13

Калі аднойчы Вера пачала распытваць Ніну Ляскін пра Капшуна, тая сказала, што мужчына працуе недзе ў страховачнай кампаніі, разыйшоўся з жонкаю і агулам ён добры чалавек, якога людзі часта недацэньвалі. Калі-ж Вера хацела даведацца якую пасаду ці працу Рыгор Капшун меў у мясцовым рабочым клюбе імя Горкага, дзе зьбіраліся «рускія канадцы», пачула ад Ніны дакор, што яна крыху занадта многа хоча ведаць. Гэткі дакор крыху ўкалоў Веру бо ня пыталася-ж яна пра нейкія зашыфраваныя атамныя тайніцы. У памяці засела падазрэньне, што Капшун мог быць ня тым, чым прыкідваўся. Павінна-ж быць нейкае апраўданьне сакрэтнасьці Ніны Ляскін.

Ужо некалькі тыдняў жылі пад адной страхой. З гутарак зь Нінай, наглядаючы яе зблізу, Вера спачатку думала, што Рыгор Капшун ёсьць ейным «бойфрэндам», хаця Ніна ніколі гэтага не пацьвердзіла. Некалькі разоў выходзілі разам у горад, у нейкае там кіно ці тэатр. Ані разу Ніна не параіла Веры, што трэба ёй пазнаёміцца, або пачаць наведваць «землякоў з клюбу». Зь іншага боку Веры здавалася, што Ніна занадта ёй цікавілася. Асабліва-ж Ніну цікавілі адносіны Веры да Якімовіча. Гэнае Нініна зацікаўленьне Якімовічам і ёй самой дражніла дзяўчыну асабліва яшчэ таму, што гэтая быццам сяброўка з кватэры амаль ніколі ніякіх сваіх сакрэтаў не расказвала. Калі наагул гаварыла пра сябе ці іншых, дык у вельмі агульных рысах, ніколі нічога такога важнага й канкрэтнага. Вера пачала адудзячвацца Ніне тойсамай манэтай. Яна не магла пазбыцца ўражаньня, што за гэтай сяброўскай маскай суседкі крыецца спрактыкаваная, хітрая старая дзеўка, якая заўсёды ведае куды больш, чым у яе на языку было.

Верын сьціплы заработак у Трыфты Тоні паглынала кватэрная аплата, харчы й вопратка, ня лічачы іншых дробных выдаткаў. Дзяўчына надзвычайна любіла прыроду і ўсьпела ўжо рашчаравацца гэтым вялізным, гулкім горадам, што шпаркім амэрыканскім дынамізмам лез уверх і разрастаўся ўшырыню. Быццам соляй рану пякло дзяўчыну падазрэньне, што гэтая Ніна Ляскін была ейным босам нейкага спэцыяльнага прызначэньня. Калі аднойчы спыталася ў старой дзеўкі, чаму яна да гэтага часу не пазнаёміла яе з моладзьдзю з «прагрэсыўнага рабочага клюбу», Ніна намагалася вытлумачыць, што зусім непатрэбна Веры нагліць, што ёсьць яшчэ час, што неўзабаве яна сама даведаецца ўсё, што патрэбна, ад самога Капшуна, што ёй тымчасам трэба як мага вучыцца беларускую мову, пазнаваць Якімовіча ды агульна быць добрай і паслухмянай дзяўчынай. У выніку такога Нінінага выясьненьня Капшун паказўся Веры ў іншым сьвятле. Ёй ужо здалося, што яна станецца нейкім агентам на Капшуновым павадку, які будуць трымаць касматыя рукі. Няцікавая будучыня. Рашыла тымчасам устрымацца ад роспытаў. Дзейнасьць ейная, як выглядала, будзе розьніцца ад звычайнай працы ў Балтаве. Калі-б ня так, дык навошта ўся гэтая сакрэтнасьць, чаму адчужэньне ад грамады мясцовага клюбу, навошта апэратыўнае апанаваньне беларускае мовы? Неўзабаве дайшло пару элемэнтаў пры помачы якіх можна ўжо было бачыць на нейкую адлегласьць апэратыўны гарызонт, што нарадзіў іншыя пытаньні. Што-ж цяпер? Паслухмяна выконваць загаданае, ці напляваць на гэта ўсё? Пытаньні, сумлевы, ваганьне… Нешта гэта для Веры зусім новае і дагэтуль нязьведанае…

У той час Вера мела немалыя посьпехі ў пазнаньні беларускае мовы. Дагэтуль яна нядрэнна ведала расейскую. Старшая жанчына, якая назвала сябе Лапа, якая жыла недалёка ў суседзтве ў скромна ўмэбляванай кватэры, выклікала яе два разы на тыдзень і па дзьве гадзіны давала інструкцыі. Націскала на гутарковую мову. Матар’ялам для чытаньня была нудная прапагандовая публіцыстыка пра быццам аграмадны прагрэс камуністычнага гіганта на эканамічным фроньце, пра сусьветную ягоную мірную афэнзыву, паклёпы на так званых капіталістычных падпальшчыкаў вайны ды «індустрыяльна-мілітарны камплекс», розных капіталістычных «акулаў з Ўол стрыту», пра галечу прыгнечаных і пакрыўджаных пралетарыяў у капіталістычных краінах ды проста ці ня райскае жыцьцё рабочых у Савецкім Саюзе, якія зь вялікай цьвёрдасьцю і ўпэўненасьцю, — зразумела, пад кіраўніцтвам роднай камуністычнай партыі, — будуюць лепшую будучыню для ўсяго чалавецтва. Для дзяўчыны, якая, дзякуючы няспрыяльным жыцьцёвым абставінам, апынулася была ззамоладу ў радыюсе так званай сацыялістычнай прапаганды, цяжка было вывудзіць крывадушнасьць партыйных брахуноў-злыдняў ізь вялікага мора хвальшу.

Капшун пазваніў Веры ў нядзелю пасьля абеду, папрасіў яе пачакаць бо ён вось неўзабаве мае зьявіцца да яе ў нейкай важнай справе. Апрануты ў спартовую, з гавайскімі малюнкамі, кашулю, ён агледзеў пакой, сказаў нешта на тэму, што ўсё тут прыгожа ды ў парадку і выгадна расьсеўся на канапе, выцягнуў сваю люльку ды ўзяўся напіхаць табакаю. Веры цюкнула ў галаву, што гэты чалавек і тут, выглядае, лічыць сябе гаспадаром, а яе госьцяй.

— Мне сказалі, што ты зрабіла ўжо пэўны прагрэс у вывучэньні беларускай мовы, — пачаў Грыша бязь ніякіх уступаў. — Дык можа пачнем гаварыць пабеларуску? Га? Хачу табе памагчы.

— Я яшчэ слабая, мала навучылася. Ну але, окэй, будзем, — згадзілася Вера.

Засланяючы вокны шторамі, каб не перашкаджала яркае сонечнае сьвятло, Вера маўчала. Юрлівыя Капшуновы вочы сьлядзілі кажны крок дзяўчыны.

— Гэта добра. Магчыма, што нам ужо трэба далей рухацца, — цягнуў нудным голасам Грыша, смокчучы люльку. — Мне таксама сказалі, што ты шмат пра што распытвала… Адкажу на твае пытаньні, магчыма ня ўсе. Адно раю: не сьпяшыся ўведаць адразу замнога, табе дадзём усе патрэбныя інфармацыі. А цяпер, пакуль пачнем пра тваю работу, я мушу некаторае выясьніць.

Ён наўмысна не сьпяшыў. Павольнасьць і дыкцыя, папыхваньне люлькай, давала важнасьць чалавеку і прадмету, пра які меў гаварыць.

— Ці ты калі чула пра камітэт «За вяртаньне на радзіму й культурныя сувязі з суайчыньнікамі за мяжой»?

— Не, ня чула, не прыпамінаю такога.

— Гэты камітэт арганізаваўся даўнавата і базаваўся ў усходнім Бэрліне. Заданьне ягонае двайное: інфармаваньне нашых суайчыньнікаў за рубяжом Савецкага Саюзу пра запраўдны прагрэс нашай сацыялістычнай бацькаўшчыны і краінаў народнай дэмакратыі і зьбіраньне інфармацыяў пра нашых суайчыньнікаў, помач ім у культурных мерапрыемствах. Заданьні, як бачыш, высакародныя: мэтай ёсьць помач нашым суайчыньнікам у цэлым сьвеце ўтрымліваць трывалыя зносіны з бацькаўшчынай, якая сяньня ёсьць зьзяючым прыкладам адбудовы і прагрэсу пасьля вялікай перамогі фашысцкай Германіі сіламі Савецкага Саюзу. Камітэт робіць вялікую працу. Ён зьбірае весткі пра нашых землякоў, памагае ім, калі хочуць, наведаць родных удома, але найважнейшая яго праца гэта пашырэньне праўды пра нашу пралетарскую дзяржаву і ейную культуру ды тэхнічны прагрэс а таксама яе мірную палітыку. Камітэт цяпер выдае шаснаццаць газэтаў у розных мовах народаў Савецкага Саюзу, уключна зь беларускай мовай. Вось тут захапіў я адну, можаш паглядзець.

Капшун выняў зь кішэні і аддаў дзяўчыне гэтую навіну. Вера разгарнула яе і прыглядалася першай бачыне. Вялічынёй чвэрці мясцовых англамоўных гарадзкіх газэтаў, першая бачына — пад вялікім загалоўкам «Сьцяг Леніна», — на друку прапагандовае перадавіцы афішавалася адбіткай, у чырвоным колеры, галавы заснавальніка савецкае дзяржавы. Газэтка называлася «Голас радзімы».

— Можаш пачытаць яе пасьля, — сказаў Капшун. — Прынясу іх болей, каб ты ар’ентавалася ў працы камітэту.

Вера адлажыла газэту.

— Справа ў тым, — гаварыў Грыша, — што гэтыя людзі з Бэрліну бяз нашае дапамогі з такімі вялікімі заданьнямі ня справяцца. Ужо ад нейкага часу яны арганізуюць цэлую сетку давераных людзей па цэлым сьвеце, зьвярнуліся і да нас у Канадзе. Ясна, мы лічым, што помач для іх — наш сьвяты абавязак. Вось, так сказаць, ядро арэха.

— Спадзяюся, што знойдзеце памочнікаў, — амаль абыякава сказала Вера.

— Ня ёсьць так проста, як яно выглядае. Ты ня чула дэталяў. Нашыя людзі з камітэту зацікаўленыя новай беларускай эміграцыяй ня менш, а можа нават больш, як папярэдняй.

— Ага. Дык што за розьніца? Падыход?

— Пэўне-ж. Старая эміграцыя ня кідае нам пад ногі калодаў. Агульна гаворачы, яна тут абжылася, пазнала эксплаататарскі капіталізм, многа перацярпела ў часе вялікае дэпрэсіі і цяпер менш-больш прыязна ставіцца да Савецкага Саюзу, знаходзіцца пад уплывам нашых прагрэсыўна-мірных ідэяў. Зусім падругому абстаіць дзела з новай эміграцыяй. Праўда, бальшыня яе ёсьць інэртнай у палітыцы, значыцца… Але сярод яе ёсьць вельмі адданая група фанатыкаў, фінансіраваная некаторымі буржуазнымі агенцтвамі разьведкі й падрыву… Гэтая група робіць вялікую і шкодную падрыўную працу супраць Савецкага Саюзу і дзяржаваў народнай дэмакратыі. Гэтая малая група, вельмі актыўная, ёсьць папулярна ведамая пад назвай беларускіх буржуазных нацыяналістаў, у скароце — бебурнацы. Група мае некалькі сваіх цэнтраў: адзін у Германіі ў Мюнхэне, другі ў Ню-Ёрку, а галоўны канадзкі цэнтр знаходзіцца якраз тут у Радфордзе.

Гэтта Капшун змоўк, быццам наўмысна, каб дзяўчына перадумала сказанае ім, выстукаў попел зь люлькі, якую зноў пачаў напіхаць пахнучай галяндзкай табакай «Камфора».

— Не, нічога я пра іх ня чула, — адказала Вера.

— Цяпер я хачу ахарактарызаваць гэтую буржуазную нацыяналістычную групу, у якой будзеш працаваць. Вось-жа яны, бебурнацы, клянуцца, што яны ёсьць запраўднымі носьбітамі палітычных ідэалаў ці памкненьняў беларускага народу. Яны гарлапаняць, што зараз Беларусь ёсьць парабашчонная Расіяй, якую яны яра ненавідзяць. Яны-ж даказваюць таксама, што Беларусь нібыта хоча парваць з Масквой ды быць самасьційнай дзяржавай. Гэта ёсьць чыстая ярунда, вымысел гэтых ворагаў беларускага народу. Усё-ж іхная крывадушная прапаганда тут за рубяжом не праходзіць бясьсьледна. Яны працуюць у радыё ў Мюнхэне, якое фінансіруецца амэрыканскай разьведкай і перадае ў Савецкі Саюз сваю варожую нацыяналістычную ненавісьніцкую да савецкіх уладаў і сацыялізму прапаганду. За амэрыканскія грошы гэтыя калішнія гітлераўскія а цяпер амэрыканскія лакеі выдаюць свае газэты. Група гэтая ваяўнічая і ўсюды чужым разьведкам ахвяроўвае свае паслугі. Яе нельга ігнараваць. Нашыя людзі з Бэрліну, з таго камітэту, гэтай групай зацікавіліся і робяць намаганьні, каб яе ў найгоршым выпадку нэйтралізаваць, а ў найлепшым зьнішчыць. Бачыш, вылюдкі гэтыя — пераважна фашыстоўскія недабіткі, хлам, дэгенэраты, калябаранты Гітлера, паліцаі і забойцы, якія мардавалі сваіх-жа людзей. Іхныя рукі — ў крыві нявінных, яны заслужылі на пятлю. Пры нашай помачы камітэт хоча іх выкрываць, каб яны апынуліся ў нашых руках і адказвалі за свае злачыны перад народным судом.

— Калі яны, як кажаш, крымінал, дык што прасьцей? — сказала Вера.

— Вось у тым то й дзела, што тут ня ўсё так проста, як яно выглядае. Бачыш, яны маюць сьвязі і іх фінансуюць ня толькі амэрыканская і іншыя разьведкі, але й германскія фашыстоўскія рэваншысты. Яны вельмі заўзятыя, за грошы, канечне, жыруюцьна людзкой наіўнасьці і палітычнай няграматнасьці, нават некаторых землякоў з нашай старой эміграцыі абалванілі.

— Аж так? — зьдзівілася Вера. Здавалася, яна зразумела пра якіх нягоднікаў-вылюдкаў Грыша распавядае. Усё-ж чакала, пакуль той дабярэцца да нечага канкрэтнага, што адносіцца да ейнай працы ў гэтай чалавеканенавісьніцкай групе.

— Дык, сьледавацельна, — Капшун зацягнуўся пахнучым дымам, зірнуў Веры ўважна ў вочы, — цяпер атнасіцільна тваёй задачы, значыцца работы… Бэрлінскі камітэт найбольш вока дзяржыць на іхніх лідарах. Адносна іх хочуць інфармацыі, панімаеш… Такія весьці яны належна выкарыстаюць, асобінна калі гэтыя фашыстоўскія прыхвасьні маюць родственікаў удома. А многія іх маюць.

— Ага…

— Вось і будзеш працаваць між гэтых людзей, — сказаў Капшун фінальным тонам.

— Што маю рабіць? Інфармацыі зьбіраць. Окэй. А дзе, ад каго пачынаць, дзе яны гэтыя ворагі народу ёсьць? Вы знаеце каго зь іх?

— Усё табе як сьлед паясьню ў час, як трэба, дам указаньні. Работа табе спадабаецца, я гэтага пэўны.

— Я спадзяюся, — адказала Вера тонам, які чакаў выкрыцьця нечага новага і надзвычайнага. Але Капшун, як выглядала, марудзіў.

— Ты не забоцься, — сказаў Грыша. — Апроч некалькіх закаранелых крыміналістаў, запраўдных прафэсіяналаў, гэтыя людзі маюць адкрытае сэрца і ёсьць зялёныя аматары там, дзе праводзяцца так называемыя спецыяльныя мерапрыемствы. Доступ да іх лёгкі. Яны цябе спаткаюць з адкрытым сэрцам, асобінна бяручы пад увагу тваю красату…

Пры згадцы пра «красату» Капшуновы юрлівыя вочы ўважна аглядалі спакусьліва-прыгожую дзяўчыну. Галава-кукіш налілася нейкай агрэсыўнай паўнатой. Пачырванеўшы, Вера абцягнула дол спадніцы ніжэй каленяў. Напружаньне. Патрэбны хуткі разрад.

— Можа вы вып’еце? — асьмелілася дзеўка.

— Чаму-ж не…

— Я зараз прынясу, — устала дзяўчына й зьнікла ў кухні. Нініна пляшка гарэлкі тры чвэрткі поўная. Добра. Трэба будзе ёй адудзячыцца. Вера наладавала міску лёду з халадзільніка, паставіла бутэльку з гарэлкай і яшчэ адну з джынджэр-эйл-вадой і шклянкі на паднос ды вярнулася ў сьвятліцу. Грыша хадзіў па пакоі. Калі яна стаўляла паднос з напіткамі на столік, ён спыніўся, зблізу зазірнуў ёй у вочы, а на твары-кукішы паказалася грымаса, быццам усьмешка.

— Эх, чтобы я был так лет двадцать моложе! — уздыхнуў Капшун.

— Ну й што, каб быў? — Вера адыйшла пару крокаў назад.

— Яшчэ спрашываеш, — наблізіўся мужчына да Веры. — Да ты-жа, мол, толька і будто бы сама ляціш у аб’яція…

Пры такіх словах ён ушчыкнуў дзяўчыну за грудзі.

— Ну што вы, Грыша, пазваляеце сабе! — стукнуўшы па касматай выцягнутай руцэ адскочыла Вера.

Пасьля нязручнае хвіліны Капшун усеўся на канапе, наліў палову шклянкі гарэлкі, адным махам перакуліў яе ў шырока адчынены рот, укінуў у шклянку лёд, наліў джынджэр-эйл і запіў гарэлку.

— Як далёка ты, дзеўка, зайшла зь Якімовічам? — спытаўся.

На твары ягоным распаўзлася чырвань, а вочы наліліся шэрасьцю.

— Дык вы й пра яго ведаеце?

— Ну да, канечна.

— В чем дело? Я-жэ зь ім… у яго работаю.

— Я не имею время за тобой насматривать, но хотел бы узнать затащил он тебя уже в кровать или нет.

Грышаў голас завайстрыўся. Можа гарэлка дзее? Узрушэньне пераключала яго на расейскую мову.

— Што за вапросы! — пачырванела Вера. Румянцам загарэўся твар дзяўчыны. Такія пытаньні чалавека з колкімі вачмі, у якіх раней гаспадарыў прыліў юрлівасьці, прыносілі небясьпеку. У скроні ўдарылі малаточкі. Капшун наліў амаль палову шклянкі гарэлкі сабе і Веры.

— Я гарэлкі ня п’ю, — станоўчым голасам сказала дзеўка.

— Ну, ничего, пригубить можешь! — ён падаў Веры шклянку з гарэлкай. — За наше сотрудничество! Окей? — спытаўся ў яе, стукнуўшы сваёй шклянкай у ейную.

— Окэй, — нясьмела адказала Вера. «Хто яго ведае, што ён далей пачне вытвараць. Лепш асьцярожна зь ім», — меркавала дзяўчына.

— За твае ўсьпехі! — прадаўжаў Капшун. Ён выпіў гарэлку, запіў вадою, а Вера адно памачыла вусны.

— Буду старацца, — адказала. — Але чаму пытаецеся нашчот Якімовіча? Што ён?

— Да он один с этих… понимаешь, наших объектов… фашистских колаборантов, сволочь!

— Ён хто?

— Я-ж сказаў: ён адзін з тых крыміналістаў, фашысцкі калабарант!

Дзяўчына анямела, адчыніла ад зьдзіўленьня рот. Што гэта такое чуе яна ад гэтага чалавека? Усьведамленьне сказанага ім прыходзіла паволі. Нешта быццам кальнула ў сэрца. Алесь… Што гэта такое? Адно тады стукнула ёй у галаву, якая ўжо неабыякавая яна да гэтага чалавека! Куды больш — закаханая. А гэтта вось кажуць, што ён з той крымінальнай групы, можа дзе нявінных людзей забіваў! Зь вялікім намаганьнем старалася ўтрымаць раўнавагу. Грыша трымаў на ёй свае колкія, але крыху ўжо засмужаныя гарэлкай вочы.

— Калі йдзе пра Якімовіча, я да яго… як вам сказаць? — няпрывязаная, — сказала з ваганьнем у голасе дзяўчына.

— Да. Харашо. Хачу табе наказаць: ніколі не разрэшай чтоб тваё пэрсанальнае жыцьцё было заградай у іспалненьні ўзятых табой абавязкаў. Не положено, понимаеш?! Якімовіч гэта адзін зь іх большых тузоў на нашай лісьце. Другі ёсьць Антон Шпак, ізьвесны фашысцкі бебурнацкі пісацель, таксама зьдзесь пражывает. Но ёсьць і другія. Такім нужно адабраць голас. Панімаеш? Чтоб это зьдзелаць, нужна полная інфармацыя. От как… Мы заінцерэсаваныя іх слабасьцямі, навыкамі, сваякамі, якіх маюць дома, значыцца ў Саюзе Савецкім… Каротка гаворачы, трэба іх ізучыць: чым яны дыхаюць, чым жывуць, што робяць. Неабхадзіма паэтаму ўліцца ў іх обшчаства. Самае важнае — грунтоўнасьць і точнасьць, значыцца дакладнасьць. Промаху нам не положено делать. Понимаешь? Ведаю, што ня маеш практыкі ў такім напраўленіі… Ці згаджаешся такой работай заняцца?

— Га? Чаму-ж не… окэй! — паспяшылася з адказам Вера.

— Прежде всего и самое главное, — устаў Грышка з канапы, — советую тебе точно и усердно заняться Якимовичем… Калі ня будзе іншага выхаду, можаш навет пусьціцца поўным образам… абы толькі ўлезьці ў ягоны круг обшчаства. Панімаеш? Патом я табе скажу што далей рабіць.

«Пусьціцца поўным образам»… «Пра што гэты чалавек гаварыў? Пусьціцца?» Увесь гэты, падсунуты ёй так умела нейкімі там вышэйшымі апэратыўнымі спэцамі абавязак, паказаўся ў Верыным уяўленьні зусім іншым тварам. Пратэставала пачуцьцё, спрачалася яно з розумам, з развагай, недзе вагалася перад няведамым. Хто такі гэты вось чалавек з галавой-кукішам, каторы нагаварыў ёй такіх бязглузьдзіцаў пра Алеся, да якога толькі вось кагадзе ў сэрцы зарадзілася нейкая іскра, што разгаралася, пагражаючы вялікім полымем? Той Алесь, якога пазнала з працы і сустрэчаў, гэты прыгожы і дынамічны дзяцюк зусім не адпавядаў постаці нейкага там фашыстоўскага ката, што нявінных людзей мог забіваць… Ёсьць недзе разгадка. Што-ж, тымчасам перад табой Гордыеў вузел…

— Я-ж сказаў, — пацьвердзіў ранейшае Капшун, — сьпяшыцца надта ня трэба. Але і не зявай! Падлабунься да Якімовіча, а ўжо чэраз яго далезеш туды, дзе ты нам нужна.

Неўзабаве Капшун пайшоў. У тую ноч Вера доўга марылася бяссоньніцай.

Загрузка...