Беларуская пастараль


Дрэмле рай пялёсткавы.

Пчол гудуць раі.

Рэчка грае ўсплёскамі.

Пара йдзе з раллі.

Чуеш промняў дотыкі?

За любоў прымі.

(А ў каго ж усё-такі

Рукі... у крыві?)

Колькі ў краі зёлкавым

Ласкі, дабрыні!

Неба п'е вясёлкамі

Чысціню крыніц.

Лепш любой экзотыкі —

Родны краявід.

(А ў каго ж усё-такі

Рукі... у крыві?)

Цеш душу над соткамі.

Галубоў кармі.

Выязджай прасёлкамі

На «свае кругі».

Думамі высокімі

Між жывых жыві.

(А ў каго ж усё-такі

Рукі... у крыві?)

2005-2006

Загрузка...