24

Лівень за вакном спыніўся, але Капшун таго не спасьцярог. Пры яркім сьвятле настольнае лямпы, у мяккім крэсьле, смокчачы даўно пагаслую люльку, ён яшчэ ня выкараскаўся з чытаньня Шпакавай сэрыі артыкулаў у «Беларусе». Калі-б Шпак не атаўбаваўся з процілежнага боку барыкады, Капшун павіншаваў-бы яго. Чаму-ж не? Якое майстэрства мовы, якая аргумэнтацыя! Аўтар валодаў майстэрствам выдатнага мастацкага нарысу, дзе ніці людзкога здаровага пачуцьця спалучаліся із струнамі духовасьці, дзе вастрыё сатыры ў руках генія паралізуе ўсю нехлямяжую балбатню-прапаганду гнілой сыстэмы. У Шпака атака супраць крывадушнага тырана перапляталася із спачувальным шкадаваньнем калішніх блізкіх сяброў і вялікіх патрыётаў паняволенага народу, якіх так ці накш прымусілі лізаць маскоўскія азадкі…

Капшун часам пісаў соцрэалістычна-прапагандовыя фэльетоны п. заг. «Между нами говоря» ў мясцовую «рабочую газетку», любіў чытаць выдатных майстроў сатыры. У горадзе меў выгадную пазыцыю пры фірме «Славянская Кніга», што здабыла ліцэнцыю ад «Совиностранторг» для перасылкі тавараў у «краіну, якая, — згодна словаў Мікіткі Кукурузьніка, — у недалёкай будучыні ўжо пабудуе камунізм». Ліцэнцыя гэна — добрае карытца, пры якім можна чэсным сваім людзям пражыць і нават пажывіцца, ды ў кішэні «суайчыньнікаў», што пасылалі на бацькаўшчыну сваяком пасылкі, залезьці. Іншая праца Капшуна вымагала адмысловага падыходу. Беларускія бебурнацы, — каб на іх безгалоўе! — вось-жа махровыя фашысты, не здаюцца, яшчэ агрызаюцца! Калі Капшун некалькі месяцаў назад узяўся адлучыць іхнага лідара Шпака ад грамадзкага беларускага жыцьця, або пранамсі спараліжаваць ягоную руку, здавалася што заданьне лёгкае, як плюнуць. Справа простая: аслабіць яго фізычна, пазбавіць працы, давесьці да галечы мясцовага вулічнага валацугі. Во як! Будзе нягодніку крышка! Гнілое капіталістычнае «сословие» тут яму, Капшуну, якраз на руку! Прынамсі так меркаваў.

Шпак, здавалася, упаў. Ды не, няпраўда. Іншы даўно здаўся-бы, але ня гэты. Бамбардаваньне рознымі лістамі з заклікамі «радзімы, якая ўсё блудным сыном прабачыць», атака прапагандай пра няўхільную перамогу камунізму на ўсім сьвеце дый грандыёзныя эканамічныя і тэхнічныя перамогі на фроньце палепшаньня дабрабыту працоўных — усё гэта быццам у пропасьць канула. Гляньце, таварышы, чалавека няма як на калені паставіць. Нават пасьля таго, як удалося яго зь нізкаплатнай работы ў гатэлі пагнаць! Выглядала, што праціўнік змагаўся наймацней, калі яго на мяжу роспачы папхнеш. Значыцца, — разважаў Капшун, — трэба іншымі мэтадамі спрабаваць. Дзякуючы Веры, ён ведаў, што Шпаку памагаў Якімовіч, каторы вось цяпер недзе яго за горад перамясьціў. Заданьне, здаецца, больш складанае, чымся раней выглядала.

Надыходзіў крызісны час. Грыша прыгадаў, як нейкага паўгоду назад наведаў яго важны чалавек з аттаўскае савецкае амбасады. Была доўгая размова. Справа, у канцы канцоў, зводзілася да простага наказу зьверху: камітэт за вяртаньне на радзіму прынагляе вас, каб Антона Шпака адхіліць ад удзелу ў грамадзкім і палітычным жыцьці беларускіх буржуазных фашыстаўскіх нацыяналістаў. Яшчэ лепш, каб вярнуць яго на радзіму.

— У кажным разе, — казаў важны чалавек з амбасады, — Міхайлаў давярае вам такое заданьне. Апраўдаеце такі давер?

Гэтта Капшун аж ёкнуў з захапленьня.

— Так, таварыш, дайце мне час.

— Колькі-ж часу?

— Які год. Акцыя патрабуе паступовага націску. І Міхайлаў, вядома, павінен мне памагчы.

— Не беспокойтесь. Беритесь за дело!

Нарэшце, наапошку нешта зрушыла. Чалавек з амбасады зьвязаўся зь ім без пасярэдніцтва Канадыйскай камуністычнай партыі. Калі гэта ня мела вагі, дык што тады яно значыла? Нехта й недзе яго заўважыў, асабліва ацаніў ягоную адданасьць прагрэсу працоўнага руху ў адной галіне… Рашылі, відаць, што яму можна даверыць такое важнае заданьне. Вядома, гэта паднясе ягоны прэстыж сярод перадавых таварышаў і дасьць багаты дывідэнд.

Капшун ужо глядзеў наперад, уяўляў той час, калі павысяць яго на партыйнай лесьвіцы. Не за гарамі той дзень. А Шпак? Нікчэмнік! Ён лёгка з гэтым фашыстам справіцца. Лёгка? Так здавалася… Выглядала цяпер, што трэба ўжываць больш радыкальныя сродкі. Капшун меў малую фармальную адукацыю, на мудрасьць паляваў самавукам. Ганарыўся сваім практычным і вынаходлівым розумам, «практической смекалкой». Адразу пасьля прыезду ў гэтую краіну з быўшай «панскай Польшчы» яшчэ юнаком, навязаў лучнасьць з «краснымі». Неўзабаве падпрогся да іх. Гэтыя ведалі сваю дарогу, вызначаліся дынамізмам і накіраванасьцю ў той час, калі іншыя палітычныя партыі тузаліся ў нерашучасьці і эканамічнай дрыгве.

Не турбавала Капшуна тое, што й камуністы мала матар’яльна памагалі беспрацоўным, што вярхушка партыі траціла найбольш ідэялягічнае амуніцыі на лаянку капіталістаў ды менш дбала пра так званага беспрацоўнага, затуканага-загуканага рабацягу і ягоную сям’ю. Гляньце вунь вышэй, аж туды ў мэкку будучага камунізму, што на ўсім сьвеце запануе. Адтуль ідзе мудрасьць і сьвятло, адтуль кіруе «рукавадзіцельства». Яно загоіць некалі ўсе раны, вырашыць максымальныя праблемы, нарэшце збудуе сыстэму дабрабыту для ўсіх, раз і назаўсёды зьліквідуе эксплёатацыю чалавека чалавекам, як казаў некалі вялікі Ільіч, ці той, яшчэ мудрэйшы за яго, барадаты… Капшун меў якраз тыя якасьці, што ў гэны час і ў гэтай краіне былі ў «чырвоных» так патрэбныя: абсалютная партыйная ляяльнасьць, упартасьць і агрэсыўнасьць, адсутнасьць талеранцыі да «буржуазных» ідэяў. Важнейшае яшчэ: Капшун меў добрыя кансьпірацыйныя здольнасьці.

Спачатку далі яму малаважныя заданьні. Заўважыўшы ягоны гарт і адданасьць, падкінулі большае. Некалькі гадоў падарожнічаў па вялізнай краіне, арганізаваў «рабочыя клубы», быў сябрам экзэкутывы гэных клюбаў. Прынялі ў партыю, далі новыя заданьні палітычна-грамадзкага характару.

Не павязло яму з матрымоніяй. Жонка, рашчараваная мужчынам і ягонымі «задачамі», пакінула яго. Капшун жартаваў, што такім чынам трапіў «у бабылі». Цяпер, пасьля гадоў цярплівага чаканьня й натугаў, выглядала, што «дзела йшло на новы пад’ём». Заданьне параліжаваць Шпака было найважнейшым з усіх, якія яму дагэтуль давалі.

Калі-б спытацца Капшуна, куды і як высока хоча ён залезьці па драбіне ўлады, напэўна заікнуўся-бы з адказам. Дзесьці там у імгле апанаванай камуністамі Канады чакала функцыя пры каманьдзе гэтай новай «народнай дэмакратыі». Вось яно як… Тымчасам трэба «усердие и бдительность на вахте революции»…

Пасьляваенны прыліў «фашыстоўскіх імігрантаў», што нейкім чынам уцяклі ад савецкага «правасудзьдзя» й пакараньня, стварыў паважную небясьпеку для камуністычных плянаў апанаваньня Канады. Трэба параліжаваць іхныя намаганьні дызінфармацыі капіталістычнай канадыйскай вярхушкі й народу пра міралюбную палітыку Савецкага Саюзу. Гэта было ясна, як дзень. Пра гэта гаварылася на партыйных і грамадзкіх сходах, гэта скланялася на ўсе лады, паўтаралася шмат разоў пры розных нагодах.

У агульных плянах акцыі супраць гэтых «фашыстаў», у іх ліку й «беларускіх буржуазных нацыяналістаў», — гэтага атрэп’я сумленнага й баявога, гэраічнага народу, — фігуравала розная зброя. Насамперш ужывалася прапагандовая доўбня, ужо даўно і зь немалымі посьпехамі выпрабаваная і загартаваная ў баёх майстрамі цэнтру. На павадку, за галоўнымі гарматамі, валачыўся шантаж і, у выключных выпадках, адпаведны фізычны гвалт. Розных спэцаў вызначылі-прыдзялілі-прыляпілі да ўсякіх «фашыстоўскіх» групаў; а Капшуну, далі ягоную «родную» — беларускую. Галоўны прыцэл загадалі трымаць на «фашыста» Антона Шпака. Ягоны моцны голас натхняў усіх гэтых «фашыстоўскіх падонкаў». Ён — іхны фэтыш. Закрыць яму рот!

Мінула ўжо нейкіх шэсьць месяцаў ад візыты тэй важнай асобы з аттаўскае амбасады. Усе спробы параліжаваць Шпака правальваліся. Чалавек змагаўся і адбіваўся. Больш таго: ён атакаваў. Во — гэта праціўнік! Такога Капшун раней на лапаткі не палажыў. Злосьць бушавала! Цяпер нават ня ведаў, куды той Шпак перабраўся. А гэтае, — каб яе чорт менш насіў, — дзяўчо, што яно робіць? Чаму так доўга рапарту няма? Капшун нэрвова хадзіў па сваім пакоі, праклінаў тое ды гэна, падняў трубку тэлефону й набраў нумар. Пасьля колькіх званкоў у трубцы пачуўся заспаны жаночы голас.

— Што табе так доўга заняло? — рэзкім голасам наваліўся Капшун.

— А табе што, як быку прырупіла?

«Каб цябе чорт! — думаў Грыша. — Пару разоў у пасьцелю суку зацягнуў, дык цяпер ужо загадваць табой хоча. Як пранюхала што ейныя бабскія ласкі патрэбныя, дык цяпер з рагамі да цябе! У партыі забясьпечаная. Таму да яго, Грышы, такая іранічная паблажлівасьць».

— Стары казёл, — казала яму Ніна Ляскін пры іншай нагодзе, — калі табе прыпрэ, пашукай дзіркі ў плоце!

— Ды не, — адказаў цяпер лагодным голасам Капшун таму соннаму голасу ў тэлефоннай трубцы, — хачу проста ведаць чым ты занятая.

— Так? Трэба было мне прыслаць тэлеграму, што будзеш званіць, дык я-бы тут пры апараце падзяжурыла, старога казла чакаючы…

— Слухай, Ніна, перастань з гэтымі мянушкамі.

— Слухаю.

— Я званю ў важнай справе.

— У цябе ўсё й заўсёды важнае.

Капшун уяўляў самазадаволеную кплівую ўсьмешку Нінінай напудранай маскі. Каб яе! Колкі язык.

— Ніна, прашу цябе. Мне не да шутачак…

— Гавары, слухаю.

— Скажы мне, што зь Верай?

— Ня бачыш ты, стары казёл? Яна закаханая, влюбенная по уши. Понял? Да, да, усе сымптомы…

— Ці яна зараз дома?

— Няма. Пайшла некуды, можа ў шоў…

— Зь кім пайшла?

— Адкуль мне ведаць. Ці ты мяркуеш, што я бегаць за ёй буду?

— Я думаў, што можа сказала табе…

— Не, не казала. І калі цябе цікавіць, дык скажу табе, што наша маладзіца ўтрэскалася, уліпла й патанула да самых глыбіняў. Да, да…

— Што за дзяцюк?

— Хто? Ды Якімовіч. Ці гэта для цябе навіна?

— Не, ня зусім. Як далёка яна зайшла?

— Апошніх пару тыдняў зьмяніла свае паводзіны. А я ня мела нагоды назіраць за ёю ў магазіне, але я пэўная… Задуманая, маркотная, забываецца часам што нармальнае, нэрвуецца, кусьлівая. Так, парань мой, сымптомы верныя. Твая ісключыцельна спасобная красавіца ў пагоні за гэтым Дон Жуанам розум траціць. І папярэджу…

— Непатрэбна. Пасьля такой грунтоўнай дыягнозы сам бачу. Дрэнь, ярунда! Камплікуе дзела… Такога я не спадзяваўся. Ну дык дзякую за інфармацыю. Гэта будзе ўсё.

— Але-ж, які ты бізнэсавы сягоньня! Шкада…

— Чаго гэта?

— Усё толькі бізнэс, а пагуляць няма калі.

— Перастань! Будзь ты праклятая, сука! — заключыў Капшун, палажыўшы трубку. Задуманы, пачаў хадзіць па пакоі. Напхаў у люльку галяндзкай «Аморфа» табакі, прыкурыў, намагаўся вярнуць раўнавагу. Так, на Веру трэба націснуць. Толькі празь яе можна знайсьці «старога фашыста».

Апошнімі часамі Вера не рэагавала на ягоныя жаданьні ці загады. Вялікая была-б небясьпека, калі-б яна да бяспамяцтва закахалася ў Якімовіча. І якая тады зь яе карысьць, калі апынецца пад поўнай уладай дзяцюка? Трэба запабегчы гэтаму… Так, чаму-ж не. На гэта ёсьць рада. Паказаць Якімовіча як небясьпечнага фашыстоўскага крыміналіста. Да, да, совершенно так, именно так… Грыша ўсьцешыўся ад такой сваей вынаходлівасьці. Трэба ратаваць дзяўчыну, пакуль яшчэ час.

Капшун сеў за машынапіску й пачаў ліст да людзей у Ўсходнім Бэрліне. За якіх хвілін дваццаць зарганізаваў асноўныя думкі. Зводзіліся яны да наступнага: «Паказаць Якімовіча як мацёрага і небясьпечнага ваеннага крыміналіста, з крывёй нявінных савецкіх грамадзянаў на яго руках. Зьмясьціць матар’ял у наступным нумары. Да маей дыспазыцыі прыслаць некалькі нумароў лётнай поштай. Трымаць ягоную матку на прывязі».

Капшун занёс ліст у паштовую скрынку й быў задаволены, што галава нарадзіла новы плян. Ня мог-жа праваліць сваей найлепшай нагоды. Стукне гэтых фашыстаў на ўсе застаўкі!

Загрузка...