32

Снікі Джоў быў адным з тых бясколерных людзей, сустрэўшы якога, ім не зацікавішся а ня тое, каб зірнуў ты на яго лішні раз. Ён мог лёгка і незаўважна зьнікнуць-растаяць у гурце. І выглядаў нявінным, няздольным нікому ніякае вады замуціць. І з выгляду цяжкавата было ацаніць ягоны век.

Некалі падчас тутэйшае вялікае эканамічнае дэпрэсіі ў трыццатых гадох гэты мужчына быў вельмі актыўным, называўся ў камуністычным жаргоне палявым арганізатарам. Цяпер Джоў Снікі працаваў клеркам-ураднікам у другараднай гасьцініцы. Ды гэтая няцікавая клеркава функцыя ня вычэрпвала яшчэ даволі поўнай фізычнай энэргіі Джова. Уласьнік гатэлю, каторы сам быў зьвязаны з рознымі чырвонымі франтавымі арганізацыямі, добра ведаў і іншыя заняткі Снікі Джова, ранейшыя і цяперашнія. Бывала, падчас галодных трыццатых, возьмуць камуністы на прыцэл пэўную тэрыторыю ці варожую палітычную групу між рабочых. Джова вышлюць «у тэрыторыю» з заданьнямі апэратыўнага адзьдзелу. Ён паедзе, правядзе грунтоўную разьведку, ацэніць, агледзіць, заплянуе ды вызначыць адпаведных людзей на франтавыя пазыцыі з адпаведнымі заданьнямі. Сам Джоў застанецца ззаду, у засені, адтуль будзе наглядаць і кіраваць адпаведнай акцыяй.

На такіх заданьнях Джоў добра набіў сабе руку. У яго хапала вытрымкі, каб пераканаць якіх трэба людзей выканаць адпаведныя заданьні, а пасьля не бракавала волі й настойлівасьці, каб давесьці тое заданьне да жаданага канца. Дэталёвае й прадуманае плянаваньне, якое мела забясьпечыць посьпех акцыі, было спэцыяльнасьцю Снікі Джова. Ён-жа даволі добра прыдбаў і тэхніку ды сакрэты кансьпірацыі.

Джоў Снікі меў фінансавыя ўклады ў некалькіх гэтак званых прагрэсыўных каапэратыўных бізнэсах, грашмі надта не раськідаўся, казаў, што піць і курыць не навучыўся, жыў старым «бабылём». Многа чаго зьмянілася. Адыйшлі, здаецца, у нябыт часы акцыі на «рабочым фроньце», дзе, як у трыццатых галодных гадох, ужывалася часта грубая сіла. Рэдка калі, як раней, плыла зьверху «баявая партыйная накачка», калі дзе грунт пад нагамі ў акцыі гарэў. Што-ж да кансьпірацыі, дык яна мела, як казалі ў шэрагах «прагрэсывістаў», сваю «закалку» і выпрабаваныя хамелеонскія прыёмы. Праўда, калі Гузэнка выдаў у Аттаве гняздо савецкіх патрыётаў-шпіёнаў, тады былі павылазілі наверх усялякія буржуазныя гарлапаны, трэба было хвост падціснуць. Цяпер-жа? Лічыце, што тыя ранейшыя жорны для Джова малоць перасталі, бо акцыяў вялікага маштабу няма. Праўда, рабілі апошнімі гадамі сёе-тое, як, прыкладна, праводзілі сталінскую кампанію — «забараніць атамную бомбу» (гэта тады, пакуль бальшавіком яшчэ не ўдалося ўкрасьці ад Амэрыканцаў атамныя сакрэты), або кампанію «за мір» у сувязі з прыездам «чырвонага дыякана» Джансана з Кантэрбэры, каб выступіць на шматтысячным мітынгу канадыйскага кангрэсу «за мір». Ды ўсё гэта — дрэнь.

У сваёй працы для партыі Джоў радзей кіраваўся ідэёвымі матывамі чымся фінансавым прыбыткам, або спадзяваньнем большае ўзнагароды ў будучыні, калі й Канада станецца «дэмакратычнай і сацыялістычнай савецкай рэспублікай». Адным словам, вы маглі-б назваць Джова зусім практычным камуністам. Уласьнік гатэлю ніколі не адмаўляў Джову, калі ён хацеў на пэўны час адлучыцца «па задачы».

Аднаго дня нечакана Снікі Джова наведаў ягоны стары супрацоўнік Капшун, ды напрасіўся, каб пагаварыць зь ім сам-насам у якім заднім пакоі. Джоў адразу спанатрыў, што наклёўваецца нешта важнае.

— Маю адну задачу і патрабую тваёй помачы. Сядай, — пачаў Капшун, усеўшыся на канапе. Выцягнуў люльку й пачаў напіхаць яе табакай. — Я адразу, так сказаць, пра галоўнае. Дык вось, ёсьць чалавек, якога нам трэба неяк пераканаць, каб ён спыніў тое, што цяпер робіць. З прычынаў нашай будучай акцыі паміж Канадцаў і фашыстоўскіх ДП, гэтаму чалавеку трэба адабраць голас. Безь яго кіраўніцтва змоўкне ўся фашыстоўская какафонія. Што яшчэ важна дык гэта тое, што да голасу гэтага чалавека прыслухоўваюцца і некаторыя канадзкія палітыкі і капіталістычныя падпальшчыкі вайны ды другія рэваншысты супраць Савецкага Саюзу. Група беларускіх фашыстоўскіх дыпісаў ідзе за ім сьледам. Ён — ня толькі іхны лідар, але й натхненьне. Бачыш, ён ёсьць пісьменьнік і не такі пошлы. Магу табе сказаць, — прадаўжаў Капшун, задыміўшы табакай пакой, — што я адносна гэтага чалавека ўжо спрабаваў іншыя мэтады. Два разы мне ўдалося пазбавіць яго працы — першы раз выкінулі з рэстарану, дзе пасуду мыў, а другі раз з гасьцініцы. Потым мы забясьпечвалі яго ўсякім матар’ялам ад Міхайлава. Ён ад нас меў выразныя сыгналы, каб перастаў хуліць на савецкую радзіму і не памагаў ейным ворагам тут за рубяжом. І нічога на яго не падзеяла. Упартая сволач, прадаўжае сваё. А чалавек гэты вельмі працавіты, многа піша. Зараз, мяркую, каб яму рот закрыць, мы павінны ўжыць больш радыкальныя меры.

— Пра каго ты гаворыш? — спытаўся Джоў.

— Антона Шпака. Чуў пра такога?

— Не магу сказаць, што ня чуў.

— Зацікаўлены?

— Солё?

— Ага.

— Магу спрабаваць.

— Добра. Я спадзяваўся, што згодзішся. Цяпер-жа хачу табе перадаць, каб было вельмі ясна вось што: мы ніякім чынам ня можам быць удзельнікамі забойства.

— Было-б куды прасьцей, — запярэчыў Джоў.

— Разумею, але мы ня можам, прынамсі зараз… Так што няма выбару. Астаецца адно: пабяседаваць з гэтым фашыстам, — падмацаваўшы адпаведнай аплявухай, каб добра слухаў, панімаеш, — адным словам напалохаць яго так, каб больш рота не адкрываў. Кажу, што можаш яму даць так называемыя фізічаскія аргументы, але толькі касьцей не паламаць і не пакалечыць. Ён, як чую, слабая лягушка, дык супраціву ня дасьць. Пойдзе. Згода?

— Спрабую. За адпаведную выручку.

— Выручка будзе. Добра, цяпер пра дэталі.

Капшун апісаў выгляд Шпака так, як чуў пра яго ад Веры. Націск палажыў на тое, што пісьменьнік раніцай любіць вудачку закінуць на рэчцы і таму ёсьць магчымасьць аднаму рыбаку пагутарыць зь іншым. Надзвычайна! Джоў усьміхнуўся й кіўнуў галавою. А як-жа! Тут можна было-б лыжку той прыказачнай солі на рану, для гумару… Яму падабалася такое заданьне.

— Сьпяшацца няма чаго, — раіў Капшун. — Прыгледзься чалавеку здалёк, але каб на цябе ніхто ўвагі не зьвярнуў. Ты ведаеш пра яго даволі ўжо ад мяне, а там сам глядзі як выгадней.

— Окэй. Калі стары сволач пачне адбівацца, або клікаць каго на помач, дык што мне рабіць?

— Дзе там ён, здыхляк нікчэмны, пачне. Зрэшты, ужывай сваю галаву.

Джоў прыабяцаў узяцца за гэнае заданьне ўжо назаўтра, а Капшуну аж палягчэла, што галоўнага праціўніка прыбярэ з дарогі.

Загрузка...