17

Антон Шпак ці раз намагаўся ўявіць сабе сытуацыю, у якой, ён быў перакананы, аднаго дня апынецца. Шпак — рэаліст, часты пэсыміст, жадаў застрахавацца ад удару, які, хаця-нехаця, прынясе яму ягонае, — як часта жартаваў, — нулявое сацыяльнае становішча ў гэтай чужой краіне. Пасьля такога бясцырымоннага звальненьня з працы ягонага сябры Эстонца, Шпак ведаў, што ягоны лёс на валаску вісеў. Прычынаю былі частыя нямогласьці, калі працаваць ня мог. Ён дзівіўся, што да гэтага часу неяк утрымаўся.

Адылі, нягледзячы на такую псыхалягічную застрахоўку перад магчымым ударам, усё-ж вытрымаць яго цяжка было. Дый здарылася тое ліха тады, калі пісьменьнік яго найменш спадзяваўся. За апошні месяц не прапусьціў ніводнага дня працы, хоць і адчуваўся фізычна змораным. Аднае раніцы, калі зьбіраўся дадому, наглядчык паклікаў яго ў кантору.

— Мы пастанавілі звольніць вас з працы.

Цьвярды, няветлівы голас. Укалоў, ашаламіў урадніцкі тон. Чалавек, здавалася, думкаю і да гэтага быў падрыхтаваў сябе. Але праца, якая-бы яна ні была, гэта якар, на якім трымалася ўся чалавечая годнасьць у змаганьні зь ліхам у чужой краіне. Цяпер гэны якар паднялі і Антон Шпак апынуўся на шляху, які бег у тупік. Наперадзе — нумар на лісьце беспрацоўных, адна маленькая бездапаможная фігурка ў дзяржаўнай статыстыцы.

— Мне здаецца, што ня мушу вам казаць пра прычыны… — трашчэў сухі, калючы голас урадніка. — Замнога няпрысутнасьці. Мы ня можам апэраваць гатэлем бяз сталае абслугі.

— Навошта выясьняць… Усё й так зразумела. Мне прыкра…

— Няхай вам ня будзе прыкра за мяне, — адказаў ураднік.

— Прабач, але навошта лішняя гаворка? Каб мяне ўкалоць? — павысіў пісьменьнік свой голас. Наплывала злосьць. — Давай палагодзіць фармальнасьці.

— Атрымаеш кнігу страховачную і грошы як адчынецца канцылярыя.

Шпаку хапіла таго гатэлю. Палагодзіўшы свае справы, хаця змораны, пастанавіў ісьці дахаты пехатою. Быў гэта раньні ruch hour — гадзіна-сьпешка. Вялізная маса людзей, — хто на «сваіх дваіх», а найбольш аўтамабілямі, — усё гэта ў імклівым руху; аўты запаўнялі свае стаянкі, энэргіяй новага дня гаманілі фабрыкі, крамы, канторы. Магутная ў сваім кіпучым пераліве артэрыя жыцьця, якой кіравалі правы існаваньня і вызначаныя мэты. Натоўпы каля трамваяў, аўтабусаў і тралейбусаў, каля падземнае чыгункі, суцэльныя, амаль упрытык адзін да аднаго, вужы аўтамашынаў. Усё гэта нармальнае і рацыянальнае для ўсіх, апроч аднаго, капрызным лёсам зьняможанага і зноў на рынак беспрацоўных выкінутага чалавека.

Шматлюднасьць падчас гадзіны-сьпешкі цяпер паўстала перад вачмі Антона Шпака бяздушнай машынай. Яна ноччу спынялася, яе складныя часьці рассыпаліся на свае вызначаныя месцы, адпачывалі. Цяпер-жа тыя часьці зноў займалі раней вызначаныя месцы й машына пачынала гул працы й прагрэсу. А ці быў гэта прагрэс? Ці ня круціліся ўсе гэтыя людзі навокал бяз мэты? Ці ня была гэта пагоня за ілюзорнай зьявай?

Званы на ратушавай вежы адзначылі дзявятую. Людзям пачаўся працоўны дзень, а Антону Шпаку мінуў яшчэ адзін сэктар часу ў падарожжы ў нікуды… Ён нядаўна выбыў з тае агульнае машыны, што выплюнула яго бязь ніякага шкадаваньня, бо быў-жа занадта слабым, каб далей несьці адпаведны цяжар. Такім чынам ён быў цяпер нікім і нікуды ня йшоў. А ці запраўды быў ён нічым, на шляху ў нікуды?

Антона Шпака ведалі суродзічы й чужынцы. Зь ягонымі словамі і ідэямі змагаліся супраць ненавісных ворагаў. Для Беларусаў ён стаўся сымбалем непахіснае веры ў перамогу й вызваленьне бацькаўшчыны. А якая цана яму на гэтым баку акіяну, дзе адзіным сымбалем амэрыканскага сьвету, як здавалася яму цяпер, быў усемагутны даляр? Беларускія грамадзкія і рэлігійныя інстытуцыі на эміграцыі трымаліся на дабравольнай і ахвярнай працы ды грашовых складках сваіх сяброў. Камэрцыйных установаў новая эміграцыя ў гэны час яшчэ была не стварыла. Малыя зарганізаваныя групы не маглі ўтрымліваць платнага пэрсаналу.

Мог-бы Антон Шпак працаваць у радыё «Вызваленьне» ў Мюнхэне, што рыхтавала й перадавала адмысловыя праграмы для сваіх слухачоў за «зялезнай заслонай». Вядома, што бальшавікі гэныя радыёпраграмы глушылі як маглі. Зьмест радыёматар’ялаў ішоў празь сетку цэнзуры. Будзь аўтаматам, тлумач чые-небудзь скрыпты, прытрымлівайся інструкцыяў пры аўтарстве сваіх тэкстаў, адным словам працуй пад цэнзурай.

Антон Шпак паставіў-бы Амэрыканцаў у шэраг зялёненькіх навабранцаў на фроньце праблемаў зьвязаных з паняволенымі чырвона-фашыстоўскай Маскоўшчынай народамі. Русіфікацыя нерасейскіх моваў і звужэньне сфэраў іх ужываньня, нацыянальная культура на савецкі лад, цалкам падпарадкаваная цэнтру гаспадарка, немажлівасьць абмену інфармацыі і ведаў зь перадавым культурным і навуковым замежжам, нутраныя мэтады поўнае кантролі й рэпрэсіі ўсіх паняволеных народаў у «імпэрыі зла», камуністычная партакратыя і камандна-бюракратычная сыстэма кіраваньня, Гулаг і генацыд паняволеных народаў — вось некаторыя з галоўных дзялянак «саветалёгіі» куды адно пасьля вайны пачалі падарожнічаць амэрыканскія калюмбусы.

Амэрыканскія навабранцы часта дыктавалі табе розныя мудрасьці, звычайна зачэрпнутыя імі раней з розных крыніцаў белых расейскіх адзінанедзялімцаў. Яны мелі нахабнасьць пераконваць людзей такога выдатнага прэстыжу як Антон Шпак, што яны ведаюць лепшыя шляхі змаганьня з камунізмам… Наіўнасьць, дзе твае межы? Награмадзілася маса праблемаў у супрацоўніцтве з тымі зялёнымі амэрыканскімі экспэртамі і спэцамі, якія сваёй сьлепатой у расейскіх і савецкіх справах адпіхнулі ад супрацоўніцтва шмат аўтарытэтных людзей, якія паходзілі з краінаў паняволеных цяпер Масквою.

Славістыка пры канадыйскіх унівэрсытэтах ня мела праграмаў беларусаведы. Выкладаньне расейшчыны абсадзілі Жыды. Галоўнае, што аставалася для Антона Шпака — творчая праца ў беларускай літаратуры і журналістыка. Даходу адсюль амаль ніякага. Беларуская эміграцыя, у вялікай меры палоханая бальшавіцкімі шантажамі й пагрозамі, усё-ж жыла, стварыла свае рэлігійныя, культурныя, навуковыя і грамадзкія інстытуцыі, сваю прэсу. Антон Шпак павінен быў падтрымліваць раськіданы прынамся на чатырох кантынэнтах беларускі эміграцыйны арганізм. А з чаго самому жыць? Быццам Богам пасланы Алесь Якімовіч часта яму памагаў і Шпак ведаў, што на яго можна спадзявацца ў выпадку якой патрэбы. Хапіла адно Алесю затэлефанаваць. Праўда, — заўсёды дакучала Шпаку гэтая думка, — ён не хацеў сядзець цяжарам на чужых плячох. Балела ўсьведамленьне таго, што ня меў доступу да мільёнаў беларускамоўных чытачоў, што ня мог на сваё пражыцьцё зарабляць сумленнай творчай працай.

Калі пасьля двухгадзіннай дарогі пісьменьнік вярнуўся дамоў, у сваёй паштовай скрынцы пры дзьвярох знайшоў туга напакаваны, вялікіх разьмераў канвэрт. Мясцовы штэмгаль. Беспамылкова напісаны ягоны адрас. Адрасу высланьніка няма. Шпак доўга прыглядаўся канвэрту, выпіў шклянку сьцюдзёнай вады, сеў на канапу. Прыслалі яму газэтку «Голас радзімы». Зь пярэдняй бачыны нахабна сур’ёзным тварам нейкі там «герой працы» абяцаў выканаць і перавыканаць чарговую норму ў імя такога-то зьезду «роднай партыі». Антон Шпак нядаўна перабраўся сюды на гэтую новую кватэру. Завяртанская разьведка жыве й дбае пра аднаго Антона Шпака, ад сяньняшняга дня чалавека ў нулявой пазыцыі між грамадзтва гаргары Канады.

«Вяртайцеся, суайчыньнікі, дамоў! Радзіма вас кліча!» — крычала другая бачына. Здымкі дарагіх кажнаму беларускаму выгнаньніку гістарычных месцаў і нацыянальных сьвятыняў. Зірнуўшы на іх, нальецца сэрца болем па страчанай зямлі. Гэны-ж артыкул, што заклікаў вярнуцца на «ўлоньне дарагой радзімы» падпісала група ведамых людзей. Шпак знаў некаторых зь іх. Ці іх раіліся як зьвяртацца да «суайчыньні каў», ці яны далі згоду, каб ужывалі іхныя прозьвішчы пад заклікам? Зь некаторымі зь іх Шпак сустракаўся «за кратамі». Цяпер, як выглядае, яны, пэўне-ж не сваёй воляй, сталіся шчупальцамі ўдушлівага бальшавіцкага актопуса. Не, гэта ня быў іхны голас. Зямля бацькоў дрыжэла ў цяжкіх пакутах, а «чужак-дзікун» намагаўся загнаць у Гулаг тых сыноў і дачок забранае зямлі, каторыя за мяжой стараліся клікаць усіх на помач паняволенаму народу. Некаторыя Шпакавы сябры сталіся прыладамі маскоўскіх злачынцаў, прынадай. Шпак перажыў некалі цяжкія часы й ніколі не заламаўся духам. Дык няхай клічуць. Ведама чый гэта голас.

Шпак затэлефанаваў у Трыфты Тоні, папрасіў сакратарку, каб перадала Алесю Якімовічу просьбу адведаць яго вечарам. Пасьля гэтага пісьменьнік памыўся ў ваньне пад дожджыкам і лёг спаць. Сон прыйшоў раптоўна, але мучыў нейкімі трывожнымі прывідамі. Разбудзіў яго стук у дзьверы. Зьявіўся Алесь. Было каля шостай гадзіны вечарам.

— Што ў вас новага? — спытаўся Алесь пасьля таго, як Шпак памыў твар сьцюдзёнай вадой, зашпіліў кашулю. Галава яго была цяжкая, твар выглядаў змучаным.

— Я вольны, як птушка, — адказаў Шпак.

— Звольнілі?

— Так.

— Не магу сказаць, што гэта неспадзеўка.

— Не, зразумела, што не.

Трывала доўгае маўчаньне.

— Ці ня мог-бы ты паглядзець, каб знайсьці для мяне які занятак у гэтай тваёй краме? — ня так спытаўся ў Алеся, як разважаў быццам сам з сабою пісьменьнік.

— У нас, як ведаеце, тэмпо-тэмпо, дай Божа! Вечная пагоня з найбольшым разгонам, — паволі, з націскам на кажным слове, гаварыў Алесь. — Вам трэба нешта больш лёгкае і абавязкава не такое, як у нас, тэмпо. Выглядае, няма патрэбы пытацца зь якой прычыны вас звольнілі?

— Няма, апроч…

— Апроч чаго?

— Ня ведаю, ці мае гэта нейкае значэньне… Мяне зьдзівіў час майго звальненьня. За апошні месяц я не прапусьціў ніводнага дня. Пасьля таго, як яны звольнілі Эстонца, я стараўся, разумееш… і не спадзяваўся якраз цяпер…

— Вы мяркуеце, што тут, як Немцы кажуць, недзе ein Hund begraben?

— Можаш сам угадваць.

Зноў маўчалі. Алесь ня мог назваць пісьменьніку запраўднае прычыны, чаму ён ня зможа ўладзіць яго на працу ў Зэпмана. Шпак быў слабы, фізычна нямоглы. Калі-б яго наняць, а пасьля зь нейкай прычыны звольніць, чалавек мог-бы мець удар сэрца. Шпак зачасаў свае срэбраныя валосы, выцягнуў палавіну цыгарэты з пачкі Плеерс.

— Закурыце маю, — прапанаваў Алесь.

— Дзякую.

Шпак падыйшоў да полкі ў куце, каб пашукаць брытвачку ды перарэзаць цыгарэту.

— Навошта разразаць яе? Курыце цэлую.

— Прывычка, — адказаў пісьменьнік. Ён палажыў брытвачку на полку. Прыкурылі. Здавалася, што будзільнік на камодзе галасьней пачаў лічыць час, як-бы прынагляючы мужчын прадаўжаць спыненую гутарку.

— Занятыя моцна ў краме?

— Ага, навал працы. Я думаў…

— Што думаў?

— Чаму вы не маглі-б зарабіць на сябе пісанінай?

— Як? — зацікавіўся Шпак.

— Ёсьць такая літаратура, на якую тут заўсёды добры спрос. Яе называюць папулярнай, ці як там. Рынак на яе расьце, яна дае фінансавы прыбытак.

Алесь змоўк, пасьля дадаў:

— Ня турбуйцеся пра мову, перакладчыка няцяжка знайсьці.

— Якую гэта такую літаратуру ты маеш на думцы, Алесь? Сэкс і крымінал?

— А чаму-б не?

Ізноў маўчаньне. Шпак устаў з канапы, уважна паглядзеў Алесю ў вочы і, пераканаўшыся, што Алесь разважаў усур’ёз, падыйшоў да вакна, зацягнуўся ўжо напалову скуранай цыгарэтай.

— Я запраўды не магу зрабіць табе аніякага закіду за такую прапанову, — гаварыў пісьменьнік ціха, але тым асаблівым голасам, якім заўсёды выяўляў пачуцьцёвае напружаньне. — Магчыма мяркуеш, што ў маіх абставінах можна і такім спосабам на хлеб зарабляць. Мушу табе, браток, сказаць, што ня цяміш што для мяне азначаў-бы такі творчы паварот. Маю на думцы сваё духовае «я». Скажу табе адкрыта: некалі мне самому прыйшла такая ідэя ў галаву, але яе хутка адкінуў. Падумаў, што мне небясьпечна нават абмяркоўваць такое нешта… Гэта праўда, што так званая тут папулярная літаратура не патрабуе вялікай фантазіі. Складнікі яе даўно й шырока вядомыя, толькі бываюць розныя варыянты з рознымі дозамі накалу. Добра яшчэ мець у такім стылі набітую руку. Гэта няцяжка. Не магу сказаць, які зь мяне мог-бы быць майстра, ня маючы практыкі ў такой пісаніне. Мяне параліжуе самая задума. Такая творчасьць была-бы для мяне ня менш як прастытуцыяй душы для грошай. Фу, што за ідэя!

— А чаму-б ня пісаць пад псэўданімам? — раіў далей Алесь.

— Справа ня ў тым, каб схавацца ад некага, але самога сябе не абдурыш.

Якімовіч зразумеў. Шпак утрымаўся высокаякасным і вельмі цэнным пісьменьнікам перадусім таму, што захаваў чалавечую годнасьць і чыстае сумленьне. Творчае літаратурнае мастацтва ставіў на высокі п’едэстал. Да тварцоў так званай вулічнай, або папулярнай літаратуры адносіўся з пагардай. Шпакавы творы — пераважна сьвет цярпеньняў, высокай цноты, ахвярнасьці. Запрыгоненыя ішлі ў бой за свабоду. Зь іншага боку — каламуць дэспатычнае крывадушнасьці, распусты, махлярства, бязбожніцтва, забойства з боку «сільных сьвету гэтага». Суродзічы бачылі ў асобе Шпака ня толькі выдатнага пісьменьніка, але вялікага змагара за вызваленьне Беларусі зь няволі маскоўскай каляніяльнай імпэрыі.

Хаця ў некаторых творах Шпак не абмінаў эротыкі, але яна ня была самамэтай, а толькі пабочным элемэнтам высокага ідэалізму. Гэта на цэлы Эвэрэст вышэй той «літаратуры», якая гэтта за акіянам масава тварылася для шырокага рынку.

Шпакавым творам цяжкая была дарога ў іншамоўныя рынкі перадусім таму, што Беларусь была ў маскоўскай няволі, у захаднім сьвеце мала хто ведаў пра яе наагул. Калі ў Аб’еднаных Нацыях сядзеў прадстаўнік ад БССР, дык яго і прадстаўніка савецкай Украіны лічылі як-бы ўзнагародай у якасьці двух галасоў у міжнароднай арганізацыі за тытанічныя ахвяры Маскоўшчыны ў вайне з фашыстоўскай Гітлеравай Нямеччынай. Пазыцыю маскоўскіх марыянетак — савецкай Беларусі ці Ўкраіны, — на міжнароднай арэне можна было вызначыць найлепш той прыказкай: ні рыба, ні мяса! Нешта непаважнае гэта. Калі ворагі Беларусі на дыпляматычнай міжнароднай арэне не маглі цяпер, пасьля другой сусьветьнай вайны, ужываць валуеўскага «не было, нет и не будет», дык усёроўна трымаліся думкі, што Беларусь ня была, ня ёсьць і ня будзе самастойнай дзяржавай.

— Так што ня будзем пра гэта гаварыць, — заключным тонам сказаў Алесь. — Ёсьць у мяне яшчэ адна ідэя. За пару дзён, магчыма, скажу вам пра яе.

— Праца?

— Магчыма нешта падобнае, хоць я няпэўны тут… Адзін з маіх наглядчыкаў у краме мае брата, уласьніка адпачынкавага рэсорту на поўначы. Гэта прыблізна тры гадзіны язды адгэтуль аўтам. Як я быў у яго дык меў уражаньне, што яму патрэбныя рукі. Калі ім трэба чалавека, каторы-б даглядаў траву, абслужыў бензінную помпу, нейкі там плот ці што направіў, адным словам вось такі падручны памочнік…

— Гэта быў-бы здабытак, — адразу згадзіўся пісьменьнік. — Ці ёсьць там блізка дзе рыбу лавіць?

— Як-бы для выгады гасьцей, рака цячэ празь ягоны луг. Тут-жа й цудоўны лес, а збоку — возера. Ці-ж ня добра было-б маленькім трактарам і касілкай зрэзаць траву, напоўніць некаму ў аўце бак бензіны ды пасьля пайсьці і выцягнуць з ракі колькі прыгажуноў фарэляў? Як вам падабалася-бы такое?

— Во, во, такая праца якраз для мяне! — павесялеў Шпак.

— Надзвычайна. Я пранюхаю, што і як. Вам цяпер патрэбны добры адпачынак, здаровае і лугом ці лесам насычанае паветра, добрыя харчы. Гэтага ўсяго там ёсьць уволю. Што-ж да заплаты, — ня ведаю, — прыдзецца згадзіцца на тое, што ён дасьць. Ды гэта ўсё яшчэ ў будучыні. Цяпер-жа мяне жывот упікае, што я пра яго забыўся. Запрашаю вас на вячэру.

— Добра, калі так прыгожа просіш, — жартаваў Шпак.

— Прашу, калі ласка.

— Яшчэ адно, — прыгадаў Шпак. — Хачу паказаць табе вось што.

Ён падаў Алесю канвэрт і «Голас радзімы». Алесь уважна агледзеў іх.

— Лёкальны штэмпаль. Нікчэмнікі, яны за вамі па пятах! — злосна гаварыў Якімовіч. — Няма-ж на іх пакуль што з нашага боку ніякай паганякі!

Загрузка...