25

Пасьля тае непаладкі зь дзяўчынай у парку, Алесь часта думаў пра тое, што так магло ўквяліць Веру. Выглядала яна цяпер надта дзіўнай і цяжка было разгадаць, што было ззаду ўсяго гэтага.

Алесь вырас у грамадзтве, насычаным недаверамі й падазрэньнямі, каторыя пасеялі ворагі-чужынцы для сваіх акупацыйных мэтаў. Людзі паволі адкрывалі адзін аднаму свае сэрцы дый былі змушаныя трымаць, для свае бясьпекі, «языкі за зубамі». Уплыў вольнага, дэмакратычнымі традыцыямі прасякнутага, грамадзтва, дзе панавала поўная вольнасьць слова згодна правоў дзяржавы, мела свае дабратворныя вынікі. Адылі мінулае не хацела здавацца цяперашняму ў палон. Захавалася абаронная асьцярожнасьць, — у асноўным звычайная пратэкцыя супраць усякае так званае вонкавае інвазіі. А гэнае нутраное «сьвятое сьвятых» мела яшчэ адну бясьпечную запруду, якая адкрывалася адно для выбраных.

Вера блізкая і Вера далёкая… Алесь намацваў розьніцу. Ці ў яе галаву розныя палітрукі напхалі шмат чырвонага, камуністычнага? Сьвет, у якім дзяўчына гадавалася, Алесю быў слаба ведамы, уяўляўся адно ў вельмі няясных рысах. Алесь лічыў Веру ўжо надта блізкай асобай, каханьнем зьвязанай зь ім, а ўсё-ж доступу да ягонага «сьвятога сьвятых» яна яшчэ ня мела. «Выварачваць сваю душу», як часта некаторыя людзі гаварылі, Алесь адвучыўся ў часе вайны, калі падпільноўвала цябе ці адна небясьпека. «Сьцеражонага Бог сьцеражэ!» Яно-ж так было куды бесьпячней нават тут, за акіянам, бо аж сюды — ды яшчэ як учэпіста! — сягалі шчупальцы праклятага, крыві прагнага, актопуса, які адэптаваў сабе будучыню як ягоны й нічый іншы імпэратыў. У той будучыні ён вырашыць канчаткова ўсе людзкія сацыяльныя, матар’яльныя і духовыя праблемы, якіх чалавек ня мог палагодзіць пачынаючы ад прапрапрабацькі Адама.

Цяжка было даверыцца Веры, хоць дзяцюк ужо спанатрыў, што сустрэўся зь нечым новым, ягонай усёпаглынаючай сілай. Каханьне ўжо завязалася, расло, разгаралася, ахоплівала ўсю ягоную істоту. Так, яно ўжо ім завалодала. Цікавіла яго, чаму дзяўчына хацела ведаць і колькі разоў прост-напраст дамагалася, каб расказаў ёй, што й дзе рабіў падчас апошняе вайны. Ці гэта звычайная людзкая цікавасьць блізкай, каханай асобы, ці што іншае? Самае-ж галоўнае, — чаго пазьней Алесю давялося ці раз шкадаваць! — яму ў галаву ніяк тады ня прыйшло. Чаму-б яму было тады не зрабіць таго элемэнтарнага, значыцца, як ураднікі казалі — «навесьці спраўку», проста пастарацца даведацца пра гэту дзяўчыну ўсё асноўнае: хто яна, адкуль, чаму і як тут апынулася, чым яшчэ займаецца і іншае?

Тымчасам яна была вось тут, пад рукой, пад ягонымі загадамі. І быццам недасягальная. Часамі сумная, задуманая. У часе працы іхныя сьцежкі спатыкаліся. На тым прывабным твары зьяўлялася казённая ўсьмешка. Дзяўчына трымалася неяк на адлегласьці, хоць была ветлівая і ў выкананьні службовых абавязкаў бездакорная. Паміж імі вырасла нейкая нябачная перагародка і, як спасьцярог Алесь, сталася тое зь Верынай волі. Аднойчы раніцай Алеся прыемна зьдзівіла тое, што Вера сустрэла яго сваёй шырокай сонечнай усьмешкай і першая пачала размову, быццам між імі ніколі й нічога прыкрага ня было. Загадка. Як вытлумачыць такую раптоўную перамену? На працягу колькіх дзён такая халадэча, а тут… раптам… Што гэта такое? Хутка адбудаваліся масты. Дзяцюк запрасіў Веру на нядзельны пікнік.

У прыгожы сонечны дзень малебен адбыўся ў гаі на фарме аднаго з суродзічаў недалёка гораду, Алесь знаёміў Веру з усімі прысутнымі. Гэта лёгка йшло на пікніку, дзе адбываліся розныя гульні й танцы. Вера спасьцерагла зь якой пашанай ягоныя суродзічы адносіліся да Алеся, што й спрычынілася да ўважлівых гасьцінных адносінаў да яе. Нядаўныя імігранты, калі даведаліся, што яна ў Канадзе радзілася, хвалілі яе за тое, што добра пабеларуску размаўляла. Калі-б выбіралі прыгажуню пікніку, Веры напэўна трапіў-бы вянок на галаву.

Пытаньні: дзе яна радзілася? Як гэта яна так прыгожа пабеларуску гаварыць навучылася? Ці яе бацькі навучылі? Хто яны? Што яна думала пра старую беларускую, абаламучаную камуністамі іміграцыю?

Алесь памагаў Веры, як мог, а сама дзяўчына ветліва й асьцярожна старалася адказваць на шматлікія пытаньні. Спасьцерагла, што магла-бы ілгаць зь вялікай лёгкасьцю. З боку гэтых зычлівых і гасьцінных «новых Канадыйцаў» не заўважыла ніякіх намёкаў на падазронасьць. Тут-жа наверсе, дэманстрацыйна цьвіла шчырасьць і сяброўства. Адразу залічылі яе ў сваю грамаду. Дзяўчыне цяжка было сьцяміць, што гэтыя людзі зрабілі-б зь ёй, калі-б ведалі пра ейную запраўдную так званую місію. Ці магло гэта быць, што гэтыя наскрозь, як вока бачыць, шчырыя й гасьцінныя добразычлівыя людзі некалі былі фашыстоўскімі забойцамі-калябарантамі, катамі собскага-народу, а цяпер ёсьць страйкбрэйкарамі, як некалі ўлажыла ў ейную галаву савецкая прапаганда?

— Як-бы табе падабалася правесьці канец тыдня са мной у прыгожым рэсорце? — спытаўся ў Веры Алесь па дарозе ў горад.

Дзяўчына ўважна глядзела Алесю ў вочы, як-бы там хацела прачытаць ягоныя намеры. Пытаньне-ж няштодзённае.

— Ня ведаю. Раскажы, што за рэсорт.

— Да Пайн Рыдж даехаць займае, не сьпяшаючы, тры гадзіны часу. Мой сябра ёсьць уласьнікам рэсорту. Вельмі прыгожае месца над ракой у пушчы. Добра адпачываецца пасьля шуму й бруднага гарадзкога паветра. Калі-б ты захацела для сябе цэлы катэдж, магла-б быць праблема, але…

— А што там рабіць?

— Рыбачыць, плаваць, па пушчы валачыцца, у тэніс гуляць, адным словам…

— Цудоўна, — сказала дзяўчына. — Ты-ж ведаеш як я люблю прыроду.

— Любіш больш, чым мяне? — жартаваў Алесь. На дарозе аўты рухаліся звольненай скорасьцю, адно амаль у прытык да іншага, як звычайна бывае гэтта калі жыхары ў нядзелю над вечар вяртаюцца з адпачынку недзе на прыродзе.

— А хто табе сказаў, што я цябе люблю? — Вера лёгка таўханула дзяцюка пад бок.

— Стой, зважай! — сур’ёзна крыкнуў Алесь. — Я вось капітан гэтага карабля і мы плывём з хуткасьцю трыццаці міляў у гадзіну ўціснутыя шчыльна ў мора іншых караблёў, напоўненых закаханымі людзьмі.

— Прабачце, містар капітан, трымайце зрок на гарызоньце, а рукі на рулі!

Дружна зарагаталі.

— Гаворачы пра той ўікэнд… я згаджаюся на плаваньне, тэніс ды вандроўкі ў лесе…

— Добра, — сказаў Алесь, — мы будзем займацца тваімі гобі… Знаю там яшчэ аднаго заядлага рыбака. Праўда, ён любіць рыбачыць із натхненьнем і ў адзіночку. А так агулам гэта надта таварыскі чалавек.

— Хтосьці мне знаёмы?

— Пазнаёмлю цябе і спытаюся яго, якой ён думкі.

— Думкі пра што?

— Пра цябе, мая даражэнькая.

— Ого як! Да чаго ты мяне рыхтуеш?

— На гэта будзе адказ пазьней.

— А хто такі той чалавек?

— Ты ўжо зь ім знаёмая, хоць не асабіста. Чытала яго творы. Антон Шпак.

— Я вельмі рада буду бачыць яго! — радасна сказала Вера.

Алесь уважна паглядзеў на дзяўчыну, крыху зьдзіўлены такой выказанай радасьцю бачыць беларускага пісьменьніка.

— Ведаеш, што я люблю добрую бэлетрыстыку. Ты-ж мне пазычаў Шпакавы кнігі. Жывых пісьменьнікаў я не спатыкала. Мяне цікавяць гэтыя людзі: як яны запраўды жывуць, паводзяць сябе ў таварыстве, наагул ці практычныя яны, ці толькі ўмеюць фантазіраваць, тварыць розныя пэрсанажы й сюжэты…

— Дык вось аднаго такога пазнаеш. Праўда, ёсьць адно пытаньне да цябе: ці наняць для цябе асобную будку, ці як?

— Наймі памешканьне, дзе ёсьць дзьве спальні.

Алесь паглядзеў уважна на Верын твар. Ці яна так яму давярала, што згадзілася начаваць пад адной страхой, ці можа, — не, гэтага ніяк нельга дапусьціць, — ён выглядаў у яе вачох нейкай авечкай?

Вера старалася ўтрымаць раўнавагу. Наапошку яна ведала тое, чаго так дамагаўся Капшун. Сустрэне чалавека, ацэніць яго, даведаецца як і з чаго ён цяпер жыве ды неўзабаве дасьць Капшуну поўную справаздачу. Спадзявалася, што на гэтым скончыцца ейнае заданьне ці місія. Пара ўжо. Траціла цярплівасьць, слухаючы розныя дакоры з боку нуднага Капшуна, хацела высьлізнуць спад ягонае дысцыпліны. Даволі. Магчыма цяпер, калі ўжо наклёўвалася зусім памыснае завяршэньне таго заданьня, будзе мець магчымасьць сканцэнтравацца на гэтым дзяцюку. Кахала яго. Усьведаміла гэта поўнасьцю пасьля тае спрэчкі ў парку.

Загрузка...