11

Горкае дзяцінства і вайна шмат чаго навучылі. Цяперашняга Алеся можна было-б назваць мэтадычным чалавекам. Няважна якія былі пляны ці задумы-праекты, дзяцюк меў пэўную, зь якой абжыўся, мэтоду. Калі йшло пра нешта другараднае ды былі добрыя задаткі на посьпех, грунтоўнае камбінаваньне адпадала. Калі-ж на прыцэл трэба было ўзяць і здабыць запраўды нешта важнае, а від на посьпех сумлеўны, Алесь пачынаў плянаваць кажную драбніцу. На першым этапе ставіў разьведку. Старая і мудрая прыказка: сем разоў адмер і раз адрэж. Пасьля добрае разьведкі, зьнюхаўшы-пранюхаўшы, можна было сур’ёзна брацца. Мэтад пэўны і зь няпамятных часоў выдатнымі людзьмі практыкаваны. Алесь любіў выклік, калі меў нейкія шансы на посьпех. У адносінах да дзевак большага плянаваньня не патрабавалася, хаця разьведка была цалкам неабходная.

Калі Вера Мак зьявілася яму на вока, Алесь узяўся за разьведку. Перш за ўсё фізычны выгляд дзяўчыны. Цаца, ляля! Яна прыцягвала да сябе ўвагу й вочы перадусім юрлівых дзяцюкоў. Бурліла маладая кроў. Карысным для Алеся дадаткам было й тое, што дзяўчына быццам апынулася пад ягонай уладай у краме, значыцца ў нечым ад яго залежнай. Праўда, надужываньне такой, сказаць-бы, залежнасьці ня месьцілася ў дзяцюковай галаве. Калі гэтая асоба ня была нейкім эрзацам, а запраўды нечым вартасным, пры заляцаньні да яе трэба было абавязкава даць ёй поўную волю, ніякім чынам не надужываць свайго прыярытэту ці бізнэсавага становішча.

Першапачатныя назіраньні далі Алесю аснову думаць, што дзяўчына не належала да натоўпу. Калі-б дзяцюк грунтоўна ведаў ейнае паходжаньне, і тую «пяшчоту» якой была ахінула Веру савецкая агентура, быў-бы стварыў да яе іншы падыход. Здарылася так, што нехта іншы заплянаваў шахматную гульню і прадумаў падарожжы розных фігураў на далёкую мэту. Алесь бачыў адно адзін бок мэдалю і той у цьмяным сьвятле. Дзяўчына выглядала сьціплай, зраўнаважанай, някідкай да хлапцоў і, здаецца, незаангажаванай ніякім каханьнем. У гэны час модна плылі і адплывалі розныя моды, пераважна ў вопратцы і ў рознай маральнасьці ці амаральнасьці амэрыканскай, а ў шырэйшым маштабе захадняй моладзі, з вытокамі дзесьці ад рок’н’ролу Элвіса Прэслі і лівэрпульскіх Бітлсаў. Гэная шумлівая і крыклівая моладзь, у каторай пачуцьцё, падапхнутае наркаманіяй, публічна паказвала свой агідны твар, якраз захаплялася рознымі адыёзнымі рацыянальнаму чалавеку «модамі». А гэтая дзяўчына, быццам-бы для кантрасту, як на паказ, не належала да агульнага хору, жыла, як выглядала, сваім розумам.

Перад сваім прыездам на гэты кантынэнт Алесь трымаўся поглядаў пра традыцыйную жыцьцёвую ролю жанчыны, якая абжылася даўно ў беларускім сялянскім асяродзьдзі. Жанчына радзіла дзяцей, даглядала іх, любіла мужа, цяжка працавала і ля хаты, і на гонях. Яна сачыла, каб дзеткі навучыліся маліцца, наведваць Божыя сьвятыні, былі паслухмянымі, пакорнымі, значыцца матка была рухавіком хрысьціянскае маралі сям’і. Ці не найважнейшым яшчэ была і народная культура й мудрасьць: песьні, казкі й цэнныя старыя народныя традыцыі. І сялянскія дзяцюкі, наглядаючы сабе сябровак жыцьця, трымаліся замацаваных народнай культурай і маральнасьцю стандартаў. Часта, вядома, у запрыгоненай краіне не апошнюю ролю ў заляцаньнях і сужэнствах адыйгрываў пасаг і зямельная ўласнасьць.

Гэтта, за акіянам, адкрыўся іншы сьвет. Жанчыну зрабілі камэрцыйнай прынадай. Мала дзе што рэклямавалася бяз прыгожай дзяўчыны. Напоўголыя спакусьніцы ўсьміхаліся з бачынаў розных часапісаў, вылузвалася распуста ў эратычных фільмах, расьцьвіла і заваёўвала новыя пазыцыі, у імя «вольнасьці мовы й выказваньня», парнаграфія. Банальнасьць нажывы і прагнасьць матар’ялізму сагнала жанчыну з высокага п’едэсталу маральнае цноты, на якую паставіў яе Стварыцель, да брыдкой і шчодра запэцканай рознымі хварбамі і памадамі цэлюлёіднай карыкатуры.

Даўно ў Алесевым уяўленьні абжыўся прататып сяброўкі жыцьця: сьвежая і арыгінальная, неразбэшчаная мадэрнай цывілізацыяй, тая, якой мог-бы душу й сэрца адкрыць, што паходзіла-б зусім зь іншага сьвету, а не таго, што падпёрты й рэклямаваны камэрцыйным сьветам жыў кажны дзень на тэлебачаньні. Такая асоба была-б добра адукаванай і начытанай найлепшай літаратурай сваёй і сусьветнай, мела-бы прыказачную галаву на плячох і незалежную думку, ня трымалася-бы навязанае гандлярамі рознае прыхамаці й «бягучых модаў» (current fashion trends), яна ўзбуджала-бы павагу й пашану да сябе сваім выглядам і характарам. Кандыдаткай на такую ідэальную жанчыну ў Алесевых думках паўстала Вера Мак. Яна вынырнула дзесьці з поўначы ў гэтым горадзе-гіганьце як цячэньне сьвежасьці ў забруджаным паветры, як кветка красы між прадажных камэрцыйных мадэлек.

Загрузка...