Кастусь Акула За волю

Хто будаваў, а хто фашысьціў?

Летась на Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Полацку каля Кліўленду, — фактычна сусьветнай сустрэчы, — пасьля развалу бэрлінскай сьцяны, абвешчаньня «сувэрэннай» БССР, — калі «імпэрыя зла» ідзе да канчатковага распаду, — бралі ўдзелу большым ліку і суродзічы зь Беларусі. «Паяднаныя любоўю», — як пісала менская газэта, сыны й дочкі «забранай зямлі» з цэлага сьвету знаёміліся, выступалі з прамовамі, паказвалі сваё сцэнічнае мастацтва, сьпявалі і дэкляравалі сваю адданасьць ідэям адраджэньня, вольнасьці і незалежнасьці Беларусі.

Перадавая, патрыятычная, творчая, сумленная, працавітая, гаротная Беларусь, каторая ў Бога верыць, кліча цяпер на помач у змаганьні з духовым і экалягічным чарнобылямі сваіх дзетак, што некалі пакінулі раськіданыя гнёзды, або ўжо за межамі бацькаўшчыны радзіліся.

На вялікі жаль, беларускі народ мала ведае пра сваю эміграцыю, каторая змагалася за вызваленьне Беларусі, у вольным сьвеце стварыла грамадзкія, асьветныя і палітычныя інстытуцыі, прэсу, здабыла пэўныя посьпехі ў навуцы й літаратуры, аднавіла Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву і ўстанавіла беларускую душпастырскую апеку для каталікоў. Пачынала гэтая эміграцыя сваю працу пасьля Другой сусьветнай вайны зь нічога. Яна была голасам паняволенага беларускага народу, намагалася разбудзіць абыякавы сьвет і паклікаць яго на помач бацькаўшчыне, што стагодзьдзямі цярпела ў маскоўскай няволі.

Ведамыя так званыя «ворганы» — НКВД-КДБ, пад рознымі шырмамі, амаль на працягу сарака гадоў фашысьцілі перадавым беларускім дзеячом на эміграцыі. Хвальш, паклёпы, шантаж, уключна з забойствам, — перадусім-жа няспынная крывадушная прапаганда і запалохваньне радні эмігрантаў удома — вось была іхная галоўная зброя, каб параліжаваць працу беларускіх эмігрантаў.

Раман «За волю» дае чытачом пэўны вобраз з жыцьця ня толькі нацыянальна сьвядомае беларускае эміграцыі, але й тых варожых сілаў, што дзеялі сярод яе з загадаў каляніяльнага антыбеларускага рэжыму ў акупаванай Маскоўшчынай бацькаўшчыне. Спадзяемся, што ён у пэўнай ступені таксама спрычыніцца да далейшага аб’яднаньня нашых суродзічаў у іхнай працы і ахвярнасьці для адраджэньня, вольнасьці і незалежнасьці Беларусі.

Беларускаму Харытатыўнаму Таварыству ў Лёндане дзякуем за фінансавую помач на пакрыцьцё коштаў выданьня.

Выдавецтва «Пагоня»

БЕЛАРУСКАМУ НАРОДНАМУ ФРОНТУ, у працы і змаганьні за адраджэньне, вольнасьць і незалежнасьць Беларусі, ПАМАЖЫ, БОЖА!

Загрузка...