31

Падарозе з працы Алесь выцягнуў канвэрт із сваёй паштовай скрыначкі, што пры дзьвярох у залі ўнізу будынку. Танная папера шэрага колеру, у правым верхнім куце канвэрту — тры савецкія паштовыя маркі а пасярод акуратна выведзены лацінскім альфабэтам ягоны адрас. З задняга боку канвэрту — адрас ягонае маткі. Кроў хлынула ў скроні, Алесь дрыжэў. Што тут у яго ў руках? Колькі ён яе сьніў, колькі маліўся за яе, ахвярную, разумную і гаротную матку, якая яго некалі натхніла, перад якой вялікую віну чуў за тое, што яе там, у варожым прыгоне, пакінуў… Ад часу, як яе пакінуў, ня меў магчымасьці даведацца ці яна здаровая, як жыве і дзе знаходзіцца. Але чаму яна рызыкуе з гэтым лістом да яго? Ці-ж яна забылася, што сувязі з замежжам, нават калі там і радня твая, ёсьць злачынам паводле савецкага права? І самае найважнейшае: адкуль яна ўзяла ягоны адрас?

Павольна, як ачмурэлы, ішоў Алесь наверх па сходах. Нават не памятаў, калі адчыніў у сваю кватэру дзьверы. Паволі палажыў канвэрт на стол, выняў з халадзільніка пляшку піва Молсан. Усё тое адбывалася марудна. І зрок дзяцюкоў цэлы час на канвэрце, быццам ён набіраўся адвагі, каб сустрэць той уструс, які прынясе яму тое, што неўзабаве прачытае. Калі нарэшце дрыжачай рукой узяў нож, разрэзаў канвэрт і пачаў чытаць дрэнным чарнілам напісаныя на сшыткавай, у клетачкі, паперы няроўныя радкі, зьмест даходзіў да яго быццам з другога сьвету, з магілы. Матка пісала:

Мой дарагі сынок Алесь!

Зь вялікай радасьцяй дазналася, што ты жывеш і добрае здароўе ў цябе. Часта малілася за цябе. Здавалася, што цябе страціла. Добрыя людзі памаглі мне знайсьці цябе, Алеська мой дарагі. Цяпер я надта дзякую за гэта Богу. Слава Яму! Ты далёка ад мяне, але радасьць у мяне вялікая, што ты жывеш і я знайшла цябе. Ад таго часу, як ты пакінуў, у вёсцы многа чаго зьмянілася. Многа людзей, каторых ты знаў, ужо няма ў жывых. Некаторыя загінулі ў вайне з нашым агульным ворагам — германскімі фашыстамі. (Тут матка назвала людзей, каторыя загінулі, ажаніліся ці пакінулі вёску).

Дзякуючы вялікім клопатам нашай добрай камунісьцічаскай парціі і ўрада, я цяперака добра жыву, так як жылі гарбачы й кароткія некалі. Помніш? (Алесь памятаў дзьве шматдзетныя сям’і, каторыя пры польскай акупацыі былі вечна ў галечы, цешыліся, калі бульбіна была. Пры бальшавікох ім не палепшала). Мой дарагі сынок! Я цябе вельмі люблю, — пісала далей матка. — Ты так далёка ад мяне, але я буду Богу маліцца, каб Ён цябе нідзе ў крыўду ня даў і каб ты здаровы быў і сваю матку помніў. Я ня маю болей навінаў, ну дык і канчаю. Прашу, напішы да мяне, сынок, як жывеш і што ў цябе новага. Да цябе зь любоўю, твая матка Алена.

Гэная атака на яго, якую зьмясьціла гадзюка-завяртанка, ды вось ад маткі ліст — гэта ўсё некім скаардынавана. Матцы далі адрас. Нават стыль пісьма ейнага, — ведаў матку Алесь добра, — чужы. Яна ніколі не сказала-б «загінулі ў вайне супраць нашага агульнага ворага — фашыстаў», або «дзякуючы вялікім клопатам нашай добрай камунісьцічаскай парціі і ўраду». Гэта ўзята з простай прапагандовай брахні савецкіх палітрукоў.

І матка ягоная ня з тых, каторая непатрэбна выстаўляла-бы каго зь сям’і ці блізкай прынамсі радні на небясьпеку. А якая тут была патрэба пісаць да яго, Алеся, каторы аж за акіянам? Магчыма, як піша яна, ня ведала ці жыве сын, пэўне-ж і аплакала была яго, мяркуючы, што можа загінуў. Але-ж вось прынесьлі ёй радасную вестку, што, значыцца, сынок жыве і адрас далі. Узрадавалася, можа й ня верыла, пэўне-ж распытвала пра сынка, ды можа нічога больш і не сказалі ёй, беднай і адзінотнай! Адно загадалі ліст напісаць, і дагледзелі, каб там і «савецкая радзіма» і «родная партыя» былі ў добрым сьвятле згаданыя!

Што Алесь мае цяпер рабіць? Ці выслаць ёй, гаротнай, якія харчы ці вопратку? А калі што й вышлеш, дык хто гарантуе, што паразіты «роднапартыйныя» не ўкрадуць і не спажывуць? Цяпер яна паўстала перад сынам у поўнай сваёй каханай мацярынскай велічы, ейныя мазольныя і парэпаныя далоні рук выцягнутыя да яго праз акіян: «Сынок дарагі, мілы мой! Люблю цябе! Трымайся! Бог з табой!»

Камяк сьліны ці чаго там засеў у Алесевым горле. Першы раз на працягу многіх гадоў ён страціў сваю, так цяжка некалі выпакутаваную кантролю пачуцьцяў. Некуды зьнік той вартавы інтэлектуал, сьлёзы засьцілі вочы. Што цяпер? Для бясьпекі маткі замоўкнуць, спараліжаваць сябе, далучыцца да тых «тараканоў у саладусе», каторыя ўжо дарабіліся ў гэтай вялізнай і багатай краіне ды ўжо «вачуюць тэлевіжан»? Не! Маскоўскі мядзьведзь свае ахвяры на волю ўсёроўна ня пусьціць.

Няма нідзе, мабыць, формулы для разьвязкі такой сытуацыі, у каторай Алесь апынуўся. Зірнеце: з гэтага боку сонца зьзяе, людзі штодня завіхаюцца каля сваіх заданьняў, працаў, абавязкаў, што прадназначыў ім іхны лёс і Стварыцель. І бальшыня гэтых верыць, што на сьвеце ёсьць справядлівасьць, таксама як і рацыянальнасьць, і міласэрнасьць, і любоў… З таго боку балянс страціўся кагадзе на карысьць пекла. Яно над усім і ўсюды дамінуе. Людзі зрабіліся рабамі, паўзунамі, нават і тыя зь іх, што некалі лётаць маглі. Цяпер усе яны поўзаюць, душацца, ціснуцца, і ліжуць чэрцям спаскуджаныя азадкі. А ўсёроўна няма для іх нідзе й ніякай любові, ні літасьці, ні спагады, ні спачуваньня, бо ненасытны Молах-тытан мадэрны патрабуе бязьмежнага ліку ахвяраў і таму растаптаў іх, у вечную краіну нянавісьці й гвалту зацягнуў, ды на самага Бога замахнуўся.

Загрузка...