26

Прыехалі ў рэсорт Пайн Рыдж пасьля паўдня. Парыла, заносілася на буру. Алесь шкадаваў, што ня ўставіў у свой Олдсмабіл ахаладжальніка. Як толькі паставілі аўтамашыну, Алесь запрасіў Веру ў рэстаран.

— Глянь, гэта-ж цудоўнае месца! — усклікнула захопленая дзяўчына. — І чым тут людзі займаюцца?

— Яны зарабляюць на жыцьцё растратай сваіх грошай, — адказаў дзяцюк.

— Гэта надзвычайны занятак, толькі грошы трэба мець.

У рэстаране было няшмат людзей. Алесь разгледзеўся, прывітаўся са знаёмымі. Селі за стол у куце.

— Замовіш мне вялікую місу марожанага, а я пайду асьвяжыцца, — устала Вера.

Алесь выцер сабе спацелы дагэтуль лоб. Разглядаўся, ці няма дзе навокал Шпака. Як прыемна тут, дзе паветра штучна ахалоджвалася, пасьля парнасьці, якая гаспадарыла на дварэ!

— Гало, Мэры! — прывітаў Алесь таўставатую і ніштаватую з выгляду дзеўку, каторая працавала тут і кэльнэркай і кухаркай. — Як-жа тваё цэннае здаровейка?

— Гляньце, хто гэта зьявіўся, big boy, — усьміхнулася, рэклямуючы прыгожыя зубы, дзяўчына. — І каму-ж мы маем быць удзячныя за тваю візыту?

— Што за пытаньне, Мэры? Табе, а не каму іншаму. Ты-ж ведаеш, што я цябе люблю ды жыць безь цябе не магу. А ты ўсё прыгажэеш усім на зайздрасьць! — жартаваў Алесь.

— Ну, ну, ты хіба-ж ня будзеш жартаваць зь мяне, любоўнік мой?

— Ды не, мая ты darling. А дзе-ж мой пісьменьнік?

— Павінен быць тут дзесьці. Чакаў цябе.

— Вось і слава Богу. А цяпер, Мэры, я-ж ведаю, што маеш ты вялікае і сваіх кліентаў кахаючае сэрца. Дык можа прынясла-б ты нам дзьве вялікія порцыі ванілі-марожанага ды із сакавітым клубніком наверсе?

— Right away, coming up.

Мэры нахінулася й ціха спыталася ў Алеся:

— Можа скажаш мне, што гэта за цацу ты з сабой сюды прывёў?

— Прашу цябе, Мэры, будзь памяркоўнай. Адкрыю табе таямніцу, толькі ня будзь зайздроснай. Ты-ж ведаеш маю поўную адданасьць табе. Абяцаеш, дарлінг?

— Кажы.

— Яна, гэтая цаца, поўнасьцю мая, — падміргнуў дзяўчыне Алесь.

— Вось як! Маеш добры густ, мілы мой!

— Асьвяжылася? — спытаўся Алесь у Веры, калі яна вярнулася.

— Так. А ці ты казаў мне, што тут недзе збоку ёсьць дзе пакупацца?

— Так, ёсьць недалёка адсюль прыгожае азярцо напоўненае чысьцюсенькай і мокрай вадзічкай.

— Брава! Я ўжо хацела-б быць у кампаніі тых рыбак, што ў тым азярцы плаваюць.

— Пацярпі, дзеўка. Скора пазнаёмлю цябе з тымі рыбкамі. Перш спажывём марожанае, каторае вунь ужо набліжаецца да нашага стала.

Мэры паставіла на стале дзьве плястыковыя місы, напоўненыя марожаным зь ягадамі. У гэны час зьявіўся Антон Шпак. Убачыўшы пісьменьніка, Алесь заказаў марожанае і для яго.

Апрануты ў кашулю ў клетачкі, шэрыя порткі, із загарэлым тварам, на якім расплылася шырокая і прыязная ўсьмешка, Шпак падыйшоў да стала.

— Алесь, як я цешуся, пабачыўшы цябе тут! — падаў Алесю руку й пазіраў на Веру.

— Прыемнасьць мая, — сказаў Алесь, устаўшы. — А цяпер прашу быць знаёмым зь Верай Мак. Вера, маеш гонар пазнаёміцца зь пісьменьнікам Шпакам.

— Мне Алесь успамінаў некалі пра сваю прыгажуню, але не казаў што яна аж такая цудоўная з выгляду, — гаварыў Шпак і ўважна аглядаў дзяўчыну. — Прыемна…

— Прыемнасьць мая, — зарумяніўшыся ў твары, сказала Вера. — Я чула шмат пра вас ды й некаторыя вашыя кнігі чытала.

— Так? — зьдзівіўся пісьменьнік. — Але-ж вы налягайце на марожанае, не марудзьце. Алесь, а чаму-ж ты мне не сказаў, што такую прыгажуню ты недзе ўпаляваў? — пабацькоўску спытаўся ён у дзяцюка.

— Але-ж вы ў мяне ня спыталіся, — усьміхнуўся Алесь і падміргнуў Веры, каторая прыглядалася Шпаку. І здавалася Алесю, што дзяўчына запраўды спадабалася яму.

— Калі, прабачце мне, як доўга вы ўжо забаўляецеся разам?

— А ўжо месяцы тры, мусіць, — адказаў Алесь.

— А вы як доўга ў Канадзе, спадарычня Мак?

— Я тут нарадзілася ў адным гарадку на поўначы.

— Вы што? Але-ж запраўды, чаму мне гэта ў галаву ня прыйшло? Прабачце старому дурню. Слухаючы вашу гаворку, я ня думаў…

— Але вось што асабліва цікавае, спадар Шпак, — пачаў задаволеным голасам Алесь. — Калі мы пазнаёміліся, без майго ведама яна ўзялася вучыцца беларускую мову. Аднаго дня, калі яна адчыніла свой роцік, я быў, сьціпла гаворачы, даволі зьдзіўлены. Працуе ў мяне ў Трыфты Тоні, гаварылі мы між сабою да таго часу паангельску, а тут… гэткая неспадзеўка… Ад таго часу я пазнаёміў яе крыху зь беларускай літаратурай, з вашай уключна.

— Аж гэтак? — зьдзівіўся Шпак. Ён наважыўся распытацца ў Алеся пра дзяўчыну пазьней.

— Я люблю бэлетрыстыку, — сказала Вера. — Я чытала рускую, а тады, як Алесь прыйшоў, дык я падвучылася пабеларуску. Я сталася сіратой, як была малая. Ад бацькоў я чула беларускую мову, але замала ведала яе…

Вера змоўкла. Ці не замнога ўжо сказала? Стары воўк Шпак можа што-небудзь западозрыць. Дзе гэта калі было, каб народжаная ў Канадзе дзяўчына ды сама па сабе (так яны мяркуюць) навучылася беларускай мовы?

Ішла гутарка пра штодзёншчыну. Шпак распытваўся Алеся пра ягоныя бізнэсавыя справы.

— Мне трэба йсьці назад да сваёй працы. Дзякую за марожанае, — устаў Шпак з-за стала.

Алесь зь Верай паехалі над возера. Купаліся, вылежваліся на беразе. Вечарам Алесь угашчаў дзяўчыну й Шпака ў рэстаране, а пасьля ўсе пайшлі ў катэдж. На абцягнутай шчыльнай сеткай, — каб адгарадзіцца ад кусьлівых чорных мушак і камароў, — вэраньдзе стаялі крэслы й стол. Алесь прынёс свой пераносны патэфэн ды наставіў кружэлкі з рознымі беларускімі народнымі песьнямі, харавымі канцэртамі Шырмы зь Менску. Зьявілася й брэнды ў таварыстве садовай вады, вэнджаных шпротак і ікры ды заквашаных пабеларуску гуркоў.

Гутарылі мала. Мэлёдыі із забранае зямлі чаргаваліся з журботнымі, — і быццам разьлічанымі на далёкі дыстанс — крыкамі мясцовых люнаў-нурцоў, што пераклікаліся на суседніх вазёрах. Люн-нурэц, вялічынёю з гусь, гэта для некаторых мясцовых людзей — голас канадыйскай поўначы.

Трое ля стала. Яе карэньне на двух кантынэнтах. Выдатны пісьменьнік, ла якога маскоўскія інквізытары вось ужо паставілі пастку. Побач дзяцюк, напоўнены ненасытным і зьнішчальным каханьнем да агенткі маскоўскага актопуса. Тройка гэта знайшла роднае-супольнае ў галасох зь Менску, зьяднаных, адшліфаваных майстрам з Шакуноў, што на Пружаншчыне. Апрычоная супольнасьць на чужой, імі ўжо даволі абжытай зямлі. Разважна, быццам з насалодай, рознымі кароткімі згадкамі з дому заглядаў у мінулае пісьменьнік. Інтымны, настальгіяй перанасычаны вечар. Іншым разам, як ні намагайся, ня створыш такога поўнага і ўзьнёслага духовым міражом, настрою. Ці то песьні беларускіх жнеек так суладна гучалі акордам тых заўсёды галасьлівых люнаў, ці можа брэнды на гэта які ўплыў мела?

Пісьменьнік падзякаваў Алесю й Веры за гасьціннасьць і разьвітаўся, штосьці зноў згадаўшы пра заўтрашнюю працу.

— Тут, як бачыш, ёсьць дзьве асобныя спальні, — тлумачыў Алесь Веры. Галоўны пакой быў умэбляваны самым неабходным: абшырная канапа, стол, маленькі кафэйны столік, пара крэслаў. На сьцяне — здымкі рыбакоў з рыбамі, рэклямны каляндар зь нейкай магутнай лодкай, люстра. Падлога засланая ўжо стоптаным палавіком. І ўсё гэта, — нехта сказаў-бы спартанскае, — разам ізь сьценамі з памаляваных на рудое хвойных круглякоў, тварыла сваю адметную атмасфэру, якую любілі гарадзкія жыхары.

— Няважна спальні! Калі яшчэ ня глуміць цябе сон, давай пасядзім крыху, — сказала Вера.

— Прапановы якія? — сеў на канапе каля яе Алесь.

— Перш за ўсё: гэнае сьвятло занадта яркае.

Алесь ськінуў чаравікі, зьдзеў шкарпэткі і адну зь іх нацягнуў на электрычную лямпу, што вісела на сьцяне. Пакой акунуўся ў паўзмроку.

— Цяпер лепш? — спытаўся дзяўчыну.

— Ты добра выдумаў з тэй шкарпэткай.

Вера прысунулася да Алеся і апынулася ў ягоных абдымках. Адчула прысьпешаны пульс сэрца калі вусны ейныя да Алесевых прыльгнулі. Нешта расплывалася. Гэта было новае, раней нязьведанае. І брэнды яна ледзь-ледзь, зусім нямнога выпіла. Але, калі-бы поўнасьцю хлапцу аддацца, дык вось цяпер, якраз пад такі настрой.

— Алесь, — шапнула.

— Ну што?

— Скажы мне, ты запраўды мяне кахаеш?

— Кахаю цябе поўнасьцю й бязь ніякіх засьцярог. А ты мяне?

— Я кахаю цябе, my darling! Тых пару тыдняў мне цяжка было. Я пераканалася, што безь цябе не магу, як рыба без вады.

— Я патрабую цябе таксама, цаца мая. Выбачай, што так сталася.

— Гэта мая віна.

— І мая таксама.

— Я цябе так моцна люблю, мне аж дыханьне займае.

Другі пацалунак куды больш юрлівы. Алесь гладзіў яе. І пры дакрананьні ягонае рукі стан яе поўніўся дрыжаньнем.

— Алесь, прашу, цяпер…

У паўзмроку, ён пазіраў у ейныя вочы. Сумлеву няма. Пажаданьне. Нагрэтае да расплыву, гарачае зялеза на кувадле. Цяпер якую хочаш хворму яму. А гэтта, у Алесевых абдымках — жывое, юрлівае, што першага семя жадае.

— Алесь, я ніколі раней ня мела сэксу. Прашу цябе, darling!

Шэпт, якому не адмовіш, калі ён ад такой гожай спакусьніцы.

— Алесь, чаго ты так? Давай!

Яна зноў гвалтоўна, як п’яўка, прыльгнула да ягоных вуснаў. Пад такім напалам доўга ня вытрымаеш. Алесь вырваўся зь ейных абдымкаў.

— Не, Вера! — сказаў з націскам. — Я не магу, ня мушу, гэта ня ёсьць…

— Ня ёсьць што?

— Ня ёсьць так, як трэба… Не магу табе гэтага зрабіць!

— Чаму-ж не? Мы-ж кахаемся. Ці-ж гэтага мала?

Алесь бачыў, што дзяўчына гарачылася, магла кінуцца ў гістэрыку. У такім стане, як яна знаходзілася, адсутнічаў розум-стораж.

— Праўду кажаш.

— Дык чаму?

— Цяжка гэта вытлумачыць, мне здаецца.

— Ты дурань. Што з табой? Я сама лезу да цябе, а ты мяне адкідаеш.

Алесь адсунуўся. Вера дрыжачымі рукамі адшпільвала сваю блюзку.

— Вера, перастань! Я ня буду…

— Ты будзеш! Я цябе змушу!

У гэтых, гарачым дыханьнем выказаных, словах таілася такая магутная сіла й перакананьне, што Алесь амаль здаўся.

— Вера, будзь добрая, перастань выдурняцца!

— Алесь, чаму ты адкідаеш мяне? Ты-ж ведаеш, што я зь нікім раней ня была.

— Якраз таму й не магу.

— Як гэта так?

— Чакай, мая дарагая, паслухай! Ці-ж ты думаеш, што я цябе не хачу? Павер мне: цяпер я нічога іншага на гэтым сьвеце не хачу так моцна, як зьліцца з табой у адзін арганізм. Так. Ты мне не памагаеш, каб устрымацца перад спакусай. Наадварот. Ты мяне атакуеш, спакушаеш. Але тут, — ты трымайся далей!

Ён зноў адсунуўся ад дзяўчыны.

— Ты, мая мілая, мусіш і мяне зразумець. Дык паслухай уважна. Я ў сваім жыцьці ўжо меў не адну дзяўчыну, гэта пераважна з такіх, што пагуляць адно любяць. Гадамі я шукаў кагосьці такога, як ты: чыстую і прыгожую сумленную і скромную, арыгінальную і несапсутую. Яшчэ абавязкава, каб і пабожную, каб дзетак умела добрымі хрысьціянамі выгадаваць! Ты якраз вось такая, якую я так доўга і ўпарта шукаў. Павер, у мяне сілаў няма, каб устаяць перад тваёй спакусай, бо апроч усяго ты — надзвычайная прыродная і няштучная прыгажосьць. Як у нас дома казалі: вельмі-ж вельмі пекная! Дык вось як! А ўстаяць перад спакусай я мушу. Цяпер табе скажу чаму гэта так.

Алесь устаў, закурыў, стануў перад ёю, зацягнуўся густым дымам і прадаўжаў:

— Я не хачу ўжо цябе паставіць сярод тых, у якіх можна лёгка сэкс выкарыстаць. Мне хочацца, — павер мне, даражэнькая, — захаваць у цябе чыстую і незасьмечаную прыгажосьць. Глянь сюды, дзяўчына! Магчыма, што я і дурань, магчыма — ведаю я такія аргумэнты, — скажаш, што сэкс ёсьць найчысьцейшым яднаньнем жывых і кахаючых сябе людзей. Але, гэта ня ўсё яшчэ. Я — веруючы ў Бога чалавек. І пры тым вялікі грэшнік, бо адзін Госпад бязгрэшны. О так, я ня зьдзіўлюся, калі ўбачу на тваім твары сьляды іроніі… Магчыма ў тваіх вачох я і ёсьць дурань, можа я і паэтычны нават дурань, але я табе ўжо сказаў: для мяне важная чыстая краса, незакранутая кветка. Пазіраю на цябе і так намагаюся кантраляваць жывёльныя гоны. Яй Богу! У канчатковым аналізе для мяне большая ўцеха ад сьведамасьці таго, што ты ёсьць незакранутая, ніколі ня была гвалчаная, чымся ўзяць цябе цяпер… Бачыш, я шчыра, ад сэрца гавару. Спадзяюся, што зразумееш мяне. Калі мы маем мець сэкс, дык няхай гэта станецца накш, у адпаведным месцы й часе. Навошта псаваць гэта цяпер? Зразумела ты мяне?

— Ясна, окэй! — з дакорам адказала дзяўчына. — Я толькі хацела аддацца табе зь любві… і можа даказаць…

Яна ўстала і падбегла да дзьвярэй спальні. Затрымалася, зачырванелая і дрыжачая, а расшпіленая блюзка агаліла поўненькія, як рэпкі, грудзі.

— Алесь, ты… дурань!

Стукнула за сабой дзьвярмі. Адтуль, са спальні, пачуўся раптоўны скрып ложка й пасьля здушаны, у падушку, плач.

— Вера, прашу цябе, ня злуйся! — сказаў голасна Якімовіч.

— Ідзі к чорту, ты няўдзячны!

Дзяцюк стаяў каля зачыненых дзьвярэй і меркаваў ці зайсьціся ў пакой. Выйшаў на вэранду й выкурыў запар тры цыгарэты.

Загрузка...