкуль бярэцца ў ім гарчынка тая?
Мо з гэных зёлачак, што ў розгар мая
На курганах-капцах цвітуць штогод?
Снежань 2006 г.