16

Гэтых вялікіх матылёў зь вясёлкай хварбаў называлі тут манархамі. І запраўды ці адзін манарх мог-бы ім такіх колераў пазайздросьціць. Некаторыя мясцовыя і суседнія навукоўцы ўжо ганяліся за гэтымі прыгажунамі, каб адказаць на пытаньне: дзе яны зімуюць. Расьцьвіла адна тэорыя, што яны адсюль, з сакавітай прыроды Канады адлятаюць зімаваць аж у Мэксыка. А тымчасам яны вось тут — вялізная колькасьць — пырхаюць у квецені ля поўнай рэчкі Крэдыт, што паволі пхне цяпер свае воды ў глыбокім яры ў недалёкае возера. А за матылямі, сама быццам матылёк, ганяецца Вера. Усьцешанаму такім пагодным днём Алесю прыгадалася пачутае ў сьвятыні: «усякае дыханьне славіць Госпада». Так яно. Птушыныя песьні, расьціннасьць, сонца… Пацеха, маладосьць… Не хапае салавейкі, бусла й жаваранка… Калі-ж ідзе пра тое «дыханьне», дык тут няма атрутных бензінных гарадзкіх выхлапаў. Сонца, зелень, роскаш. Вера, пабачыўшы птушку робіна, цікава раскажа пра яе. Яна ў гэтай краіне роджаная, любіць прыроду.

Дзяўчына перастала ганяцца за матылямі. Ішлі, задуманыя, насычваліся адчуваньнем блізкасьці, гаварылі зрокам. І іхныя думкі былі, пэўне-ж, больш будзённымі, чымся тыя, што «славілі Госпада».

— Алесь, ты ведаеш, мы ўжо даўно разам працуем і бачымся, але ты мала расказаў пра сябе: як ты жыў, дзе быў. Можаш расказаць?

— Гэй! — зьдзівіўся Алесь. — Я ня ведаў, што ты так добра гаворыш пабеларуску. Адкуль то раптам узялося?

Яны спыніліся. Алесь доўга і ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы. Дагэтуль гаварылі пераважна паангельску, адно рэдка калі ў мову дзяўчыны прарывалася расейскае ці беларускае слова.

— Я, знаеш, мала гаварыла, але цяпер нямношка падвучылася.

— А навошта табе гэта? Ці ты нямношка падвучылася, каб са мной пабеларуску гаварыць, ці што?

— Можа так, а можа й ня так. Хачу пазнаць твой край, чытаць беларускую літаратуру, спаткаць землякоў тваіх.

— Мне вельмі прыемна такое з тваіх вуснаў пачуць. Калі магу як памагчы табе вучыцца, то калі ласка…

— Можаш, мой даражэнькі, — раптам згадзілася Вера.

«Даражэнькі»… Дагэтуль дзяўчына ніколі не назвала яго гэтым ласкальным словам. Алесь задумаўся, ці Вера цяпер думала паангельску і ўжывала беларушчыну, ці як. Ідзе, прыкладна, пра ўжываньне таго-ж слова «дарагі». У канадыйскай ці амэрыканскай бізнэсавай дый і ў іншай карэспандэнцыі, там, дзе ў беларускай мове ўжываецца слова «шаноўны» ці «паважаны», на гэтым кантынэньце ды і ў самой Ангельшчыне скрозь ужываецца слова «дарагі». Чалавек вам зусім незнаёмы, вы да яго пішаце ліст у нейкай справе першы раз, усёроўна пачынаеце: «Дарагі містар Сміт», так і гэтак… У нашай мове гэткі зварот здаўся-б надта дзіўным. Адгэтуль у ангельскай мове слова «дарагі» набыло крыху іншы нюанс ці сфэру ўжываньня, чымся ў нашай.

Прыселі на беразе рэчкі.

— Ты вельмі амбітная дзяўчына, — пахваліў Веру Якімовіч.

— Як добра чуць гэта ад майго боса. Можа дасі мне лепшую работу? — жартавала Вера. Яна ўзяла гатовы кій, што знайшла побач, варушыла ім у вадзе. Паднялася каламуць. Дзяўчына прыглядалася страказе, што быццам верталёт, затрымалася над купінай.

— Зусім не жартую. Беларускую мову вучылася! Цікава, якія там яшчэ ў цябе неспадзеўкі.

— Ты не адказаў на маё пытаньне.

— Гэта якое пытаньне? Ага, памятаю. Ты хочаш даведацца пра мяне?

— Так.

— Чаму?

— Таму, што хачу лепей цябе пазнаць.

Алесь маўчаў. Ейная парфума… Якая гэта? Ці ня бэзавая? Ледзь стрымліваўся, каб ня ўзяць дзяўчыну ў абдымкі, абцалаваць яе…

— Адкуль мне пачынаць? — спытаўся.

— З самага нізу.

Алесь усьміхнуўся, уважна прыгледзеўся рамонку-спакусе, жартаўліва пачаў апавядаць.

— Ну добра… Расказвалі мне, што нарадзіўся я ў старэнькай струхлелай хаце над раніцу, пасьля трэціх пеўняў…

— Што гэта струхлелая? Што гэта трэціх пеўняў? — адразу перапыніла яго дзяўчына.

— Струхлелая, гэта значыць спарахнелая, ці — паангельску — rotten, а пеўні то roosters, яны сьпяваюць трэці раз над раніцу.

— Разумею.

— Расказваюць, што на сьвет памаглі мне зьявіцца дзьве вясковыя бабкі, каторыя мяне спавівалі. Тут во жанчыны родзяць дзяцей у шпіталях, а там, удома інакш… Далей апавядаюць, што я заявіў аб сваім зьяўленьні на гэты божы сьвет добрым і галасьлівым кугіканьнем ці кугаканьнем, так, як належыцца ўсім ад часоў Адама і Евы, а, — калі ты пакланяешся Дарвіну, — ад пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-прамалпаў…

Дзяўчына ўсьміхалася і ўважна слухала.

— Калі, значыцца, я голасна заявіў пра сваё зьяўленьне на гэты сьвет божы, тады аглядалі мяне з усіх бакоў, охалі і ахалі з захапленьня, а адна бабка ўзяла верацяно, ды, — каб я круты й паваротлівы быў, — адрэзала на верацяне мой пуп.

— А што гэта верацяно?

— Spindle. Ведаеш такое нешта?

— Ага. Ну й што далей сталася?

— З таго, што мне ўдалося даведацца пра маё на гэты божы сьвет прыбыцьцё, дык тут галоўнае адно. Паколькі я з самага нізкага, так сказаць, мужыцкага ці сялянскага роду, дык там ня было прысутных ніякіх пісараў афіцыйных ні прыватных, а таму й ня было каму запісаць для гісторыі нашага народу ці маіх насьледнікаў такія важныя дэталі, як маю вагу, колер вачэй, стан здароўя мой і маткі маёй, камэнтары й гамонку вяскоўцаў і так далей, і да гэтага падобнае…

Вера хіхікала, але Алесь зусім ня траціў сур’ёзнасьці.

— Гэта геніяльна! — жартавала дзяўчына.

— Цяпер-жа, паколькі мы выясьнілі ўжо калі і як я нарадзіўся, дык трэба можа не забывацца якога я племя. Вось-жа з добрых крыніцаў, гэта значыць з аўтарытэтных вуснаў я чуў, што належу да вялікай масы людзей, пра якіх Лінкольн, здаецца, некалі сказаў, што Бог павінен гэтых людзей моцна любіць калі стварыў іх так многа…

— Ага, надзвычайна! — усьміхалася Вера.

— Іншая справа, — вельмі сур’ёзным тонам прадаўжаў Якімовіч, — што вусаты маршалак з Варшавы і ягоныя паны, пад уладай каторых я нарадзіўся, зусім не згаджаліся з апініяй Лінкальна адносна нас, добрых людзей, якіх найбольш натварыў Бог на сьвеце. Той вусаты і ўжо трухлявы марашалак ды ягоныя паны казалі, што мы ўсе — хамы, што нашая мова — хамская, што мы мусім цэлы час на паноў працаваць, як некалі амэрыканскія Негры на сваіх уладальнікаў…

— А што гэта такое хамы?

— Паводле бібліі, у Ноя быў сын Хам, якога бацька пракляў за непашану яго. Палякі хамамі называюць прымітыўных, нявучаных людзей, паангельску назваць іх можна dopes…

— Ага, ну далей! — спанукала Вера.

— Дык Палякі нас стараліся да працы ў паноў за мізэрную плату запрэгчы. Яны, — значыцца гэтыя самыя Палякі, — думалі, што яны ёсьць найразумнейшым народам на сьвеце, а таму гэтыя нікчэмныя людзі казалі, што яны маюць права гуляць і жыць за нашыя мазалі… Кумекаеш?

— Яны вас эксплёатавалі?

— Во, во, але. Яшчэ як эксплёатавалі! Цяжка было, але неяк трывалі, бо дзе дзенешся… Ды сталася яшчэ горш, калі Гітлераў саюзьнік Сталін задумаў нас вызваліць, ці, як нам казалі, падаць нам «братнюю руку». Гэта здарылася сямнаццатага верасьня ў трыццаць дзявятым. Перад тым Сталін і Гітлер зрабілі саюз, умову такую як гэта падзяліць ці паглынуць усіх тых меншых, што ў іх пад бокам жылі, у тым ліку й нас. І вось Сталін, калі праглынуў нас, дык адных гнаў у калхозы, а другіх, каторыя не хацелі туды, вывозіў у Сібір у канцлагеры, дзе марыў іх працай і голадам. Так дзясяткі мільёнаў людзей нячысьцік вымардаваў.

У нас дык ён выдумаў так званых кулакоў. Так назваў тых, каторыя былі лепшыя і працавітыя гаспадары на сваёй зямлі. Былі гэта бедныя сяляне, бо багатымі ў нас толькі польскія паны маглі быць… Вось-жа калі ты меў нейкі кавалак зямлі, пару коней, пару кароў, хацеў сам гаспадарыць і ўпіраўся, як цябе ў калгасны прыгон гналі, дык ты быў ужо кулак і падлягаў ліквідацыі.

Мой бацька меў сем гактараў зямлі, дзьве каровы, аднаго каня, сьвіньней пару ды авечак, некалькі курэй і гусей. Бацька быў надзвычайна працавіты, а матка шыла, дык бяз хлеба не сядзелі. Бальшавікі налажылі аграмадныя падаткі, што нельга іх ніяк было выплаціць, а тады пачалі гнаць усіх у калгасы. Бацька супраціўляўся, не хацеў, праклінаў іхны новы лад. Яго ноччу, беднага, забралі. Матка хадзіла да іх днямі і тыднямі, вочы выплакала. Прапаў чалавек. Напэўна ў Сібіры недзе, гаротніка, замардавалі…

— Твой бацька быў контррэвалюцыянерам? — сур’ёзна спыталася Вера.

— Што гэта за пытаньне? Дзе ты здабыла сваю палітычную адукацыю?

Вера ледзь ня прыкусіла язык.

— А што дзіўнага я сказала?

— Нічога такога дзіўнага, толькі што я чамусьці не спадзяваўся пачуць гэтага слова з тваіх вуснаў… Яно заўсёды было зброяй савецкіх палітрукоў і чэкістаў… Чула ты пра іх? Мой бацька быў чэсным, у Бога веруючым, працавітым і сумленным чалавекам. Яго забралі і напэўна замардавалі таму, што ня бег у калгас, а калгасы — гэта прыгон, няволя, ярмо! Разумееш?

Маўчаньне. Алесь у гэны час жадаў-бы зьмяніць тэму, расказваць казкі пра каханьне, прыгажосьць… Гэтаму спрыяў птушыным шматгалосьсем насычаны і сонцам ды квеценем напоўнены дзень. А найбольшай аздобай усяго была яна, тая, што побач яго. І чаму зь ейных прынадных вуснаў зьляцела тое зацяганае ў «імпэрыі зла» бальшавіцкімі забойцамі слова? Яно ня мела права ўварвацца гэтта дысанансам у іхную ідылію!

— А што ты рабіў у вайну?

Сур’ёзны зусім голас з тых самых вуснаў, што нядаўна адным словам мір, супакой і прыгожы настрой змарнавалі. Гэтым разам Алесь, — як быццам-бы яго пчалінае джала пеканула, — не ўглядаўся ў асмужаныя прамяністыя вочы, каб там адказу пашукаць. Не. Ці-ж яна ня ведае, што такім пытаньнем цэлы дзень руйнуе? І навошта? Нахлынула злосьць. Якраз адпаведны зарад злосьці, каб зьявіўся на помач Якімовіч-цынік, ці, — калі хочаце, — зьдзеклівы, неміласэрны, зусім няштодзённы і тысячамі хваляў апошняе вайны кіданы й крыўджаны юнак. Ён скоса зірнуў на Веру. Яна ня сустрэла ягоных вачэй, бо сканцэнтравалася на кійку, што мяшаў на беразе ракі каламуць. Быццам тое пытаньне, што пчаліным джалам пеканула Алесева сэрца, было вось такое сабе звычайнае, няважнае, абы якое…

— У вайну? Чакай, трэба прыгадаць, як гэта было, — іранічна-зласьліва ўсьміхнуўся Алесь. — Значыцца, калі гэты Сталінаў саюзьнік, геніяльны фюрэр з Бэрліну — Адольф Гітлер, — узяўся вызваляць усю рэшту сьвету ад Жыдоў і бальшавікоў ды розных там плютакратаў ды калі ён пачаў будаваць так званую новую Эўропу, я адразу скумекаў важнасьць таго, што ён робіць. На ўсходзе ад самога таго райху Гітлер вызначыў для сябе «лебэнсраўм» — жыцьцёвы прастор для сваіх арыйцаў з блакітнымі вачмі і блёнд валосамі, значыцца для «гэрэнфольку» Немцаў. А ў нас, як усім вядома, ніколі ня было добрых гаспадароў і парадку, бо ня мелі кампэтэнтных людзей у эканоміцы й палітыцы. Калі я скумекаў, што тут зьявіўся геніяльны правадыр, каторы зробіць ідэальны парадак і пабудуе свой райх на тысячу, а можа й дзьве тысячы гадоў, я тады закасаў рукавы і пабег памагаць Гітлеру будаваць той райх. Разумееш?

Перш мы, — гэта значыць я і Гітлер, — мусілі вырашыць праблему перанасяленьня. Замнога людзей было. Вырашэньне тае праблемы патрабавала радыкальных мераў. Таму я ахвотнікам кінуўся на службу, як тады называлі, ліквідатара гэных лішкаў насельніцтва, каторае Гітлеру замінала тысячагадовы ягоны райх будаваць. Работа, трэба прызнацца, ня была чыстая, але затое якая нажыва, — золата, брылянты, багацьце, — усяго хапала! Ну й зажылі мы, загулялі! А Гітлер мяне яшчэ рознымі заслужанымі ўзнагародамі надзяліў, усялякімі там кройцамі з гакамі і бяз гакаў мой эсэсаўскі мундзір удэкараваў! Эх, якая слаўная была тады для мяне жытуха настала. І каб ня гэтая нечысьць жыда-бальшавікі, то я зь Гітлерам…

— Алесь, я ня думала, што ты жартаваць з гэтага будзеш.

Рука зь кійком перастала мяшаць каламуць у рэчцы, а прамяністыя вочы, з дакорам, глядзелі на яго.

— Мне прыкра, даражэнькая мая, але я ня лічыў патрэбным перад табой спавядацца.

— Ня хочаш сур’ёзна расказаць аб тым, што вайною рабіў?

— Ды не, чаму-ж… Магу. Але чаму нельга пажартаваць?

Ён узяў дзяўчыну за падбарадок, прыгарнуў да сябе, зірнуў у ейныя вочы.

— Паглядзі, што за ідылія. Цэлы сьвет усьміхаецца, ці, як у царкве я сяньня чуў, «усякае дыханьне славіць Госпада»! Нашто пра вайну й сьмерць гаварыць? Як той паэт сказаў — жывому жыць, зьнішчэньню сьмерць! Усьміхайся, цаца мая мілая! Поўніся сваёй прыгажосьцю, красуйся!

Вера ўсьміхнулася з натугай. Рашчаравалася. Першая спроба, каб з вуснаў дзяцюка пачуць пра ягонае цёмнае прошлае, не ўдалася. Трэба будзе падыйсьці да яго зь іншага боку.

Калі ехалі ў горад, Алесь ня мог разгадаць, чаму дзяўчына нос павесіла. Магчыма, што трэба будзе знайсьці да яе іншы падыход.

Загрузка...