На п’едэстале, на аграмадным кані — прынамсі ўдвая большым за нармальнага, — расьсеўся Яго Каралеўская Вялікасьць, Кароль Вялікай Брытаніі, з Ласкі Божае Імпэратар Індыі і гэтак далей… Бронзавы конь, зь пярэдняй левай паднятай нагой, — гатовы ў дарогу, — касавурыў крыху налева. Сам яздок ягоны, з адкрытай, галубамі ўдэкараванай лысай галавой з вусішчамі і бародкай, грудзьмі абвешанымі мэдалямі і рознымі шнурамі ды кукардамі, ботамі з халявамі за калені, трымаў паляўнічы брыль у правай руцэ на калене, а левай рукой натужыў лейцы ад аброці. Шырокі імпэратарскі твар спакойна пазіраў наўскасяк направа. І цяпер галуб з галубкай аглядалі парк з выгаднай лысіны Эдварда VІІ-га, найстарэйшага сына Вікторыі, якому трэба было пажыць гадоў шэсьцьдзесят, пакуль маці з высокага трону зьлезла.
Помніку Эдварда VІІ-га, які некалі займаў пачэснае месца ў сталіцы Індыі, адвялі кут у Радфардзкім Гарадзкім парку. Яшчэ ня так даўно, пакуль нахлынула пасьляваенная хваля імігрантаў, парк падлягаў правом прыроды. Зайцы, на якіх тут паляваць забаранялася, гэйсалі ўсюды ў гушчы дрэваў, у кронах якіх гнязьдзілася маса птушак. Вялікая паркавая прастора ўключала пагоркі, даліны, дзьве рэчкі, што вужамі віліся між дрэваў і хмызьнякоў. Спакойная паверхня невялікага возера гаманіла дзікімі качкамі й шэрымі канадыйскім гусямі ды вечна галоднымі крыклівымі чайкамі. Ля таго возера ў даліне была лодачная станцыя — аблюбаванае месца моладзі. Апавядалі, што некалі парк гэты, пакуль стаўся ўласнасьцю гораду, наведвалі пераважна аматары паляваньня й рыбакі.
Калі аж тры ўрады — фэдэральны, правінцыяльны й гарадзкі — наважыліся барукацца зь беспрацоўем, надта хутка знайшліся фінансавыя сродкі для ўпарадкаваньня і аднаўленьня гэтага вялізнага плошчай парку. Нанава расплянавалі, пабудавалі адну цалкам неабходную дарогу для аўтамабіляў, сьцежкі для бягуноў, хадуноў і самакатаў, аўтастаянку пры мадэрным, непадалёк возера, летам халоджаным, рэстаране. Зашумелі сям-там мініятурныя вадапады, пчолкамі й чмялямі загулі кветнікі. Выгадныя лаўкі пры сьцежках і ў зелені травы запрашалі чалавека адпачыць воддаль ад шуму й гармідару гораду. Акцэнт мадэрнізацыі парку клаўся на лёгкую кантролю прыроды з прыбыткам зусім неабходнай, але не залішняй цывілізацыі.
— Зірні ты на яго, паляўнічага імпэратара! God save the king! — усьміхаўся Алесь, аглядаючы вялізнага Эдварда сёмага на бронзавым кані.
— А адкуль ён тут узяўся? — зьдзівілася Вера. — Такія пампёзныя помнікі імпэратарам стаўлялі перад будынкамі парламентаў ці на якіх важных сквэрах…
— А ты ня чула?
— Што?
— Ды як гэтага гэроя нашыя манархісты сьцягнулі зь Ню Дэлі?
— Калі гэта?
— Як Індыя сталася незалежная ды сваім розным Магатмам пачалі помнікі майстраваць…
— Дык тады гэтага імпэратара сюды?
— Хацелі яго дзесьці на якую галоўную Кінг вуліцу паставіць, але… ня тыя часы, ня тое пакаленьне. Бальшыня ў гарадзкой управе ўпёрлася… Дык вось яго сюды, у больш экзатычнае месца… Зрэшты, яго й тут галубы, як бачыш, для сваіх патрэбаў адаптавалі…
Прыгожае надвор’е хутка напаўняла парк і Алесь уздыхнуў з палёгкаю, калі яму ўдалося знайсьці вольнае месца для свайго Олдсмабіля.
— Окэй, даражэнькая, давай заглянем цяпер у дзіч, — прапанаваў Алесь дзяўчыне. — Знойдзем такое месца, куды яшчэ не сягнула сваёй прагавітай рукой цывілізацыя.
— А тут ёсьць такое?
— Пашукаем, — узяў Веру за руку Алесь. — Мне здаецца, што я павінен цябе сяньня рамонкам вялічаць: Miss Daisy.
Сукенка ў кветкі ізь цесным тулавам і шырокай спадніцай, прыгожа раськінутыя па бакох і ззаду валосы ды той нявінны дзяцінна-прывабны тварык із загадкавымі прамяністымі вачмі… Захапляўся дзяцюк і дзяўчынай, і прыродай: летняй чысьцінёй, сьвежасьцю, водарам наліваных поўнымі сокамі расьлінаў і кветак. А побач — поўная й пышная ў сваёй сьпеласьці й красе маладосьць. Дзяўчына, у Алесевым уяўленым параўнаньні, запраўды нагадвала рамонак на ніве цяпер далёкай, чужнікамі забранай зямлі. Але гэта дзяўчына ішла вось побач яго, яе сквапліва аглядалі сустрэчныя мужчынскія вочы.
Прыселі на лаўку пад вялікім дубам. Праз галіны дрэваў зьзяла люстра залітага сонцам возера й відаць быў лодачны прыстанак. Некалькі парачак у лодках марылі пра каханьне, а больш заавансаваныя практыкавалі яго ў пацалунках.
— Вось што я люблю, — сказаў Алесь, — мы жывём у дваццатым стагодзьдзі а паглядзі, як мы далёка ад яго, значыцца ад цывілізацыі ягонай, што ці не пайшла на злом галавы… Якое тут хараство! Адсюль, ад гэтай цудоўнай прыроды запраўды бліжэй да Бога…
Зачараваная прыродай дзяўчына, сама прыгожая ляля, маўчала. Алесь носам адчуў запах бэзавай парфумы, зірнуў на румяны тварык. Блізкасьць дзяўчыны гэтта, на ўлоньні прыроды, актывізавалася адным жаданьнем. Калі зірнуў на яе ўважна, спасьцярог нейкі выклік у ейных вачох. Поўныя ружовыя, зусім немаляваныя вусны, румяныя шчочкі, абяцаючыя вочкі — усё гэта на выклік. Магніт, якому няма супраціву. Сустрэліся ці не на поўдарозе. І спачатку вусны ейныя, быццам коркавыя, непаслухмяныя, як некалі гэны першы раз. Ды тут-жа адразу дзяўчына памякчэла, быццам ажыла, усім дрыготкім целам прыльгнула да яго, упілася ў ягоныя вусны. Хлапец ледзь трымаўся пры наплыве крыві, малаточкі стукалі ў скроні. Здавалася, што шпаркая хваля зусім затуманіла галаву, кінула цябе ў нейкі вір, дзе ўлада жывёльнага сьвету бярэ верх. Цябе ўсяго паглынае адно прагавітае імкненьне. І якраз тады, калі Алесь ужо цалкам апынуўся ў тым дзіўным ашаламленьні, Вера раптоўна адхінулася. У ейных вачох на імгненьне, — бачыў Алесь выразна, — прамільгнуў цень страху. Яшчэ п’яны нэктарам пацалунку, дзяцюк зьбянтэжыўся. Ды зараз-жа дзяўчына прыгарнулася да яго яшчэ шчыльней і проста зь нейкай канвульсіяй упілася ў ягоныя вусны. Алесь задрыжэў усім целам і цяпер ён першы адхіліўся. Рукой лагодна падняў Верын падбародак, заглянуў уважна ў закаханыя вочкі.
— Огоо! Умееш цалавацца! А мне раней здалося, што ты быццам ня ты, што ты тут зусім няпрысутная. Але-ж ты зусім ажыла, вярнулася! Дзякуй табе! — гаварыў захоплены Алесь.
І зноў патанулі ў соладзе вуснаў і абдымкаў, цяпер ужо бяз ніякага напружаньня, нэрваў, у вялікай роскашы. Усё зьлілося ў адно, тое, што вядзе да фізычных вытокаў, чым сьпявае й пульсуе ўсё жыцьцё ад часу стварэньня, калі імкнецца да завязі, што нясе новыя плёны. У гэным экстазе, калі два целы зьліваюцца ў адзін гарманічна пульсуючы сокамі жыцьця арганізм, рэальнасьць адыходзіць у нябыт, а міраж становіцца запраўднасьцю. П’яны хмель нэйтралізуе галоўнага вартаўніка — дасканалы апарат мозгу. І дзіва няма, што ў самы адказны момант, — калі галоўны вартаўнік-кіраўнік адсутнічае, — шырака адчыняюцца дзьверы для новых пакаленьняў. І вось гэтта, цяпер, у парку навосьцеж якраз адчыніліся такія дзьверы. Ды Вера раптоўна адпіхнула дзяцюка. Быццам рыба, выцягнутая з вады, Алесь лавіў паветра.
— Алесь, я мушу табе расказаць, — ціха шаптала Вера.
— Расказаць што?
— Пра той першы пацалунак і чаму я проста не магла… знаеш… Была прычына… Гэта сталася даўно, калі мне ня было яшчэ шаснаццаці гадоў…
— Не! Не кажы, перастань! — Алесь закрыў ёй далоньню рот. — Я не хачу слухаць пра тое, што там было. Я хачу цябе бачыць і ўяўляць, — калі цябе няма пры мне, — такой, як цябе цяпер бачу — цудоўным пахучым рамонкам, прынаднай і чыстай прыгажосьцю. Навошта-ж усё гэта бярэшся сапсуць?
Дзяцюк уяўляў ужо, што вось гэтая цаца-ляля, што побач, зараз-жа пачне рабіць нейкія дзіўныя ці жахлівыя прызнаньні пра свае дзявочыя грахі, наводля тых, пра якія можаш прачытаць у такіх папулярных для аматараў усякай эротыкі часапісах, як True Confessions…
— Ды я ня зьбіраюся нічога сапсуць, — гаварыла ўжо ўсхваляваная Вера. — А чаму-ж я не магу нічога расказаць пра сябе? Ці гэта я ўчора нарадзілася?
Цяпер у тых прывабных вачох зьявіўся дакор.
— Віншую цябе, міс Мак, з тваім ранейшым нараджэньнем і з тым, што ты вырасла прыгожай, як ляля, але-ж я ня выклікаў цябе на нейкую споведзь. Мала што нешта там было…
— Не, Алесь, я мушу, я хачу табе расказаць!
Памаўчалі. Алесеў зрок затрымаўся на лодцы, што на возеры. І там — ён і яна. Магчыма, першае каханьне… А тут у яго каторае? Дзяўчына хоча апавядаць пра сваё мінулае… Няхай…
— Мне тады ня было яшчэ чатырнаццаці і я жыла ўжо ў другой сям’і…
Дзяўчына, нагнуўшыся, зрывала сьцяблінкі высокай травы. Навокал, у сваім росквіце, цешыўся сьвет. А гэтта Вера Януку пачынае нешта наводля споведзі. Ён уважна зірнуў на ейны твар і здалося, што яна цяпер намагаецца пазьбягаць ягоных вачэй.
— У іх быў адзін сын, гадоў можа дваццаць пяць векам. Вялікі, сільны й брыдкі, у шахце працаваў. Бацькі ягоныя любілі мяне, як сваю, часта паўтаралі, што й самі некалі хацелі мець дачку. Я таксама іх любіла; добрыя і працавітыя, ашчадныя, сумленныя людзі. Яны мелі сваю харчавую краму, працавалі доўгія гадзіны. Ведаеш, як гэта ёсьць у малым гарадку, — калі не абслужыш людзей тады, як да цябе прыйдуць, значыцца ў любы час, дык скора і кліентаў мець ня будзеш.
— Мы жылі наверсе, над крамай. Было гэта перад Калядамі. У краме было многа работы перад сьвятам і гаспадыня — яна называлася Джэйн, — папрасіла мяне, каб я пачысьціла пакоі наверсе. Я старалася ім памагчы, дык і прынукі ня трэба было. Я шматай мыла там падлогу і была на каленях, калі пачула, што адчыніліся дзьверы. Гэта быў гаспадароў сын Джоў. Ня раз раней я бачыла злосны агеньчык у ягоных вачох і баялася яго. Хлопец гэты быў грубы, няпрыемны, дужы й агрэсыўны. Як я ўстала дык ён падыйшоў да мяне й сказаў: — Міленькая мая, не супраціўляйся, бо ніхто цябе не пачуе. Будзь добрая для мяне і я цябе не пакрыўджу.
— Гэтак ён сказаў із такой яхідненькай усьмешкай на твары. Пакуль я, як тая разінька, апамяталася што тут робіцца, ён раптам схапіў мяне й нёс на ложак у спальню. Для мяне той напад быў такі неспадзяваны, што я ня ведала што маю рабіць… Помню, што адкрыла рот крыкнуць, але гэты гарыла закрыў яго. Я, мусіць, укусіла тады ягоную руку ці шматай зьехала яго па твары бо ён мяне злосна кінуў на ложак і пачаў біць мяне. — Ты хочаш біцца, сука! — крычаў на мяне. Я старалася адпіхнуць яго калі ён пачаў мяне разьдзяваць. Раз я сьпіхнула яго з пасьцелі, кідала на яго падушкі, але гарыла ізноў намагаўся на мяне ўзьлезьці. Мне ўдалося скаціцца на падлогу і я тады бегла да дзьвярэй, але ён схапіў мяне за руку, крутнуў і я крэпка стукнула аб вушак дзьвярэй галавой што аж зоры пабачыла… Калі ён цягнуў мяне назад на ложак, мне не хапала паветра дыхаць.
— Тады я ведала, што скора ён возьме верх, я ня маю сілы бараніцца, але неяк спрамаглася і з апошніх сілаў моцна крыкнула. У мяне ўжо ня было сілаў, я так баялася гэтага зьвера. Ён схапіў мае абедзьве рукі, трымаў іх як клешчамі, а мяне крывёй абмазаў. Ён выглядаў так страшна, так пагражаў, што адабраў у мяне рэшту сілы. Ня помню добра, што было пасьля, мусіць пацямнеў для мяне сьвет… Нейкая мітусьня ў пакоі і тады ягоны, Джова, бацька нахіліўся нада мной і спытаўся ці я окэй. Маці таго гарылы старалася захінуць мяне, бо на мне была парваная сукенка…
Вера змоўкла. Бачыў Алесь у ейных вачох наплыўшыя сьлёзы. Але трэба-ж было ўдакладніць.
— Ну і як, удалося яму?
— Што ці ўдалося?
— Ну тое, чаго ён хацеў…
— Не, дзякуй Богу, — ціха сказала дзяўчына.
— Бедная ты, мая дарагая. Дык ты, значыцца, дзеўка, — сказаў Алесь і адразу шкадаваў сваіх словаў.
— Алесь, як табе ня брыдка! Пасаромся! — злосна сыкнула Вера. Твар ейны наліўся чырваньню а вочы глядзелі кудысьці ўбок.
— Ты-ж гэта хацела падкрэсьліць. Ці-ж ня так? — настайваў Алесь.
— Я хацела табе расказаць, што на мяне гарыла напаў і моцна пакрыўдзіў. Я тады была вельмі маладая. Гэта ня жарты былі. Ад таго часу я баялася хлапцоў, ня мела ніколі бойфрэнда і ніколі нікому не дазваляла дакрануцца да сябе. Я старалася наўмысна не малявацца і ня прыкрашвацца, як іншыя дзяўчаты, значыцца ня ўжывала памады для вуснаў ці якой іншай касмэтыкі таму, што не хацела каму на вока выстаўляць сябе. Да мяне ўсёроўна хлопцы лезьлі, але я ніколі ні зь кім не хадзіла. Я не магла пазбыцца страху ад таго брутальнага нападу. Тады, як ты прыйшоў, я старалася быць добрай і ты бачыў як гэта выйшла.
— Ты бедная, дарагая мая, — суцяшаў яе Алесь пабачыўшы, што гэтая споведзь скалыхнула Веру да глыбінь. Пад квяцістай сукенкай рухаліся захінутыя ў «крос-май-гарт-бра» поўныя грудзі. Адкрытасьць і поўная шчырасьць у вачох. Такая шчырасьць паўстае пасьля разладаваньня вяліке эмоцыі і душэўнага цяжару.
— Я хацела табе расказаць, каб ты зразумеў чаму той першы раз, як ты хацеў пацалаваць мяне, чаму я не магла… Я ніколі й нікому раней гэтага не расказвала.
— Ну дык што? Хочаш, каб даў табе мэдаль за адвагу? — сказаў Алесь.
— Алесь, як ты можаш так казаць? — дакарала дзяўчына.
— Выбач, я не падумаўшы…
Доўга маўчалі. Лёгкі вецярок забаўляўся дубовымі лісьцямі. Непадалёку на траве спыніўся робін, нахіліў галоўку, быццам прыслухоўваўся, дзеўбануў нешта ў траве ды выцягнуў вялікага дажджавога чарвяка, пырхнуў і зьнік у гушчы лесу. Дзесьці за ўзгоркам раскрычаліся павы. Там у загарадцы гарадзкі гаспадар парку трымаў некалькі жывёлаў і птушак для малечы.
— Алесь, — ціха, ледзь чутна сказала Вера.
— Што?
— Раскажы пра сябе.
— Што ты хочаш цяпер ведаць?
— Калі я цябе раней прасіла дык ты ўсё зьвёў на жарты. Я запраўды хацела-б ведаць што сталася ў вайну…
— Ці гэта так важна? — насьцярожыўся Якімовіч. Ён ня змог-бы ў той час вытлумачыць чаму якраз гэтак а ня інакш рэагаваў на пытаньне каханай дзяўчыны. Яна выглядала сумленнай і шчырай. Вось цяпер-жа, тут пад гэтым дубам-гігантам раскрылася яму, здаецца, поўнасьцю. Выспавядалася, што называецца. А ён-жа быў пэўны, што кахаў яе. Дык дзе была тая запруда, што перашкаджала яму выказацца?
— Так, Алесь, я-б хацела ведаць.
Вера адчула вялікую палёгку калі падзялілася з Алесем сваім мінулым, — няхай сабе малым кавалкам яе, — нібы выспавядалася. Спадзявалася, што Якімовіч нейкім падобным чынам адудзячыцца ёй. У гэны час Капшун і ягоная банда ня прысутнічалі ў ейных думках, хаця й пытаньне ейнае было народжанае калішнім загадам разьведаць пра гэтага «фашыста», што побач.
— А што ты хацела-б ведаць?
— Ну пра вайну, дзе ты быў, што рабіў? Усё…
— Слухай, Вера. Давай, ня псуй прыгожага дня. Навошта гаварыць пра вайну, калі мы можам займацца каханьнем? Давай пра гэта… Перш за ўсё дай мне цалусіка!
— Не, Алесь! Я хачу, я прашу цябе мне расказаць!
— Ня маю таго настрою, — сказаў Алесь зь вялікім націскам на апошняе слова.
— Ці-ж я ў цябе чаго замнога прашу? — насядала дзяўчына. — Я-ж во расказала пра маё самае важнае…
Цяпер яна поўнасьцю ўсьведаміла моц каханьня, якое нарадзілася ў ейным сэрцы да гэтага прыгожага дзяцюка. Недзе ў нутры падазрэньне, пасеенае Капшуном, імкнулася да выясьненьня, каб запярэчыць, што хлапец мог быць такім, якім яго Капшун намаляваў.
— Ну, ведаеш, я-ж казаў табе, што гэта ня так важнае нешта, — тлумачыў Алесь зь нецярплівасьцю ў голасе. — Скажы, навошта так насядаеш?
— Ты мне дарагі, я цябе кахаю. Я-ж табе расказала пра сябе.
— Божа мой! Ці-ж мала табе таго, што я пра сябе ўжо расказаў?
Недзе парвалася струна, голас павысіўся. Гэта нядобра. Прычына ляжала недзе ў мінулым. Узьненавідзеў усякіх сьледавацеляў-інквізітараў.
— Ня крычы на мяне, Алесь! Я хацела…
— Ты хацела, каб я перад табой выспавядаўся. Ты сама пачала сваю споведзь, хоць я і не хацеў слухаць…
— Добра, Алесь, я ня буду цябе змушаць. Я бачу, што ты мяне не дацэньваеш.
Голас дрыжэў. Яна была пры сьлёзах. Раптам устала і хуткімі крокамі пайшла прэч.
— Вера, вярніся!
Дагнаў дзяўчыну, схапіў яе за руку, але яна адпіхнула яго.
— Ідзі ад мяне! Я ніколі не хачу цябе бачыць!
У голасе дзяўчыны была такая рэзкасьць, якой раней ад яе ня чуў. І ў тым — поўная фінальнасьць. Зьбянтэжаны такім нечаканым паваротам, Алесь стаяў быццам прылеплены нагамі да сьцежкі, кроў малаткамі бушавала ў скронях, слабая млоснасьць разьлілася ля ног і ззаду калі той «цудоўны рамонак» зьнік за пагоркам на сьцежцы. Рука палезла ў кішэню й выцягнула сярэбраную папяросьніцу. Едкі дым ускалыхнуў лёгкімі.
— Чорт цябе ведае, што за дзяўчына! — сказаў сам сабе Алесь.