42

Назойлівы стук у дзьверы і за дзьвярмі галасы. Алесь не варушыцца. Стук паўтараецца куды галасьней.

— Ал, адчыні, ты гультай! Мы ведаем, што ты дома.

Голас Ніка Лока. Алесь не адказвае.

— Ал, слухай, адчыні! Калі не адчыніш, выламім дзьверы!

— Ідзеце к чорту! Я не хачу вас бачыць. Нікога не хачу бачыць. Чаму вы, добрыя людзі, ня можаце пакінуць мяне ў супакоі? Адчапіцеся ад мяне!

— Слухай, Ал. Я ёсьць твой добры сябра Нік Лок, а са мной ёсьць яшчэ адзін твой добры сябра Анды. Мы толькі хочам з табой пагутарыць. Слухай, будзь добры хлопец, адчыні нам.

— Я казаў… А ну вас! Окэй, няхай сабе.

Алесь устаў і адамкнуў дзьверы.

— Ай, яй-яй, як гэта ты мог так зьдзекавацца над самім сабой! — жахнуўся Нік, убачыўшы змарнелага Якімовіча.

— Як гэта ты так ухітрыўся зьмяніцца? Давай руку! — усьміхнуўся Анды.

— Калі ўжо сілай улезьлі, то сядяйце. Ня буду прытварацца, што я рад вас бачыць, — сказаў Алесь.

— Ты перастань. Мы ведаем усю рэшту. Давай цяпер праверым, што і як тут у цябе, — пагаспадарску гаварыў Нік. Ён адчыніў халадзільнік і сьвіснуў. — Зірні, Анды, зусім пусты. Ці ты, Ал, пастанавіў сябе голадам замарыць? Калі гэта ты еў апошні раз?

— Ня памятаю, — пад носам буркнуў Алесь.

— Дык надзенься, хадзем, нешта зьядзём, — цягнуў Алеся Анды за руку.

— Пачакай, мой добры сябра, можа пасьля. Перш дай мне закурыць.

— Дык што гэта такое? — пытаўся Анды, калі Алесь прыкурваў. — Ці ты ня ведаеш, што так можаш сваю працу страціць?

Алесь з прысьвістам зацягнуўся дымам. Выглядала, што намагаўся ігнараваць сяброў.

— Некалі чытаў я пра гіндускіх манахаў, ці мудрацоў, — пачаў ён, не зважаючы на тое, ці яго слухаюць ці не, — ведаеце, пра гэтых, што мэдытацыяй і рэжымам ізаляцыі стараюцца спасьцігнуць Бога, ці тую ступень дасканаласьці, якая роўная Стварыцелю. Я думаў многа на гэтую тэму. Мяркую, што трэба цяжкіх намаганьняў, каб тое асягнуць, калі наагул нешта падобнае ёсьць даступным для людзей. Калі там патрэбныя вялікія намаганьні ды надзвычайная канцэнтрацыя, дык гэта не для мяне. Маё жаданьне вельмі сьціплае: пакіньце мяне на нейкі час у супакоі, забудзьцеся пра мяне, не дакучайце. Пытаешся сам сябе: ці гэта зашмат, ці гэта такое вялікае вымаганьне? Выглядае, што так… Глядзіце. Гэтта я замкнуўся, адлучыўся ад сьвету, нікому на горла ня лезу, не дакучаю. Ну й што, вы думаеце, здарылася? Усе спрабуюць выламаць мае дзьверы.

Ён спыніўся, пазяхнуў, устаў, пачаў хадзіць няроўнымі крокамі, зноў сеў.

— Максім Багдановіч некалі сказаў: «Проці цячэньня вады зможа толькі жывое паплыць, хвалі-ж ракі заўсягды цягнуць тое, што скончыла жыць». Мяркую, што я — ані жывы, ані мёртвы, а паэт забыўся сказаць, што мае рабіць чалавек у маім палажэньні: плысьці супраць цячэньня, ці скончыць жыць…

— Давай, найперш раскажы нам, што табе дакучае, — сказаў Анды.

— Дзякую вам, бойсы, што адведалі мяне, хоць я і хацеў-бы сядзець у адзіноцтве. У гэты час я не прашу нічыёй падтрымкі. Кропка. Мушу прайсьці, ці пераплысьці многа міляў, пакуль вылезу на салідны бераг.

— Чуеце, якія важныя словы! — укінуў нецярпліва Нік. — Скажы нам, ці ты страціў розум таму, што дзяўчына ад цябе ўцякла?

Алесь нават ня зірнуў на Ніка. Памалу, быццам пра нешта разважаючы, ён выцягнуў з пачкі другую цыгарэту, закурыў. Углядаўся ў клуб дыму.

— Запраўды ня ведаю, ці мог-бы я табе нешта вытлумачыць, калі-б нават спрабаваў…

— Спрабуй!

— Баюся, што не зразумееш, хлопча.

— Пастараюся.

— Ты, мой сябра, некаторыя здарэньні ці выпадкі, ці няшчасьці мусіў-бы перажыць. Яны занадта скамплікаваныя, каб іх апісацць, ці пра іх расказаць.

— Не насядай, Нік, — раіў Анды. — Маем час.

— Ці вы, добрыя людзі, ня можаце сваімі прымітыўнымі мазгамі зразумець, што я хачу мець перапынак? Вы сілаю цягнеце мяне назад у тое барахло, што называеце жыцьцём. Я не хачу яго. Нейкі час я хачу пасядзець на плоце, прыгледзецца як валочыцца грамада разумнага народу.

— Але-ж ты руйнуеш усё, што да гэтага часу здабыў, — заўважыў Нік.

— Руйную? — скрывіўся ў твары Алесь. — Ці адпавядае тут гэткае слова, я ня ведаю. Некалі здавалася мне, што я да нечага імкнуўся, рабіў прагрэс, асабліва тады, калі пачынаў новы шлях у гэтай багатай, дзіўнай і слаба заселенай краіне. Першы раз у жыцьці, здаецца, сонца было да мяне ўсьміхнулася. У маёй дзіцячай наіўнасьці мне здавалася, што адкрыў я нейкае сваё Эльдорадо. І я — вялізны дурань, спадзяваўся, што прыйшоў нарэшце і для мяне новы пачатак. Я ўскочыў на гэтую апантаную дынамізмам карузэлю, быў захоплены ёю, памагаў іншым, каб будаваць, разьвіваць, паляпшаць і так далей. Так, сябры мае дарагія, нейкі час галава мая трашчэла ад радасьці. Не забывайцеся, што ад прыгоннага халопа ў Савецкім Саюзе і да экзэкутыўнага крэсла ў канадыйскім бізнэсе дарога даўгая, цяжкая, з многімі ўхабамі. Я прайшоў яе, меў салідныя асновы спадзявацца, што будучыню сабе ўжо запраўды, як трэба, забясьпечыў. І аднаго дня тое вялікае здарэньне было… Мяне сьцягнулі ўніз, зьвязалі. Каротка гаворачы, я апынуўся там на самым дне, дзе некалі пачынаў, з дабаўкай усьведамленьня, што я заўсёды туды належаць маю. Цяпер, — Алесь пагражальна выставіў указальны палец у бок сяброў, — ці вы сабе ўяўляеце што гэта значыць апынуцца на самым нізе, адкуль ты пачаў, без надзеі, што адтуль некалі выкарабкаешся?

— Гаворыш нейкімі загадкамі. Хто цябе і ў які ніз сьцягнуў? Ніхто! — сказаў Нік.

— Я бачу, што вы, мудрыя галовы Трыфты Тоні, усё яшчэ нічога ня скумекалі. Мусіце памятаць, што сталася за апошні месяц у мяне і ў нашай беларускай калёніі. Перш за ўсё — забойства Шпака, — няхай Бог прыйме яго на ўлоньне Сваё! Тады ўцякла некуды Вера, а цяпер гэта вось!

Алесь узяў шэрага колеру канвэрт і трымаў яго перад Нікам.

— А што гэта такое? — зацікавіўся Анды.

— Ліст ад маёй маткі. Я-ж казаў вам пра яе раней, ці-ж ня так?

— Так, ты згадваў пра яе некалі…

— І ці вы ўяўляеце, чаму яна піша? — Алесь пачаў хадзіць па пакоі, гарачыўся, павысіў голас. — Таму што ёй загадалі, вось чаму. І што яна піша? Цяпер, джэнтлемэны, паслухайце яе: яна просіць мяне, каб я перастаў працаваць тут у грамадзкіх арганізацыях сваіх суродзічаў. Праца мая тут у Канадзе сярод нашых людзей, каторыя стараюцца прыжыцца, стаць на ногі, працу здабыць, дзяцей на добрых людзей гадаваць, у сваіх сьвятынях памаліцца, вось гэтая мая праца, гэткая бясплатная работа між сваіх, яна, — чулі вы такое — супярэчыць інтарэсам бальшавіцкае дзяржавы і імі паняволенага беларускага народу. Вы, мае добрыя сябры, напэўна ўжо адгадалі ў чым справа: ліст той прадыктавалі матцы камуністычныя палітрукі. Характэрна, што й мова бюракратычна-казённая, якраз такая, якой матка мая ніколі, пішучы да мяне, не надумалася-б ужываць. Але самае важнае ў тым лісьце, што мая дарагая матка, — дай ёй, Божа, многа здароўя! — сумела мяне перасьцерагчы. Яна туды ў тэкст ліста ўставіла такую фразу, якую, — я пэўны гэтага, — яна ўжывае толькі, каб перадаць сігнал вялікае небясьпекі. Як вам гэта падабаецца? Цяпер-жа, калі жадаеце далей заглыбіцца ў гэтую справу, я магу ілюстраваць. Ёсьць тая гаргара-дзяржава. Яе тут у Канадзе называюць іранічна «расейскі мядзьведзь». Тэрмін гэты, магчыма, некалі пасаваў да царскай Расеі, але не цяперашняга гіганта, якім загадвае бальшавіцкая мафія. Я вось гэтую бальшавіцкую імпэрыю, што цяпер яна ёсьць, прыраўняў-бы да крыважэрнага актопуса. Ён душыў-жор мой народ і радню, а цяпер ужо выцягвае шчупальцы, каб і мяне праглынуць. Ведаючы паходжаньне й характар гэтага дэмана, магу даволі дакладна прадказаць, што далей здарыцца…

Алесь спыніўся, як быццам чакаючы, каб яго заахвоцілі прадаўжаць. Мужчыны пазіралі на бледнага і ўсхваляванага сябру.

— У сваім наступным лісьце мама, пад дыктоўкай гэтага самага актопуса, будзе прасіць мяне… Не, чакайце, яна будзе апэляваць да мяне, ужываючы тыя дыктаваныя саладжавыя казённыя словы, каб я дамоў вярнуўся. Абавязкова гэтак будзе. Матка да мяне зьвернецца: вярніся, сыночак родненькі! І яшчэ ў гэным лісьце, у адпаведнай форме зьявяцца абяцаньні, — так, абавязкава абяцаньні! — што бацькаўшчына, якую яны называюць радзімай, з радасьцю прыме на ўлоньне сваё гэтага блуднага сына ды выбачыць яму ўсе грахі вялікія і малыя, каторыя ён, блукаючы па чужыне, супраць той самай радзімы нарабіў. Ды тое выбачэньне гэных нібы грахоў мае наступіць, — заўважце гэта, — толькі пасьля таго, калі я пакаюся, выбачэньня такога ў іх, нізка пакланіўшыся, папрашу. Значыцца, як усёроўна на споведзі: каюся, каюся, каюся, выбачце мне грэшнаму. Дапусьцім цяпер, што я маю намер якраз такі крок зрабіць. Бязумоўна, я не зраблю так, але ўявім сабе такую сытуацыю. За якія гэта грахі і ў каго я маю спавядацца ды выбачэньня прасіць? Але-ж, не ў каго іншага, як толькі ў маскоўскіх крыміналістаў, іхных беларускіх янычараў, значыцца тых, што паняволілі маю бацькаўшчыну, народ запрыгонілі, зрабілі жывое пекла ў ёй… Вось каго…

Алесь хістаўся, хадзіў яшчэ па пакоі.

— Але-ж прашу выбачыць, — адумаўся ён, — я загаварыўся і забыўся пра вас. Пачакайце, калі ласка.

Ён прынёс з кухні шклянкі, напоўніў іх садовай вадой зь лёдам, а ў чаркі паналіваў гарэлку.

— Прапаную, за нашае здароўе! — сказаў Алесь.

Выпілі.

— Прашу ўзяць пад увагу, што мае суродзічы выгнанцы, уключна са мной, цяпер вядуць вайну. Прызнацца трэба, дзіўная гэта вайна. Наш вораг трымае ў няволі ўсіх заложнікаў, мае вялізныя запасы амуніцыі і амаль неабмежаваныя матар’яльныя рэсурсы. Запраўды, мы ня маем амаль ніякіх шанцаў на посьпехі ў такім няроўным змаганьні, ні аднаго ў мільёне. Усёроўна мы робім рух, быццам б’ёмся, мы нават намагаемся пераконваць свой бок, што маем нейкія здабычы, пэўне-ж на ідэалягічным фроньце. Але нікога тут не абманеш. Хоць не пачуеш пра гэта ад канадыйскага міністра іміграцыі, мы — гэта значыць бальшыня нас, Беларусаў, пасьляваенная іміграцыя, — апынуліся тут з палітычных прычынаў. І ў гэтай краіне мы працуем на грамадзкім і палітычным груньце, як нейкія місіянеры. Мы апынуліся тут, каб мабілізаваць помач для пакрыўджаных, паняволеных, для тых, якіх бязбожны таталітарны і крывавы фашыстоўскі рэжым з Масквы вынішчае мільёнамі. Мы расказвалі пра лёс паняволеных нязьлічоную колькасьць разоў. Мы прасілі зразуменьня, папярэджвалі й асьцерагалі гэтую краіну й цэлы сьвет, што калі камуністычны ракавы арганізм ня будзе зьнішчаны, калі ягоны рост ня будзе стрыманы, дык ён цэлы вольны сьвет паняволіць і зьнішчыць. Ну і які з таго вынік? Сьвет, да якога зьвяртаемся, як казаў адін калега мой, цынік «бесится с жиру», ён із паблажлівай усьмешкай глядзіць на нас, як на нейкіх дзівакоў. Ён спакойна прыглядаецца, як некаторыя народы ў камуністычным ярме ўжо душацца ў перадсьмяротных канвульсіях. Госпадзе мой, чаму Ты адвярнуў ад нас твар свой?

Амаль задыхаючыся ад такой узьнёслай рыторыкі, Алесь спыніўся, прыкурыў новую цыгарэту.

— Я ніколі не ўяўляў таго, што яно гэтак ёсьць! — голасна зьдзівіўся Нік.

— Гэта цяжка ўявіць, гэта ня гульня ў гакэй, — стараўся ўсьміхнуцца Алесь.

— А якую ролю тут Вера Мак іграе? — спытаўся Анды.

— Вера, мая любоў, — заглыбіўся ў іншы сьвет Алесь, — ідэал маіх доўгіх і нязбытых мараў, памагатая ў забойстве вялікага й выдатнага чалавека. Сымбаль чыстай і незаплямленай красы й прыгожая зьява з камуністычным чарвяком унутры сябе, мадэль скромнасьці і шпіён бяз прэтэнзіяў… Гэта, хлопцы, агульна гаворачы, вобраз дзяўчыны, пра якую мова. Я запраўды ня ведаю, ці маю права ёй дакараць. Магчыма, што яна мае нейкае апраўданьне… Цяпер-жа яна зьяўляецца адной нітачкай, якая вядзе да вырашэньня справы забойства. Аднак, магчыма, што камуністы ўжо яе прыбралі. Прызнаюся, што вобраз гэтай дзяўчыны ня месьціцца ў маёй галаве і цяпер. Выглядае, што я сустрэў дзьве дзяўчыны, адну — запраўдную, цела й кроў з усімі, як прыказка кажа, бародаўкамі; другая — твор майго ўяўленьня, сьціплая і незраўнаная ў сваёй прыгажосьці цнотка, ляля, цацанька. Калі-б зьявілася яна перада мною, засыпаў-бы яе пацалункамі і сказаў-бы ёй, што ўсё тое, што сталася раней, калі нашыя ворагі замардавалі такога выдатнага чалавека, у чым памагла ейная рука — гэта нейкі дурны капрыз ці недарэчнасьць. Існуем толькі мы з табой, Верачка, мы і нашае каханьне. Іншым разам, калі-б трапіла яна ў мае рукі, хацелася-б выціснуць зь ейнай мяккай шыі апошняе дыханьне…

Алесь так загаманіўся, акунуўшыся ў сваім пачуцьцёвым сьвеце, што, відаць, забыўся пра прысутных сяброў. Цяпер-жа ён раптоўна павярнуўся.

— А што вы тут робіце? Ці ня бачыце, што цярплю зьдзекі? — крыкнуў, быццам разьюшаны.

— Ал, спыніся, успакойся! — сказаў спакойна Анды. — Ці-ж ты ня бачыш, што мы прыйшлі, каб табе памагчы?

— Не, бойсы. Ад шчырага сэрца вам дзякую, але вашая помач гэтта непатрэбная. Я стаю над пропасьцю. Удома матку націскаюць, каб намаўляла мяне вярнуцца, значыцца проста ў рукі дэмана. А тут… Ведаеце, мне патрэбны час, каб перадумаць, падтасаваць, зрабіць падлікі мінулага. Я цяпер, у такім становішчы няздольны да жыцьця. Мушу зрабіць разьлікі з сабой, зь Верай… Бяз вашай дапамогі…

— Ты, чалавеча, ці ты здурэў зусім, ці што? — выбухнуў Нік. — Ты-ж страціш сваю працу. Зэлман казаў…

— Чакай Нік, маўчы. Выглядае, што мушу табе тлумачыць простай мовай. Слухай, мой сябра: мне абсалютна няважна, што Зэлман казаў, што нехта пра мяне думае ці кажа. Маю перад сабой праблему, якую мушу сам вырашыць і жадаю, каб мяне гэты сьвет на нейкі час пакінуў у супакоі. Будзь ласкавы, скажы Зэлману, няхай ідзе ў возера скочыць! Зрабіце мне, хлопцы, ласку, пакіньце мяне самога. Мне прыкра, але ня чуюся…

— Окэй, Нік, пойдзем, — устаў Анды. — Памятай, Ал, калі запатрабуеш помачы, толькі сыгналу ад цябе чакаем.

Калі сябры пакінулі яго, Алесь паставіў Чайкоўскага патэтычную сымфонію. Заслухаўся, загойдаўся ў сваім крэсьле-гойдаўцы. Гвалтоўны плач трос ягонае згаладалае за апошнія дні цела.

На наступны дзень зьявіўся да Якімовіча сам Давід Зэлман. Алесь быў крыху зьдзіўлены, але надта ўдзячны свайму босу за ягоную візыту. Халодным і зраўнаважаным тонам Зэлман пераконваў Алеся, каб вярнуўся неадкладна на працу. Зь некаторым намаганьнем Алесь выясьніў крамніку, што так, у цяперашнім эмацыянальным хаосе, ён зусім няздольны да ніякай працы. Паспачуваўшы яму, Зэлман намякнуў, што праца на яго ня будзе доўга чакаць і пайшоў.

Загрузка...