1

Час такі, — ліха на яго! — пропадам ты прападзі.

Пасьля найбольшага праліваньня крыві ў гісторыі сьвету, прыйшло жахліва небясьпечнае напружаньне.

Пасьля надта гарачае вайны — халодная.

Пасьля Гірашымы й Нагасакі — пагрозьлівыя цені будучых Чарнобыляў.

Час сьціраньня сьлядоў старых і рост новых Курапатаў: — пашырэньне й паглыбленьне Гулагу.

Паралюш і прыбліжэньне хаўтураў застойна-забойчага каманднага рэжыму.

Глум слова Божага і слугаў Ягоных. Ліквідацыя сьвятыняў Божых, разгульле бязглуздага атэізму, народжанага марксістоўскімі нікчэмнікамі. Час грандыёзнай і ўсёабдымнай хлусьні. Ліквідацыя справядлівасьці й міласэрнасьці.

Час авоськаў і вечнай галечы падбітых і запрыгоненых народаў, час неабмежаванай улады й роскашы пануючай камуністычнай партакратыі.

Наплявацельныя адносіны да ўсяго сьвятога й традыцыйнага. Вынішчэньне паняволеных народаў.

Час, калі падтрымліваны мілітарнай магутнасьцю рак марксізму-сацыялізму-камунізму, разьядае-руйнуе апошнія цьвярдыні хрысьціянства і дэмакратычных вольнясьцяў.

Гвалт і зьдзекі там, дзе мае жыць міласэрнасьць і любоў.

Час такі, пропадам прападзі!


Пацеюць гномы хлусьлівай ідэі, — «Эдысоны сьвятла новага сьвету», апантанцы «касмічнага маштабу рэвалюцыі».

І няма ні супакою, ні перадышкі.

Зьверху, быццам насланьнё: забавязаць, загадаць, запраектаваць, заплянаваць, падапхнуць, дагнаць і перагнаць, выканаць і перавыканаць, стануць на вахце здабычаў вялікай кастрычніцкай!

І гэтта-ж — абрыдлы і настырлівы акампанямэнт: «Эх, да и ухнем!»

Прыкусіўшы языкі, закасаўшы рукавы, ужо цяпер, раньнім летам пачынаюць плянаваць-барабаніць пра сьвяткаваньне саракавых угодкаў «вялікага кастрычніка».

Не павязло-ж у гэтай краіне, цьфу на яе! Насамперш здраднік Кузэнка ў Аттаве раскрыў і выдаў ворагам найбольшае гняздо выдатных савецкіх патрыётаў (шпіёнаў). Пасьля-ж нашумела й доўгі час назаляла вушы, калі барабаніла ў радыё і газэтах сваім кусьлівым прасьледаваньнем усіх прагрэсыўных сілаў «каралеўская камісія» ды іншыя спарахнелыя буржуазныя ворганы. Павывалакалі наверх усякае затхлае фашыстоўскае гнільлё ды рознае антыпрагрэсыўнае барахло.

Каб-жа адно гэта. Вунь там, удома, абгаліўшы ды зганьбіўшы наймудрэйшага ды найбуйнейшага карыфэя навукаў і бацьку ўсіх народаў, узабраўся на самы шчыт палітычны нейкі бравурна-барабанны Мікіта. Помсьлівы памаўза вылез із кукурузы. Яна, кукуруза, згодна шматгамоннага Мікіты, прывядзе сацыялізм і ўсю дружную сямейку народаў сацыялістычнае садружнасьці да запаветнае брамы камунізму. Няхай жыве кукуруза!

Мікітава вынаходлівасьць ня спынілася, як вядома, на кукурузе, але хутка перакінулася й на сусьветную арэну. Колькі-ж гэта рогату і ўцехі даў людзям новы маскоўскі гарлапан, калі ў Ню-Ёку на форуме Аб’еднаных Нацыяў чаравікам па стале прарочыў сьмерць капіталізму й перамогу савецкаму кукурузнаму ладу! Дзіва няма, што па цэлым «неабдымным саюзе» голасна буяніў пра Мікіту сьпявак Высоцкі на словы Аляксандра Гідоні:

Потом Никитушка росточком был с аршин.

Он много всяких разных дел насовершил.

При ём пахали целину,

При ём пихали на луну,

При ём достигли мы сияющих вершин.

Но в октябре яво маненечко — таво:

Тады узнали мы всю правду пра яво.

Что он Насера наградил,

Что он с три хера накрутил,

Что это в заднице свербило у яво.

Сьверб загнязьдзіўся ня толькі ў Мікіты, але і ў шматлікіх галовах розных камуністычных пазадкаў у Канадзе. Гэтта кукурузай і чаравікам па стале нічога не асягнеш. І няма калі зьдзіўляцца, рот разяўляць, што ўчарашнія хаўрусьнікі ў вайне нейкім чынам ператасаваліся ў ворагаў. Сьверб недаверу да свайго заўсёды магутнага й непамыльнага цэнтру наклюнуўся. Некаторыя сумленныя дзівакі быццам на прыманку капіталістычнае прапаганды пайшлі. Як тут непамыльную і яшчэ генэральную партыйную лінію ўтрымаць? Нагода: сьвяткаваньнем угодкаў «вялікага кастрычніка» выкаваць новую дысцыпліну, умацаваць салідарнасьць камуністычнага руху ўва ўсім сьвеце.

Гэтак загадалі. Так мае быць!

Арганізаваць ударнае сьвята «вялікага кастрычніка» — мала языкамі мянташыць. Рэкляма ў друку й радыё пажырае вялікія грошы. Даводзіцца, як і мінулымі гадамі, ляпіць плякаты й афішкі ў гарадох на вулічныя слупы й газэтныя скрыні, платы й сьметнікавыя кантэйнары. Гарадзкія законы гэта забараняюць, але тут на помач ідзе цемра й спрыт. Ня зловіць цябе паліцыя, у якой рукі й час наркаманамі й зладзеямі занятыя. Кіраўніцтва гэткай рэклямнай «кастрычніцкай апэрацыі» намазоліць добра шматлікія мазгі, каб усім сваім вялікім і малым спэцам гэтай аграмаднай сваёй распоўзлай тэрыторыяй краіны даць адпаведныя інструкцыі на тэму: дзе, калі, што і як…

Перадусім неабходна парупіцца, каб галоўная веха партыі ў краіне, «Канадыйская трыбуна», павысіла і ўзмацніла адпаведныя баявыя сыгналы. Мала таго. Яна павінна пашырыць барабаншчыну пра грандыёзныя перамогі на эканамічным фроньце ў краіне, якая, як вядома, нанесла галоўны ўдар гітлераўскаму фашызму й мілітарызму. Абавязкова павінны быць і натхняючыя матар’ялы пра няспынны імклівы рух ідэяў Маркса й Леніна ў цэлым сьвеце. Забясьпечыць матар’яламі і левую буржуазную прэсу ды радыё.

А гэтта, як на тое ліха, быццам мышы спад мятлы, павылазілі на сьвятло дзённае недабітыя ўдома і непалоўленыя «ворганамі» ў Заходняй Эўропе — хоць бальшыня зь іх апынулася пасьля вайны ў Гулагу, — «беларускія буржуазныя нацыяналісты». Гэтыя «фашыстоўскія цемрашалы» пачалі арганізавацца, знайшлі сярод Канадыйцаў новых хаўрусьнікаў. Баявое заданьне, загад зьверху: неадкладна заняцца імі!

Загрузка...