За кароткі час пісьменьнік Шпак усьведаміў сабе, што і ён, у ліку іншых выдатных Беларусаў у дыяспоры, апынуўся пад скрыжаваным агнём маскоўскіх злачынцаў і іхных бэсэсэраўскіх падхалімаў. Кагадзе меў пэўныя сумлевы, што бальшавікі неяк памаглі выкінуць яго з працы. Цяпер-жа асновы тых сумлеваў зьнікалі. Праясьнялася. Лісты прыходзілі ці ня кажны дзень. Звароты амаль пасяброўску дарагім і ласкавым тонам. Старшыня камітэту завяртанцаў з Бэрліну нейкі энкавэдыст Міхайлаў, быццам дбайны бацька, турбаваўся пра лёс суродзічаў, кінутых у эміграцыйную нядолю. Вось як яно! І ў закліках, — мотто амаль жыўцом зь бібліі: «Вяртайцеся на ўлоньне радзімы, блудныя сыны й дочкі. Калі й саграшылі, бацькаўшчына вам выбачыць».
Лісты падрыхтаваныя машынапіскай, адбітыя на рататары, а іншыя — рэгулярным кніжным шрыфтам. Ішлі-ж яны ня толькі да Антона Шпака, але й да іншых выгнаньнікаў высокае рангі. І прасілі такім мілым-прамілым тонам, каб вярталіся ў абдымкі дарагой і кахаючай іх бацькаўшчыны, якая і прыгарне, і накорміць, і…
Гэтта-ж побач, зусім адкрыта — пагрозы. Усе вылюдкі, бандыты, фашыстоўскае ахвосьце, здраднікі, каторыя й цяпер паклёпы майструюць на «родную ленінскую камуністычную партыю» і на «сацыялістычную радзіму», — усе яны ў свой час будуць трымаць адказнасьць перад народнымі судамі. Во як! Яны прападуць, як зьнікае пена ад карабля ў акіяне. Дык вось — чада мои, — вяртайцеся на радзімы ўлоньне. Хадзеце й сядайце за падрыхтаваны для вас сямейны стол, сярод радні й сяброў спажывайце плёны зямлі роднай, а заўтра, закасаўшы рукавы, станавіцеся побач, памагайце ліквідаваць ваенныя руіны.
У чым-жа сіла такіх крывадушных заклікаў? Апэлявалі яны да патрыятызму і эмоцыі людзей, што апынуліся ў нялёгкай духовай ці матар’яльнай сытуацыі. Надта добра змайстраваны падман, які вялікай моцай прамаўляў да выгнаньнікаў, што ня мелі гэтта, — за межамі Гулагу, — фізычных сілаў і духовай вытрываласьці, каб будаваць сабе нейкую больш-менш нармальную будучыню. Людзі старэйшыя, або тыя, што ня мелі тэхнічнае адукацыі, апынуліся ў цяжкой сытуацыі. Завяртанцы з таго бэрлінскага камітэту напалохалі і так званых простых сялянаў ці індустрыяльных работнікаў. Замежная сетка бальшавіцкіх агентаў таго камітэту зьбірала весткі пра ўсіх так званых суайчыньнікаў, рабіла лісты іхных сваякоў, што былі ўдома; ствараліся пры гэтым чорныя лісты так званых грахоў перад радзімай у часе «вялікай айчыннай вайны». Напалоханыя бальшавіцкім шантажом Беларусы не маглі весьці нармальнае карэспандэнцыі із сваім сваякамі, што жылі ў маскоўскім ярме. Згодна так званых правоў, ці бяспраўя грамадзянаў эсэсэрыі, сувязь з заграніцай была крыміналам. Напалоханыя бальшавіцкімі шантажамі, шматлікія Беларусы за мяжою трымаліся таксама воддаль ад беларускіх арганізацыяў. Гэта, — верыце, ці не? — калі-б бальшавікі даведаліся пра іхны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці за межамі «сувэрэннай БССР», магло-б сьцягнуць рэпрэсіі на іхных сваякоў.
Цікавая і зусім неабходная застрахоўка, для бясьпекі жыцьця «блудных сыноў і дачок» ды іхных сваякоў у маскоўскім прыгоне, наглядалася ў эміграцыйнай прэсе. Лісты ахвяраў на выданьне газэтаў і часапісаў поўніліся рознымі ініцыяламі, скаротамі, або псэўданімамі. Шматлікія выгнаньнікі высьцерагаліся, каб ня трапіць на якія груповыя здымкі, што зьмяшчаліся з нагоды розных урачыстасьцяў ці збораў у беларускай эміграцыйнай прэсе. Яны пераканаліся, што НКВД-КДБ зьбірае ўсё ў свае архівы, студыюе кажны твар, пры помачы сваіх агентаў на эміграцыі трымае пільнае вока на найбольш актыўных антыкамуністах. Некаторых выдатных людзей, у тым ліку і зь Беларусаў, КДБ рукамі сваіх агентаў ліквідавала. Добрасумленныя суродзічы нашы, што ўжо прыжыліся на эміграцыі і матар’яльна маглі памагчы сваяком на паняволенай бацькаўшчыне, баяліся гэта рабіць, каб не сьцягнуць на сваякоў якую рэпрэсію з боку акупацыйнага рэжыму.
Як ацаніць маштаб шкоды, што бальшавікі ўчынілі беларускім нацыянальным арганізацыям грамадзкага, палітычнага, рэлігійнага, навуковага ці харытатыўнага характару на эміграцыі? Нашы суродзічы намагаліся за межамі паняволенае бацькаўшчыны будаваць сваё новае жыцьцё, гадаваць дзетак у беларускім духу й веры ў Бога, даваць ім магчымасьці скончыць вышэйшую асьвету, і пры гэтым памагаць народу змагацца за вызваленьне з маскоўскага ярма. І вось супраць гэтых людзей вялася дзесяцігодзьдзямі бесьперапынная бальшавіцкая акцыя шантажу, нацкоўваньня, паклёпу, антыгуманнай прапаганды. Фашысьцілі эмігрантам здольныя бальшавіцкія палітрукі, што найчасьцей у завяртанскім «голасе» выступалі апосталамі вышэйшай справядлівасьці. Выдатных беларускіх патрыётаў, што былі на эміграцыі, яны называлі «мацёрымі» здраднікамі, быўшымі прыслужнікамі фашыстоўскіх гітлераўскіх акупантаў цяпер ужо «вызваленай» — пры ахвярнай помачы «братняга рускага народу», — радзімы.
Антон Шпак бачыў змаганьне за вызваленьне бацькаўшчыны з маскоўскага каляніяльнага ярма на шырокім прасторы. Канкрэтнае-ж і штодзённае заданьне: мала было адбівацца сяньня ці атакаваць тых маскоўскіх цівуноў, што няспынна прадаўжалі фашысьціць усім беларускім нацыянальным лідарам у дыяспоры; неабходна было ня толькі захаваць, але й памнажаць свае сілы, ці, — калі накш сказаць, — людзкія рэсурсы, каб мець базу для аднаўленьня нацыянальнага арганізму ў будучыні. Там-жа, у зоне, цяпер ужо пад уладай спадкаемцаў таго «вялікага й мудрага айца ўсіх народаў» адбывалася нячуванае дасюль у сваіх маштабах злачынства: ліквідаваліся апошнія беларускамоўныя школы, а русіфікацыя культурнага, навуковага і адміністрацыйнага жыцьця «сувэрэннай» псэўдарэспублікі дайшла да кульмінацыйнага пункту; ад якога ўжо няма дарогі назад да адраджэньня зганьбаванай і запрыгоненай нацыі. Пасьля страты мовы, культуры, традыцыяў, сьведамасьці свае гістарычнае мінуўшчыны, собскае і нацыянальнае годнасьці — наперадзе адно цемра: некалі ў гісторыі вялікі й слаўны народ ператворыцца ў «зямляцтва», угнаеньне для прагавітых дзярлівых чужынцаў.
Трэба, адылі, разьлічваць, што цяперашні гвалтоўны напор расейшчыны яшчэ ня зможа дасягнуць сваей канчальнай мэты, што ў запасе яшчэ ёсьць час і добрыя хаўрусьнікі. Супольны фронт усіх паняволеных Маскоўшчынай народаў, пры адпаведнай палітычнай каньюнктуры і падтрымцы дэмакратычных краінаў вольнага сьвету, дасьць даволі сільны штуршок, каб піхнуць «імпэрыю зла» да яе суцэльнага распаду. Дык мала цяпер толькі адбівацца ад тых, што фашысьцяць табе ў розных «голасах радзімы», дэзынфармуюць і так ці мала зьбянтэжаных суродзічаў. Абавязкова трэба назапасіць амуніцыі і на будучыню, трэба гадаваць новую зьмену. А гэнай зьменай могуць быць адно тыя, што тут, на чужыне навучацца свае мовы й захаваюць яе, пазнаюць запраўдную гісторыю Беларусі, яе культуру, традыцыі, пабудуюць для сябе рэлігійныя сьвятыні і паклічуць да аўтароў такіх сьвятароў, для якіх любоў бліжняга стане на адным узроўні з адданасьцю інтарэсам беларускае эміграцыі і паняволенай бацькаўшчыны.
У розных сваіх эміграцыйных інстытуцыях трэба новаму, ужо за межамі бацькаўшчыны народжанаму, пакаленьню даць добрыя веды пра Беларусь і, у найгоршым выпадку, калі ўжо нельга тут выхаваць жаданых патрыётаў Беларусі, дык прынамсі старацца ўзгадаваць нейкіх ейных сымпатыкаў і абаронцаў. Каб запрыгоненая краіна ніколі ня страціла за межамі, у вольным сьвеце, голасу свайго, каб захаваць насеньне для будучага аднаўленьня плёнаў на родных нівах.
Усьведаміўшы, што пісьмы Міхайлава і цэлая «чырвоная афэнзыва» вялі псыхалягічную вайну аж да зьнямогі супраць бедных антыкамуністычных інтэлектуалаў за межамі «забранай зямлі», Шпак пастанавіў у гэны крытычны час узяцца за публіцыстыку. Шматлікія суродзічы жадалі пачуць ягоны голас, натхніцца яго заклікам і знайсьці адпаведную амуніцыю супраць тых завяртанскіх стралкоў і цівуноў, што наперабой фашысьцілі ўсім, каторыя так ці накш змагаліся за вольную Беларусь і захаваньне беларускага этнасу на эміграцыі.
Трэба было аналізаваць і ў дробных дэталях ды ў цэлым камплеце паказаць мэтады й сродкі агрэсыўнага камуністычнага наступу, стварыць цэлы й аб’ектыўны вобраз таго бяздоньня, куды вядзе капітуляцыя перад адвечным ворагам Беларусі, а цяпер і ўсяго чалавецтва. Шпак ня браўся атакаваць тых, якіх гэтта на эміграцыі называлі зьвіхнутымі. Гэткай мянушкай ахрысьцілі тых, што з розных прычынаў трапілі ў варожую пастку, а цяпер, пасьля адпаведнага раскаяньня перад «радзімай, якая ўсё прабачыла і да сваіх грудзей прыгарнула», яны выхвалялі катаў беларускага народу, лілі розныя памыі на перадавых беларускіх патрыётаў на эміграцыі ды заклікалі суродзічаў вяртацца на бацькаўшчыну. «Зьвіхнутыя», або здраднікі, — як называлі іх іншыя беларускія патрыёты, — сталіся маленькімі пешкамі ў вялікай, ворагам вольнае Беларусі плянаванай вайне.
Пісьменьнік Шпак у раньні пэрыяд сваей пісаніны спанатрыў вялікую цану непасьпешлівага і халоднага доказу. Яшчэ лепш, калі падтэкстам памагае лёгкая іронія. Шпак адказваў Міхайлаву і ягоным «саўдзельнікам у злачынствах» лагодна-мяккім і зьдзеклівым тонам, ягоная вівісэкцыя нутра камуністычнага арганізму — удалая і сьмелая, аргумэнты — быццам скала. Балела пісьменьніку сэрца за раськіданых па цэлым сьвеце суродзчаў, што апынуліся пад скрыжаваным шквалам варожае прапаганды. Шпак напісаў сэрыю ў трох артыкулах, перагледзеў іх, паправіў, выслаў заказной ды паветранай поштай у беларускую штотыднёвую газэту ў Мюнхэне.
Калі вярнуўся з пошты, ня мог пазбыцца ўражаньня, як нікчэмна мала зрабіў. Беларускія выгнанцы ўсё роўна будуць трапляць у хітра расстаўленыя праціўнікам пасткі. Магніт у руках катаў занадта моцны, каб яму супраціўляцца маглі слабыя духам, якіх карэньне на гэтым баку акіяну ды ў Заходняй Эўропе яшчэ не ўрасло дастаткова глыбока ў чужую глебу. Шпак маліўся Богу, прасіў Яго, каб прыйшоў суродзічам на помач, скарэй паслаў той час расплаты зь ненавісным ворагам, якога ракавы арганізм руйнуе ўсё чалавецтва, каб урэшце вярнуў раськіданых па цэлым сьвеце, — насамперш і тых са сьмяротнага Гулагу, — сыноў і дачок на вольную і дарагую Бацькаўшчыну.