Алесь гойдаўся ў сваім крэсьле й пазіраў праз вакно пакою на вуліцу. Наняў гэты пакой у свайго сябры пасьля таго, як перастаў працаваць у Трыфты Тоні. Гэтта ён праводзіў цяпер бальшыню свайго вольнага часу. У пакоі было адно неабходнае: стол, тры плястыковыя крэслы, ложак з пасьцеляй і шуфляда. Гара кнігаў займала цэлы кут. Некаторыя зь іх — у кардонавых скрынках. Кнігі й паперы беспарадкам ляжалі й на стале.
Алесь аднойчы быў урачыста пастанавіў напісаць гісторыю свайго жыцьця. Добра папацеўшы, напісаў быў ужо тры першыя разьдзелы, а аднаго дня, у прыплыве раптоўнай злосьці, выкінуў усё тое на сьметьнік. І запраўды, хто будзе цікавіцца ягонай пісанінай? Уся тая эмацыянальная жоўць, якую выліў на паперу, — мяркаваў Якімовіч, — гэта стрэл у пустое… Цяпер-жа, пачуцьцёва здраньцьвелы, Алесь доўгі час ківаўся ў сваім крэсьле, глядзеў на вуліцу.
Мог-бы ён зусім дакладна апісаць усе тыя малыя падзеі, што там адбываліся: што суседзі робяць і ў які час, якія дзеці і зь кім гуляюць, калі паліцыя начэплівае штрафныя жоўтыя бялеты на аўтамабілі, каторыя тут ставіць можна толькі ў пэўныя абмежаваныя гарадзкім правам гадзіны. Алесь прадаў свой Олдсмабіл і большасьць грошы ўжо выдаў на ўтрыманьне. Хутка павінен знайсьці працу. Нік абяцаў, што можа ўзяць яго ў Трыфты Тоні, хоць ягоная калішняя пазыцыя была ўжо занятая. Атрымаў яшчэ пару лістоў ад маткі з просьбай, каб вяртаўся на бацькаўшчыну. Бальшавіцкая пастка. Матцы памагчы ня мог, а самому ў варожую пятлю лезьці?
Часамі запрашаў яго да сябе сусед з дому Янка Кум. Запрашалі й іншыя, але Алесь да нікога не хадзіў. З Кумам, які працаваў у вялікай фірме сельскагаспадарчых машынаў, меў добрую беларускую жонку й двое дзетак, ужо выплаціў свой мураваны двухпавярховы дом, меў аўтамабіль, Алесь мог пагаварыць пра жыцьёвыя дробязі, бо ведаў гэтага добразычлівага і стараннага чалавека, які ніколі не насіў на нікога камяня за пазухай. І Алеся ён не распытваўся пра самае найбольшае, што яго балела. Гэтак выгадна было Алесю. Высьцерагаўся тых, каторыя з задаваленьнем маглі-б вярэдзіць ягоную рану.
Часта наведваў яго Нік Лок. Апошнім часам Алесь заўважыў, што ён быццам нешта скрываў, ня мог проста глядзець Якімовічу ў вочы. Аднойчы Нік спытаўся ў Алеся, як-бы ён захаваўся, калі-б Вера раптам пастукала ў дзьверы ягонага пакою. Алесь паціснуў плячыма, ня ведаў, што адказаць.
У адзін дзень Нік тэлефанаваў да яго і спытаўся, як ягонае здароўе. Абяцаў зрабіць яму неспадзеўку сяньня-ж пасьля працы. Алесь падумаў пра нейкі чарговы Нікаў жарт, на якія ён, вынаходлівы чалавек, быў заўсёды здольны. Алесь глядзеў праз вакно. Сьнег перастаў падаць і некаторыя руплівыя суседзі ўжо чысьцілі перад сваімі дамамі ходнік. Пад’ехала таксі і Алесь бачыў як Нік вылез з аўта. Зь ім вылезла нейкая жанчына ці дзяўчына апранутая ў каштанавага колеру футра й такую-ж футраную круглую шапку. Хто-ж гэта такі? Калі яны набліжаліся, Алесь распазнаў яе. Сэрца ягонае раптоўна паскорыла свой рытм. Усхвалёваны Алесь схапіўся за цыгарэту. Ужо зьмяркалася, ён уключыў сьвятло, падгладзіў коўдру на пасьцелі, зірнуў на хаос на стале. Апусьціліся рукі. «Няхай бачыць, — падумаў, — гэта-ж во якая неспадзеўка!» Пастукалі ў дзьверы.
— Калі ласка, заходзьце!
Адчыніліся дзьверы і Нік зь дзяўчынай увайшлі ў пакой. Алесь стаяў, абапёршыся на стол і не зварухнуўся. Пільным вокам аглядаў дзяўчыну.
— Добры вечар, Ал, глядзі каго я да цябе прывёў, — голасна сказаў і ўсьміхаўся Нік, пазіраючы то на Алеся, то на Веру.
Дзяўчына агледзела пакой, зрабіла крок наперад і спынілася.
— Вера, — сказаў Алесь нізкім і напружаным тонам, — ці гэта запраўды ты?
— Я спадзявалася, што ты пра мяне не забыўся, — адказала Вера дрыготкім голасам. — Можна да цябе?
— Слухай, — зьвярнуўся Нік да Алеся, — запрашай нас сесьці. Што з табой? Хадзі, Вера, давай мне сваё пальто, сядай.
Нік узяў у Веры пальто й шапку, палажыў іх на ложак, пасадзіў яе на крэсла. Алесь не крануўся зь месца.
— Дык ты вярнулася, мая кветка, — сказаў ён голасна, быццам сам да сябе.
— Дык ты незадаволены, што яна вярнулася? Прызнайся!
Алесь уважна аглядаў дзяўчыну і быццам ня чуў таго, што сказаў Нік. Настала маўчаньне. Алесь, як выглядала, нібыта існаваў у нейкім сваім, аддалёным сьвеце. Уся ўвага ягоных вачэй была сканцэнтраваная на той, якую вось ня так даўно, яму здавалася, незваротна страціў. А цяпер аглядаў яе тут-жа ў сваім пакоі, жывую, прыгожую, румяную, і ня верыў сам сабе.
— Некалі ўдома ў майго бацькі быў сад, — пачаў ён паволі апавядаць. — Было некалькі маладых яблыняў папяровак. На гэтых маладых дрэўцах вырасталі вялікія жоўтыя, во так вялічынёй з два кулакі, яблыкі. Я надта любіў яблыкі. У суседаў сад лазіў іх латашыць ну й да сваіх стараўся, як толькі дасьпявалі, першым дабрацца. А яблыкі на папяроўцы былі такія цяжкія, што сукі ламалі, дык бацька ладзіў для іх спэцыяльныя падпоры. І вось таго лета, аглядаючы часта адну папяроўку яблыню, я спасьцярог, што ўсе цяжкія, ужо пападпіраныя яблыкі яшчэ зялёныя, хоць ужо вялікія, але адзін яблык раней пачаў жаўцець. Вось, думаю сам сабе, гэты яблык ёсьць надзвычайны прыгажун і вялізны маладзец, ён раней за ўсе іншыя чамусьці сьпее, быццам для таго, каб я яго зьеў. Пакуль бацька дабярэцца, дык я ўжо і ў рот яго! Яно так і сталася. Каб бацька ці матка ня бачылі, я раз шмыгнуў у сад, сарваў той сьпелы яблык папяроўку і як найшырэй разінуўшы рот, адкусіў вялізны пахучы кавалак яго. І тут я стануў, як акамянелы, мой рот перастаў жваць. І чаму? А таму, што зь сярэдзіны таго кавалка яблыка, больш як паловы яго, каторы трымаў у сваёй руцэ, пазіраў на мяне сваёй чорнай галавой вялізны жоўты чарвяк. І сыты-ж паразіт, каб яго пранцы! Ды яшчэ, прыгадваю, выкручваецца, быццам ізь зьдзіўленьнем на мяне глядзіць. Я так узлаваўся, выплюнуў тое з роту, і гэты кавалак, каторы ў руцэ трымаў — пад ногі! Растаптаў!
— Я, мусіць, пайду, — сказаў Нік.
— Га? Ага, як хочаш…
Нік зразумеў, што Алесь быў у нейкім іншым, яму зусім недаступным сьвеце. Нават не падзякаваў яму за тое, што Веру прывёў. Ён шмыгнуў за дзьверы.
— Ну й што ты гэтым хочаш сказаць? — спыталася Алеся Вера. Яна ўважна слухала схуднелага, мізэрнага цяпер у твары, аброслага барадой Алеся. Яна сядзела на крэсьле. Алесь падыйшоў да яе, стануў насупраць, пазіраў у вочы.
— Як гэта так? Ты нічога не зразумела? Калі я, некалі, закахаўся ў цябе, адкуль мне было ведаць, што камуністычны чарвяк-паразіт сыцее ў тваім нутры? І цяпер проста сьмешна й няверагодна: нават такая думка, барані Божа, каб мне калі ў галаву цюкнула! Ані-ні! Некаторыя з маіх суродзічаў намякалі, што такая магчымасьць можа быць, яй-Богу! Што за дурань, асьлеплены каханьнем дурань зь мяне быў!
Вера схіліла галаву й ледзь стрымлівала сьлёзы.
— Дык чаго-ж маўчыш? — пытаўся ў яе Алесь.
— Алесь, мілы мой, мне прыкра, што так сталася. За тое, што я зрабіла, няма прабачэньня. Усё-ж я спадзявалася, што выслухаеш мяне, таму й прыехала…
Цяпер яна падняла галаву, і Алесь спасьцярог там сьлёзы.
— Выслухаю што, Вера? Ты мне раскажаш, якім вялікім ідэалістам ты была, як памагала ім пхаць той увесь сьвет да рэвалюцыі, ды як Мікіта кукурузьнік адчыніў табе вочы? Што ты новага можаш мне сказаць, Вера?
Голас Алесеў войстры, як брытва. У вачох — маланкі. Ледзь стрымліваўся, каб «кветку» за горла не схапіць. Колькі-ж кіпені ў сэрцы!
— Алесь, дарагі мой, я вярнулася па сваёй волі, спадзявалася, што выслухаеш мяне. Я меркавала, што ў цябе на столькі хопіць цярплівасьці, калі ўжо не пашаны да мяне…
— Добра, дзяўчына, окэй, расказвай. Пачынай. Ды даволі мяне зводзіць. Высьцерагайся гэтага. Няхай гэта будзе запраўды нешта важнае, бо…
— Ал, ты запраўды ніколі не даведаўся адкуль я паходжу, пра маіх бацькоў і маё дзяцінства нічога ня ведаеш. Калі раскажу табе, можа зразумееш…
— Я слухаю.
— Калі я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, тут быў вялікі эканамічны крызіс. Ты пра яго чуў. Мой бацька быў бяз працы й ня было за што пражыць. Гэтаксама цярпела маса іншых. Страшная сытуацыя. Беспрацоўныя дэманстравалі, а паліцыя біла іх, разганяла бізунамі, цкавала сабакамі… наяжджала на іх коньмі. Я помню адну такую сцэну і я яе не забудуся да канца жыцьця. Было многа людзей, былі жанчыны й дзеці ў мястэчку, паліцыя разганяла дэманстрацыю рабочых. Пачалося ад крыку й кіданьня каменьнямі, а кончылася тым, што коньмі наляцелі на людзей і забілі тады, у ліку іншых, майго бацьку. Ты зразумей, што я тады была малой дзяўчынкай, мая маці трымала мяне ў сваіх руках. Калі бацьку забілі, яна была самлела, а мяне, — пасьля казалі, — людзі выратавалі спад конскіх капытоў. Маю матку ледзь аднялі ад бацькі мёртвага ўжо. Пасьля ўсіх гэтых гадоў я памятаю яго, зьбітага, што ўміраў на руках маёй маткі. І маёй матцы нядоўга асталося было жыць, за год і яна адыйшла пад ударам сэрца. Я асталася сама на гэтым сьвеце, маленькая сірата. Можаш сабе ўявіць якое мяне чакала жыцьцё. Мне памаглі добрыя людзі. Гэтак мне тады здавалася. Мясцовы рабочы клюб, як я пасьля дый запозна гэта зразумела, памагаў мне не таму, што быў натхнёны духам Самарытаніна… Людзі з таго клюбу мне ня толькі мінімальна памагалі, але мяне і выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў. З палітычных меркаваньняў яны з майго бацькі зрабілі вялікага змагара, проста мучаніка за камуністычныя ідэалы. І для добрых людзей я быццам напамінала пра тое зло, якое капіталістычны ўрад зрабіў бедным і беспрацоўным людзём. Людзі гаварылі мне, часта прыпаміналі мне, што гэта ўрад мяне сіратой зрабіў. Я да гэтага прывыкла. І ведаеш што? Тая рэкляма, якую рабілі мне, як дачцэ вялікага змагара за справу працоўных, нават спадабалася мне. Такая, відаць, нікчэмная людзкая натура… Калі я падрасла, працавала ў рабочым клюбе ў Балтаве. Казалі, што я добрая і пільная работніца. Прыйшла навука. Я чытала, што мне давалі. Ты ведаеш іхную літаратуру, ты павінен ведаць… Яны мелі школьную праграму па суботах і нядзелях. Я навучылася чытаць і пісаць парасейску, а ад людзей яшчэ ведала і пабеларуску. Чытала многа савецкай літаратуры, пераважна Максіма Горкага. Яны, мусіць, лічылі мяне добрым матар’ялам бо нават далі магчымасьць у Савецкі Саюз зьезьдзіць.
Алесь усеўся на крэсьле насупраць Веры і ўважна прыглядаўся ейнаму твару й вачом, калі яна прадаўжала расказваць. Ня было сумлеваў у Алеся. Дзяўчына гаварыла шчыра і, магчыма, хацела цяпер перад ім выспавядацца, ці прынамсі выказацца пра некаторыя свае памылкі ў мінулым.
— Ты езьдзіла ў Савецкі Саюз? — перапытаўся ён Веру.
— Так, езьдзіла ў складзе зарганізаванай імі групы. Я табе не казала пра гэта?
— Не, не казала.
— Дык вось там яны проста паказвалі нам тыя вядомыя пацёмкінскія вёскі. Праўда, многа гаварылі пра гэройства савецкага народу, каторы перамог гітлераўскі фашызм і так далей. Ты ведаеш іхную прапаганду. Пасьля таго, як Хрушчоў выкрыў Сталіна, у нас зьявіліся іншыя думкі і пра камуністычную ўладу і пра іхных правадыроў — тую мафію, каторая сядзіць на вярхушцы. Нарадзіўся недавер да іх. Але ў сваёй далейшай працы тут у іхным клюбе ў Канадзе мае сумлевы яшчэ не перашкаджалі. Тая зьвязанасьць зь імі ад маленства, ды тая шыльда для майго забітага ў абароне працоўных бацькі, — гэта не магло прайсьці бясьсьледна. А скажы, Алесь, што-бы ты рабіў, каб быў на маім месцы?
Алесь не адказаў.
— Пасьля яны папрасілі мяне, каб я пераехала ў Радфорд. Відаць, што мне давяралі і лічылі мяне добрым работнікам.
— Цябе напэўна яны лічылі ўдарнікам, бо выслалі сюды, каб даносіла на нас?
— Не. Яны нічога такога мне не казалі. Абяцалі, што буду працаваць тут у клюбе побач із сваёй рэгулярнай нейкай працай у нейкай канторы. Ды пасьля ўжо іншае сталася.
— Я бачу. І ты даносіла на Антона Шпака?
— Я расказвала пра яго Капшуну.
— Хто такі той Капшун? Той, што цябе прыслаў да нас?
— Так.
— Хто яшчэ?
— Ягоная памочніца Ніна Ляскін, — ты яе знаеш. Жыла я зь ёй на кватэры.
— Я мусіў-бы даўно дагадацца пра гэную нягодніцу. Скажы мне, Вера, ці ты гатовая злажыць усе гэтыя прызнаньні паліцыі?
— Навошта?
— Каб знайсьці забойцу Антона Шпака.
Вера адказала не адразу. Думала.
— Ты мяркуеш, што гэта яны, значыцца Капшун і Ляскін Ніна?
— А як ты, Вера, мяркуеш? Ты даносіла таму Капшуну на Шпака. Бачылі два рыбакі над ракою, што ад таго месца, дзе Шпак ляжаў забіты, уцякаў у лясную трушчобу нейкі чалавек. Нехта-ж таго чалавека падаслаў… Усе сьляды вядуць да людзей, якія цябе прыслалі, каб на нас даносіць. А чаму ты думаеш, змусілі маю старэнькую матку, каб прынагляла мяне ехаць дадому? Чаму? Бачыш — прэсія на нас з усіх бакоў… І галоўнага ды найбольш выдатнага нашага пісьменьніка яны замардавалі. Ты ім гэта памагла зрабіць…
— Я? Алесь, даражэнькі, я ня ведала нічога пра гэта…
— Ты наіўная. Яны цябе выкарысталі. Ды я цяпер прашу толькі памагчы нам, каб выявіць тых людзей зь іхнага кодла, а там ужо паліцыя разматае клубок і забойцу Шпака знойдуць. Паможаш, Вера?
— Добра, памагу.
— І падасі паліцыі прозьвішчы ўсіх тых людзей, каторыя давалі табе інструкцыі і падаслалі да нас, і каторым ты даносіла на мяне й на Шпака?
— Окэй.
— Хочацца табе верыць, але…
— Алесь, я спадзяюся, што ты паверыш мне. Я-ж сама вярнулася да цябе, — ускочыла дзяўчына з крэсла. Устаў і Алесь. — Я-ж цябе кахаю!
— Мне здаецца, што я пачынаю разумець цябе, дарагая мая, — адыйшоўся Алесь да вакна. — Ты ёсьць дачка камуністычнага гэроя. Я тут не перагінаю дугі. Магчыма нават, што твой бацька ніколі, як сьлед, не разумеў камунізму. Ён быў звычайны добры Беларус, каторы паехаў у чужую краіну шукаць дабрабыту для сябе і сям’і. Беспрацоўны і галодны чалавек выпадкова апынуўся ў дэманстрацыі за правы працоўных на перадавой лініі. Выпадкова ці наўмысна яго забілі. Кропка. Так, напэўна, здарылася. Але-ж камуністам патрэбныя былі гэроі. Бацьку на перадавую лінію выпхнула бяда, а камуністы там завіхаліся для сваіх палітычных мэтаў. Шляхі, як казаў той, зьбегліся. Забілі бацьку, а год пасьля, зь вялікага гора адыйшла матка. Асталася сірата, дачка гэроя, што змагаўся за рабочых і быццам за камуністаў. Дык камуністы-ж мусілі цябе выкарыстаць. Ты была для іх вялікім прапагандовым капіталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных і галодных канадыйскіх рабочых з камуністамі пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Маніпулявалі табой наёмнікі Масквы, фашысты і забойцы ня меншыя за гітлераўскіх… Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.
— Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што маці пісала да цябе?
— Так, пісала. Пад дыктоўку бальшавіцкіх палітрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў іхныя рукі, каб замардаваць і мяне.
— І што ты надумаўся рабіць?
— Я не магу маткі выратаваць. Яна ў іхных руках, як заложніца. Яны хочуць мяне прынадзіць голасам маткі, каб вярнуўся ў іхныя лапы. Матку вельмі шкадую і прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калі бацькаўшчыну ў часе вайны пакідаў. Але-ж яна не хацела йсьці, мяне намаўляла, каб дома астаўся… Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскія чырвоныя фашысты насілуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мільёнамі запрыгоненых нашых суродзічаў, а тут на эміграцыі выкарыстоўваюць такіх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!
Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавісьці. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымі вачмі — змарнелы, худы, мізэрны цень таго калішняга, — вясёлага, агрэсыўнага і адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькі разоў трымала ў абдымках. І цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведаміла, як шкадавала і кахала яго і якімі недарэчнымі шляхамі дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палітычныя сыстэмы прывялі і Алеся, і яе ў небясьпечны тупік. І выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупіка, пэўне-ж, можна толькі любоўю, міласэрнасьцю і абавязкава супольнымі сіламі.
— Алесь, дарагі мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца баліць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабіла. Ці ты можаш мне выбачыць? Ці дазволіш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзіцца, памагчы табе…
Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьніўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.
— Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такія словы з вуснаў тваіх. Я такі задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкі й прыгажосьці.
Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.
— Шшшшшшш! Маўчы!
Яны застылі ў доўгім пацалунку, забыўшыся пра сьвет.
— Ты-ж, мая кветка, не сказала мне, што ты рабіла й дзе была.
Алесь заглянуў у ейныя вочы-чараўніцы, якія, здавалася яму, неяк пасьмялелі ад таго часу, калі яе бачыў перад тымі тайнымі ўцёкамі. Але цяпер Вера, здалося яму, неяк зьбянтэжылася, можа ня ведала што яму адказаць.
— Раскажу табе неяк пасьля пра гэта. Доўгая гісторыя.
— Усё-ж ты, відаць, даволі спрытная, бо цябе нават паліцыя не магла знайсьці.
— Можа я больш спрытная, чымся ты думаў, — падміргнуўшы Алесю, жартавала Вера. — А калі ў тую паліцыю пойдзем?
— Могуць да заўтра пачакаць. Я цяпер такі задаволены што камуністы цябе не накрылі.
— А яны шукалі?
— Шукалі, вядома. Цяпер мусім адразу прыняць меры, каб яны табе не адпомсьцілі за тое, што сьветчыць маеш. Але пра гэта будзем разважаць пазьней. Цяпер-жа давай свае цудоўныя вусенкі па каторых я так зажурыўся.
У гэным гарачым абдымку новай энэргіяй і радасьцю запульсавалі два сэрцы. Сіла каханьня, нарэшце, перакрочыла апошнюю мяжу, каб зьліць іх у адно цела.