Шпак пачуў шум на доле, нейчыя скрыпучыя крокі на сходах і пасьля асьцярожны стук у дзьверы.
— Калі ласка.
У дзьвярох зьявіўся Алесь. Было гэта позным вечарам, пару гадзінаў перад тым, як пісьменьнік меў ісьці на працу. Ён спасьцярог распраменены Алесеў твар. Задаваленьне, радасьць? Нешта-ж здарылася. Быў гэта твар чалавека, які цяпер шчодра чэрпаў матар’яльнае дабро з жыцьця і ня меў прычынаў, каб скрываць свае пачуцьці. Алесь прывітаўся.
— Прашу, сядай. Што новага прыносіш?
— Перш за ўсё, як вашае здароўе? — спытаўся ў Шпака Алесь.
— Скрыпіць, як тая надломаная галіна, сам ведаеш… Дык чым пахвалішся?
— Вы не паверыце, — пачаў не без хваляваньня Алесь, выцягваючы зь кішэні пазалочаную цыгарэтніцу й прапануючы пісьменьніку закурыць. — Учора атрымаў павышэньне. Прызнацца, спадзяваўся, але не так скора…
— Віншую. Жадаю спору ў працы і няхай Бог памагае.
— Дзякую, спадар Шпак, дзякую.
— А што за новая пазыцыя?
— Далучылі мяне да экзэкутывы і ўзвалілі на плечы цэлы вялізны дэпартамэнт. Даволі цяжкі воз, але як упрагуся дык пацягну.
— Няма прычынаў, каб не пацягнуў, — сказаў Антон Шпак і сеў.
— З гэтай нагоды раблю сьвята ў пятніцу вечарам. Таму я забегся. Хацелася-б мець гонар…
— Гонар быў-бы мой, — уставіў Шпак, — але я запраўды ня ведаю. Мушу працаваць і піць мне ня трэба. Апроч таго, твае сябры, якіх ты напэўна ўжо запрасіў, мала супольнага са мною маюць.
— Нонсэнс. Забудзьцеся пра розьніцы, прыхадзіце й гуляйце. Ніхто нікога піць ня змушае. Будзеце ў мяне найважнейшым госьцем. Прашу вас.
Іншым разам пісьменьнік ужо згадзіўся-б. Нешта сталася. Голас ягоны меў цяпер тую характэрную гэтаму чалавеку цьвёрдасьць, якую Алесь заўважыў ужо пару разоў у мінулым.
— У чым справа, скажыце? Нешта вам дакучае, нейкая качка вас убрыкнула, — усьміхнуўся Алесь.
На бацькаўшчыне яны не сустракаліся. Алесь чуў пра Шпака і вайной чытаў ягоныя творы. У Канадзе пазнаёміліся. Спачатку Шпак трымаў пэўную адлегласьць ад гэтага, як ён меркаваў, кар’ерыста. Паступова Алесеў просты й прыяцельскі падыход, добрыя адносіны, шчырасьць і запраўдная дабрыня ягонага сэрца, ды не на апошнім месцы «помач добрага сябры» размылі ўсе запруды Шпакавай асьцярожнасьці. Пісьменьнік цяпер Алесю поўнасьцю давяраў.
— Сяньня, прабач браток, не хацелася-б пра гэта гаварыць. Шпак устаў, наліў з крану шклянку вады, выпіў і зноў сеў.
— Я ўгадаў. Нешта вам дакучае. Чаму-ж са мной не падзяліцца? Можа я памог-бы…
— Не, Алесь, ніхто не паможа мне, калі сам гэтага не палагоджу. Прашу зразумець: я вельмі цябе цаню, паважаю, ты шмат мне дапамог.
— Пра якую гэта вы помач гаворыце?
— Дай мне слова сказаць. Ведаю, што ты мне памагаў і навошта нам у жмуркі гуляць. Але цяпер, вер мне, ты ня зможаш памагчы, каб нават усе свае сілы палажыў на гэта.
— Нешта запраўды вельмі важнае і балючае, — сказаў Алесь.
— Балючае.
Настала даўгое маўчаньне. Алесь чакаў.
— Магчыма я некалі згадваў табе пра чалавека, які працаваў са мной у гатэлі, — павольна гаварыў пісьменьнік. — Перад вайной у Эстоніі ён меў высокі чын, прынамся мне так казаў. Быў шэфам дэпартамэнту ў міністэрстве адукацыі, мае навуковы тытул. Запраўды адукаваны і культурны чалавек.
— Здаецца, што вы мне раней расказвалі пра яго, — перарваў Шпака Алесь. — Чаму вы кажаце працаваў? Ці ўжо не працуе?
— Але-ж ты скачаш наперад… Паслухай, не гані. Ён працаваў са мною тры гады. Добры, сумленны, разумны, працавіты чалавек. Прыемна й карысна такога побач мець. Мне часам здавалася, што ён сваяк мой, разумееш? На пару гадоў старэйшы за мяне, страціў сям’ю падчас вайны, уцёк перад бальшавікамі. Здароўе ягонае пайшло на скон. Апроч фізычных нямогласьцяў цярпеў і маральныя. Уяві сабе як цяжка інтэлектуалу вытрымаць цяжкасьці быту, усьведамляючы, што не на тое вучыўся, каб чысьціць адходкі грашовых арыстакратаў…
— Так, так ведаю. Дык што сталася?
— Учора яго з працы выкінулі.
— Выкінулі? Чаму?
— Заснуў на працы. Я ведаў, што яму немач дакучае. Начная зьмена для яго была занадта цяжкая. Але-ж адмовілі яму на дзённую. Дык ён вось аслабеў і заснуў. Бос злавіў яго і тут-жа, нягоднік, выгнаў з працы!
— Нічога дзіўнага. У вас няма прафсаюзу, каб заступіўся?
— Няма ніякага прафсаюзу й ніхто яму не паможа. Стары амаль расплакаўся. Я памкнуўся, каб заступіцца за яго. Толькі адкрыў рот, а ты ведаеш, што мне бос на гэта?
— Няцяжка адгадаць.
— Ты. кажа, уважай! Бачыш, вунь цэлы натоўп беспрацоўных стукаецца ў дзьверы. Я зразумеў.
Наступіла цяжкое й нязручнае маўчаньне. Алесь ведаў як уквялілі старога пісьменьніка, паводле сваёй сацыяльнай пазыцыі ў гэтай краіне «вялізных магчымасьцяў» — чысьцільніка адходкаў ці прыбіральняў. Тут-жа яшчэ з шырака ўжываным ярлыком — «пракляты дыпіс». Укалолі ў сэрца, ці, як накш кажуць, задзелі за жывое і самога Алеся. Удар па чалавечай годнасьці. Новы сьвет, ура! Свабода! Вольны рынак! Адчынілі дзьверы, каб прыхінуць, даць прытулак гаротнікам, што ўцяклі ад жахлівага Гулагу. Людзі спадзяваліся, што змогуць даць у скарбніцу гэтай гасьціннай краіны свае жыцьцёвыя практычныя і навуковыя здабыткі, перасьцерагчы гэты наіўны сьвет перад надыходзячай небясьпекай… Прынялі. Шчотку й мятлу ў рукі, плястыковыя рукавіцы, дызынфэктар і парашок ды мыла — бяжыце падлогі ды адходкі мыць і чысьціць! І за гэта ім азадкі маеш цалаваць, бо вунь грамада беспрацоўных дзьверы ломіць.
— Я разважаў пра гэта, — прадаўжаў, ходзячы па пакоі Шпак, — разглядаў усякія за і супраць, стараўся зірнуць на сытуацыю зь іхнага боку. І не знайшоў апраўданьня, ці, калі хочаш, рацыянальнасьці. Чалавека паставілі тварам да сьцяны і зьвязалі яму ззаду рукі. Нічога ня мае вагі апроч тваіх мускулаў і фізычнае трываласьці. І гэтта збоку ківаецца пагражальны прывід. Разумееш? Чалавек аж дрыжыць ад самае думкі, што-б ён рабіў, калі-б апынуўся ў сытуацыі таго злашчаснага Эстонца…
— Ды гэта толькі невялікая частка цэласьці. На жаль, чалавек створаны ня толькі з касьцей ды цела, а перадусім мускулаў. А тут, як выглядае, няма месца для іншых, прынамсі ў тым асяродзьдзі, дзе я апынуўся. Што за джунгля! Цяпер можа разумееш крыху лепш тых людзей, пераважна выгнаньнікаў, — навуковых, творчых, камэрцыйных ці кроўных арыстакратаў — каторых бальшавіцкая контррэвалюцыя выплюнула на рынак парыскіх ці бэрлінскіх кэльнэраў, таксістаў, падчышчальнікаў адходных ды іншых так званых працаў, пра якія пазьней іранізавалі бальшавіцкія забойцы й будаўнікі канцлягераў сьмерці… А цяпер і многія з нас, старшыя векам, у падобнай сытуацыі, адно мы — дзеці з раськіданых гнёздаў, ніякая там кроўная арыстакрацыя, а бедныя дзеці вялікага запрыгоненага народу, якія вучыліся, каб розумам сваім і ведамі прыдбаць яму лепшы быт. І тут во — на табе! Трапілі куды, мой ты Божа! І калі згадаеш тыя вялікія спадзяваньні, якімі жылі, ступаючы на гэтую зямлю. Калі падумаеш, што можна было-б зрабіць, чым памагчы паняволеным народам, усім ім — ня толькі беларускаму, — але нават і расейскаму, бо і ён-жа таксама гэтымі махлярамі-мафіяй паняволены…
Алесь пазіраў на змораны пісьменьнікаў твар. Ведаў, што чалавек мае выгаварыцца-выспавядацца хоць перад адной спагадлівай душой. Можа тады, як людзі кажуць, удвая палягчэе. У даным выпадку Алесь уяўляў сябе нейкай губкай, што ўсосвае накопленую ў Шпакавым арганізьме горыч. Ці варта было цяпер што Шпаку гаварыць, ды, — барані Божа! — супярэчыць? Ягонае, Алесева, заданьне цяпер — тут прысутнічаць, слухаць, спагадаць. Гаеньне, калі цела ня гноіць гангрэна, патрабуе часу. А Шпак прадаўжаў.
— Я тут, — от няхай Бог будзе мне сьветкай, — ня кіруюся адно сваім эго. Я ёсьць малазначнай істотай, што некалі будзе зьмеценая з твару зямлі й ніхто ня будзе трывожыцца ці я яшчэ жыву ці ўжо адыйшоў. Гэтта йдзе пра большае: ніхто не памагае нашаму паняволенаму народу. Гэтыя людзі, каторыя тутака турбуюцца, што абжыраюцца ды маюць замнога ў трыбухах, занадта растаўсьцелі, а зь іншага боку — ніяк ня могуць зьліквідаваць беспрацоўя ды памагчы зьбяднелым і пакрыўджаным, — гэтыя людзі ніяк ня могуць падняцца вышэй узроўню сваіх правінцыяльных і парафіяльных інтарэсаў. Як-жа яны могуць запабегчы катастрофе, якая — цяпер ужо ясна, як Божы дзень відаць, — прыбліжаецца?
— Мяркую, што вы, спадар Шпак, памыляецеся, — сказаў Алесь. — Пэўне-ж, у гэтых людзей ёсьць недахопы. У каго іх няма! Каб разбудзіць і мабілізаваць на помач некаму ігнарамусаў, патрэбны час. Я шчыра веру, што працэс гэты ўжо пачаўся. Вось тут на днях, у мінулы тыдзень, у сваёй прамове да этнічнага прэсавага клюбу, лідар лібэральнае партыі падкрэсьліў важнасьць таго, каб Канадыйцы ведалі пра камуністычную пагрозу, ды сьцьвердзіў…
— Сьцьвердзіў?! — злосна сыкнуў Шпак. — Гэта-ж паслухай: падкрэсьліў і сьцьвердзіў! Дык яны адно толькі й робяць, што падкрэсьліваюць і сьцьвярджаюць!
У тым голасе зьняможанага Шпака было столькі запалу й чыстай, непрыхаванай злосьці, што ажно Алесь зьдзівіўся.
— Але што з гэтага? — прадаўжаў пісьменьнік. — Ці яны хаця маюць элемэнтарнае ўяўленьне пра род вайны, якая цяпер ідзе? Фу! Яны мяркуюць, што ніякай фактычна цяпер вайны няма. Бальшыня зь іх заблудзілася ў меркаваньнях, што будучая вайна выбухне ракетамі і атамнымі бомбамі. Мы ведаем лепш, але хто нас хоча слухаць? Меркаваньні, адкрэсьліваньні, сьвярджэньні… Так… Чаму-ж ім не прыхадзіць на нашыя зборы ды сьцьвярджаць ці падкрэсьліваць на наш лад, каб нам спадабацца ды нашыя галасы ў падтрымку пры выбарах падпрэгчы? Але-ж мы бачым і іхны іншы бок. Каб пшаніцу сваю прадаць дык яны гатовыя маскоўскія азадкі лізаць. Ці-ж мы ня бачым, як іхныя палітыкі бягуць, вочы на лоб, каб паціснуць тыранам руку?! Так, так, брат… А там ідзе мірнае суіснаваньне, палепшаньне зносінаў, меншае напружаньне і іншыя абстрактныя трасцы. А маскалі ўсё новыя народы ў свае петлі ловяць. Во табе, на! І ці-ж ты думаеш, што бальшавіцкая хэўра і гэтых нашых палітыкаў па галоўцы пагладзіць? Навошта? Сам галоўны архітэкт гэтага найбольшага ў гісторыі чалавецтва крыміналу, некалі сказаў: яны прададуць нам вяроўкі, на каторых мы іх павесім. Цьфу!
Шпак зноў закурыў. Хваляваньне выяўлялася ў ягоных нэрвовых рухах, колкіх вачох. Тое, што казаў, вылівалася згадамі набалелага сэрца.
— Калі вы мне прабачыце, — гаварыў Алесь, — дык скажу, што мне здаецца вы крыху перасольваеце, ці, як у нас казалі, дугу ў іншы бок перагінаеце. Замнога хвалюецеся…
— Хвалююся? Дугу перагінаю? Што ты вярзеш! Усхваляваны я ёсьць і не бяз прычыны. Але дугі я не перагінаю.
— Усё-ж я ня бачу прычыны для трывогі, — спакойна заключыў Якімовіч.
— Слухай, Алесь. — Шпак, падыйшоўшы блізка, глядзеў яму ўважна ў вочы, — праблема ў цябе тая, што ты даўно ўжо далучыўся да пагоні за далярамі, ці, як тут кажуць, у пацуковы гонкі ўключыўся. Гэта, вядома, ня надта шкоднае, калі яно не замінае многаму іншаму, важнейшаму ў жыцьці.
— Што-ж вы параілі-бы мне рабіць?
— Гэтае тваё пытаньне вельмі актуальнае. Усё-ж я не хацеў-бы на гэтую тэму зусім шчыра выказвацца бяручы на ўвагу ўсё тое добрае, што ты для мяне зрабіў.
— Гаварыце, калі ласка. Я вас з прыемнасьцю выслухаю і, спадзяюся, з вашых заўваг скарыстаю.
— Тое, што можаш пачуць, магчыма, ня будзе для цябе прыемным.
— Нічога. Гаварыце, я вытрымаю.
Дзесьці блізка выла пажарная сірэна. Шпак спыніўся, глядзеў у вакно празь якое відаць была вялікая рухавая нэонная рэкляма Кока-Кола дый маса меншых рэклямных і яркіх гарадзкіх вулічных сьвётлаў. Пару хвілінаў Шпак маўчаў. Алесь падазраваў, што пісьменьнік мяркуе ці варта з глыбіні выцягваць нешта ня зусім прыемнае. Ды пісьменьнік нешта вырашыў. Паважным позіркам, адвярнуўшыся ад вакна, глядзеў на Алеся. І ў гэным позірку заўважыў Алесь знаёмую яму іскру. Так, гэта такая самая аўтарытэтная іскра, якую даводзілася Алесю назіраць у вачох адказных і ўпэўненых людзей тады, калі яны выказвалі нейкія дыдактычныя мудрасьці. Гэта — чырвонае сьвятло. Яму нельга пярэчыць. Ідзі на яго, рызыкуй на сваю шкоду.
— Клопат і слабасьць твая, Алесь, у тым, што як і многія іншыя, ты ўжо зьмякчэў у вялікіх матар’яльных выгадах. Гэткія матар’яльныя выгады, як усім ведама, часта прадукуюць палітычных і ідэйных інвалідаў. Магчыма ты сам не спасьцярог як ты зьмяніўся, што цябе ўжо цяжка пазнаць. Гэта ўжо не ранейшы Алесь Якімовіч… Не. Я не гавару пра тваё сэрца і пра твае погляды. Ідзе тут пра хвальшывыя адносіны, якія часамі цяжка зразумець… Выглядае, быццам твае мазгі абрасьлі жырам, што ты наўмысна ў жыцьці адкідаеш усё больш важнае адно таму, каб не адстаць ад іншых у тэй гонцы за далярамі, у гэнай пацуковай гонцы, як тут кажуць…
— Я гэтага не заслужыў! Быццам я не памагаў! — ускочыў Алесь з дакорам у голасе. Пісьменьнік запраўды яго ўкалоў.
— Ты памагаў, ты зрабіў больш для нашай справы чымся многія іншыя, разам узятыя, — усё такім-жа ўпэўненым дыдактычным голасам прадаўжаў Шпак. — Але чаму цябе зь імі раўняць? Табе больш дадзена і ад цябе больш патрабуецца.
Што Алесь мог на гэта адказаць? Ведаў, што пісьменьніка трэба выслухаць. Ён жыў у сваім, аднаму яму даступным ды надзвычайна цікавым і пакутлівым сьвеце і вось цяпер прыйшла пара, нядрэнная нагода, каб перад гэтым «капіталістам» разладаваць сваю душу. І бяда таму, хто мог стацца аб’ектам ягонага дакору ці ганьбаваньня.
— Я казаў раней, што твой уклад у нашую справу й грамаду больш чым выдатны. Ды гэтага мала. Тваіх грошай замала, Алесь мой дарагі. Ты мусіш самога сябе пасьвяціць і ахвяраваць справе нашага вызвольнага змаганьня. Асабліва-ж апошнімі часамі ты неяк бокам, бокам… Сьвет, у якім цяпер жывеш, пэўна, цікавы, бурлівы ці імклівы, перапоўнены крыкамі захапленьня рознага маштабу гэданістаў… Ты адаптаваўся, прытарнаваўся да гэтага новага асяродзьдзя, што, здаецца, ануляваў сябе, ранейшага, зрабіўся быццам тараканом у саладусе.
— Выглядае, што ты разважаеш із сваім духовым эго і напэўна сьпяшыш запэўніць гэну істоту, што ўсё ў парадку, што ты — свайго роду цаца й што ад цябе ніхто й нічога не павінен патрабаваць. Ты напэўна ўжо пераканаў сябе, што выбраў адзіна правільны шлях і здабыў нутраны мір. Чаму-ж-бы не? Сацыяльны клімат надзіва спрыяльны, а ты-ж ёсьць адным з грамады, што намагаецца задаволіць розны матар’яльны голад, ці, накш кажучы, прагавітасьць. Адным словам, ты адзін з тых, што валочацца ўтоптанай сьцежкай, зырка назіраючы, каб падхапіць ці прыстасавацца да новых кірункаў, тутака модна ведамых social trends. Ведаеш пра што гавару…
— Але памятай, Алесь, што ты не належыш да гэтай грамады й ніколі не ўрасьцеш у яе. Няважна, колькі і як заўзята будзеш намагацца, ты ня зьліквідуеш гэтай другой істоты — духовага я ўнутры сябе. Яна будзе зьяўляцца ў тысячах відаў ці зьяваў і ўсё ў карэньні мінулага. Ты ніяк ня зможаш сябе адрэзаць ад тваёй ранейшай бацькаўшчыны й людзей. Калі я ведаю душу Беларуса, — а ты вер мне, што ведаю яе добра, — ты ня знойдзеш сховішча ці прыпынку за шчытам дастатку й выгады. Ты маеш душу, ты занадта многа перацярпеў. Духовыя дакоры ня спыняцца. Перастань сам сябе ашукваць і маскавацца.
— Ведаючы цябе, здагадваюся, што ты ці раз пра гэта думаў асабліва ў гэтым бізнэсавым гармідары. Ты ня знойдзеш палёгкі ад свае духовае істоты, што ўнутры цябе, яна ня йдзе на ніякія кампрамісы. Часамі можаш мець некаторыя ілюзіі…
Прыгнечаны Алесь маўчаў. Ясна, што Шпак трапіў у ягоную Ахілесаву пяту.
— Што-ж я мог-бы ў адказ на гэта сказаць? — схамянуўся Якімовіч. — Вы ўяўляеце мяне нейкага роду рэнэгатам, можа блудным сынам, што зь нейкай прычыны пакінуў жыцьцядайныя грудзі маткі.
— Выбач мне, Алесь. Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Гэта, выглядае, мая асабістая дэпрэсія мяне спанукнула да гэтага…
Наступіла нязручнае маўчаньне. Алесева сьветлае пачуцьцё і ўзьнёслая ўпэўненасьць, што валодала ім яшчэ ад учарашняга, дзесьці зьнікла. Гэты стары змагар, што многа перацярпеў і перанёс шмат ліха, адкрыў незагоеную рану.
— Прашу цябе, прабач, — зноў гаварыў Шпак. — Ведаеш, як я цябе цаню… Але гэта… гэтых некалькі слоў, што я сказаў, яны неяк вось тут, — разуеш, спадзяюся, — з набалелага сэрца… Можаш назваць мяне старым дурнем. Нагаманіў, а цяпер перапрашаю.
Алесь уважліва глядзеў на пісьменьніка. Як моцна ён мусіць цярпець і перажываць ды як тонка ўсё адчуваць! Які выбух, калі давялося скінуць маску і выказацца із самай глыбіні! У гэтым жыцьцём скарабачаным і фізычна аслабленым целе бурліў і пераліваўся неўтаймаваны вулькан. Цяпер Алесь слухаў лагодную пісьменьнікаву гутарку. Цяжка яна йшла, абрывалася. Неўзабаве ён пайшоў. Прыгадаў, што прыйшоў быў з намерам пагаварыць са Шпаком яшчэ пра нешта іншае, але здарылася накш. Можа калі іншым часам.