30

Цяжкая ноч. Вера кідалася на ложку, ніяк не магла заснуць. Ніколі ў сваім жыцьці ня ўжывала на сон таблетак. Перайшла спаць на канапу. Пад раніцу заснула. Раніцай пераконвала Ніну, што ўсё ў парадку, але тая не паверыла ёй. Ды роспыты нічога не памаглі. Дзяўчына наракала на боль галавы, узяла пару таблетак асьпірыны. Ніна параіла ёй быць дома. Калі-ж Ніна скрыпнула дзьвярмі, Вера пастанавіла ісьці на працу й проста паставіць перад Алесем галоўнае пытаньне.

Дзень цягнуўся надта марудна, Вера не магла сканцэнтравацца, забывалася што рабіла, нэрвавалася, дрыжэла. Цяжка было ёй справіцца з самымі простымі заданьнямі, усё з рук падала. Калі Алесь сустрэў яе з шырокай і прыязнай усьмешкай на сваім твары ды спытаўся чаму яна такая бледная і невясёлая, дзяўчына спыталася ў яго, ці можна зь ім пагутарыць пра нешта вельмі важнае. Алесь прыабяцаў пабачыць яе ў сваёй канторы пры канцы дня.

Калі Вера адчыніла дзьверы, Алесь устаў, папрасіў яе сесьці.

— Слухаю цябе. Што за праблема? — спытаўся з манерай начальніка. — Ці не падабаецца табе наша праца або плата? — усьміхнуўся.

Бяз слова, Вера выцягнула з сумачкі завяртанскую газэтку, разгарнула там, дзе пісалі пра Алеся і палажыла на стол.

— Што гэта такое? — зморшчыўся Якімовіч. — Адкуль ты яе дастала? — Алесь зрабіў націск на «ты».

— Па пошце, — суха адказала дзяўчына.

— Так выглядае, што яны сваім хламам усіх забясьпечваюць, — спакойна тлумачыў Алесь. — Калі цябе цікавіць, дык магу сказаць, што гэтай сваёй чалавеканенавіснай прапагандай яны закідваюць нашых суродзічаў па цэлай Канадзе і іншых краінах вольнага сьвету. Ня так даўно я пайшоў тут у адну ўстанову й пытаўся, што можна зрабіць, каб спыніць гэту камуністычную поскудзь… Гм… Нават табе прыслалі. Не магу сказаць, што гэта для мяне неспадзеўка.

Алесь гартаў газэту так, быццам увага яго была недзе далёка, на нечым зусім іншым. Другі раз зірнуў на сваю здымку зусім абыякава. Зьдзіўленая Вера не магла адгадаць, чаму ён мог так спакойна паглядаць на сваю здымку й там-жа пра яго напісанае. Што значыць «пайшоў тут у адну ўстанову»?

— Гэта што пра цябе тут напісалі, — тлумачыла Вера, — што можаш пра гэта сказаць?

— Што я маю сказаць? — спытаўся Алесь з такім зьдзіўленьнем, як быццам такога пытаньня і быць не магло. — Дзяўчо ты, маё дарагое! Верачка, мая мілая! Прачытаў я гэтую лухту ўчора і ня мог устрымацца, каб добра не парагатаць. А чаго-ж іншага ад іх чакаць? Ты не разумееш, што гэта крывадушная маскоўская хэўра якая вымардавала мільёны людзей, да сорак першага году памагала Гітлеру, ці, — як яны гаварылі, — «нашаму саюзьніку вялікай Германіі», заваяваць амаль усю Эўропу. Гэтая крывадушная маскоўская хэўра хоча, каб мы тут у вольным сьвеце змоўклі. Мы — голас паняволенага народу, каторы яны й цяпер вынішчаюць у канцлягерах, мы стаім за народ, каторы мае здабыць і здабудзе сваю незалежную беларускую дзяржаву. Маскоўская бальшавіцкая мафія таму й змагаецца з намі, выдумляе пра нас усё найгоршае, што ёй загадвае амаральная бальшавіцкая антынародная палітыка. Дык і чаму я маю не парагатаць? Я ведаю ахілесаву пятку маскоўскіх забойцаў. Ведае яе і Шпак і многія іншыя з нас. Таму яны хацелі-б нас ліквідаваць, бо мы замінаем ім на дарозе адурманьваньня чэсных і добрых людзей сваімі ілжывымі марксістоўскімі догмамі пра той камуністычны pie in the sky… — хлусьню пра камуністычны рай на зямлі. Цьфу, гадаўё!

Вера сядзела ў тым крэсьле, быццам на калючых іголках. Шчырасьць Алесевага голасу, яснасьць у вачох… Гэта мову ад яе адабрала. Калі-б гэты дзяцюк зрабіў хоць малую частку таго, што яму прыпісвалі, ён нечым, — нейкім жэстам ці эмоцыяй — сваёй крымінальнай прошласьці ня змог-бы схаваць. А гэтта гляньце: ані ценю сумлеву на твары, поўная самаўпэўненасьць і апанаванасьць, самакантроля. І яшчэ нешта… Той, што помсту за вялікія крыўды абяцае і ніколі не даруе, голас. І вочы ягоныя, так… Асабліва тыя вочы, што шукаюць, правяраюць, проста распранаюць цябе, быццам ты тут на супалку з гэнымі, што на яго нападаюць.

— Але, мая ты даражэнькая, — устаў Алесь і падыйшоў да дзяўчыны, — што з табой? Ты выглядаеш вельмі змучаная, твой твар бледны…

— Я мала спала, — амаль шэптам прызналася Вера.

— Чаму? З маёй прычыны? Ці гэта магчыма, што ты верыш гэным гнюсным ілгуном і махляром? Глядзі на мяне, Вера, я цябе пытаюся!

— Я ня ведаю, што думаць, — адказала ледзь чутна дзяўчына, усё яшчэ абмінаючы ягоны зрок.

Алесь пачаў хадзіць па сваёй невялікай канторы, уважна прыглядаўся дзяўчыне ў крэсьле. Здавалася, што яна паменшала ростам, скорчылася.

— Самая большая для мяне неспадзеўка, гэта… гэта — ты, Верачка! Ці-ж табе няведама, як шантажуюць нас камуністы, як прыпісваюць нам розныя злачынствы, якіх мы ніколі не рабілі? А чаму? Я пра гэта ўжо табе казаў… Як табе, узгадаванай у вольным сьвеце, каторая чытала і клясычную літаратуру, і, здаецца, што дзяўчына з унь якой разумнай галавой і дасьветчаньнем жыцьця, дык як табе, такой, няясна тое, што бальшавікі робяць і чаму нас, выгнаньнікаў з нашай роднай зямлі, так бэсьцяць?

— Алесь, я ня ведала што думаць. Выбач. Я меркавала, што калі спытаюся ў цябе проста пасяброўску… Памятаеш, я-ж ужо пару разоў пыталася ў цябе, а ты проста адмовіўся што…

— Памятаю. Магчыма, што я зрабіў памылку. Але мяне жыцьцё навучыла не выварачваць наверх сваю душу для паказу. Ці раз ужо апёкся. Праўда, ня было такой важнай прычыны, каб табе не расказаць, хіба адна. Ты-ж падумай зь якога я сьвету: радзіўся пад чужой акупацыяй, а пасьля пад іншую акупацыю трапіў. Усюды з нас зьдзекваліся, адныя хамамі абзывалі, быдлам рабочым, палянізавалі, а іншыя, так званыя «вызваліцелі», мільёнамі ў калгасны прыгон заганялі а пасьля ў канцлягерах мардавалі. Вера, дарагая мая, ці ты ведаеш, што гэта значыць баяцца, рабом быць, асьцярожна ступаць, каб у якую пастку не папасьціся? Ці ты ведаеш голад і холад, і запраўдны прыгон, дзе нават табе Богу маліцца забаранілі і ўсіх сьвятароў вымардавалі, і нашыя сьвятыні і нацыянальныя помнікі панішчылі? А ці ты ведаеш, што ў савецкіх школах вучылі, каб дзеці даносілі на бацькоў? У Маскве Паўліку Марозаву, — каторы на сваіх бацькоў паклёпнічаў і выдаў, — помнік паставілі. Як-бы ты чулася, каб табе загадалі на бацькоў і апякуноў даносіць? А ці ты ведаеш, што вырастае з тых юнакоў, якім адабралі веру ў бацькоў, у Бога, калі людзі забудуцца пра любоў і міласэрнасьць, калі ім загадваюць праклінаць Бога, руйнаваць свае сьвятыні, апляваць усе хрысьціянскія традыцыі, а толькі паклёпнічаць і ашукваць, і забіваць, і нянавісьцю да іншых, з загаду так званае «роднае камуністычнае партыі», жыць?

Вера маўчала, пазірала на цяпер усхваляванага Алеся.

— І сьведамасьць таго, што ты маеш міласьці прасіць у запраўдных крыміналістаў забірае ад цябе апошнюю макулінку чалавечае годнасьці, якая ў цябе была. Так спакваля становішся рабом, аўтаматам, маленькай шрубкай у вялізнай і бяздушнай машыне. Ведаеш, што будуць таптаць цябе і глуміць, калі захочуць… Ты робішся сабакам, якога ніхто не шкадуе. Спадчына рабства — ратаваць самога сябе, не адкрываць сваіх ранаў. Самазахаваньне, самаабарона, вось што. Хто табой цікавіцца? Ты, калі маеш выжыць, вытрымаць, дык павінен закрыцца, забыцца пра свае раны й сум, і боль. Хто тут, у гэтым бізнэсавым сьвеце, выцягне табе руку помачы? Ідзе проста пра тое, што калі акунешся ў эмоцыі, дык можаш раскіснуць, цябе можа вораг уджаліць. Вось чаму мой інстынкт самазахаваньня замінаў мне адкрыцца й расказаць табе пра сябе, калі ты прасіла. Занадта болю многа награмадзілася, ня хочацца ранаў вярэдзіць. Так, лягчэй памаўчаць…

Алесь усё хадзіў па канторы. Вера ніколі раней ня бачыла яго ў такім напружаным хваляваньні. Не магла стрымаць свайго захапленьня гэтым чалавекам, яго шчырасьцю і красамоўнасьцю. І калі ня гэтым, дык чым больш мог ён даказаць сваю чысьціню душы й цела, і свайго мінулага? Але як вытлумачыць зноў тое-ж «я зьвярнуўся ў адпаведную ўстанову»? Ці-ж запраўды ён хадзіў дзесьці нешта ці на некага даносіць? Можа ў яго спытацца пра гэта? Лепш, відаць, паўстрымацца. Бо што, калі…

Сумлевы, сумлевы, пытаньні… Вось і будзь тут разумным. З усіх бакоў розныя прарокі, разумнікі і дагматысты прапаведуюць і навучаюць адзінаправільнае. А спрабуй тую запраўдную праўду вывалачы з гораў хлусьні. І найгорш, калі замінае прывязанасьць да каханага чалавека з аднаго боку і дагматычная паганяка зь іншага.

Тымчасам Алесь прадаўжаў:

— Мне здавалася, што гэтыя чэрці пакінуць нас у супакоі, што будуць прадаўжаць душыць і мардаваць тых, каторыя ў іхных д’ябальскіх лапах. Ажно не. Выглядае, што яны спакойна ня могуць мардаваць і вынішчаць мільёны нявінных людзей, калі ведаюць, што некаторыя з вызначаных імі ахвяраў высьлізнуліся зь іхных, закрываўленых нявіннай крывёй, пальцаў, што яны трапілі ў вольны сьвет ды расказваюць вялікую іжахлівую праўду пра найбольшы сатанінскі рэжым, што пагражае ўсяму вольнаму сьвету.

— Мы-ж ёсьць вялікай перашкодай на іхным шляху да панаваньня ўва ўсім сьвеце. Перш за ўсё Голікаў і ягоныя «ребята», пасьля вайны, стараліся нас палавіць, ганяліся, палявалі на нас па цэлай Эўропе. Амэрыканцы й Ангельцы памагалі Сталінаваму энкавэдэшніку Голікаву. Самых Беларусаў паўмільёна прымусова рэпатрыявалі й завязьлі ў лягеры сьмерці на Сібір. Але ўсіх нас не ўдалося ім загнаць на сьмерць. Тады яны намагаліся змусіць нас маўчаць, але, дзякуй Богу, бясьсільнымі тут аказаліся. Вось чаму пастанавілі мсьціцца на нашай радні дома, а сваёй гнюснай і пачварнай прапагандай ды шантажом — зьнішчыць нас маральна. Ім ідзе пра тое, каб і вольны сьвет паверыў, што мы — нявінныя і прасьледаваныя савецкімі агентамі выгнаньнікі — зьяўляемся ваеннымі злачынцамі, якіх бальшавіцкая Масква хацела-б у свае рукі папасьці. Ці-ж гэта табе няясна? Але, — няхай Бог мне сьветка, — цяперашняе нашае змаганьне з Маскоўшчынай — гэта адзін і найважнейшы бой, якога маскоўскія злачынцы ня выйграюць. Сьвет прачынаецца, працірае свае вочы і праўда перамагае. За мільёны вымардаваных нявінных ахвяраў яны атрымаюць расплату.

Вера не пераставала дзівіцца. Алесь зусім зьмяніўся, яна ніколі яго такім ня бачыла. Вось ужо, відаць, накіпела ў сэрцы ягоным. Бесьперапынна плыла хваля пагрозаў і пракляцьцяў на адрас нябачнага адсюль ворага. Ён, Алесь, відаць, забыўся ў сваім пачуцьцёвым парываньні, пад поўнай уладай нянавісьці да няпрысутнага тут ворага, што ягоная дзяўчына, якую кахаў, была гэтта пры ім.

— Так, вялікі дзень расплаты прыйдзе. Будзе міжнародны суд над злачынцамі, большы за Нюрнбэргскі, паняволеныя і пакрыўджаныя спагоняць сваё. А іх, злачынцаў, не на сухіх асінах будуць вешаць. Не, я не пра нябесны страшны боскі суд гавару, а пра той, што адбудзецца тут на зямлі яшчэ пры нашым жыцьці.

Алесь змоўк, пазіраў у вакно.

— Але-ж я загаварыўся. Усхадзіўся, узбушаваўся, усьпеніўся. Баліць, ведаеш… Дык знаеш што? Скончым, пойдзем павячэраем.

Вера ўстала і моўчкі пайшла за ім.

Загрузка...