За дзьве гадзіны Алесь прыехаў у Пайн Рыдж. Ад Мэры ў кухні даведаўся, што ўсе людзі над ракой. І запраўды, Алесю здалося, што ўсе жыхары рэсорту сабраліся тут-жа побач кучы валуноў і каменьня, якую паліцыя адмежавала жоўтай істужкай. Людзі стаялі ціха, рэдка гаварылі, сачылі што робіць паліцыя. А ў тым месцы, дзе пісьменьнік разьвітаўся з жыцьцём, Алесь пабачыў двух чалалавек у цывільным і аднаго ў мундзіры, што размаўлялі, аглядалі, нешта запісвалі. Там-жа пры іх стаяў і чалавек з фотоапаратам. Белай рысай мелам па каменьнях было абведзена месца дзе, мабыць, ляжаў забіты.
Алесь падыйшоў да паліцыянта, які, даведаўшыся, хто ён, параіў пачакаць, каб высьветліць некаторыя пытаньні. І тады да Якімовіча падыйшоў малады дзяцюк, што назваў сябе рэпарцёрам з «Індыянборо стар». Пытаньняў у гэтага юнага журналісты было шмат: Хто такі Антон Шпак? Адзінотны ці жанаты? Колькі яму гадоў? Колькі часу ў Канадзе? Чым займаўся? Пра што пісаў? Ці вы думаеце, што яго нехта забіў у гэтай дзічы? Чаму?
Ведаючы нахілы дробнае мясцовае прэсы да сэнсацыйнасьці, Алесь адказваў асьцярожна. Зусім адмовіўся выявіць свае здагадкі пра магчымага забойцу Шпака. Разам з паліцыяй паехаў да адлеглага на дзесяць міляў невялікага гораду Індыянборо. У шпітальнай трупярні паказалі яму цела забітага, сказалі, што, згодна аўтопсіі, памёр ад пабітага чэрапу й мозгу, у выніку чаго, наступіла хуткая сьмерць. Сказалі Алесю, што можа забраць цела нябожчыка для паховінаў.
У паліцыйным бюро Алесь даведаўся, што два чалавекі з Пайн Рыдж рэсорту, якія йшлі раніцай па беразе ракі, бачылі сярэдняга росту чалавека ў кашулі ў чорныя клетачкі, як ён уцякаў у гушчар з таго месца, дзе знайшлі мёртвага Шпака. Людзі здалёку выразна ня бачылі твару таго чалавека. Пераламанае вудзільна ляжала тут-жа ў вадзе ля берагу, а з кручком і жылкай змагалася вялікая рыбіна.
— Ці вы хочаце ўзяць тую рыбіну? — спыталіся ў Алеся.
Ён зірнуў на вялікага прыгажуна без асаблівай цікавасьці і параіў, каб адаслалі яго ў рэстаран Пайн Рыдж.
Паліцыя прызналася, што дагэтуль не знайшла нічога, што магло-б памагчы высьветліць якім чынам памёр Шпак. Не заўважылі навокал ніякіх сьлядоў гвалту. Адно загадкай было паломанае вудзільна, на якой спадзяюцца знайсьці адбіткі пальцаў. Усялякая дробязь паможа. Так спадзяюцца.
— А чым вы можаце дапамагчы? — спыталіся ў Алеся.
Алесь коратка выказаў думку, што Шпак быў надта асьцярожным чалавекам, які ў такі сьветлы й прыгожы дзень проста ня мог так упасьці на камень і зусім разьбіць сабе галаву. Шпак дбаў пра рыбалоўныя снасьці, з паламаным вудзільнам не пайшоў-бы на рыбу, а паламаў яго, відаць той, каго Шпак тут сустрэў, — выглядае, што забойцу, — якім мог быць адно прысланы нехта з камуністычнага логава. Ён выясьніў прычыны такога меркаваньня.
— Можаце назваць падазроных?
— Не, тымчасам не магу.
Паліцыя прыабяцала Алесю правесьці грунтоўнае сьледзтва. Калі забойца добра плянаваў сваю работу, дык, магчыма, яшчэ нехта мог бачыць падазроную асобу навокал рэсорту Пайн Рыдж. Алесь пакінуў у паліцыі свой нумар тэлефону і абяцаў паведаміць іх пра ўсё, што ўдасца яму знайсьці ў сувязі з гэтай справай.
Едучы дамоў, Алесь прыгадаў гутарку зь пісьменьнікам на мінулым тыдні. Што гэта ён сказаў пра атруту? Ага, вось што: «памятай, што найчасьцей атруту даюць ахвяры ў найпрыгажэйшай чашы». Што, ці каго Шпак меў на думцы? Але, не, ня можа быць! Вера Мак, ягоная вялікая любоў? Можа пачаць ад яе?
Вярнуўшыся ў Радфорд, Алесь заехаўся ў Трыфты Тоні. Крама мела хутка закрыцца. Веры не знайшоў. Сказалі яму, што перад абедам наракала на галаўны боль, пайшла дадому. Пазваніў ёй. Ня было адказу.
Алесь купіў тры шматтыражныя гарадзкія газэты. Дражнілі яго загалоўкі. «Сьмерць перад вялікім уловам» — крычала адна газэта. «Дзе скончылася рыбакова шчасьце!» — жартавала іншая. «Дваццаціхунтовая фарэль і мёртвы рыбак», — паясьняла трэцяя. Кажная зьмясьціла, — дзякуючы ўслужлівай паліцыі зь Індыянборо, — прыгожую здымку рыбіны, і аніводная — здымкі Шпака. Відаць, што прэса ня ведала адкуль яе ўзяць. Рэпарцёры нічога цікавага не маглі сказаць пра прычыны пісьменьнікавай сьмерці, дый пра самога Шпака, — што ён быў за чалавек, пра што пісаў. Пра гэта ўсё зьявілася некалькі службовых ці казённых словаў. Затое злоўленай рыбіне дасталося ого як! І што за яна, і колькі важыла, і дзе гэта яна папалася на кручок дый гэтак далей… Відаць, што паліцыя не сказала ім пра чалавека, якога заўважылі, калі ўцякаў у лес. Добра! Няхай забойца ня ведае, што яго бачылі.
Узлаваны самымі загалоўкамі, Алесь прачытаў аж тры газэтныя варыянты пра сьмерць дарагога суродзіча ды ацаніў гэныя рэпартажы як сэнсацыйнае плявузганьне гэтак званага «жоўтага журналізму», каторы быў шырака ўжываны некалі на амэрыканскім рынку газэтамі Рандалфа Гэрста. Канадыйскія радфардзкія газэты не пазбыліся, відаць, яшчэ сваіх пялёнак.