Пасьля тае даўгое гутаркі з Капшуном Вера ці раз намагалася ўявіць Алеся вылюдкам, забойцам нявінных людзей, з рукамі ў іхнай крыві. Казаў яшчэ Грыша, што ён і цяпер быццам браў удзел у нейкіх кансьпірацыйных апэрацыях. Што за загадка! Тут ці ня сам чорт рогі мог паламаць. Намаляваны Капшуном злачынца ніяк не нагадваў таго дзяцюка, — ветлівага, талерантнага, зычлівага, добра адукаванага, сумленнага, — якога Веры ўжо ўдалося пазнаць з бліжэйшае адлегласьці. Калі-б Алесь нават хацеў маскавацца, дык-жа перад ёю ня было патрэбы. Ён ня мог яе ведаць да сустрэчы ў Трыфты Тоні.
Вера некалі чытала ня толькі «буревестника революции», але й розных клясыкаў. Пачынаючы зь несалодкага дзяцінства жыла між розных апякуноў, пазнавала шматлікіх людзей. Меркавала, што жыцьцё ўзнагародзіла яе багатай практыкай. Тут-жа яна лоб у лоб сустрэлася зь нечым, чаго раней ня мела магчымасьці спанатрыць. З аднаго боку Капшун выступіў із сваім варыянтам Алеся. Зь іншага — Алесь, якога, здавалася ёй, крыху ўжо пазнала. І завязка таго, што людзі называюць каханьнем.
Намагалася прадставіць Алеся ў найбольш нэгатыўным сьвятле, уявіць яго чалавекам на Капшуноў узор. Пасьля гутаркі з Грышам трымалася ў адносінах да Алеся больш асьцярожна. Лёгка было страціць раўнавагу, апынуцца ў мутацыях нявырашанага нутранога канфлікту. Колькі тут было няведамых? Духовы фэрмэнт нарастаў. Канфлікт мог выбухнуць зь небясьпечнай сілай, разбурыць веру й догмы, якія былі апорай дагэтуль.
Вера ўпэўнілася, што Алесь ёй шчыра цікавіўся, магчыма што ў адносінах да яе кіраваўся адно пачуцьцём. Дзяўчына-ж асірацела ў веку васьмі гадоў і ў дзяцінстве не спазнала ад нікога матчынай ласкі. Пазьней да яе, ужо ўзрослай, ці раз заляцаліся розныя дзяцюкі. Але ніводнага сур’ёзнага не пазнала. Некаторыя цікавіліся адно сэксам. Аднойчы была моцна пакрыўджанай, іншы раз рашчараванай. Да часу знаёмства з Алесем, міма ўсяго пройдзенага, зьберагла, ёй здавалася, у сябе ўсё найлепшае. Гатовая была пайсьці насустрач запраўднаму, гатоваму расьці з двух бакоў, каханьню.
Цяжка было яе зьвесьці з тропу нейкім маскарадам. Алесь захапляўся ейным прывабным выглядам, ці раз пра гэта адкрыта гаварыў. Быў памяркоўным, зычлівым, дабрадушным, шмат разоў памагаў ёй на працы ў краме, ніколі не надужываў сваёй пазыцыі боса. Дрымучыя дзявочыя пачуцьці прачыналіся. Кантраляваныя раней, яны цяпер жадалі поўні, росквіту, плёну. І ці яе віна, што гэтта зьявіўся Капшун, які сказаў наступнае: перад табой фашыстоўскі крыміналіст, забойца нявінных, выкідыш грамадзтва. Ідзі, нават пусьціся зь ім, злаві падмані за ўсякую цану. Празь яго мы закрыем раты іншым бебурнацам, фашыстоўскім махрыстым злачынцам, або зьліквідуем іх.
Заданьне нялёгкае. Ды выканаць яго такой дзяўчыне, як яна — плюнуць, калі-б яно не закранала тваіх людзкіх пачуцьцяў, каб можна было гэта неяк мэханічна. Хаця-нехаця, тут лёгка ад яго не адкараскаешся. Пастанавіла, падумаўшы-перадумаўшы пра «людзей з клюбу», ацаніўшы сытуацыю «на халодную галаву», дзеяць паволі. А сумлевы вярталіся. Зноў-жа вярталіся старыя пытаньні… А можа яно так, а можа лепш гэтак…
Падсумаваўшы выказваньні Капшуна, гэты дзяцюк павінен быць надта-ж спрытным і кемлівым чалавекам, праўдападобна не адны зубы зьеў у мастацтве інтрыгі, махлярства. Магчыма меў набітую руку ў забойствах. Памяркуем, што ён цяпер зь вядомых прычынаў маскаваўся. Дык што крылася пад маскай? Адкуль ён зьявіўся, што рабіў падчас апошняй вайны. Кардынальныя пытаньні…