34

Нік Лок на злом галавы бег па сходах уніз, каб знайсьці Алеся Якімовіча, каторы быў тут недзе ў краме.

— Алесь, нешта дрэннага здарылася. Якраз да мяне званіў мой брат з, рэсорту.

— Што такое сталася, Нік? — насьцярожыўся Алесь.

— Твой сябра меў выпадак.

— Антон Шпак?

— Ён.

— Што за выпадак? Кажы, Нік, што сталася.

Лок адказаў не адразу:

— Ал, мне прыкра казаць табе… Твой Антон Шпак ёсьць мёртвы.

— Мёртвы? Ты, Нік, апупеў, ці што? Як?

Нік Лок коратка пераказаў тое, што чуў ад свайго брата. Сьціскаючы зубы, Якімовіч намагаўся сканцэнтраваць думкі. Уструс перашкаджаў разважаць рацыянальна. Бракавала дэталяў. Адно ведаў Алесь напэўна: Антон Шпак у ніякім выпадку ня мог налажыць сам на сябе руку. Ізноў-жа, быў ён занадта памяркоўны й асьцярожны, каб сустрэць сьмерць нейкім чынам прыпадкова. Аставалася адна магчымасьць: забойства варожай рукой. Калі яно так, дык ці трэба было мазгі мазаліць над пытаньнем зь якога боку зьявіўся забойца?

Дзесяць хвілінаў пазьней Алесь гнаў свой Олдсмабіл галоўнай шашой з Радфорду напоўнач. Сьпяшыў, ціснуў бензінную пэдаль аж да падлогі й празь люстэрка сачыў, каб не прычапіўся да яго ззаду паліцыйны хвост. Як шкада, што ня мог зрабіць той дарогі за якіх паўгадзіны! Ён уключыў радыё і знайшоў станцыю, якая рэклямавала сябе пад загалоўкам «Найнавейшыя Навіны Насамперш». Часамі здаралася, што яна лякальнымі навінамі выпярэджвала іншыя камэрцыйныя радыёстанцыі. Вось, прыкладна, як цяпер. Звычайная крыклівая рок-музыка спынілася і нізкі, урачысты мужчынскі голас паведаміў:

— А цяпер — дзьве навіны з нашае «Найнавейшыя Навіны Насамперш». Сяньня раніцай у ваколіцы Індыянборо, на рацэ Пома каля рэсорту Пайн Рыдж, два рыбакі знайшлі сьвежы труп, што ляжаў напалову ў мелкай вадзе з растрэсканым чэрапам. Паліцыі ўдалося ўстанавіць, што памёршым зьяўляецца беларускі пісьменьнік Антон Шпак з Радфорду. Выглядае, што рыбак упаў на валун і ўдарыўся аб яго галавой. Збоку знайшлі паламаную вуду. Паліцыя падазрае, што на Шпака нехта зрабіў напад і вядзе сьледзтва.

— А цяпер ці чулі вы такое? — вясёлай ноткай прадаўжаў голас. — Калі з паламаным напалову вудзільнам выцягнулі жылку з вады, дык адгадайце што знайшлі на кручку! А знайшлі там вясёлкавую рачную фарэль больш дзесяці кіляграмаў вагі, вось што! Прызнайцеся, гэта перавысіла навет так званае добрае шчасьце Айрышмэна: сустрэць сьмерць у той час, калі ты падчапіў на кручок такога прыгажуна!

Голас з радыёпрыёмніка ўзлаваў Алеся. І як гэты дыджэй (так у скароце тут называлі «дыскавага джакея», — камэнтатара рознае мадэрнае музыкі), ня выдумаў яшчэ, што рыбак Шпак цягнуў вялізную рыбіну, паламаў сабе вудзільна, упаў, разьбіў галаву і тут-жа памёр? Алесь выключыў радыё. Злаваў ён на таго дыджэя яшчэ і за тое, што Беларуса назваў «уайт рашн» заміж «беларашн». Цяпер Канадыйцы будуць рагатаць з таго «рашн фэла» (Расейца), каторы забіўся як вялізную рыбіну з ракі цягнуў. І чаго чакаць ад цемнякоў, што выдатна ўмеюць жлукціць піва й захапляцца гакеем, каб яны ведалі, прыкладам, што між Расейцамі й Беларусамі ня менш розьніцы чымся між Ангельцамі й Немцамі? Ды найбольш Алесь кіпеў злосьцю на тую забойчую нікчэмную брыду, што абарвала плённае жыцьцё выдатнага суродзіча Антона Шпака. Вялізная страта для беларускага народу! Алесь ужо прыабяцаў сабе, што не пашкадуе нічога, каб знайсьці забойцу пісьменьніка.

Загрузка...