22

Вера шпарка бегла да трамваю. Навокал поўна людзей, але яна нікога побач ня бачыла, у галаве панаваў хаос, цяжка было думаць, разважаць. Тое, што зрабіла, было спрычыненае нейкім нэрвовым, незалежным ад розуму, імпульсам. Але, — адчувала гэта, — на сцэне зьявіўся новы элемэнт, якому не магла даць рады. Доўгі час ён быў у летаргіі. Яго разбудзіў прыгожы дзяцюк. Новае, раней нязьведанае перажываньне. Жаданьне, каб яе Алесь кахаў, засланіла ўсё іншае. Цяпер баялася, што ейная эмацыянальная раўнавага пахіснулася да небясьпечнага ўзроўню на лавачцы пад тым дубам, дзе першы раз у жыцьці раскашавалася запраўднай асалодай юрлівага пацалунку каханага чалавека. І запраўды пачыналася нешта новае, перад якім ты бездапаможная. Як тое вызначыць ці ацаніць?

Калі адчыніла дзьверы ў сваю кватэру, званіў тэлефон. Схапіла трубку. Мёртвы гук. Ніны ня было дома. Вера меркавала, што яна дзесьці на пляжы, або ў іншым месцы ў добрым таварыстве. Вера ніколі надта ня цікавілася Нінінымі любошчамі. Старая дзеўка, гуляла зь дзяцюкамі пэўне-ж ня так, як сьціплая і стрыманая міс Мак.

Зноў ажывіўся тэлефон. Роўны і аўтарытэтны мужчынскі голас вярнуў яе ў будзённую рэчаіснасьць. «Каб ты здох, хрэн стары! — праклінала ў думках чалавека. — Ты апошні на зямлі, зь кім мне цяпер хочацца гаварыць!»

— Міс Мак, — гаварыў Капшун, — добра што нарэшце знайшоў цябе. Я ўжо раней званіў.

— Я была выйшла.

— Ёсьць важная справа. Хачу, каб ты ёй адразу занялася.

— Слухаю.

— Недзе змыўся з гораду Антон Шпак і я хачу, каб ты пастаралася яго знайсьці.

— Як гэта разумець «змыўся»?

— Некуды, відаць, перабраўся. Няма яго на ранейшым адрасе. Мы ня можам знайсьці яго ў горадзе.

— Ну дык пры чым тут я? Ці вы хочаце, каб я пачала па чужых хатах бегаць? Я ніколі нават чалавека не спаткала й ня знаю яго…

— Вера, слушай, ты как смеешь ко мне обращаться таким тоном? Якімовіч ведае дзе Шпак. Ён мусіў памагчы яму перабрацца. Што скажаш?

Вера адразу ўцяміла важнасьць новага заданьня. Якраз тады, калі ўжо амаль пастанавіла нейкі час трымацца воддаль ад Якімовіча, гэты палітрук пхаў яе назад у дзяцюковы рукі. Зьбянтэжылася.

— Халера на вас! — вылаялася голасна.

— Што, што ты сказала? — грымела трубка.

— Ды нічога важнага… Што гэта вы пыталіся мяне?

— Што з табой сягоньня?

— Ды нічога…

— Мне здалося… Я прасіў цябе знайсьці Антона Шпака. Трэба нам вока зь яго ня спушчаць. Мусім ведаць дзе ён ёсьць і чым займаецца. Разумееш?

— Ну няхай, пастараюся…

— Глядзі, пастарайся як сьлед. Обязательно! І чым скарэй, тым лепш. Як толькі што ўзнаеш, да мяне. Панімаеш?

— Ага.

Канфуз павялічыўся. Сядзела на канапе, рукамі закрыўшы твар, прыслухоўвалася да быццам паскоранага рытму сэрца. Абрыўкі думак хаосам кружылі ў галаве. Пачулася поўнасьцю адзінокай, некім у нейкі тупік загнанай. І тады нахлынулі сьлёзы. Раптоўна, патокам. Уздрыгамі трасло цела, як некалі даўно-даўненька на магіле маткі.

Загрузка...