37

Калі Вера, дзякуючы Алесю, зблізілася з новай беларускай іміграцыяй, нярэдка давялося ёй чуць адну й тую самую апінію пра сацыялізм і камунізм, або, як яны найчасьцей называлі, бальшавізм у Савецкім Саюзе. Вусны гэтых новых Канадыйцаў казалі й паўтаралі, быццам змовіўшыся, адну думку: Маскоўшчына — гэта няволя, тэрор, масавы генацыд паняволеных народаў, бязбожніцтва, варварства, масавае прамываньне мазгоў усіх грамадзян крывадушнай марксістоўска-ленінска-сталінскай прапагандай. Коратка гаворачы, ленінская «дзяржава рабочых і сялянаў», згодна гэтых бебурнацаў, ледзь ня пекла на зямлі. І прыгадалася Веры тая экскурсія ў Савецкі Саюз, калі ня было ў тым арганізаваным падарожжы ніякай цяплыні, а ўсё, як на заказ, толькі казённае, службовае, штатнае, калі прапаганда сустракала іх на кажным кроку, калі не далі ім нават магчымасьці сустрэцца із тымі шчасьлівымі рабочымі й сялянамі ў іхных хатах і гасьцінных сем’ях. Былі ў галаве тады пытаньні. Ніхто на іх ня мог адказаць, бо не хапала сьмеласьці, каб спытацца. А як-жа! Навошта рызыкаваць? Усе-ж адказы, — як бесканечна паўтаралі ім мудрыя палітрукі, — ужо былі апрацаваныя і самым Марксам, і ягонымі насьледнікамі. Унь як! Чаго-ж ламацца ў адчыненыя дзьверы? Трэба верыць. Калі яшчэ, пасьля такой разбуральнай вайны, гэткая магутная дзяржава не адбудавалася, дык пачакайце, дапамажыце, супольнымі сіламі адбудуем і прыйдзе той абяцаны рай. Значыцца, паводле той марксістоўскай і ленінска-сталінскай навукі, усе справы былі-б даўно вырашаныя, і сяньня ўжо быў-бы суцэльны рай у Савецкім Саюзе, толькі вось вайна, — каб на яе гаручка! — замінала. Але, усёроўна ня турбуйцеся, так усё будзе, як у тым школьным вершы дзетак вучылі: «Вот от завтрашнего дня все по плану у меня».

А гэтта, з другога боку, людзі, якія жылі ў тым сталінскім «прыгоне», якія страцілі сваякоў у канцлагерах, што стараліся як маглі, каб дабрабыт нейкі здабыць, якія ворагамі савецкае ўлады некалі ня былі, — а ў Заходняй Беларусі, калі іх «бацька ўсіх народаў» спад белапольскага панскага іга вызваляў, дык чырвонаармейцаў з кветкамі віталі, — гэтыя людзі цяпер аднагалосна называюць той рай пеклам. Дзьве цалкам супрацьлеглыя крайнасьці. А дзе сярэдзіна? А што, калі гэтыя бебурнацы запраўды гавораць праўду?

Ад некаторага часу Вера пачала ўважней прыслухоўвацца да тых і іншых, асабліва ўважна прыглядацца і ацэньваць палітычныя падзеі і факты, рабіць параўнаньні. Вялікую ўвагу зьвяртала і на навіны пасьля таго, як Сталіна — «карыфэя ўсіх навукаў» — зрабілі вялізным злачынцам, ліквідавалі Бэрыю, а на пярэднюю арэну вылез Мікіта кукурузьнік. І гэнай раніцай, ужо на працы, уключыла радыё з надзеяй, што пачуе нешта пра новыя палітычныя падзеі ў мэццы камунізму. Вядома-ж, ад кукурузьніка ўсяго можна было спадзявацца пасьля таго, як ён на сусьветнай арэне, у асамблеі Аб’еднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, сваім чаравікам гэтак ворагаў сацыялізму насьмяшыў.

Гэнай раніцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмніка паведаміў пра сьмерць беларускага пісьменьніка Шпака. Паліцыя ня выключвала магчымасьці, што на яго нехта напаў і забіў… Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Ці гэта магчыма, што ён?.. А калі так, дык і ў яе нячыстыя рукі. Сказала, што баліць галава й пакінула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабіць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставіць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.

Перад дзьвярмі вялізнай залі тэатру лёгкі ветрык забаўляўся сьцягамі трох народаў: Беларусі, Злучаных Штатаў і Канады. А ўнутры, над сцэнай вісеў чорнай істужкай абрамаваны мастацкі партрэт адыйшоўшага ў вечнасьць пісьменьніка. З бакоў яго — пахіленыя, з чорнымі істужкамі, бел-чырвона-белыя сьцягі. Над партрэтам вялікімі літарамі напіс: Слава Змагару за Волю! І пад нізом партрэту: Ганьба тырану! Паняволеным воля!

Заля напаўнялася. Сьпераду пасадзілі сьвятароў, прадстаўнікоў канадыйскіх уладаў, запрошаных сяброў управаў этнічных і беларускіх арганізацыяў.

Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі была расплянаваная на тры дні, але вось гэтая ўрачыстасьць была самай важнай і галоўнай. Зацікаўленьне забойствам Шпака павялічыла лік удзельнікаў. Вера сядзела ў трэцім радзе сьпераду. Направа ад яе пуставала Алесева крэсла, бо дзяцюк быў недзе за сцэнай і меў рабіць гутарку пра адыйшоўшага пісьменьніка. Далі яму гэтую нагоду таму, што так шмат і такі доўгі час памагаў гэнаму выдатнаму змагару за волю Беларусі. Нік Лок сядзеў зь левага боку Веры, спрабаваў нейкі жарт расказаць. Вера зірнула на яго няпрыязнымі вачмі і маўчала.

Яе зносіны з Алесем апынуліся на пункце разрыву. Рэдка сустракаліся нават на працы. Адсутнічала ня толькі ранейшая інтымнасьць. Вера адчувала, што Алесь падазраваў яе ў нейкай шкоднай сувязі зь людзьмі, што замардавалі Шпака. Яна не асьмельвалася глянуць у напоўненыя рашчараваньнем, горыччу і дакорам дзяцюковы вочы. Часта дзяўчына жадала, каб ён зьвярнуўся да яе з простым пытаньнем, але ён гэтага не зрабіў. Якія яго намеры? Няпэўнасьць і падазрэньне з боку каханага чалавека пагражала небясьпекай. Колькі разоў ужо была амаль гатовай выспавядацца перад ім, ды на рашучы крок так і не адважылася. Алесь запрасіў яе на галоўную ўрачыстасьць сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі. Пэўне-ж, меў на гэта прычыны. Вера не адважылася адмовіцца. Магчыма, Алесь і спадзяваўся, што дзяўчына прыйдзе да яго сама, адкрыецца, грахі свае назаве. Сканфужаная, Вера баялася зрабіць хвальшывы крок. Капшун маўчаў ад часу сьмерці Шпака. Ягонае маўчаньне мела адыёзны характар. Дзяўчына была пэўная, што за ёй наглядалі. І проста самая сьведамасьць таго, што яна нейкім чынам спрычынілася да сьмерці пісьменьніка, агарчала жыцьцё. Што рабіць? Напружаньне ўзрастала. Каб паставіць усё на добры шлях, трэба нешта зрабіць. Але што?

Калі на сцэне пачыналася праграма, дзяўчына яшчэ больш пачынала турбавацца. Цяпер ужо шкадавала, што сюды прыйшла. Калі-б пастанавіла, знайшла-бы нейкую прычыну, каб адмовіцца. Чаго-ж яна сюды зьявілася? Каб адхіліць падазрэньне? Наадварот: яна непатрэбна выстаўляе сябе на небясьпеку.

Нейкі афіцыяльны госьць прамаўляў да прысутных, выражаў спачуваньне з прычыны сьмерці Шпака. Гаварыў міністар грамадзянства, чыталі тэлеграмы. Ужо вызначылі кірунак: амаль кажны атакаваў расейска-бальшавіцкую маскоўскую кансьпірацыю, што ўжо замахнулася, каб адабраць вольнасьць усім дэмакратычным дзяржавам у сьвеце, намагаецца разбурыць хрысьціянскую маральнасьць вольнага сьвету й гэтак далей. Вера прыгадала, што ўжо недзе чытала нешта падобнае. Ці забойства Шпака толькі змусіла прамоўцаў ужо ці раз паўтаранае пра гэтак званую небясьпеку з Масквы разьдзьмухаць у шырэйшым маштабе? — разважала Вера.

Яна завайстрыла сваю ўвагу, калі на сцэну выйшаў Алесь. Ня ведала ягоных аратарскіх здольнасьцяў, хоць ужо даўно пераканалася, што ён дасканала валодаў ангельскай мовай. Спакойна агледзеўшы залю, Якімовіч пачаў роўным голасам.

— Дзякую за вялікі гонар, што зрабілі мне, даўшы нагоду прамаўляць да гэтай сустрэчы. І ўзрастае смутак і боль, калі ўсьведамляю тое, што стаю тут, перад вамі, заміж вялікага сына вялікага народу, на магіле якога яшчэ не асела сьвежая зямля; чалавека, за страту якога, я пэўны, кажны з нас носіць балючую рану ў сэрцы сваім.

У яго была й добрая дыкцыя, заўважыла Вера. Алесь меў тое, чаго часам не хапае вялікім балбатуном-палітыкам: добрую позу, поўную кантролю голасу, з адпаведнымі нюансамі інтанацыі, у гэтым выпадку й нейкую дамешку ўрачыстай хаўтурнасьці з пашанай да таго, пра каго гаварыў.

— Антон Шпак, — няхай Бог дасьць яму жыцьцё вечнае! — упаў ахвярай у нашым доўгім і зацятым змаганьні супраць маскоўскіх захопнікаў нашай дарагой бацькаўшчыны. Войстра будзем адчуваць мы страту яго, бо Шпак ня быў звычайным сьмяротнікам. Шмат з вас, магчыма што бальшыня, ведае ягоную творчасьць. Таму й ня буду гаварыць пра ягоныя посьпехі ў журналістыцы ці мастацкай літаратуры, а спрабую кінуць крыху сьвятла на Антона Шпака як чалавека. Што за чалавек быў гэты надзвычайна плённы ў творчасьці й вытрывалы змагар за волю нашага паняволенага народу? Некалькі апошніх гадоў зблізілі нас. Бачыў я яго амаль кажны дзень, ці адну гадзіну праводзілі разам. Мала было ў нас праблемаў, якіх супольна мы не абмяркоўвалі. Колькі часу я яго ведаў, рэдка чуў, каб ён калі наракаў на свой нялёгкі лёс. А трэба вам ведаць, што матар’яльна быў ён вельмі бедны. Ад часу прыезду ў Канаду, жыў зь фізычнай працы, да гэтага цярпеў ад дрэннага здароўя й фізычнай слабасьці. Польскія вязьніцы й савецкія канцлягеры падарвалі, мабыць, ягоныя сілы. І ня гледзячы на гэта, ён трываў, працаваў, змагаўся, нападаў і адбіваўся. Я зьдзіўляўся зь ягонай духовай велічы, стойкай самадысцыпліны, неабмежаванай адданасьці сьвятой справе, якой прысьвячаў усе свае здольнасьці й час. Антон Шпак стаіць перад намі як памяркоўны й сьціплы ў жыцьцёвых вымаганьнях, сумленны й вялікадушны, спачувальны да тых, што ў крыўдзе й нядолі; ён-жа й чалавек цяжкой і няспыннай працы. Усё, што зрабіў для нашага й іншых паняволеных народаў заўдзячваць трэба ягонай вялікай і чыстай маралі, хрысьціянскай любові да бліжняга, вялікай веры ў Бога, які, — як верыў наш вялікі духам суродзіч, — возьме наш шматпакутны народ пад апеку Сваю. Якраз тут — у веры ў Бога Збаўцу й народ свой, у любові да бліжняга, — нараджалася крыніца сілы, вытрываласьці й посьпехаў Антона Шпака, нашага вялікага пісьменьніка. Ніколі ня гнаўся ён за матар’яльнымі багацьцямі. Вольнасьць творчасьці й справу вызваленьня бацькаўшчыны стаўляў вышэй усяго. Там, дзе іншыя, у ягоным палажэньні, звольнілі-б у працы ці вычарпаліся, Антон Шпак цягнуў з надзвычайным гартам. Шпак быў шчодры ў помачы пакрыўджаным і запрыгоненым суродзічам і бязьлітасны ў змаганьні зь ягонымі прыгнятальнікамі. Ці пісьменьнік быў задаволены плёнамі свае працы й змаганьня? Здаецца, што так. У сваіх творчых пошуках і здабытках ён асягнуў вышыні, якія наведаць рэдка каму дадзена. Гэтымі сваімі творамі, мне здаецца, ён, як ніхто іншы з нас, прыблізіў дзень развалу й зьнішчэньня пабудаванай на нянавісьці маскоўскай імпэрыі. Коратка гаворачы, Антон Шпак натхніў да змаганьня і падрыхтаваў наш народ да дня вялікага бою-расплаты й вызваленьня. Некаторыя з вас могуць спытацца: як гэта такі надзвычайна таленавіты й характарам нязвычайны чалавек ня здолеў палепшыць свайго матар’яльнага дабрабыту? Пастараюся адказаць. Нябожчык меў шматлікія прапановы з розных выдавецтваў. Усе яны мелі свае цэны і ўмовы. Агульна яны зводзіліся да таго, каб пісаў чалавек для рынку чытачоў. А рынак той, як вам ведама, — свайго роду дрыгва. Не напішаш таго, што, прыкладна, канадыйскім чытачом спадабаецца, ня будзеш мець прыбытку. Такім чынам тварэц мастацкай літаратуры мусіць ісьці на кампрамісы з гандлярамі, каб зарабіць сабе на пражыцьцё. Антон Шпак на такія кампрамісы ня мог ісьці. Мы добра ведаем сяньняшні зьвіхнуты сьвет, дзе амаль усё можна купіць за грошы. І для людзей, што думаюць адно катэгорыямі мяшчанства і нажывы, цяжка ня толькі ацаніць, але нават уявіць веліч такіх людзей, як Антон Шпак. Шматлікія з нас змагаюцца за вызваленьне Беларусі з маскоўскага каляніяльнага ярма. Наш вораг ёсьць яхідны, сільны й няміласэрны. Гэты варвар дваццатага стагодзьдзя ня лепшы за фашыстоўскую Нямеччыну. Пад ягоным загадам ёсьць вялізныя матар’яльныя і людзкія рэсурсы. Але давайце, паважаныя суродзічы, ня будзем падаць духам таму, што на ўзбраеньні нашым ёсьць наймагутнейшая зброя — гэта хрысьціянства і вера ў Бога. І сам Бог з намі. Нам і іншым паняволеным народам на падтрымку ідуць Злучаныя Штаты, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя дэмакратычныя дзяржавы вольнага сьвету. Мы ім за гэта ўдзячныя і спадзяёмся, што яны памогуць паняволеным народам разваліць варварскую Маскоўшчыну і адбудаваць іхныя незалежныя дзяржавы.

У гэтым месцы прысутныя ўзнагародзілі Алеся гулкімі воплескамі. Ён уважна зірнуў на Веру, якая ўжо надта ніякавата адчувала сябе ў гэтым месцы й часе, прадбачачы, што найбольш небясьпечнае для яе яшчэ наперадзе. А Алесь прадаўжаў гаварыць.

— Антон Шпак быў і астаўся з намі таму, што пасееныя ім зерні ўскалосяцца вялікім плодным ураджаем для нас і наступных пакаленьняў. Шпак быў мысьліцелем, прарокам і генэралам. Голас ягоны далятаў ува ўсе куткі сьвету, дзе жывуць нашыя суродзічы, ён прабіваў зялезную заслону й бічаваў катаў і забойцаў, мадэрных варвараў. Голас ягоны не даваў супакою маскоўскім паразітам і мясцовым цівуном у іхных мяккіх крэслах у скалянізаванай Беларусі. Шпака цанілі слабыя, што патрабавалі помачы, яго на падтрымку клікалі адважныя і непакорныя, любілі яго ўсе змагары за волю й шчасьце кажнага чалавека на зямлі. Тут-жа за мяжой агенты каляніяльнае маскоўскае імпэрыі намагаліся зьвесьці Антона Шпака з выбранага ім шляху, вычарпаць ягоныя сілы рознымі інтрыгамі і правакацыямі, бамбілі яго няспынным патокам атрутнай прапаганды. Але пісьменьнік ігнараваў бальшавіцкія паклёпы, інтрыгі, змагаўся з правакацыямі. Ён натхняў і бараніў сваіх і хоць ужо нямоглы фізычна, ён, як і раней, астаўся непахісным духова. Калі ворагі ясна ўбачылі, што Шпаку ніяк ня змогуць адабраць ягонага голасу, яны яго замардавалі. Я хачу падчыркнуць, што ў мяне няма сумлеву адносна таго, хто пісьменьніка забіў. Сьледзтва прадаўжаецца. Я цалкам перакананы, што час нас апраўдае і віноўнікаў забойства Шпака пасадзяць на лаву падсудных. Няхай ня будзе для вас неспадзеўкай тое, што скажу далей. Мы даўно пазналі мэтады дзейнасьці нашых ворагаў. Таму й цяпер я магу залажыцца з вамі на сваё ўсё матар’яльнае багацьце, што вось тут між нас прысутнічаюць людзі, якія бралі ўдзел у плянаваньні забойства нашага выдатнага суродзіча.

Алесь спыніўся, павольна аглядаў залю. Гэта, як выглядала, быў ім прадуманы тактычны ход. Вера пабляднела. Ейная нявыгада павялічылася яшчэ, калі бачыла, што Нік Лок уважна пазірае на яе. У адным із задніх крэслаў чалавек із зморшчаным тварам неспакойна паварушыўся, рука ягоная сьціскала люльку на калене.

«Што зь ім? — думалі некаторыя. — Ці ён думае выклікаць каго па прозьвішчах?»

— І таму дазвольце мне, паважаныя спадарыні й спадары, сказаць гэтым людзям некалькі слоў.

Алесь ізноў крыху затрымаўся і пасьля прадаўжаў павышаным, голасам, з адыёзнай ноткай пагарды:

— Ад часу, калі Каін забіў Абэля, людзі, на працягу стагодзьдзяў, прызвычаіліся, што з розных прычынаў рука аднаго чалавека падымаецца на іншага. Аднак ніколі ў гісторыі колькасьць забойстваў ня вырасла да цяперашніх маштабаў, ніколі ня былі яны так удала плянаваныя і зарганізаваныя дый ніколі не рабіліся з матываў так нізкіх і нікчэмных. Сатана з Крамля заўзяўся, каб забіць ня менш, як душу чалавека. Каб гэта асягнуць, ён мусіў паняволіць сотні мільёнаў. Мы ня маем дакладнага ліку ахвяраў, але ведаем, што некаторыя меншыя народы ўжо Маскоўшчына зусім вынішчыла. І яна сяньня, як ніколі, прадаўжае працэс вынішчэньня людзей шляхам так званай клясавай барацьбы ды ў канцлягерах Сібіры. У самай савецкай імпэрыі ня трэба чакаць да 1984-га году, бо жахлівы лад, які прадугледзеў Джордж Орвэл, там даўно ўжо існуе.

Гэтта Алесь зноў крыху затрымаўся, агледзеў залю. Добры тактычны ход, каб павялічыць вагу таго, што мае сказаць.

— Цяпер я зьвяртаюся да тых, каторыя сьведама і ахвотна служаць маскоўскім тыранам: — вы не павінны цешыцца з таго, што не зьяўляецеся звычайнымі забойцамі. Вы ёсьць найбольш нягоднымі зь нягоднікаў і найбольш нікчэмнымі зь нікчэмных. Служыце найбольшаму варвару, які калі-небудзь існаваў таму, што падняў ён сваю закрываўленую руку на самае велічнае і сьвятое, што ёсьць у чалавецтва. Вы пазбаўленыя адвагі выступаць супраць людзей у адкрытым баі ідэяў і інтэлекту, вы баіцеся сьмела глянуць у адкрытыя вочы сумленнага й вольнага чалавека. Як чэрві, поўзаеце ў цёмных кутох, як зладзеі, ходзіце і абкрадаеце іншых начамі і, як трусы, нападаеце на добрых і сумленных людзей ззаду. За гэта вы заслужылі й будзеце ў бесканечнасьць часу насіць пагарду й ганьбу, на вас будзе ляжаць пракляцьце роду людзкога!

Шквалам сарвалася бура апладысмэнтаў і крыкі адабрэньня пачуліся з залі. Вера аж скорчылася ў сваім крэсьле і ейныя рукі, што мелі памагчы агульным апладысмэнтам на залі, дрыжэлі. Яна цяпер не магла пазіраць на чалавека, каторага, здаецца, нядаўна яшчэ моцна кахала. Гэта-ж ёй здалося, што пры ганьбаваньні прысутных «нікчэмнікаў» ягоны падняты ўказальны палец якраз быў накіраваны на яе. Не называючы прозьвішча, ён яе лаяў перад гэтай вялізнай грамадой народу. Не магло быць накш.

Раптам быццам згусьцела, высахла ў роце паветра, абліваў яе пот, пажвавеў пульс. Яна цяпер старалася нікому не глядзець у вочы. Уцякаць, уцякаць адсюль трэба! А як-жа! Многія з гэтых людзей напэўна падазраюць яе, ведаюць, што і яна магла да сьмерці Шпака спрычыніцца. Трэба абавязкава вось цяпер недзе схавацца, чым далей адсюль. Ды яна-ж ня можа проста ўстаць і ўцякаць адсюль на вачох усіх прысутных… А гэты Нік Лок збоку, як наўмысна, усё сачыў за ёю.

Загрузка...