Некалі, падаючы заяву для атрыманьня візы на падарожжа ў Савецкі Саюз у групе «рабочых канадыйскіх дэлегатаў», ад Веры Мак запатрабавалі, каб далучыла кароткую аўтабіяграфію. Пасьля цэлае гадзіны, Вера напісала наступнае:
Імя й прозьвішча: Вера Мак.
Дата й месца нараджэньня: 27 сакавіка, 1930 г., Балтава, Антарыё.
Сацыяльнае паходжаньне і ўзгадаваньне: Бацькі — Беларусы, рабочыя. Бацька, што працаваў у капальні мэталаў, прыехаў з маткай у Канаду пару гадоў перад маім нараджэньнем з Заходняй Беларусі. Як мне было сем гадоў, бацьку майго Мікалая паліцыя канадыйская забіла падчас дэманстрацыі беспрацоўных і галодных. Маці мая Юльляна, што была сьветкай таго забойства, мела ўдар сэрца. Яна памерла год пазьней. Як маладая сірата, ад васьмі гадоў узросту я гадавалася ў розных сем’ях.
Адукацыя: Сярэдняя.
Прафэсія: Працавала сакратаркай у Рын Тын і Дэлта мінэральных кампманіях.
Грамадзкая дзейнасьць: На працягу даўгога часу належала й цяпер належу да рабочага клюбу Максіма Горкага ў Балтаве. Брала ўдзел у адукацыйнай, спартовай і грамадзкай працы. Апякавалася дзяцьмі.
Калі-б Веры давялося пісаць абшырней пра сваё дзяцінства, матар’ялу хапіла-бы. Ды як-жа можна адлюстраваць тую бездань, у якой апынулася «ў галодных трыццатых» сірата пад апекай чужых? І што магло замяніць матчыну любоў і апеку? Бесьперапынная галеча пакінула сьлед, а спадчына бацькоў дала пякучую горыч. Вага мінулага спарадзіла недавер і падазронасьць да «пануючай клясы», а побач з гэтым — спачуваньне тым, што ў галечы, імкненьне памагчы ім. Глум, які цярпела з боку некаторых апякуноў, спрычыніўся да пэўнае ізаляцыі. Мусіла, як магла, адмежавацца ад таго, хто рабіў ёй якую крыўду. Назіральная кемлівасьць і выпрабаваньні ў доўгіх гадох між чужых нарадзілі асьцярожнасьць, прадуманыя адносіны да людзей, спагаду да цярпеўшых і крыўджаных.
У гэныя часы галеча эканамічнае дэпрэсіі між новых імігрантаў, што прыехалі з акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі, дапаўнялася крывадушнай, у Маскве майстраванай клясава-ненавіснай ядавітай бальшавіцкай прапагандай. І мясцовымі гнёздамі, ці рупарамі такога забойчага яду і хвальшывай інфармацыі «з краіны рабочых і сялянаў» зьявіліся мясцовыя так званыя рабочыя клюбы. У гэтым сэньсе клюб Максіма Горкага ў Балтаве мог служыць копіяй іншых, раськінутых па аграмаднай краіне. Ужо куды пазьней, калі некаторыя, раней адурманеныя «новыя Канадыйцы», пачалі разумець, што «чырвоныя прарокі» пашыралі хвальшывыя пропаведзі крывадушнага тырана з камуністычнага цэнтру, шматлікія ачмурэлыя марксістоўскімі догмамі «прагрэсісты» ўпарта гарлапанілі на барыкадах сваіх «клясавых пазыцыяў». А для малапісьменных, што «ня лезьлі ў палітыку», усе вялікія й малыя палітыканы, свае і чужыя, тварылі не абы якую зьбянтэжанасьць.
Вера чытала ня толькі ўсё казённае, што падсоўвалі клюбу пашыральнікі камуністычнага «прагрэсу». Побач «Как закалялась сталь» ляжаў Дыкэнс і Ўітман, Пушкін і Маякоўскі. Некаторы час ці не найбольш была аблюбавала паднятага да стратасфэрнае вышыні бальшавіцкімі маскалямі «буревестника революции». Здавалася ёй, што шматлікія ягоныя гэроі чуліся-б як дома ў асяродзьдзі людзей з капальняў, дзе пачалося ейнае жыцьцёвае падарожжа. У музыцы-ж Вера захаплялася Бэтховэнам і Чайкоўскім, Стравінскім і Гэршвінам. З асалодай таксама сьпявала беларускія песьні, што ззамоладу запомніла калі ліліся з вуснаў маткі.
Любіла думаць і разважаць а ніхто язык яе ніколі траплом не назваў. Ейную прыгажосьць на вуліцы гораду часта трымалі на воку розныя вульгарныя нахабнікі, што прапанавалі часамі такое, ад чаго твар заліваўся румянцам. Ці гэтая відавочная фізычная спакуса была прыродным дарам ці пакараньнем? Над гэтым давялося разважаць пасьля аднаго выпадку, які прыгадвала з жахам і каторы меў значны ўплыў на яе маладыя гады й пазьнейшыя адносіны да мужчынскага полу.
Нарэшце прыйшоў той доўгачаканы й радасны дзень. Перад групай канадыйскіх «суайчыньнікаў» сваёй перамогай і фанабэрыста надзьмутай магутнасьцю афішавалася амаль непашкоджаная Масква і ўжо намагаўся загойваць раны трохгадовае блякады Ленінград. Наведалі «ўдарны завод» і «перадавы калгас», пакланіліся муміі на Краснай плошчы. Хадзілі слухі, што побач муміі Леніна палажылі і ягонага «насьледніка» Сталіна, але неўзабаве Хрушчоў загадаў яго выкінуць з гэтага пачэснага месца пад крамлёўскую сьцяну.
Бесьперапыннай прапагандовай траскатнёй маскоўскіх палітрукоў пра гэройскі гігант, які, амаль сам перамог Гітлера, сеяліся зярняты пашаны і ўдзячнасьці «гэраічнаму савецкаму» і асабліва «вялікаму рускаму» народу, які так жахліва многа перацярпеў і на «ратных палёх» такія ахвяры ў даніну перамогі прынёс, а цяпер вунь ня толькі зь вялікай адданасьцю і энтузіязмам узяўся аднаўляць краіну пасьля ваеннага разбурэньня, але ўжо выцягнуў і шчодрую руку помачы іншым народам усходняе і цэнтральнае Эўропы, што апынуліся пад ягоным жыцьцядайным апякунчым крылом. І ў маладой галаве дачкі «гэроя канадыйскіх рабочых» тая паказуха не магла ня выклікаць надзвычайнага ўражаньня, бадай захапленьня.
Адылі ў тым незабыўным падарожжы нарадзіліся й пытаньні. Кажнага з удзельнікаў заакіянскае групы трымалі быццам на прывязі, ані на крок нікуды не адыйдзіся без дазволу гаспадароў. Пампезная гасьціннасьць урадавых прадстаўнікоў і палітрукоў, гладкая афіцыёза — з аднаго боку. Холад і няветлівасьць звычайных «савецкіх людзей», зь якімі чамусьці партыйныя гаспадары ня раілі ўваходзіць у ніякія зносіны, — зь іншага.
Як-бы цікава было заглянуць у хату звычайных рабочых ды паслухаць іхныя захапленьні жыцьцём і посьпехамі найбольш прагрэсыўнай дзяржавы ў сьвеце, авангардам пралетарыяту, маяком вызвольнага змаганьня супраць капіталізму для ўсіх сяньня эксплёатаваных людзей і народаў! І чаму вось пра такія звычайныя сустрэчы із простымі людзьмі, а не партыйнымі ці дзяржаўнымі бюракратамі ніхто не падумаў і іх не наладзіў? Як-жа можна было вытлумачыць той дыстанс, створаны між імі, «суайчыньнікамі», ды мясцовымі, шчасьлівымі савецкімі грамадзянамі?
І ўсё-ж, відаць была веліч дзяржавы й народу. Ясная мэта. Тут-жа й выразны дынамізм, каб яе асягнуць. Усё вялізнае й шырокамаштабнае на ўсіх франтох. А плёны працы масаў — як на далані. Дык адкуль бяруцца сумлевы?
Вось вазьмеце хаця-б гэтага, каторага Мікіта стараецца загнаць, як кажуць, у казіны ражок. Гэта-ж згодна з запаветамі Леніна ён тварыў, будаваў і ўдасканаліў просты, выдатны і ўсім зразумелы лад. З добрае волі ўсіх «трудящихся», наверсе сеў сам — геніяльны й надта-ж дбайны пра ўсіх і ўсё «вождзь», каторы, як на тое вялікае шчасьце, таксама быў мудрым настаўнікам і карыфэем навукаў. Ён-жа і «айцец усіх народаў». Яму сьпявалі гімны, прысьвячалі манумантальныя творы ўва ўсіх жанрах літаратуры ды ўсіх відах мастацтва. Ён-жа, — як нядаўна пераканаўся цэлы антыфашыстоўскі сьвет, — генэралісімус, выдатны стратэг і палкаводзец. І гэта пад ягоным мудрым «рукаводзтвам» і гэройскім натхненьнем дабраліся пераможныя савецкія байцы аж да бэрлінскага райхстагу. Во вам! Пакажыце нам дзесь на сьвеце чалавека роўнага гэтаму! І кажнаму шчасьліваму грамадзяніну гэтае выдатнае краіны вядома, што гэты тытан духа й мудрасьці ўвасабляў максымальнае дабро, якое стварыў новы лад. Цяпер ужо квітнее яно, тое дабро, а будзе яшчэ куды большае, калі прыйдзе поўны камунізм.
Адно грыз, ледзь пачынаў варушыцца чарвячок сумлеву адносна таго ладу і «айца ўсіх народаў» пасьля таго, як бравурны і вульгарны Мікіта вылез із кукурузы ды быццам «разьвянчаў» самага наймудрэйшага генэралісімуса. Дзе і ў якой дрыгве чэрці гэтага Мікіту выгадавалі? А можа тут просты паклёп «імпэрыялістычных акулаў» на нашага генія? Ці можа сам Мікіта — пустазвон ці просты абэлтух? А калі так, дык як яго туды, аж на самы верх пусьцілі? А можа сталася, што той, найбольш геніяльны, ды гэтаму паклёпніку некалі на нагу наступіў? Бывае…
Пасьля падарожжа ў мэкку «рабочых і сялян» Вера, удзячная, як і ўсе іншыя ўдзельнікі, за дармавое падарожжа, яшчэ з большым імпэтам узялася за працу ў клюбе. Аднойчы сакратар мясцовай камуністычнай ячэйкі пад крылом клюбу, спэц агітацыйных трафарэтаў камуністычнай прапаганды, пасьля даўгой і нуднай гутаркі, запрапанаваў ёй пераехаць у Радфорд. Гаварыў ён, што рук і ў Балтаве да працы не хапае… Але ў краіне ёсьць пляцоўкі больш важнага імпэратыву чымся Балтава. Вось яно. Дык наш «працоўны рух» патрабаваў цяпер помачы адданых, працавітых і пільных таварышаў на найбольш адказных пазыцыях. Ці магла-б яна, Верачака, памагчы?
Як тут адмовіш? Ды ідэя, каб перабрацца ў Радфорд, што дынамічна рос і стаўся магнітам усёй пасьляваеннай іміграцыі з розных кутоў сьвету ў Канаду, была наклюнулася ў Веры раней. Замінаў недахоп кантактаў, што маглі-б памагчы там якія-небудзь патрэбныя дзьверы адчыніць. Цяпер-жа, пасьля сакратаровай прапановы, Вера зацікавілася дзе й каму яна спатрэбіцца ў тым вялізным горадзе. Адказ: патрабуюць зьверху, праца будзе забясьпечаная. Усё адпаведна ўладзяць. Людзі ў тым Радфордзе знойдуць ёй працу, увядуць у мясцовае «прагрэсыўнае» грамадзтва. Адным словам пакуй, дзеўка, свае «шмоткі» і «ў камандыроўку», паводле загаду зьверху. Во як! Ці туды з энтузіязмам бегчы? Яно-ж так і лепш, бо прыйдзе да спадобы тым зь ведамага верху.