Цэлы дзень Алесь намагаўся бліжэй прыгледзіцца сваёй новай тэрыторыі, пазнаць людзей, выявіць карэньне Станлевай няўдачы ды заплянаваць некаторыя зьмены. Ужо на схілку працоўнага дня ён паклікаў, для гутаркі, Веру Мак. Зьявілася яна ў невялікай канторы ў куце другога паверху. Стол із шуплядкамі, побач тры крэслы, на стале тэлефон і стос рэклямнага матар’ялу — вось галоўнае, што цяпер Алесь назваў сваім камандным пастом. У куце, на вешалках вісела некалькі штук жаночае вопраткі.
— Калі ласка, заходзь і сядай, — сказаў Алесь дзяўчыне, калі тая адчыніла дзьверы.
Некалькі хвілін трывала маўчаньне. Алесь паволі і ўважна прыкурваў цыгару, увесь час аглядаючы дзяўчыну. У ейных вачох, апроч зацікаўленьня, прытаілася й яшчэ нешта. Давялося Алесю раней глядзець у шмат якія вочы — прыказачнаелюстэрка душы, — намагацца разгадаць душу ўласьніка. Гэтта перад ім нешта зусім, здавалася, загадкавае. Варта, відаць, пачынаць ад казённых ці ўрадавых пытаньняў.
— Мне сказалі, што ты тут новая…
— Так, я пачала працаваць чатыры дні назад.
— Называешся Вера Мак?
— Так.
— Дык вось што, міс Мак, у нас ёсьць нешта агульнае, — усьміхнуўся Алесь.
— Што такое?
— Мы маем новыя работы.
— А, гэта… Віншую вас, містар Якімовіч, — усьміхнулася дзяўчына. Алесю падабалася ейная стрыманая ўсьмешка. На шчоках зьявіліся дзьве ледзь заўважныя ямачкі, а на твары і ў вачох — абяцаньне добрых адносінаў.
— Дзякую. Ці я маю вас таксама віншаваць, міс Мак?
— Прашу не жартаваць. Гэта нясьмелы першы крок.
— А дзе працавала раней?
— У бальшыні ў канторах капальняў на поўначы. Я пра гэта ў маёй заяве напісала.
— Добра. Але я яшчэ ня меў часу туды заглянуць. Цяпер-жа, калі маеш да мяне якія пытаньні, калі ласка.
— Я хачу распачаць працу із добрай арыентацыяй, — казала дзяўчына. — Цікавіць мяне, як Трыфты Тоні апэруе… Тут, як бачу, заўсёды поўна людзей, дзьверы ламаюць у той час, як некаторыя іншыя крамы падобнага профілю амаль пустыя. Я хацела-б…
— Ведаеце, — сказаў Алесь, зацягнуўшыся дымам цыгары, — гэта ня ёсьць ніякім сакрэтам. Умеем прапанавацьлюдзям патрэбныя ім тавары ў даступных ім цэнах. Важнымі ёсьць і шмат апэрацыйных дэталяў, асабліва рэклямы. Калі будзеце ўважна й аддана працаваць у нашай хутка растучай кампаніі, дык па нітачцы да галоўнага клубочка дабярэцеся.
— Дзякую вельмі, — сказала дзяўчына.
Алесь ня спускаў вачэй зь ейнага твару. Бачыў там пэўнасьць і сьціпласьць, якраз тое, што выклікае да чалавека давер.
— Жадаю, каб вы правільна мяне зразумелі, — гаварыў Алесь. — Выглядае, што маеце добрую адукацыю і калі будзеце старацца працаваць, посьпехі вас не абмінуць. Цяпер пра гэты самы бізнэс… Апэрацыя на прынцыпе прынады, так сказаць. Выдаём нямала грошай на рэкляму. Кажны дзень маем некалькі тавараў, якія называем «дар дня» або «адчыненыя дзьверы». Яны ідуць у рух за зусім нікчэмныя цэны. Ствараюць адразу-ж раніцай вялікую чаргу. Такім чынам прынаджваем людзей і напаўняем краму.
На кажным паверсе і ў кажным дэпартамэньце ёсьць гэта званыя «імпулс айтэмс» — патрэбныя кажнаму тавары, па якія хаця-нехаця выцягнецца кажная рука, асабліва калі цана нізкая. Аднак-жа, каб дайсьці да тых «імпулсаў», якія таксама разрэклямаваныя і знаходзяцца ў стратэгічных месцах, падарозе сустрэнеш тавары, што ідуць больш марудна. Каротка гаворачы, усё можна падсумаваць так: прынаджвай людзей да дзьвярэй, як найхутчэй напоўні імі краму; зноў-жа іншымі прынаднымі і неабходнымі таварамі ці зьніжанымі цэнамі розных распродажаў зьмякчы іхнае супраціўленьне, завайстры іхны апэтыт, ашаламі колерам і вялікім выбарам. Такім чынам касы твае засьпяваюць звонам манетаў.
Нашае заданьне ўнутры, вядома, памагаць купляньнікам. Усе гешэфты фінальныя. Няма вымены ці звароту грошай. Таму якраз наш кошт абслугі і адміністрацыі належыць да найніжэйшых у бізнэсе. Вялікі і хуткі тавараабарот ліквідуе павышаньне цэнаў і прыносіць нам патрэбны працэнт даходу. Будзеш старацца працаваць, дык тваё пільнае вока заўважыць шмат чаго цікавага, хутка спанатрыш што трэба.
— Я-ж, як вам ведама, дагэтуль сэйлс клеркам (прадаўшчыцай) не працавала ніколі, — сказала Вера.
— Табе тут падабаецца? — спытаўся ў яе Алесь.
— Вялікая зьмена ў параўнаньні з тым месцам, дзе я была.
— Раю табе трымацца напагатове. Наш Трыфты Тоні, гэта значыць Давід Зэлман мае зыркае вока. Ён сам надзвычайна энэргічны чалавек і любіць жвавых, бадзёрых людзей.
Дзяўчына слухала надта ўважна. Алесю чамусьці не хапала ахвоты гаварыць зь ёю пра бізнэс. Ён ужо ўяўляў яе ў сваіх абдымках, заслуханую ў розную салодкую трасянку, што выклікае на гэтым прывабным абліччы гарэзьлівую ўсьмешку. Алесь добра яшчэ не пазнаў яе, але ўжо падазраваў, што суадносіны між імі некалі пяройдуць афіцыйную бізнэсавую штодзённую мяжу.
— Я папрашу Мэры, наглядчыцу на тваім паверсе, каб вытлумачыла табе ўсю рэшту. Цяпер скажы мне, калі ласка, міс Мак, дзе такія прыгожыя дзяўчаты, як ты, гадуюцца, гэта значыць адкуль ты ўзялася?
Дзяўчо пачырванела і першы раз у ейных вялікіх круглых прамяністых вачох Алесь заўважыў быццам іскру перасьцярогі: уважай, воўк на гарызоньце!
— Я паходжу з гораду капальняў на поўначы… Чулі вы калі пра Балтаву?
— Здаецца, што не. Але будзем знаёмымі, — усьміхнуўся Алесь. — Хтосьці мне сказаў, што твае бацькі ёсьць ці былі маймі суродзічамі.
— Я пра гэта памятаю. Мае бацькі зь Беларусі, але я мала ведаю пра іхную краіну.
Алесю ў гэны час мільганула ў галаве думка, каб тут-жа пераключыцца на беларускую мову. Вырашыў гэта зрабіць пры іншай нагодзе.
— Гэта надзвычайна цікава, — гаварыў ён. — Можна сказаць, што мы радня, бо паходзім з аднаго карэньня. Што-ж такога ты ведаеш пра Беларусь?
— Я сёе-тое чытала пра яе, бачыла савецкія фільмы й люблю надта сяброўскіх і мілых людзей, каторыя адтуль.
— Уключна са мной, спадзяюся?
— Пачынаючы ад учарашняга.
— Ага, ну так…
— Дарэчы, ці знайшлі вы адпаведны ліфчык для вашай радні?
— Яшчэ шукаю. Магу спадзявацца на вашу помач?
— Я да вашых паслуг.
— Дзе тваё пальто? Ідзі вазьмі.
— А навошта?
— Запрашаю цябе голад замарыць.
— Добра.
— Любіш сіняе? — спытаўся Алесь у Веры, калі яна вярнулася зь сінім пальтом.
— Так, люблю. Куды ідзём?
— Перш ідзём да майго аўта. Пасьля едзем.
— Дык навошта ехаць, калі вось тут пераз вуліцу ёсьць рэстараны. І танна…
— Нонсэнс, заедзем некуды ў лепшае.
Узяў яе за руку і ўжо ўнізу адчыніў ёй дзьверы, пасадзіў у Олдсмабіл, дарагое аўта, якое летась атрымаў як падарак за пільную працу ад Трыфты Тоні.
— Не супраціўляйся, будзь добрай дзяўчынай, а я буду добрым хлопцам. Згода?
— Згода, чаму-ж не.
Дзяўчына ўсьміхнулася. Алесь уважна пазіраў на яе. Што за загадка? Прыгожая. Яна ў любой грамадзе дзяўчат трапіць кажнаму на вока. Магчыма, магла мець ужо тузін бойфрэндаў. Пра гэта трэба будзе разьведаць. Паволі, асьцярожна, — мяркаваў Алесь, уліваючыся сваім лёгка пырхаючым Олдсмабілем у шырокі вулічны паток машынаў. Захмаранае неба на захадзе перасякалі залатыя разгалінаваныя маланкі.
У адносінах да дзяўчат Алесь меў, можна сказаць, набітую руку. Хутка распазнаваў тых, што палявалі на лёгкае жыцьцё, намагаўся трымацца воддаль ад іх. Але вось гэтта побач яго зусім нейкі асаблівы, можна сказаць, экспанат. Прыгажосьць, сьціпласьць. У вачох пробліск спрыту й розуму. Пачыналася — Алесь адчуваў гэта — падарожжа па нейкай замінаванай тэрыторыі.