Калі Алесь жартаваў з Канадыйцамі пра сваё паходжаньне, дык перш за ўсё казаў, што завітаў у гэты мурзаты й зваяваны сьвет тады, калі зямля ягонага бацькі галечай шчэрыла свае зубы пад акупацыяй наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу. Народ той у часе Алесевага нараджэньня на ўсю моц свайго ахрыплага патрыятызмам голасу энтузіястычна праслаўляў маршалкоўскую булаву вусатага маршалка, які гэным часам клапаціўся пра «моцарствовую айчызну» ў варшаўскім палацы Бэльвэдэры й забаўляўся сваімі пасівелымі вусамі ў Лазенцы.
На парозе Другое сусьветнае вайны «брацкую руку помачы» паняволеным Беларусам, што гаравалі дагэтуль пад уладай таго наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу, выцягнуў найбольш праслаўлены ў сваёй імпэрыі панегірыстамі й падхалімамі «айцец усіх народаў і карыфей усіх навукаў». Ён, гэны наймудрэйшы з мудрых, кагадзе разбудаваў і ўзбуйніў Гулаг, у якім вымардавалі дзясяткі мільёнаў нявінных людзей. Неўзабаве той «бацька», пры помачы «раскаваных рабоў» прадаўжаў папаўняць рабсілы Гулагу з той «здравствующей освобожденной Западной Белоруссии». Валакліся па бездарожжах праклятага Сібіру калёны сьмерці із словамі на парэпаных вуснах:
І заўтра зноў узыйдзе сонца,
І будуць людзі есьці й піць…
І ніхто ізь іх ня ўспомніць,
Як мы хацелі жыць!
У чырвені сорак першага на «айца ўсіх народаў» напаў ягоны «саюзьнік — Вялікая Германія». Амбітны бэрлінскі капрал новую ваенную трасцу згарусьціў: перабудаваць сіламі «гэрэнфольку» сьпярша ўсю Эўропу, а пасьля й цалюсенькі сьвет. Пры тым капралавым «дранг нах остэн» здарыўся магутны ўсплёск, і калі ўжо «бацька ўсіх народаў» пхаў яго назад з клічам «даёш Бярлін!» дык нашага юнака Алеся тая хваля аж на Апэнінскі паўвостраў выплюнула.
У Італіі Якімовічу давялося, — і дзякаваў ён Богу за тое, — надзець на сваю чубатую галаву талерку-шлём ды апрануць «батлдрэс» 8-е арміі Джорджа Шостага, з Ласкі Божае Караля Брытанскага Камэнвэлту і Індыі Імпэратара. Гэткім чынам юнак Алесь, што тут-жа перад вайною, у зрэбных штанох, кужэльнай саматканай кашулёнцы ды босы, джгаў як мага праз поле, — вочы на лоб! — да бальшака, каб пабачыць як пан Слатвінскі на сваім аўтамабілі-дрыньдзе ехаў (гэта-ж табе ня хаханькі, такая тэхніка!), пад канец вайны памагаў Джорджу Шостаму, — з ласкі Божае каралю імпэратару й гэтак далей, — вытурваць нямчуру й чорнакашульнікаў мясцовага «дучэ» са сьветлае краіны Дантэ, Вэрды й «сьвятых айцоў»… Ці гэта калі яно такое беларускаму пастуху й селяніну Алесю магло раней прысьніцца?
Адгэтуль простая выснова: вайна тая магутнай катапультай выкінула нашага юнака «ў людзі», а пасьля ён ужо найбольш сваімі намаганьнямні, пры мінімальнай помачы Джорджа Шостага, перабраўся за акіян. У пасьляваенны час нялёгка за акіян трапіць было, але-ж хаўрусьнікаў, за іхныя ваенныя заслугі, узнагародзілі. Алесь Якімовіч падпісаў з канадыйскім урадам кантракт, што за мізэрную заплату, — сорак пяць даляраў у месяц, харчы й кватэру, — будзе працаваць парабком у нейкага канадыйскага фармара, даіць кароў і гной кідаць. Ужо куды пазьней давялося Алесю рагатаць, калі пачуў на мэлёдыю канадыйскага дзяржаўнага гімну змайстраваную адным беларускім жартаўніком пародыю:
Ох, Канада! Як я цябе пазнаў,
Дык кідаў гной і рана уставаў.
А назаўтра зноў я даіў кароў
І ў полі жыта жаў…
Ох, Канада, як я цябе праклінаў!
І казаў пра гэтую вялізную заморскую краіну некалі геніяльны Вальтэр, што яна — некалькі акраў сьнегу. А канадыйскі Армянін ахарактарызаваў яе ўжо зусім памадэрнаму: «Канада — балшой чохніка, а култура нікакой».
Мінулае не адыйшло ў нябыт. Тваё карэньне… Там асталася й маці. Дзе яна, жыве яшчэ ці ўжо адыйшла ў лепшы сьвет? Мінулае — гэта ты. Дарма ілюзіямі жыць. І бізнэсавы гармідар, і матар’яльныя прыбыткі, і пашана за твае гандлёвыя посьпехі — усё гэта нажытае, прылепленае да цябе быццам звонку. Яно не з тае глыбіні, не ад дарагіх родных гоняў і лясоў, не ад бусла, зязюлькі й салавейкі, не ад песьняў працавітых жнеек і вясковых пастушкоў, не ад той вялікай і гаротнай зямлі, што дала табе жыцьцё… І ў гомане гандлю, і ў шуме траскатні гораду-гіганта, што магутнее й расьце, не пакінеш ззаду мінулае, бо яно — ты…
Пасьля таго, як «бацька народаў» падаў сваю закрываўленую руку «прыгнечаным» Заходняе Беларусі, нарадзілася ў людзей спадзяваньне на лепшую будучыню. Новыя гаспадары раздавалі сялянам зямлю польскіх памешчыкаў і асаднікаў. Малазямельны Алесеў бацька таксама трымаў вока на сьціплы надзел, не падазраючы, як і бальшыня руплівых сялянаў, што зямля тая станецца пасткай на дарозе ў калгасны прыгон, у які неўзабаве пачалі заганяць новыя валадары пры помачы мясцовых гультаёў і абібокаў. Бальшавіцкі «новы лад» душыў непасільнымі падаткамі, груганьнём розных палітрукоў на бесканечных «мітынгах», выгнаньнем людзей у канцлягеры. Алесеў бацька, замарыўшы каня вывазамі кубамэтраў каменьня й лесу, схудзеў, ледзь валок ногі, праклінаў новы лад і мясцовых ды чужых паразітаў, плакаў, гаротнік, ад тых «дабротаў новага ладу». Забралі яго цёмнай ноччу. Прапаў. Колькі маці ня бегала да рознага начальства, нічога канкрэтнага не даведалася ні пра ягоную нейкую быццам крамолу, ні пра тое, дзе ён падзеўся. І ў маці не высыхалі цяпер сьлёзы. Як і раней, ліпела пры сваёй швейнай машыне, каб хоць неяк пражыць, спадзяючыся, што сын падрасьце ды на добрыя ногі стане.
«Саюзная Вялікая Германія» абрынулася ў чырвеньскі дзень на «імпэрыю зла», якая пахіснулася, трэснула, распадалася, ня гледзячы на палымяныя заклікі «бацькі ўсіх народаў», каб змабілізаваць на яе абарону ўсякую «ваен— і рабсілу». Неўзабаве цэлую Беларусь праглынуў Гітлераў «гэрэнфольк». І паверыце? Перад беларускай моладзьдзю адкрыліся дагэтуль няведамыя гарызонты. Алеся клікала беларуская школа, вялікае нацыянальнае адраджэньне, а пасля — Саюз Беларускае Моладзі. Вірус патрыятызму прыжыўся на папялішчах дагэтуль зьненавіджанага і адыйшоўшага ў нябыт маскоўскага прыгону. Бацькаўшчына клікала далучацца да шэрагаў моладзі. Акупант не заахвочваў, але й не перашкаджаў беларускім дзеткам вучыцца ў роднай мове. Як прыгадваў пасьля Алесь, клікаў-заахвочваў юнакоў і юначак змагацца за сваё і магутны голас геніяльнага паэта:
Рушымся, брацьця, хутчэй
У бой з жыцьцём, пакідаючы жах,
Крыкі пужлівых людзей
Ня стрымаюць хай бітвы размах!
Проці цячэньня вады
Зможа толькі жывое паплыць.
Хвалі-ж ракі заўсягды
Цягнуць тое, што скончыла жыць.
«Дранг нах остэн» зьмёў на сваім шляху «жыда-бальшавізм» і голасна аб’явіў, што ён «назад ня вернецца»! Спачатку на занятых Немцамі абшарах Беларусі адчыніліся адно пачатковыя школы. У праграме адукацыі зьявіліся, як здавалася дзеткам старэйшых клясаў, два загадкавыя словы: гісторыя Беларусі.
— Беларусі гісторыя? — пыталіся яны. — Ці ёсьць такая гісторыя? Адкуль яна пачынаецца? Ці гэта запраўды магчыма, што Беларусь мае нейкую гісторыю? Тое, што яны «тутэйшыя», бальшыня дзетак ведала. Некаторыя выняткова ведалі нават, што яны — Беларусы. Але што Беларусь мае сваю гісторыю? Зьбянтэжанасьць. Трэба было заглянуць у глыбокую мінуўшчыну. Пачалі ад далёкага Полацкага Княства… На сыстэматычны разгляд і праверку кажнай бачыны гісторыі дарагога народу ня было часу. Пераскаквалі, часта праз некаторыя гістарычныя раўніны і ўхабы шыбавалі нацянькі. А тут ужо, дзе бліжэй, і галасы выдатных сыноў і дачок былі куды больш зразумелыя. Гэтак зусім, здаецца, яшчэ нядаўна, Янка Купала сказаў, што
…чалавек я, хоць мужык!
На помач яму — Якуб Колас:
…папы й ксяндзы дубінай
заганялі нас у рай!
Во як! Дубінай заганялі! Што гэта за рай такі, у каторы «дубінай» трэ было заганянь? І гэтта на помач словы яшчэ аднаго гаротніка-паэта:
А даўней Беларус, непадданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
І далёка у сьвеце быў знаны
За Літоўскай і Ляскай зямлёю.
Па зярнятку, па макулінцы прагна і сквапліва зьбіраліся веды. Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзіла хрысьціянскае і нацыянальнае ўсьведамленьне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогі адкрыцьця, шляхі радасных і бясцэнных знаходак. Ад свае гразкое вуліцы — на бальшак, а там і на вялікія дарогі. Насамперш прышчэплівалася любоў да пакрыўджанага шматпакутнага калішняга гаспадара роднай зямлі, створанай ім культуры, да Бога, зруйнаваных нацыянальных і рэлігійных сьвятыняў, роднае мовы, народных традыцыяў, песьняў, мастацтва. А побач тая-ж дагэтуль няведамая гісторыя Беларусі раскрывала і выстаўляла бясспрэчнымі фактычнымі доказамі жахлівае махлярства, суцэльную хлусьню і варварства суседзяў, што заўсёды пад лёзунгамі хрысьціянства й панславізму, падпёртага калішнім місіянізмам, пасьля камунізмам і ці мала яшчэ якімі крывадушнымі ізмамі крывавілі, выбівалі, стагодзьдзямі паланілі некалі вялікі й міралюбны народ, падсякалі ягонае жывое карэньне. Моладзь прагна спажывала духовы корм, станавілася на поўны рост, напаўняла родныя прасторы патрыятычнымі песьнямі, рухалася ад асноўнага вывучэньня ўсяго свайго роднага й дарагога да элемэнтарнага тварэньня гісторыі.
А навокал, вунь на іхных вачох, вялікая гісторыя рабілася ненасытнымі-прагавітымі хіжакамі-чужынцамі. Часу было ў вабрэз. Гэтта-ж, як на далані, відаць было, як казаў геніяльны паэт, што
Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі
І тваю маці-бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.
Дый не адзін «чужак-дзікун», а найменш два… І яны — Масква й Бэрлін — для народу беларускага былі абое рабое! Гэтта-ж ля іх, тытанаў, каб уварваць і сабе кавалачак, завіхаліся памочнікі з таго найразумнейшага на сьвеце народу. І яны на верных сыноў і дачок зямлі беларускай, зьняможаных у змаганьні, быццам ненажэрныя шакалы і груганьнё нападалі. У агні й крыві, у пекле расьлі юныя патрыёты, беларускае нацыянальнае ўскалосьсе. Ці хопіць часу, каб каласом узбуйнець і плён даць?
Два тытаны мардавалі, палілі, нішчылі. Ці ёсьць словы й гукі якімі льга перадаць тое, што адбывалася тады ў той гэене на гаротнай зямлі? Ужо пасьля вайны рабаўласьнікі непакорнай краіны быццам падлічылі й сказалі: так, загінуў кажны чацьверты. Так? А ці ўзялі ў лік тыя мільёны, каторых у «мірны час вялікага сацыялістычнага будаўніцтва» ў канцлягерах сьмерці, у шматлікіх і тады яшчэ неадкрытых Курапатах вымардавалі?
Алесь належаў да Саюзу Беларускае Моладзі, скончыў курсы кіраўнікоў яе ў Альбэртыне. Ганарыўся гэтым. Затое яго пасьля маскоўскія падхалімы фашыстам і калябарантам назвалі. Саюз Беларускай Моладзі быў нянькай і апякуном маладой Беларусі, якой выпала менш трох гадоў, каб стануць на ногі й падрасьці. Яна ўлівала ў сэрцы юнакоў і юначак патрыятызм, вучыла іх сумленнасьці, веры ў Бога, працавітасьці, пашаны гісторыі й народных традыцыяў. Здабываліся асноўныя цноты чалавека. Найважнейшае, каб на моцы ўсяго, яму некалі адабранага, а цяпер дадзенага, здабыў самае дарагое і неабходнае — беларускую годнасьць. Бо замала было асягнуць тое дэклярацыйнае — людзьмі звацца! Цяпер трэба было ня толькі людзьмі быць, але змагацца на жыцьцё й сьмерць за тое, каб выжыць. Каб ніхто й ніколі ўжо не паставіў цябе на калені, рабсілай не зрабіў!
І для людзей, якім перарэзалі, здаецца, усе шляхі, адабралі права якога-небудзь выбару, у сорак чацьвертым вясной прыйшоў час выбару. Няпраўда, выбарам гэтага нельга назваць: або ўцякай, разам зь Немцамі, або сустракай маскалёў. Абое рабое, — найнавейшая Сцыла й Харыбда! Што-ж будзе, калі трапіш у пашчу ненасытнага «вялікага й мудрага бацькі народаў»? Цябе чакае або сьмерцяносны Гулаг або «даёш Бярлін». Ненавучанага ваеншчыны пагоняць на перадавыя, дзе крыкам «ура» нікога не спалохаеш. А Гулаг чакаў новае рабсілы. Ну а што станецца, калі зь Немцамі пойдзеш? Недзе да станка на фабрыцы прывяжуць, або ў якога баўэра ад сонца да сонца, — дух зь цябе вон! — будзеш ішачыць. Гітлер мільёны сваёй машынай вымардаваў, дык значыцца і тут рабсіла… Ох, як патрэбная! Выбірай.
Гітлераў «тысячагадовы райх» крышыўся-гарэў-распадаўся пад ударамі з захаду і ўсходу. Значыцца на ягоную зьмену сюды ў Беларусь прыйдзе зьненавіджаны й міліярды разоў пракляты маскоўскі Молах-тытан, каторы ў мора варварства кіне цэлую ўсходнюю і сярэднюю Эўропу. А там, на захадзе, перамогуць дэмакратычныя краіны. Каб туды як дастацца!
Думка, што неяк ня зусім выразна нарадзілася ў галаве, інтрыгавала. Можа яна, гэтая раптоўная думка, пусьціла карэньне ў сьведамасьці куды раней, калі Алесеў бацька, праклінаючы «місіянераў» з Масквы й Варшавы, добрым словам успамінаў Ангельшчыну і Амэрыку. — Вось там, — разважаў бацька Янка Якімовіч, — павінны людзі добра жыць! Тамака, кажуць, і заробіш добра, і для Бога, і для чалавека волі хапае!
Дарэчы, у гэны гурт краінаў, дзе людзі добра жывуць, дзе ўсім волі хапае, залічаў бацька Алесеў і Аргэнтыну, і Канаду, дый бліжэйшую Францыю. Ведама-ж усім навокал, што ў Францыю многа каторыя дзяцюкі езьдзілі «ў шахты» грошы зарабляць, прывозілі адтуль заашчаджаныя франкі, ну а з Амэрыкі цягнулі даляры. За гэткімі дзяцюкамі пасьля ганяліся ўсе дзеўкі; адно пальцам кіўні, — любую возьмеш.
Разважаньні… меркаваньні… Ня было калі, агонь ужо пяткі прыпякаў. І гэткім чынам, выбар у бязвыбарным піхнуў на захад. Шкада маткі, якую перашкодзілі забраць. За яе адну, за яе гаротніцу, марыўся пасьля юнак доўгі час бяссоньніцай.
Пасьля перамогі захаднія хаўрусьнікі скрупулёзна выконвалі свой дагавор з Масквой аб рэпатрыяцыі зь Нямеччыны савецкіх грамадзянаў. Давялося ім, вядома, ужываць так званую цьвёрдую руку. Ангельскі Томі і амэрыканскі Джы ай Джоў сваім вачом ня верылі: людзі адмаўляліся ехаць на радзіму… Як гэта разумець? Расея, тая аграмадная і магутная Расея, якая ў сканфужаным уяўленьні заходняга хаўрусьніка «бацькі народаў» цягнулася ад Владывастоку да Бэрліну, гэтая Расея клікала сваіх дзетак дамоў, каб прыгарнуць іх, нагрэць, ашчасьлівіць. А гэтыя дзеткі адмаўляліся. Яны ня толькі не сьпяшылі ў абдымкі дарагой маці, а некаторыя забівалі сябе. Што гэта такое? Адкуль таму Джову, што чвякаў жвачку Рыглея, ці пляваў сьмярдзючай табакай, зразумець было пачвару Расею й паняволеныя ёю народы?
Пад камандай генэрала Піліпа Іванавіча Голікава, «намесьніка наркома абароны па кадрах, упаўнаважанага па справах рэпатрыяцыі», што атаўбаваўся із сваёй бандай у Парыжы, пры помачы верных захадніх саюзьнікаў праводзілася паляваньне на «невозвращенцев» хуткім тэмпам па цэлай Эўропе. На помач Голікаву — мільённая амэрыканская ваенная сіла, ня меншая ангельская. Мільёны людзей, у тым прынамсі паўмільёна Алесевых суродзічаў, загналі ў Гулаг. Адзін Ліхтэнштэйн, які ня меў нікога пад зброяй для абароны мініятурнага княства на сумежжы Швайцарыі і Аўстрыі, пад апеку каторага ўцякло пару сотняў «невозвращенцев», сказаў Голікавым паляўнічым, што нікога ім не аддасьць бо гэныя людзі не хацелі ў ніякую эсэсэрыю да ніякага «бацькі ўсіх народаў» вяртацца. І Голікаў, — паверыце, добрыя людзі? — пакінуў бравы Ліхтэнштэйн у супакоі.
«Вялікі й мудры» варвар у Крамлі захлынаўся ад рогату. Ён за ўсякую цану намагаўся напоўніць Гулаг новай рабсілай. Ніколі-ж у сваіх найбольш амбітных марах не давялося спадзявацца яму, што заходнія так званыя саюзьнікі запраўды такія сьляпыя й дурныя. Яны пазбываліся сваіх найлепшых памочнікаў, патэнцыяльных хаўрусьнікаў у будучым змаганьні з маскоўскім імпэрыялізмам, аддавалі іх усіх «вялікаму й мудраму айцу ўсіх народаў і карыфэю навукаў», проста навыперадкі пхалі мільёны зьнямоглых гаротнікаў у бальшавіцкае пекла.
Ужо шмат пазьней, пасьля вайны, даведаўся Якімовіч пра так званае страчанае пакаленьне. Паводле прыблізных падлікаў адказных вэтэранаў «вялікай айчыннай вайны», тым страчаным пакаленьнем аказаліся ўраджэнцы 1924-25-26 гадоў. З сотні высланых на «даёш Бярлін», вярталася назад адно двух ці трох… Былых сяброў Саюзу Беларускай Моладзі праглынуў на даўгія гады Гулаг. І Алесь гадамі нараджэньня належаў да таго «страчанага пакаленьня». Кемлівасьць, патрыятызм і вынаходлівасьць выратавалі яго ад праклятай сталінскай мятлы, што на замінаваным і крывавым шляху «даёш Бярлін» і ў Гулагу зьмяла з родных ніваў найбольш цэннае, што было ў самым росквіце, пакаленьне шматпакутнага народу.