38

Пасьля Алесевай прамовы была прачытаная і прынятая рэзалюцыя, якая, адзначыўшы сьмерць выдатнага пісьменьніка, асуджала каляніяльную і антыбеларускую палітыку бальшавіцкае Маскоўшчыны ў Беларусі, ганьбавала ўсходня-бэрлінскі камітэт і ягоную падрыўную дзейнасьць сярод беларускае эміграцыі, заклікала вольныя і дэмакратычныя дзяржавы падтрымаць вызвольнае змаганьне паняволенага беларускага народу супраць бальшавіцкае маскоўскае імпэрыі. Калі закрылася заслона на сцэне, Вера сказала Ніку, што пабяжыць асьвяжыцца.

— А дзе дзяўчына? — спытаўся ў Ніка Алесь, выйшаўшы з-за сцэны.

— Сказала, што пабяжыць недзе ў жаночую, асьвяжыцца. І навошта табе гэта было?

— Што такое?

— Тая гаворка да забойцаў, ці, як ты іх называеш… Навошта гэта?

— А я ўпэўнены, што нехта зь іх тут ёсьць. Прадчуваю, што скора будуць нейкія вынікі з гэтага. Як выглядала Вера, калі я прамаўляў?

— Дзіўна… Бледная, засяроджаная ў сабе… Мне здавалася, што ты яе бічаваў, і яна цярпела, дрыжэла… Ці ты яе ў чым падазраеш?

— Як ты думаеш? — сказаў Алесь. — І глянь хто тут! Галё, рыбак! Як маешся?

Побач стаяў худы, цыбаты, у джынсах і спартовай гавайскай кашулі, аброслы рыжай бародкай і доўгімі валосамі рэпарцёр маладога веку зь мясцовай, сьхільнай да розных сэнсацыяў, газэты.

— Ці ёсьць якія навіны ў справе забойства містара Шпака? — спытаўся ён у Алеся.

— Чаму-ж вы, бойсы, ня спытаецеся ў паліцыі?

— Яны многа не гавораць, адно кажуць, што сьледзтва вядуць. А з вашай гутаркі на сцэне мне здалося, што вы больш ведаеце, чымся дагэтуль адкрылі. Магчыма маеце каго на воку? Можаце падзяліцца з намі сваімі сакрэтамі? Будзьце добрым, містар Якімовіч!

— Няма дурных, містар рэпарцёр. Можа я ведаю больш, чым кажу, можа й ня ведаю. Даведаецеся, як той час настане.

— Дзякую за інфармацыю, — скрывіўся рэпарцёр і адыйшоўся.

Заля ўжо напалову апусьцела. Алесь і Нік шукалі Веру, але нідзе яе ня бачылі. Папрасілілі сяброўку, каб праверыла жаночую прыбіральню. І там Веры ня было.

— Слухай, Нік, зрабі мне ласку. Я не магу адсюль пайсьці яшчэ. Абавязкі, ведаеш… Будзь добрым хлопчыкам, паедзь да Веры на кватэру, пабач, ці яна дома. Не тэлефануй. Мне здаецца, што нешта адбываецца. Ты пагуляй у дэтэктыва. Калі што вельмі важнае, пазвані сюды, каб мяне выклікалі.

— Ты ёсьць геніяльны, мой бос, ды вельмі зычлівы й шчодры. Адразу бягу. Ці твая любоў яшчэ жыве із той прастытуткай Нінай?

— Прыкусі язык, мой хлопча! — усьміхнуўся Алесь. — Міс Ляскін ёсьць вельмі шанаванай прыгажуняй і Вера яшчэ зь ёй жыве.

— Добра, бацька, ты выйграў. Ужо бягу.

— Вось добра, сынок. Як вернешся, куплю табе чарку!

Нік вярнуўся мо паўгадзіны пазьней. Зь ягонага абыякавага твару Алесь ня зусім дагадаўся, што здарылася.

— Дзьверы замкнёныя, у пакоі няма сьвятла. Выглядае, што твая мара некуды шмыгнула. Не абвінавачвай мяне. Стаяў пад дзьвярмі, стукаў і званіў, — адрапартаваў Нік.

— І нічога?

— Няма яе, мусіць, дома.

— Дзякую табе за паслугу, Нік. Дзе-ж яна магла падзецца?

— Ты-ж казаў мне, што чакаеш нейкіх насьледкаў ад свае прамовы. Ужо маеш іх.

— Мяркуеш, што я яе спалохаў?

— Ці-ж я, малавучаны й нягодны цябе, мудры настаўнік, магу спасьцігнуць веліч твае мудрасьці? — імітаваў Нік вучня нейкага антычнага аракула.

— Перастань, жартаўнік! — ушчыкнуў яго за бок Алесь. — І што я маю цяпер рабіць?

— Давай заглянем у буфэт, можа чарка гарэлкі тваю мудрасьць ускалыхне! — запрапанаваў Нік.

Пайшлі. На залі ўжо пачынаўся канцэрт. Цяпер Якімовіч турбаваўся. Паліцыі нічога пра Веру не казаў, хаця пановаму глядзеў на яе пасьля сьмерці пісьменьніка. І ці раз у гутарках з суродзічамі абяцаў памагчы разьвязаць праблему забойства. Дзяўчына ці то проста спалохалася, ці абхітрыла яго. Прапала вельмі важнае кальцо ў ланцугу. Верыны ўцёкі ўжо ставілі яе ўцень. Калі гэта былі ўцёкі. Праўда, магло здарыцца нешта зусім іншае. Алесь нават баяўся думаць пра такое: дзяўчыну маглі схапіць бальшавіцкія агенты. Ці цяпер падняць трывогу, паведаміць паліцыю? Справа надзвычайна далікатная. Трэба асьцярожна, каб не пашылі цябе ў дурні.

На наступны дзень Алесь даведаўся ад Ніны Ляскін, што дзяўчына быццам была дома пасьля таго, як Алесь узяў яе на сустрэчу, але недзе зьнікла. У гардэробе, — казала Ніна, — зьнікла і дзяўчыніна вопратка. Калі-ж Вера не зьявілася на працу пасьля таго сьвятога Лебярдзея, калі Ніна Ляскін запэўніла Алеся, што нічога ад яе ня чула, ня мае ніякіх вестак куды яна падзелася, Алесь даў паліцыі даныя пра Веру Мак і папрасіў, каб яе знайшлі. Прычынай назваў тое, што ён дзейнічае як ейны бос з Трыфты Тоні, які шукае свае работніцы, што бяз прычыны пакінула працу.

Загрузка...