Слова з нагоды атрымання ордэна князя Яраслава Мудрага


Болей збянтэжаны, мабыць,

чым радасна ўражаны,

думаю: як і чаму

ён пачаўся калісьці —

мой шлях

да найпрэстыжнае, найганаровае

узнагароды вялікай дзяржавы?

Гэта — не так сабе,

гэта не проста і не вьгаадкова.

Гэта зрабіў,

калі быў я падлеткам яшчэ,

несмяротны Кабзар.

Помню: апошняю мірнаю,

перадваеннай,вясною

вершык вучыў я напамяць

са школьнай чытанкі:

«Садок вішнёвы каля хаты,

Хрушчы над вішнямі гудуць.

Аратыя з плугамі йдуць,

Спяваюць, ідучы, дзяўчаты,

А маткі іх вячэраць ждуць».

Як жа ён мне спадабаўся —

праўдзівым малюнкам, настроем,

суладдзем дыхання і слова!

Як запалоніў душу маю

нечым бязлітасна родным —

нашым, нясцерпна знаёмым,

наскрозь беларускім!

I гаварыла настаўніца нам —

як умеюць настаўніцы:

неяк узнёсла, натхнёна,

я нават сказаў бы, святочна:

«Дзеці, запомніце,

што напісаў гэты верш

самы вялікі паэт Украіны —

Шаўчэнка...»

Я і запомніў. Запомніў.

Не мог не запомніць.

Як жа я мог не запомніць,

калі адвячоркам

гэнага ж дня,

адмыслова схаваўшыся ў пуньцы,

склаў я свой першы ў жыцці —

як у нас гаварылі — «сцішок»,

у перайманне «Садка каля хаты» —

дакладна па ўзоры...

Так абазвалася — упершыню —

у душы хлапчука

тое, што зробіцца лёсам маім

і жыццём. I любоўю.

Багаславёнай нябёсамі

й толькі нябёсам падлеглай

любоўю.

От жа тады і пачаўся

мой шлях да Украіны

і да ўкраінскіх братоў-пабрацімцаў,

сясцёр-пасястрынак, —

мілых і любых мне,

слаўных і годнасных

валадароў украінскага Слова.

Слова

такой першароднай красы

і такое чароўнае моцы,

што калі чую яго, ці чытаю,

або сам сабе дэкламую —

нешта такое яно мне

заўсёды гаворыць,

што і ў сваё, беларускае,

веру яшчэ непахісней.

Дзякую, мілыя,

дзякую, любыя, родныя,

дзякую!

Будзем жа разам трымацца,

а пічыра, а крэўна,

а сэрцам да сэрца, —

як у стагоддзях

жылі і трымаліся —

гукам да гука,

праўдай да праўды,

і верай да верую —

нашыя мовы!

2006

Загрузка...