Антон Шпак тупаў па сваім малым пакоі, як учадзелы. Вярнуўшыся з начной працы, дрэнна спаў. Цяпер ніяк ня мог сканцэнтравацца на тым прадмеце, які намагаўся апрацаваць. Абрыўкі думак кружыліся ў галаве ці ў паднябесьсі, ці на сёмай плянэце. Часам падказвалі яны зусім здаровы сэнс, але калі Шпак намагаўся зарганізаваць іх у лягічную пасьлядоўнасьць, разьбягаліся, прападалі. А пісьменьнік ведаў, што тут не падапрэшся абы якімі эрзацамі. Патрэбнае нешта саліднае, арыгінальнае. Калі трымацца праекту-пляну, адлюстраваць няпростую загадку ў яе суцэльнай абыйме, дык трэба трымаць зыркае вока на дробязах, захоўваючы сваю творчую манеру паказу галоўных гэрояў сюжэту. Як на тое ліха, Шпак ад нейкага часу апынуўся на душэўным спадзе.
Ён падыйшоў да пісьмовага стала, на якім ляжала шмат паперы й новая пераносная машынапіска Сміт Карона зь беларускім шрыфтам, выцягнуў цыгарэту з пачкі фірмы Ротман, узяў брытву з полкі, разрэзаў цыгарэту на два кавалкі, улажыў адзін у муштук, пстрыкнуў запальнічкай, зацягнуўся дымам і зноў пачаў тупаць па пакоі.
Сярэдняга росту, худы, павольны ў руху, выглядам твару Шпак выклікаў да сябе спачуваньне. Мізэрны, змучаны. Жартаўнік, пабачыўшы яго, мог-бы ўсклікнуць: а братка ты мой, калі-ж гэта цябе з бальшавіцкага канцлягеру сьмерці на волю пусьцілі, чаму-ж цябе не накармілі? Твар з упалымі шчокамі, маршчыны на лбе, рассыпаныя рэдкія сівыя валосы, нейкія хваравітыя аганькі ў ясна-блакітных вачох пад буйнымі бровамі. Вочы цяпер жыва бегалі, рукі сьціскаліся ў кулакі ў кішэнях шэрага пінжака. Хваляваньне. Шпак часта спыняў сваё тупаньне па пакоі, углядаўся ў нейкі адзін пункт, быццам-бы вось на гэтай нейкай кропцы ён павінен спыніць хаос тых думак, спарадкаваць іх, здысцыплінаваць, каб пасьля адпаведнымі радкамі пры помачы машынапіскі Сміт Карона загнаць іх у кірыліцу на паперы.
Пяцьдзесятка ззаду. І тэма, якую апрацоўваў, складала вялізную частку ягонага жыцьця. З таго матар’ялу, які Шпак меў у запасе, нехта напісаў-бы цікавую прыгодніцкую аповесьць. Дарога вяла з Захадняй Беларусі, спад аднае акупацыі ў другую, праз пакуты, голад і холад у Сібіры, дзе страціў жонку й маладога сына, пасьля — Іран, Ірак, Палестына, Афрыка, Італія — служба на франтох вайны ў чужой арміі. Шлях няведама куды, змаганьне не за свой народ… Далей… дзе кропку паставіць? І што дала-б бацькаўшчыне й раськіданым цяпер па цэлым вольным сьвеце суродзічам цікавая прыгодніцкая аповесьць? Больш таго: ці зачарпнулі-б з такой літаратуры нейкае натхненьне да змаганьня з ворагам, з Маскоўшчынай тыя, што цяпер яшчэ паняволеныя, што змагаюцца так ці накш з чужым сьмерцяносным каляніяльным рэжымам?
Шпак ведаў, які цэнны й вялікі твор можна змайстраваць на ягоным цікавым матар’яле. Так. Ня толькі можна… Ён павінен напружыць усе свае сілы, каб узабрацца на тыя вышыні творчай дасканаласьці, якіх яшчэ ня зьведаў… Мова йдзе пра іншы твор, чымся Аляхновічаў «У кіпцюрох ГПУ», што некалі сэнсацыйна Эўропай ускалыхнуў.
У ліку дагэтулішніх здабыткаў Шпак меў напісаныя й выданыя добрыя працы. Вядома, той найважнейшы й найбольш дасканалы твор заўсёды яшчэ плянуецца, ён-жа ў будучыні. Шпакавы матар’ялы акупант цэнзураваў перад вайною. Некаторым дарогу ў кніжны ці газэтны сьвет загараджвалі. І ўсё-ж, хоць і біла яго бязьлітасна варожая цэнзура, творчы працэс на роднай зямлі быў куды лягчэйшым. Чалавек — быццам птушка ў сваім гнязьдзе. Дыхалася разам з народам. Дзяліліся разам беды й ліхалецьці. Быццам грудное дзіця пры матцы, цягнуў маральнае падмацаваньне з духовае, няхай і затуканае культуры запрыгоненага сялянскага народу. У гэным усенародным цярпеньні была ягоная магутная апора, там гартаваўся дух, рос зарад практыкі, што некалі вунь як спатрэбіцца на ўхабістым шляху будучыні. Колькі акупант не намагаўся, а народных волатаў, людзей вялікага розуму, прадбачаньня, патрыятызму й фізычнага гарту, ня мог на калені паставіць. Гэтакія былі. Шпак верыў, што яны й цяпер ёсьць. Працуюць і змагаюцца. І некалі перамогуць. Накш быць ня можа! — Шпак непахісна ў тое верыў. Ягонае крэдо, сьвятое сьвятых: перамога прыйдзе! Маскоўская «імпэрыя зла» — гаргара няволі, якую стварылі нікчэмнікі й паразіты, разваліцца так, як да гэтага часу на працягу тысячагодзьдзяў развальваліся ўсе іншыя, магутныя імпэрыі.
У Радфордзе пасялілася ўжо немалая, як тут называлі, калёнія Шпаковых суродзічаў. Яны пасьля вайны прыехалі. Птушкі з ворагам «раськіданых гнёздаў». Адны зь іх — «дыпісы» (паводле клясыфікацыі заходніх хаўрусьнікаў — «перамешчаныя асобы»), значыцца тыя, каторых Немцы ў часе вайны змабілізавалі й вывезьлі ў фашыстоўскую Гітлераву Нямеччыну на розныя нявольніцкія працы. Менш было такіх, каторыя пры адступленьні Немцаў пайшлі на захад, каб выкарыстаць нагоду й уратавацца ад абодвух тыранаў, якіх добра вызначыла мудрая сялянская характарыстыка: «абое рабое», або «два роўныя гады, іх на адным суку трэба павесіць». Гэтыя апошнія плянавалі на вялікую адлегласьць: трапіць у вольны сьвет. На ўсіх такіх дыпісаў палявалі пасьля вайны па цэлай прасторы Заходняй Эўропы бальшавіцкія рэпатрыяцыйныя камісіі пад кіраўніцтвам спэцаў, што ўжо вымардавалі мільёны нявінных у Гулагу. Гэтым бальшавіцкім спэцам памагалі Брытанцы і Амэрыканцы, апошнія, відаць, натхнёныя прэзыдэнтам Рузвэлтам, што ўжо добра занемагаў і сваім зьдзіцянелым розумам упадабаў быў «дзядзю» Джова Сталіна ды памог яму палову Эўропы аддаць.
Іншая група — быўшыя вайскоўцы з польскіх адзьдзелаў Брытанскае арміі, каторыя прайшлі Гулаг, або абхітрылі «абое рабое» ды яшчэ ў мундзірах хаўрусьніцкае арміі памагалі дабіваць гітлераўскую Нямеччыну. Шматлікія зь іх прыехалі сюды ўжо ў 1946-м годзе, атрымалі ад канадыйскага ўраду двухгадовага тэрміну кантракты працы на фэрмах. Яны пачалі свае першыя крокі ў вольным сьвеце ад гнаявых вілаў з заплатай 45 даляраў на месяц, харчамі й памешканьнем. Уявеце сабе, прыкладна, як мог быўшы танкіст рэагаваць на такое пытаньне канадыйскага фармэра: «А ты коньмі кіраваць умееш?»
Гэтыя новыя Шпакавы суродзічы пачулі, што ў Канадзе ёсьць нейкая колькасьць старой беларускай эміграцыі. Пачалі шукаць тых «калюмбасаў». І якое-ж вялізнае было іхнае рашчараваньне, калі ў розных «рабочых клубах Горкага» ці іншых мясцох сустракалі іх і фашысьцілі ім бальшавіцкія гарлапаны. Так. Жаўнераў з арміі, якая змагалася з гітлераўскімі фашыстамі, гэта той самай калішняй Сталінавай блізкай і важнай «саюзьніцай Вялікай Германіяй», гэтыя адурманеныя суродзічы называлі фашыстамі! За кароткі час Шпакавы суродзічы спанатрылі, што ніякага нацыянальнага жыцьця раней прыехаўшыя сюды «землякі з Гарадзеншчыны, Віленшчыны ці Віцебшчыны або Берасьцейшчыны» тут ня мелі й не стварылі. Ладная колькасьць, — каталікі— сталіся «палякамі». А ў цямноце й нацыянальнай нясьведамасьці бальшыні з агулу даўно загнязьдзіўся рак чырвона-маскоўскае пошасьці. Дзеці іхныя ў бальшыні ня ведалі мовы сваіх бацькоў. Канфузу нацыянальнасьці і духовай ляяльнасьці гэтых «калюмбусаў» ды іхных нашчадкаў спадарожнічаў яшчэ факт, што вялізны й непераможны «саюзьнік» захадніх дэмакратычных дзяржаваў у вайне — гэтта агульнаведамая і храбрая «Раша»-Расея — падчас вайны здабыла ў вачох іхных аўрэол нейкай звышсілы й поўнай вышэйшай справядлівасьці. Адтуль, ад такога зьбянтэжанага ўяўленьня як руку падаць у рэчышча вялікага й магутнага славянскага сьвету і прадказанага шматлікімі «прарокамі» місіянізму вялікай «Рашы»-Расеі. Дзякуючы камуністычным агітатарам, нацыянальная нясьведамасьць і малапісьменнасьць нашых суродзічаў, якіх новапрыбылыя называлі спачатку «калюмбусамі», ішла на помач камуністычнай партыі Канады і махляром з маскоўскага цэнтру.
Шпакавы суродзічы, намагаючыся насамперш апанаваць няведамую мову новай краіны, здабыць патрэбныя прафэсіі, уладзіцца на працы, павінны былі ад асноваў будаваць грамадзкія арганізацыі, Божыя сьвятыні, фінансавыя й навуковыя інстытуцыі — ствараць цэлы камплект патрэбных установаў сваёй нацыянальнай беларускай сям’і ў Канадзе. Беларусь наагул тут была мала знаная. Нават самая назва яе. Ня толькі адурманеныя некалі чужынцамі суродзічы, але найбольш чужыя, уключна зь дзяржаўнымі й грамадзкімі ўстановамі Канады, блыталі гэную «Уайт Рашу» ці «Беларашу» з «Рашай». Апроч таго Канадыйцы, што добра ўмелі жлукціць піва й сачыць гакэй, зьвязвалі тую чырвоную Рашу з гэнай белай. Вось у такіх абставінах Беларусы, — гэтыя зь белай Русі нейкія «дыпісы», — пачыналі ў новай краіне будаваць свае нацыянальныя ўстановы, прэсу, сьвятыні і ўсё іншае.
Шпак уважна прыглядаўся сваім суродзічам. Бальшыня зь іх — сыны беларускіх ніваў з Захадняй Беларусі. Пераважна маладыя, несямейныя. Мала дзяўчат. Людзі, што ўмелі касой і плугам плёны на роднай зямлі множыць. Гэтта некаторыя працавалі на фэрмах, але бальшыня пасялялася ў гарадох, знаходзіла працы на розных прадпрыемствах. Першая мэта іх — купля свайго дому. На жаль, людзі з асьветай складалі сьціплы працэнт іхнага ліку. Праўда, некаторыя тут ужо беглі ў школы, пасьля здабывалі вышэйшую адукацыю ў розных галінах. Сумленны, працавіты народ. Ззаду — кашмар вайны, вялізная жыцьцёвая практыка. У сэрцах — гарачая любоў да забранай чужніком роднай зямлі, пакутнікаў у страшэнным прыгоне. Адгэтуль і нахіл да палітычнай акцыі. Праціўнікам зьяўляўся адвечны вораг паняволенай бацькаўшчыны, той Купалаў «чужак-дзікун» і гэныя «раскаваныя рабы», што «бацькаўшчыну рэжуць на кускі». Тыран цяпер прыкрываўся гуманізмам, вёў кампанію за мір на ўсім сьвеце, хаця вунь кагадзе ў Карэі распаліў быў вялікую захопніцкую вайну. Атрымаў належны адпор, цяпер ліжа раны.
Шпакавы суродзічы ўзмоцнілі агульны антымаскоўскі фронт, што ўключаў сілы эмігрантаў з бальшыні паняволеных Масквою народаў. Актыўнасьць праяўлялася ў масавых дэманстрацыях супраць чырвона-фашыстоўскай Масквы з розных нагодаў. Здарылася, для прыкладу, што калі ў Радфорд мясцовыя камуністы і іхныя спадарожнікі запрасілі няслаўнага «чырвонага дзяка» Гаўлета Джансана з Кантэрбэры ў Ангельшчыне на так званы кангрэс міру, дэманстранты з паняволеных Масквой народаў выйшлі дзясяткамі тысячаў на вуліцы гораду й спараліжавалі ягоны цэнтар. Не дарма мясцовая газэта «Тэлеграм» назаўтра крычала вялікім сэнсацыйным загалоўкам на цэлую шырыню першай бачыны: «Вайна на мірным кангрэсе». Дзякуючы вось такім супольным акцыям, «новыя Канадыйцы» адразу зьвярнулі на сябе ўвагу мясцовых бясхрыбетных, з чэмбэрленаўскімі нахіламі, палітыкаў, што ў далейшым мела ўплыў на адносіны канадыйскіх урадаў да новых канадыйскіх грамадзянаў з Усходняй Эўропы дый да чырвона-фашыстоўскае мафіі з маскоўскага Крэмля. Шпакавы суродзічы бралі пастаянны і актыўны ўдзел у супрацьмаскоўскіх акцыях і дзіва няма таму, што пісьменьнік чэрпаў свае творчыя сілы з маральнага гарту сваіх суродзічаў.
Знаёмства з культурай і палітыкай дзяржаўна двухмоўнай Канады прынясло беларускаму пісьменьніку вялікае рашчараваньне. Зь ягонай сацыяльнай пазыцыі, — з самага нізу, — немагчыма было ўстанавіць кантактаў з канадыйскім навуковым, літаратурным ці палітычным верхам. Шпак сачыў і аналізаваў тое, што плыло ці валачылася са сродкаў масавае інфармацыі — друку, радыё і яшчэ ў пялёнках чорна-белага тэлебачаньня. Кажны дзень паказваў новыя гарызонты працоўнага й гандлёвага рынку. Рэкляма й розныя дзялкі-энтрэпрэнёры жырэлі на спорце. Каб гэта яны прынамсі палову часу, што на спорт, аддавалі на культуру. Шмат праўды было ў тым, як сказаў адзін з суродзічаў пра Канаду: тэхніка вялікая, а культуры няма… У вышэйшых навуковых інстытуцыях ды галінах масавае інфармацыі зьвілі гнёзды й распладзіліся левакі й марксісты з кагорты тых, што ў трыццатых гадох сьпяшылі ў Маскву пакланіцца кіраўніком «перадавое сацыялістычнае краіны», а пасьля самі, як учадзелыя, пашыралі хлусьню пра тую Маскоўшчыну й новы варварскі, чырвоны фашыстоўскі рэжым, які ўжо тады штучным голадам і Гулагам мардаваў мільёны нявінных людзей. Перад выбарамі ў розныя ўрады, — гарадзкія, правінцыяльныя і фэдэральныя, — чалавеку аж вушы абляпаюць розныя «першаклясна дэмакратычныя» кандыдаты, пачынаючы ад трох галоўных партыяў, а канчаючы тымі, у самым хвосьціку, камуністамі, што пры помачы рознага «пралетарыяту» й «прагрэсістаў» не маглі нікога й нікуды выбраць. Свае-ж, канадыйскія сацыялісты, як правіла, трымалі трэцяе, значыцца апошняе месца.
Пісьменьнік Шпак і ягоныя суродзічы лічылі сябе голасам паняволенага народу. Трэба было працаваць, каб пра той запрыгонены народ пачулі найважнейшыя палітыкі і ўплывовыя людзі перадавых і наймагутнейшых захадніх дэмакратыяў. Іншыя народы, прыкладна Палякі, мелі на Захадзе даўно вытаптаныя дыпляматычныя і культурныя сьцежкі. А што Беларусы? Дарма, як апантаны, бегаў Луцкевіч некалі па Парыжы, каб рэпрэзэнтаваць Беларускую Народную Рэспубліку на мірнай Вэрсальскай канфэрэнцыі. Польскія «моцарствовыя» дыназаўры змабілізавалі былі свае сілы, пусьцілі ў ход гнюсныя інтрыгі, каб голасу нованароджанай незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ніхто не пачуў.
Рознае зь гісторыі свайго народу прыгадваў Антон Шпак, параўноўваў зь цяперашнім. Бязумоўна, усім думаючым беларускім патрыётам было ясна, што праз такіх пакутнікаў і гэрояў, як Каліноўскі, Багушэвіч, Гарун, Купала і шмат іншых адраджалася, крывавілася, падала і ўставала да жыцьця новая і ўжо тысячагадовая краіна, тая самая, што дала сьвету Скарыну й Буднага, Афрасіньню Полацкую і Сапегу, Касьцюшку і Міцкевіча, Дамейку і цэлы легіён іншых, якіх акупанты-рабаўласьнікі баламуцілі й выкарысталі для чужых беларускаму паняволенаму народу інтарэсаў. Цяпер была крытычная сытуацыя. Трэба абавязкава, каб захадні сьвет, які адзін можа здужаць Маскву, ведаў пра вялікую катастрофу, што набліжаецца пад маскай гуманізму, прагрэсу, міру. Адтуль ідзе няволя, прыгон, бязбожніцтва, жахлівая галеча і сьмерць.
Былі-ж спадзяваньні, што бальшыня Канадыйцаў выслухае і зразумее выгнаных з роднае зямлі і ўсімі пакрыўджаных. Якая наіўнасьць! Да гэных уверсе, што кіравалі гэтай гаргарай ад Атлянтычнага да Ціхага акіяну, ня было шанцаў ніяк далезьці. А гэтыя зьнізу, што цікавіліся гакеем, наагул спортам, комікамі й глумілі піва Молсан і Лабат, не маглі, каб і хацелі, такіх, як Шпак разумець. Дый навошта гэтыя «праклятыя дыпісы» Канадыйцам, каторыя далі ім лёгкі хлеб, сваёй нейкай дурной палітыкай галовы дураць? Гэтта-ж збоку, зь юдавай усьмешкай, мясцовы чырвоны махляр, у сацыяльных справах адмысловы марксістоўскі «экспэрт», барабаніў пра мірную сталінскую ці хрушчоўскую палітыку. Іншыя-ж, што на маскоўскім ішлі павадку, фашысьцілі такім, як Шпак, на ўсе застаўкі, абвінавачвалі іх у супрацоўніцтве зь гітлераўскімі злачынцамі, пагражалі судамі й расплатай за «грахі перад савецкай радзімай».
Шпак намагаўся мабілізаваць усе свае сілы, каб праўду пра паняволены народ, пра мільённыя ахвяры, зганьбаваныя сьвятыні, пра пошасьць русыфікацыі, зьнішчэньне цэлай вялікай культуры вялікага народу, пра поўную антынародную нікчэмнасьць акупыцыйнага маскоўскага рэжыму, каб пра ўсё гэта сьвет пачуў. Звані звон на трывогу! Няхай чуюць у Мангатане й Вашынгтоне, над Тамізай і ў Аттаве, над Амазонкай і ў Рыме, у Парыжы й Буэнос-Айрэс, у Канбэры й Менску, у Маскве й Варшаве. Звані, ня спыняйся, папанатуж усе свае сілы. Наракаеш, што ты, на самым нізе сацыяльнай драбіны ў Канадзе шмат церпіш. Згадай тых, якіх цяпер мораць голадам, холадам, непасільнай працай у Гулагу!
Ідзі, расказвай. Няхай чуюць! Нехта, магчыма, наставіць на тваё галашэньне ці крык роспачы сваё вуха. Бачыш, спагада ёсьць. Праўда, і яна з наіўнай сьпіною. Гэта, хутчэй, спачуваньне да галоднага, зьбітага з ног і бяздомнага сабакі, чымся акалеўшага ў галечы і змардаванага тысячамі жыцьцёвых дарог і бездарожжаў чалавека, што бачыў пекла і выйшаў зь яго, што перасьцерагаў перад сучаснымі і новымі фізычнымі і духовымі чарнобылямі. Даводзілася выступаць на дэманстрацыях, папярэджваць, пісаць у газэты. Так, але-ж… Здаралася, што некаторыя раты ад зьдзіўленьня разяўлялі, пра жвачку Рыглея на момант забываліся. Поціск рукі, спачуваньне…
У пасьляваенным гармідары сродкаў масавае інфармацыі ўсюды і амаль заўсёды аж на перадавых стаяла тэма вымардаваных гітлераўскімі нацыстамі шасьці мільёнаў Жыдоў. Народ пацярпеў, жахлівыя страты меў, што й казаць! Новаствораны Ізраэль зьзяў у цэнтры ўвагі. Як на гэтую сцэну трапіць нейкай там задрыпанай, тут зусім няведамай Беларусі? На роднай зруйнаванай зямлі людзі, якіх ваенны агонь абмінуў, цяпер адно вылазілі зь зямлянак. У Курапатах ля Менску ды ў іншых мясцох ранейшага грандыёзнага маштабу злачыну варвары-забойцы загадалі раскопваць масавыя магілы нявінных ахвяраў ды перахаваць іх у «бясьпечныя месцы».
Канадыйскі, амэрыканскі і іншыя бізнэсавыя вярхі цікавіў прагрэс пляну Маршала, што намагаўся паставіць на ногі разбураную Заходнюю Эўропу. У крамах зьявіліся чорна-белыя тэлевізары. Ура! Цяпер Джоў і Джэк, глумячы Лабат і Молсан, могуць за сваю гакэйную дружыну з хатняе канапы гарлапаніць. А там — грошы, грошы, грошы! Перадавыя палітыкі трымалі зыркае вока на тым, колькі Саветам можна пшаніцы прадаць, які іншы бізнэс з Крамлём зрабіць. Гэта-ж самая Канада, пачынаючы ад Гадсан Бэй кампаніі, на якім прынцыпе, як дзяржава, аснавалася й расла? Што добрае для бізнэсу, тое добрае і для краіны. Во вам — просты рацэпт, магчыма ад таго мудрага Шкота Сміта. Дык і цяпер, калі гэта добра для бізнэсу, дык чаму із тым «дзядзькам Джовам Сталінам» не гандляваць? Ясна? Навошта каму было галаву нейкім там выдуманым Гулагам марочыць!
Захаднія палітыкі, навукоўцы, выдатныя банкіры і бізнэсмэны, дзеячы культуры, — калі нават і не абыякавыя да злачынстваў бальшавіцкага антынароднага таталітарызму — жадалі цяпер сядзець у сагрэтых наседжаных гнёздах. Пралівалі вунь кроў, перамаглі, жахлівая вайна мінула. І чаго тут нейкія дыпісы, якім мы ласку зрабілі, у свой дом упусьціўшы, чаго гэтыя выкідышы з Эўропы тут збоку нейкую бязглузьдзіцу гародзяць, што быццам наш хаўрусьнік Сталін горшы за ягонага-ж калішняга хаўрусьніка Гітлера? Цьфу на вас, такія вы ды гэткія! Паводле іх, гэных-жа дыпісаў, тут, у Канадзе камуніст сядзеў амаль пад кажным ложкам. Што ты скажаш такім дзіваком! І некаторыя пагражаюць, што й сюды маскалі дабяруцца, калі вы, пэцкалі канадыйскія, у іх розуму не навучыцеся. Пропадам ты прападзі! Не, тут, у Канадзе, гэтага ня можа здарыцца!
Шпакава сытуацыя была куды цяжэйшая яшчэ й таму, што якраз ад яго, як духовага правадыра новапаўсталай грамады ў горадзе, чалавека з прэстыжам літаратурным, Беларусы чакалі і гарту, і розуму, і вытрываласьці. Пісьменьнік працаваў у гатэлі. Гадзіны працы дрэнныя, заплата мізэрная. Ды што зробіш? У ягоных гадох ня станеш пры нейкім мэталарэзным станку, а каб дзе што лягчэйшае, тут патрэбныя здольнасьці і нейкую бізнэсавую адукацыю.
Шпак часта занемагаў. Цялесныя нямогласьці вытокамі сягалі ў перапоўненую цярпеньнямі мінуўшчыну. Поўнага рамонту чакалі зубы. Дакучала даўгая зморанасьць. Калі-б не ягоны добры сябра Алесь Якімовіч, хто ведае… Магчыма, што давялося-б ужо ліпець у чарзе ў «Скат Мішан» за міскай супу. Калі Якімовіч наведваў Шпака, пакідаў нейкую помач. Ніколі не даваў грошай Шпаку ў рукі. Даляровыя банкноты траплялі неяк то пад машынапіску на стале, ці на полку туалетную, або ў іншае месца, дзе Шпакава рука абавязкава на іх трапіць. Ці адзін раз пісьменьнік пратэставаў. Ягоная годнасьць не пазваляла прызнацца да жабрацтва ў «краіне вялізных магчымасьцяў». Ды няважна колькі разоў пісьменьнік налягаў на Алеся, каб той нідзе ў яго й ніколі ніякіх грошай не пакідаў, дзяцюк бажыўся, што ён ніколі такога нічога не рабіў і, дальбог, нічога пра гэта ня ведае.
Нейкім чынам у Шпакавай кватэры зьяўляліся і іншыя падаркі пры адпаведных нагодах. Нават сама тая машынапіска Сміт Карона прыбыла на кватэру якраз перадугодкамі пісьменьнікавых нарадзінаў, картка падпісаная «Вашым зычлівым сябрам». Калі-ж Шпак пратэставаў, Алесь бажыўся на ўсіх сьвятых, што ён на такую «экстраваганцыю» не адважыўся. Захаваліся і твары, і годнасьць, і ніхто нікога не ўквяліў. А жыцьцё, яно ішло, бо, як тыя мудрацы казалі, так было напісана…