23

Рэсорт Пайн Рыдж разьмясьціўся на лагоднай абшырнай пахіласьці ў суседзтве вялікае пушчы, што паглынула пятнаццатую шашу ў адлегласьці трох гадзінаў язды на паўночны ўсход ад Радфарду. Галоўны будынак з прыгожых круглых бярвеньняў хвоі, із цыркулярным пад’ездам на фроньце, кветкамі й кусьцікамі абсаджаны, з боку роўнай зелянінай прыгожа стрыжанай травы, разьмяшчаў кантору, сьвятліцу й рэстаран. Якіх сотню крокаў воддаль, бліжэй дарогі была бензінная стаянка. За рэстаранам, у сасновым бары відаць было некалькі катэджаў. Некаторыя зь іх мелі па дзьве спальні, былі абсталяваныя вадой і электрычным аграваньнем, мелі амаль усе гарадзкія выгады. Катэджы спалучалі вымашчаныя пабітым каменьнем сьцежкі. Бліжэй рэстарану, ззаду за ім, на даволі вялікім і добра дагледжаным траўніку, стаяла некалькі пікнікавых сталоў.

Нейкага паўкілямэтра ў глыб пушчы рака Пома гнала свае чыстыя крынічныя воды праз завалы каменьня й валуноў, гнілыя пні дрэваў, жывое карэньне. Шпаркі ток стрымліваў бег ля крутых паваротаў, падмываў вязы, клёны й хвоі. У большых глыбінах ля берагоў шнырыла фарэль. Водыр і гамана пушчы дапаўнялася тужлівым і надта выразным працяжным кліканьнем-гукам люнанурца, — птушкі гусінай вялічыні, што бытуе ў тутэйшых вазёрах. Гэта ад яе, як кажуць мясцовыя людзі, — пачынаецца прырода канадыйскай поўначы. Галоўнымі ворагамі рыбакоў былі тут чорныя мушкі й камары. Ад гэтай заедзі ратаваліся ўсялякім мазямі й вадкасьцямі, каторыя рыхтавалі за шчодры фінансавы здабытак розныя хімічныя фірмы.

У галоўнай сьвятліцы Пайн Рыдж рэсорту на сьцянах віселі розныя павялічаныя здымкі вялікіх рыбакоў і вялікае рыбы. Тэрмін «вялікі» мае гэтта адноснае значэньне, паколькі, як усім рыбаком ведама, спалучаецца ён нярэдка зь іншым надта непахвальным словам. І вялікія рыбакі на здымках, што віселі на сьценах сьвятліцы Пайн Рыджу — запраўдныя шчасьлівыя чэмпіёны немалога маштабу, із шчодрымі ўсьмешкамі на тварах. Яны фарсілі на паказ вялікімі рыбамі фарэлямі, якіх быццам злавілі ў рацэ Пома. Скептыкі падказвалі, што здымкі гэныя маглі быць купленыя ў адпаведных дзялкоў з глыбінаў турыстычных прадпрыемстваў.

Антон Шпак да такіх скептыкаў не належаў. Ён прайшоўся па беразе ракі, спрактыкаваным вокам асьцярожна й мэтадычна агледзеў зямлю, каменьне, ашанцаваў бег вады, намагаўся вызначыць месцы магчымых схованак фарэлі. Пасьля такога, даволі блізкага агляду, пісьменьнік мяркаваў, што рыбы, якімі афішаваліся задаволеныя ўсьмешкамі рыбакі на здымках у сьвятліцы, запраўды маглі быць тут злоўленыя.

Антон Шпак залічаў сябе да старых і спрактыкаваных рыбакоў. Яшчэ на бацькаўшчыне, калі быў настаўнікам, падчас летніх канікулаў зьведаў ня толькі Нёман, Вяльлю й Дзьвіну, але ўпадабаў быў і шматлікія вазёры, асабліва Нарач і многія з цудоўнай Браслаўшчыны. Шпаковымі ўловамі маглі-б ганарыцца шматлікія рыбакі. Ён вывучаў рыбную прыроду, пазнаваў найбольш плённыя месцы для вудачкі. Быў у Шпака й галоўны інтарэс. Як пісьменьнік і журналіст, ён няспынна цікавіўся людзьмі, знаходзіў адзінкі, што пасьля ўзбагачалі мастацкія творы.

Лоўля рыбы для Антона Шпака была бальзамам душы, суцэльным адпачынкам. Калі ты намагаешся прынадзіць і злавіць якую прыгожую, што вырасла й дасьпела ў вадзе, цацу, мозг твой — у гэтым ня было сумлеваў, — поўнасьцю адпачываў. Ты акунаўся ў іншы сьвет. Яго трэба было ведаць. Закрыты і ўзвышаны, быццам плянаваны, але й заўсёды нязьведаны, ён запэўніваў чалавеку поўную духовую раўнавагу. Шматлікія рыбакі зьведалі сілу ягоных гоючых якасьцяў.

Бязьмежнай была Шпакава радасьць калі атрымаў працу ў рэсорце Пайн Рыдж. Разгледзеўся, аж узрушыўся з задаваленьня. Заданьне ягонае — догляд траўнікаў, кветнікаў, часамі абслуга бензіннае помпы або помач на кухні. Апроч харчоў і кватэры абяцалі скромную плату. Пісьменьнік гэтым не турбаваўся. За грашмі ніколі ня гнаўся. Праца начамі ў тым гарадзкім гатэлі адбірала сілы й здароўе. Тут ня было гарадзкога шуму, наглага дзяжурнага гадзіньніка, цяжкое задушлівае атмасфэры, ніякага сьпеху. Чыстае й здаровае паветра, жыцьцядайнае дыханьне прыроды. А ягоныя абавязкі здаваліся Шпаку дзіцячымі гульнямі. Больш таго, ён мог закінуць вудачку раніцай, а іншы раз і пад вечар. Гэткую магчымасьць пісьменьнік найбольш цаніў.

Уласьнікам Пайн Рыдж быў Пол, старшы брат Нік Лока, чалавек у сярэдзіне саракавых гадоў векам. Спадабаўся яму паважны й разважлівы Антон Шпак, а жартаўлівы й шустры ўласьнік ня мог не спадабацца пісьменьніку. Пол часта адлучаўся па бізнэсавых справах, а ягоная маладая й дынамічная жонка Нора трымала сваю руку на пульсе Пайн Рыдж. Дзьве асобы працавалі ў кухні й рэстаране, а малады хлапец Боб загадваў бензіннай помпай і абслугоўваў аўтамабілі.

Надвор’е спрыяла адпачынку й напоўніла рэсорт людзьмі. Рэстаран алькаголю не прадаваў, але ўласьнікі не пярэчылі калі хто прывозіў яго для прыватнага ўжытку ў свой катэдж. Адпачывалі тут людзі нябедныя, што маглі сабе пазволіць на даволі кусьлівыя цэны. Некаторыя зь іх лавілі рыбу, іншыя езьдзілі на кілямэтраў пяць адлеглае адсюль возера Лада, дзе можна было паезьдзіць лодкамі, лавіць вазёрную рыбу, загараць на пляжы. Былі-ж і такія, што любілі адпачываць у цяньку на шэзлонгах, або папахадзіць па пушчы й сачыць птушак ці гуляць у тэніс.

Два тыдні пасьля Шпакавага пераезду, зьявіўся Алесь. Правялі разам цэлы вечар. Дзяцюк заўважыў, што пісьменьнік быццам ачуняў ад нейкае ўдушлівасьці, павесялеў, папаўнеў у твары. Пры шклянцы брэнды, якую Алесь прывёз, Шпак гаварыў пра свае заняткі, пісаніну. Не плянаваў тымчасам нічога большага, адно артыкулы ў сувязі з так званай соцрэалістычнай падсавецкай беларускай літаратурай. Дзесьці ў будучыні пісьменьнік абяцаў заняцца апавяданьнямі. Назаўтра раніцай, за рулём аўтамабіля па дарозе назад у горад, Алесь быў задаволены, што так удала ўладзіў пісьменьніка. Быццам адплылі некуды далёка і свае турботы ў сувязі зь дзяўчынай і іншымі справамі бізнэсавай працы.

Загрузка...