Антон Шпак глядзеў на здымкі тае вялікае рыбы, што віселі над камінкам у галоўнай залі рэсорту і яму пачынала дакараць амбітнае самалюбства рыбалова. Калі рыба такой вялічыні была запраўды злоўленая ў рацэ Пома раней дык, з помаччу Бога, ён, Антон Шпак, — не абы які рыбак, — можа і цяпер падобную цацу злавіць. І ў працы, і ў адпачынку Шпак трымаўся мэтодаў. Разважаў, што каб добрую рыбіну злавіць, трэба перш грунтоўна перачасаць рэчку, разьведаць праўдападобныя і магчымыя сховішчы вялікае фарэлі. Кажнае раніцы ці на захад сонца ён аддаваў даволі часу расплянаванаму дасьледваньню ракі.
Ідучы ўніз, зь цячэньнем ракі, пісьменьнік прыйшоў да вялікай дугі. У локці ракі вада абмывала кучу валуноў і дробнага каменьня. Рукаво ракі тут пашыралася, хуткая плынь падмывала супрацьлеглы бераг. Крыху далей, у карэньнях дрэваў, вада звальняла ход. Быццам ногі вялізных павукоў, карэньне дрэваў упівалася ў пацямнелую плынь вады. Шпак меркаваў, што якраз там магло быць ідэальнае сховішча для рыбы. Варта спрабаваць туды адну ці другую прынаду падпусьціць. І доступ із супрацьлеглага боку ракі быццам на заказ. Праўда, была адна небясьпека. Калі якая большая цаца, зачэпленая на кручок, пачне рабіць дывэрсійныя ходы, можа заблытаць жылку за карэньне. Тады, — як канадыйскія рыбакі кажуць, гут бай Чарлі, — страціш і кручок, і рыбіну. Шпак добра ведаў рэакцыю рыбы, асабліва хуткае, як маланкі, фарэлі, з балючым кручком у роце.
Шпак выбраў плоскі валун, добра расьсеўся й закінуў кручок зь вялікім чарвяком на плынь. Прынада ўпала бліжэй таго нагледжанага месца й шпаркі струмень аднёс яе на мель. Пісьменьнік выцягнуў жылку з кручком і цяпер закінуў далей. У першы дзень раніцай злавіў паўтузіна вясёлкавых фарэляў. Найбольшы важыў менш кіляграму. Дрэнь. Рыбацкая інтуіцыя падказвала, што тут павінна быць шмат большая рыба. Трэба зноў спрабаваць. З гэтага стратэгічнага месца вельмі лёгка было закідваць вуду і таму Шпак ці раз быў рашчараваны, калі знайходзіў тут якога інашага рыбака. Вялізныя дрэвы па абодвух бакох ракі схавалі цябе, здаецца, ад цывілізаванага сьвету. Надзвычайная дзікасць нагадвала яму Налібокі ці Белавежу, — пушчы ім крыху зьведаныя. Шпак нават забаўляўся ўяўленьнем, што ён не за акіянам, а дзесьці дома між свае цудоўнае прыроды. Перашкаджаў уяўленьню рэзкі голас люна-нурца, адсутнічала клекатаньне бусла.
Аднае раніцы пасьля лёгкага, амаль паўгадзіннага падарожжа ад Пайн Рыдж, Шпак рыхтаваўся на сваім стратэгічным месцы закідаць вуду і марыў, што шчасьце ў выглядзе вялізнага прыгажуна на кручку ягоным якраз зьявіцца сяньня. Абавязкава сяньня. Сонейка ўжо выглядала з-за кроны суседняга дуба, гарлапаніла весела птушыная грамада а булькатаньне вады ў рацэ дапаўняла раньнюю сымфонію.
Павязло. Вясёлкавая фарэль, прыгажун, больш кіляграма. На пачатак нядрэнна. Задаволены пісьменьнік паволі зачапіў на кручок другога чарвяка, рука спрактыкаваным рухам закінула яго цераз галоўны хрыбет цячэньня вады, падпусьціла прынаду аж пад той бераг, дзе, — угадваў рыбак, — павінны быць большыя цацы.
Аглянуўшыся, Шпак заўважыў чалавека, які выйшаў з пушчы й набліжаўся. Апрануты ў кашулю ў чорныя клетачкі, шэрыя флянэлявыя порткі, чорныя спартовыя чаравікі, насунуты на лоб шэры палатняны брыль. Чалавек сярэдняга, прыблізна Шпакавага росту, ён трымаў у правай руцэ таўстую бярозавую палку і, не даходзячы якіх крокі чатыры, спыніўся. Дробны прадаўгаваты твар, кароткі нос, вузенькія вусны, пасівелыя на скронях валосы. Шэрыя вочы пільна ўглядаліся ў пісьменьніка.
— Ты Антон Шпак? — спытаўся тонам, якім гаворыцца нармальна із знаёмым суседам. Шпаку здалося проста няверагодным, што нейкі зусім незнаёмы чалавек, выйшаўшы зь дзікай пушчы ў чужой і далёкай ад цывілізацыі мясьціне, пабеларуску пытаецца ягонае прозьвішча. Ці не сустракаў ён калі гэтага чалавека? Ня мог прыгадаць.
— Ці мы знаёмыя? Не прыпамінаю, — адказаў зьдзіўлены рыбак.
— То гэта і ёсьць ты, каторага шукаю, — адказаў чалавек зусім упэўненым тонам.
— Мяне шукаеш? Хто ты такі і навошта я табе?
— Мая фамілія для цябе няважная. Я прыйшоў сюды, каб гэта падружаску пагаварыць з табой.
Здалося Шпаку, што пры слове «падружаску» злы аганёк бліснуў у шэрых вачох гэтага чалавека зь бярозавым кіем. Прадчуваючы нядобрае, намагаўся захаваць спакой і раўнавагу. Ён зірнуў на сваю жылку, што, здаецца, натужылася-выпрасталася, крутануў шпулькай. Чалавек падыйшоў да яго бліжэй.
— Ты рыбак, ці што? — спытаўся Шпак у незнаёмага. Чалавек маўчаў. — Калі маеш што сказаць, дык я слухаю.
— От што мне нравіцца: гатоў слушаць! Сатруднічаства… Як-бы было добра, што-б ты начаў слушаць нас раньша. І мне тада ня нада было-б пуцяшэстваваць аж сюда, чтоб цябе ўбяждаць, містар Шпак…
Шпака напалохала ня толькі расейшчына ў вуснах гэтага чалавека, але із злавесным націскам слова «містар», быццам-бы яно было агідай нейкай.
— Хто ты такі? Хто цябе паслаў і чаго ты ад мяне хочаш?
— Сатруднічаства! — сказаў ужо голасна незнаёмы. — Сатруднічаства ад цябе, містар Шпак, мы хочам. Да этага ўрэмені ты не панял. Табе ўжэ не адзінажды ўнушалі, а ты, упрамы как асёл, сваё ды сваё. Панімаеш сейчас? У людзей, каторыя прыслалі мяне цярпеньня ўжэ нет.
Шпакавы рукі сьціснулі бамбуковае вудзільна, па сьпіне рассыпаліся мурашкі. Гэта-ж трэба, — у такім месцы й такі чалавек, з такой пагрозай! А малыя шэрыя вочкі ажывіліся, быццам мяркуючы зь якога боку схапіць праціўніка, ці заехаць па ягонай галаве той бярозавай палкай.
— Слушай, містар Шпак, слушай внімацельна. Мне прыказалі даставіць табе от такой сьледуюшчы ўказ: ты брось пяро, прэкраці партачыць тое барахло, что ты шчытаеш ліцературой, каторой снабжаеш сваіх фашысцкіх дзіпісоў. Адным словом, закрой губы і маўчы. Панял? Ані слова ў пячаці і ані звуку публічна. Будзь только гут бой, вудзі рыбу і тагда, можэт быць, панравішся нам!
Шпак поўнасьцю цяпер зразумеў хто такі перад ім. Ці раз раней думаў, што могуць завяртанцы або іншыя маскоўскія агенты падкінуць яму нейкае ліха. Памятаў свайго блізкага сябру Франьцішка Аляхновіча, выдатнага беларускага драматурга й пакутніка з канцлягеру на Салаўках, якога бальшавіцкі агент, як ён даведаўся куды пазьней, замардаваў у Вільні ў 1944-м годзе.
— Чалавек, ты здурэў? Ці ты ведаеш, што ты мне кажаш?
Цяпер зусім выразныя аганькі загарэліся ў шэрых вачох.
— Віжу, ты рашыў не сатруднічаць с намі!
Гэтыя словы былі выказаныя такім пагражальным тонам, празь сьцятыя зубы, што пісьменьніка страсанула.
— Так что, цебе непанятна, містар Шпак?
Чалавек адхінуў сьпераду крысо кашулі і з похвы выцягнуў даўгі паляўнічы нож. Бліснула ў руцэ зьзяючае гладкае лязо, а чалавек пачаў ножам стругаць бярозавы кій. Шпак адступіў пару крокаў назад і стаяў на краю валуна. Яму ня было куды далей адступаць. Чалавек пачаў заходзіць збоку, а Шпакавы вочы сканцэнтравалі сваю ўвагу на паляўнічым нажы.
— Ты нягоднік, адыйдзіся ад мяне! Я цябе не хачу слухаць! — крыкнуў пісьменьнік.
— Ня хочаш? — загарэўся злосьцю напасьнік. — Ты фашысцкі сабака, я цябе сейчас навучу, как слушаць!
Ён падскочыў да рыбака, маланкавым рухам высунуў нож зусім блізка ля ягонай шыі. Відаць, калі-б хацеў, мог-бы пісьменьніку ўжо вастрыём па шыі шарахнуць. Намагаючыся адбіцца ад напасьніка, Шпак парнуў яго канцом вудзільна, але той зручна выхапіў яго з рыбаковай рукі, пераламаў на калене й выкінуў пераз плячо ў раку.
— Ты так хаціш сражацца, фашысцкая сабака! Я цябе сейчас пакажу!
Ён шпарка стараўся схапіць пісьменьніка за каўнер. Намагаючыся ўхіліцца ад забойчае рукі, Шпак спатыкнуўся, адступаючы назад, страціў раўнавагу і ўпаў, стукнуўшы галавой аб край каменя. Снікі Джоў мог-бы прысягнуць, што чуў як трэснуў пісьменьнікаў чэрап. Джоў стаяў бяз руху, прыглядаўся, як пасьля раптоўных сударгаў абвялае цела скацілася набок, а акрываўленая галава зь незакрытымі вачмі нібы глядзела кудысьці ўверх. Сталася гэта так раптоўна, што нават Джоў Снікі разгубіўся, што далей рабіць. Дзесьці воддаль пачуліся галасы. Джоў маланкай скочыў у гушчар. Два рыбакі набліжаліся да кучы валуноў адтуль, зьнізу. Ці бачылі яны яго?
Джоў наглядаў з гушчы зелені як два мужчыны, з рыбацкімі снасьцямі, затрымаліся ля кучы валуноў. Знайшоўшы кошык з рыбінай і труп чалавека, яны асьцярожна агледзелі ўсё навокал, раіліся між сабой, відаць, што рабіць далей і неўзабаве адзін зь іх хуткім крокам пайшоў у кірунку Пайн Рыдж рэсорту, а той, што астаўся на валунох уважна глядзеў у гэты бок дзе скрыўся Снікі. Нейкіх хвілін пяць пазьней Джоў сядзеў ужо за рулём у сваім аўтамабілі і ціснуў на бензінную пэдаль. Як там будзе далей, а ён Капшунова заданьне выканаў, магчыма нават і перавыканаў.