39

Вера выйшла з тэатру, дзе адбывалася сустрэча, амаль нікім незаўважанай. Так ёй здавалася. Затрымала першае таксі й загадала ехаць дадому. Цяпер адна ідэя кіравала ёю: уцякаць як найскарэй, далей ад вачэй людзкіх! Прыехаўшы, замкнулася ў пакоі, ня ўключала сьвятла хоць ужо зьмяркалася.

Яна завіхалася, каб захапіць з сабою самае неабходнае ў дарогу. Перапалохаў яе званок пры дзьвярох. Села на канапу, прытаіла дыханьне, прыслухоўвалася. Хто гэта можа быць? Можа Капшун? Стары басяк напэўна бег за ёю. А што будзе, калі зараз зьявіцца Ніна, пабачыць яе гэтта ў пакоі безь сьвятла й даведаецца, што яна не рэагуе нават на званок, каб некаму дзьверы адчыніць? Гэткае нешта магло здарыцца. А той нехта за дзьвярмі зноў націснуў на званок. Мінула пара хвілінаў. У калідоры пачуліся крокі, што аддаляліся. Вера падскочыла да вакна, пазірала праз шчыліну ў шторах. Так, гэта Капшун. Ён затрымаўся на ходніку, кінуў вачмі на ейнае вакно. Вера адхілілася. Трэба сьпяшыцца. Адзін хвост за ёй ужо ёсьць. Уцякаць трэба адсюль!

Якраз калі ўзялася пакаваць вопратку ў чамадан, шукаючы ў змроку сваіх дакумантаў і грошы, якіх заўсёды не хапала, зноў адазваўся пры дзьвярох званок. Вера паціху лаяла таго некага за дзьвярмі. Прайшла хвіліна. Зноў званок. Дзяўчына баялася, што гэты нехта затрымаецца за дзьвярмі даўжэй, чымся Капшун. Але неўзабаве і гэты, чуваць, пайшоў. Яна падыйшла зноў да вакна і неўзабаве пазнала свайго суседа, што быў побач яе ў тэатры на сустрэчы.

Вера выклікала таксі й паехала на чыгуначную станцыю. Якраз адыходзіў той цягнік, што ёй быў патрэбны. Якое вялікае шчасьце! Уцячэ з гэтага гораду, ад гэтых людзей, каторыя так абшмулялі, сканфузілі ейнае жыцьцё. Пэўне-ж, у тым вялікім горадзе, куды яна перабіраецца, чакаюць яе новыя неспадзеўкі. Але там ёсьць у яе сяброўка, каторая сама ўжо добра ўладзілася і Веру даўно настойліва запрашала да яе перабрацца. Купіўшы бялет, Вера, цяпер ужо зусім спакойная пасьля вялікага ранейшага хваляваньня, накіравалася ў вагон.

Загрузка...