40

Другі ліст ад маткі Алесь атрымаў на наступны дзень пасьля Лебярдзея. Падрыхтаваны на найгоршае, дрыжачымі пальцамі разарваў канвэрт. І ўзноў пажвавеў, здавалася, пульс крыві. Матка пісала:

Мой дарагі сынок Алесь!

Я пісала табе месяц назад і ты мусіць атрымаў ліст, бо ён назад не вярнуўся. Я ўстрывожаная. Чаму ты не адказаў? Прашу цябе, сынок дарагі, пішы да мяне, я хачу ведаць як ты жывеш.

Далей маці згадала сёе-тое з жыцьця вёскі, пасьля амаль казённае «я жыву добра», а тады галоўнае:

Мой сынок, я дачулася, што ты там сярод нашых суайчыньнікаў робіш падрыўную варожую работу супраць нашай радзімы. Калі гэта так, дык прашу цябе не рабіць таго. Нашто крыўдзіць сваіх людзей, шкодзіць ім? Ты чуеш, Янка?

Слухай сваёй маткі і няхай Бог блаславіць цябе, сынок дарагі. Чакаю твайго адказу. Я заўсёды твая матка, зь любоўю да цябе Алена.

Алесь некалькі разоў прачытаў той ліст, напісаны на шурпатай, са школьнага сшытка, у клетачку, паперы. Ясным стала, што на матку ягоную адпаведныя ворганы робяць націск, проста зьдзекуюцца із гаротнай жанчыны. Найбольш пагражальнай была фраза: «Ты чуеш, Янка?» Янкам называўся Алесеў бацька. Маці часта клікала гэтак, калі бацьку некалі забралі й недзе замардавалі. Адылі яна ня ўжывала такой фразы кажны дзень, а адно тады, калі нейкі вялікі боль ціснуў сэрца, калі не магла ня выказаць надзвычайнай трывогі.

Алесь бачыў у гэтым лісьце руку нягоднікаў з КДБ. Матчына «просьба», каб не рабіў шкоды сваёй «радзіме». Значыцца, загад ад ворганаў — спыні «варожую» працу! Ну а што станецца, калі ён не паслухае ды ня спыніць? Холадна на сьпіне. Матка была заложніцай. Алесь, ейны «дарагі сынок», капаў матцы магілу. У тую ноч Алесь ня мог заснуць, кідаўся на ложку ў бяссоньніцы, жахлівыя думкі не давалі супакою. Сьведамасьць свае бяссільнасьці там, дзе патрэбная моц духа й цела. Нават насонныя таблеткі не памагалі.

Загрузка...