18

Пасьля паўдня ў тойсамы дзень, калі Шпака выкінулі з працы, Ніна Ляскін тэлефанавала Капшуну. Яна карысталася тэлефонам з публічнай будкі. Наагул, згодна кансьпірацыйных правілаў, ёй было дазволена тэлефанаваць у выключных выпадках. Сяньня Ніна мела іншыя пляны на вечар, але Капшуна не жадала бачыць у сваім памешканьні ў прысутнасьці Веры, якая магла-б пачуць нешта, што ёй не належалася. А адкладаць такую важную для Капшуна навіну Ніна не магла.

— Маю добрую навіну, — казала яна ў трубку, калі адазваўся Капшун. — Шпака звольнілі з працы. Ліо казаў мне, што крышку трэба было падмазаць, каб паслухаў.

— Маладзец ты, дзеўка! Я ўжо нямношка беспакоіўся…

— Грыша, як ты мог! — дакарала Ніна. — Я-ж табе казала, што слова датрымаю.

— Ведаю…

— Ці я цябе калі падвяла?

— Было пару разоў…

— Разумею. Ну ведаеш, не спадзявайся, што кажны раз, як толькі пальчыкам кіўнеш, то да цябе зараз у абдымкі пабягу.

— Я-ж многа не вымагаю, а ты гэтае дабро на рынак не панясеш, Ніначка…

— Уважай ты, прагавіты, калі хочаш каб наша справа добра ішла.

— Магу цябе сяньня вечарам пабачыць?

— Нет, ніяк…

— Чаму?

— Мая субкватарантка будзе дома.

— Ну ладна ты, языкаватая красавіца, не хачу цябе гнявіць. Цяпер-жа пра гэтага пісаку… Я забясьпечыў яго адпаведнай літаратурай. Ён павінен быў яе ўжо атрымаць.

— Думаеш, што табе ўдасца яго зламаць?

— Спрабую. Стары нягоднік павінен мець свае слабасьці. Калі зломім, — добра, калі-ж не, — тады…

— Тады што?

— Можна будзе нешта больш радыкальнае.

— Ты думаеш пра «настаяшчую абработку»?

— Казаў-жа табе некалі, што не раблю на сваю руку. Трэба будзе зь кім-небудзь параіцца…

Ніна Ляскін дагадвалася на каго Грыша намякаў. Здавалася ёй, што Капшун і той «нехта» выконваюць заданьні з самага верху. Яе спэцыяльная пазыцыя — многія кантакты на працы й вонках яе — спрыяла «дзелу».

— А як адносна дзяўчыны? — пытаўся Капшун.

— Нічога, усё ў парадку. Яна такая нямношка засьценчывая, праводзіць час з тым Якімовічам. Рэдка расказвае мне пра што яны гавораць.

— Можа быць элемэнт небясьпекі, калі-б яна ўтрэскалася…

— Яна ненадзейная?

— Была окэй. Заўсёды трэба вока дзяржаць на непрадбачаным. Разумееш?

— Буду старацца.

— Што я маю асабліва на думцы… Сьлядзі за зьменамі ў яе паводзінах. Калі што, ведаеш…

— Мяркую, што так.

— Чаму-б табе не заглянуць да мяне сягоньня? Або можа дзесьці спаткаемся?

— Прабач, не магу.

— Штосьці важнае замінае?

— Для мяне важнае. Пацярпі.

— Ты заслужыла яшчэ на адзін пацалунак за тое, што вытурыла з працы таго нягодніка. Я затрымаю яго для цябе…

— Затрымай для сваёй цешчы, любоўнік!

— Ну, не…

— Бывай. І паведамі мяне, калі цябе запраўды прыпрэ.

— Ты цынік!

Ніна павесіла трубку. Грыша напэўна дадумаўся, што яна сяньня мае сустрэцца зь іншым. І калі яна зажадае мець Грышу, ён будзе там, дзе бывае заўсёды.

Загрузка...